Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямля ў ілюмінатары


Кузьма Чорны. Лявон Бушмар

У чорнай-чорнай краіне ёсьць чорны-чорны горад. У тым чорным-чорным горадзе ёсьць чорны-чорны дом. А ў тым чорным-чорным доме ёсьць чорны-чорны пакой. У чорным-чорным пакоі сядзіць чорны-чорны пісьменьнік, трымае на далоні чорную-чорную зямлю і кажа нам: «Ешце».

Мы і ямо. Зямля смачная, калі ёй ня надта злоўжываць. Карысная — асабліва для таго, хто сваёй зямлі ніколі ня меў і дагэтуль ня мае, ні ў прамым, ні ў пераносна-складзеным сэнсе. Багатая на мінэралы і солі. На апісаньні і ўнутраныя дыялёгі. На смак чымсьці падобная да Бальзака, чымсьці да Горкага, чымсьці да Заля — нейкі кактэйль атрымаўся, рыскі бальзам напалову з залой. Пра зямлю лёгка сказаць, што яна наша — а хто будзе правяраць? Зь зямлі выйшлі, у зямлю пойдзем — проза Чорнага нагадвае пра гэта кожнай сваёй старонкай, кожным радком. Яна, як дапаможнік для чалавека, які на нейкі міг працягласьцю ў жыцьцё (падумаеш!) завіс над зямлёй: як паводзіцца, як ня страціць галаву, як адолець страх, як падрыхтаваць сябе да непазьбежнага пагружэньня назад, у сваю адвечную стыхію.
Рэдкалегія часопісу “Ўзвышша”. Сядзяць: Кузьма Чорны, Уладзімер Дубоўка, Кандрат Крапіва. Стаяць: Адам Бабарэка, Язэп Пушча. 1927 г. З фондаў БДАМЛМ.
Рэдкалегія часопісу “Ўзвышша”. Сядзяць: Кузьма Чорны, Уладзімер Дубоўка, Кандрат Крапіва. Стаяць: Адам Бабарэка, Язэп Пушча. 1927 г. З фондаў БДАМЛМ.
Аповесьць, а можа, і раман, «Лявон Бушмар» Кузьмы Чорнага за апошнія гады неяк пакрысе замяніў сабой колішні галоўны гіт пісьменьніка, «Трэцяе пакаленьне», такі любімы ў савецкія часы. А цяпер вось менавіта «Лявона Бушмара» падымаюць на шчыт, не зважаючы на ўсе ягоныя сто дваццаць кіло і шырокую сялянскую костку, і нясуць як апраўданьне Чорнага, як адзін з галоўных вынікаў ягонай працы (а напісаў ён багата, столькі перакапанай ягоным пяром зямлі дакладна хапіла б на невялікае княства: два дзясяткі аповесьцяў і раманаў, каля сотні апавяданьняў, шэсьць п’есаў і яшчэ шмат чаго). Гэта зразумела — у адрозьненьне ад «Трэцяга пакаленьня», якое літаральна зьела ўсе наступныя генэрацыі чытачоў Чорнага, у Лявоне Бушмары амаль адсутнічае ідэалягічны складнік. Чорны тут практычна не паказвае, што для яго белае, на чыім баку ён сам. Добрыя бактэрыяльныя ўмовы для зараджэньня літаратуры.

«Другая гісторыя перад намі. Гісторыя сыноў Амілі і Галены. Яны растуць, каб дзейнымі ўвайсьці ў новае жыцьцё. Гэтае ж апавяданьне скончана» — так завяршаецца «Лявон Бушмар». То бок высновы рабіце самі, кажа аўтар, ніяк не пазначаючы ў тэксьце, па якім артыкуле савецкага крымінальнага кодэксу ён асудзіў бы галоўнага героя — на час напісаньня «Бушмара» і для гэтага патрэбная была пэўная адвага. Як і для таго, каб зрабіць галоўным героем чалавека, пра якога з ходу і ня скажаш: добры ён або гніда недабітая.

Літаратурнае аб’яднаньне “Маладняк”. Кузьма Чорны стаіць крайні справа. 1924 – 1925 гг. З фондаў БДАМЛМ
Літаратурнае аб’яднаньне “Маладняк”. Кузьма Чорны стаіць крайні справа. 1924 – 1925 гг. З фондаў БДАМЛМ
Па ўсёй творчасьці Чорнага відаць, што пісьменьнік гэты, як Пэнэлёпа па мужы, сумаваў па моцных характарах, па Асобе — так адбываецца звычайна, калі ў самога не хапае моцы змагацца з абставінамі. Мо таму сярод пэрсанажаў савецкай літаратуры столькі Супэрмэнаў, хаця аўтары яе былі збольшага ціхімі, палахлівымі людзьмі ў акулярах, якія баяліся заплываць за буйкі, нават сеўшы ў лужыну. Лявонам Бушмаром Чорны сарамліва любуецца: вось які герой атрымаўся.

Галоўны пэрсанаж і праўда чалавек сымпатычны. Апошні з магіканаў, сапраўдны беларускі індзеец напярэдадні калектывізацыі-калянізацыі. Ён, дарэчы, ледзьве ня немец; вось ужо ніколі б не падумаў: але прозьвішча ягонае, як вычытаў я ў Міхася Тычыны, паходзіць ад нямецкіх словаў «Busch» і «Mär». Зьверавата пануры, адразу ж піша пра яго аўтар. Філязофія Бушмароў простая — «хто дужшы, то і прутшы». «Брыдкі чалавек. Воўк. Зьвер. Людзей ненавідзіць. Зь яго карысьці людзям жаднае быць ня можа» — кажа пра Бушмара яшчэ адзін пэрсанаж аповесьці, Вінцэнты — бледная, дробная, зайздросьлівая двухногая пародыя на асілка-мізантропа Лявона.

Фрагмэнт афармленьня апавяданьня К. Чорнага “Дзякуй богу, як шклянка”. Мастак Павал Гуткоўскі. Часопіс “Маладняк”, 1925 г.
Фрагмэнт афармленьня апавяданьня К. Чорнага “Дзякуй богу, як шклянка”. Мастак Павал Гуткоўскі. Часопіс “Маладняк”, 1925 г.
Людзям жаднае карысьці... Цудоўная характарыстыка, я б ганарыўся. «Гад. Згубіцель. Зьвер» — ласкава называюць яго Бушмаровы жанчыны, выціраючы сьлёзы. Ну як у такога не закахацца? Ёсьць у ім нешта ад Рэмба, ёсьць і ад Бэмбі: адным ударам ён забівае польскага паручніка, райкамаўскага актывіста выкідае за плот, небараку Вінцэнтага выбівае аб дрэва, як пыльны дыван — але і мякчэць умее так, што ягоныя жанчыны адразу адчуваюць да яго мацярынскую ласку і ўсё ставяць і ставяць яму градусьнікі свайго беднага каханьня. Бо паводзіцца Лявон як дзіця — з тымі самымі наступствамі. А дзеці ўмеюць быць жорсткімі.

Дзіця-Бушмар адзін супраць усіх, ён хоча, каб «усё было па-ягонаму». Дарослым дзядзькам і цёткам, начальнікам і вяскоўцам, андрэям ды ўладзям вакол яго так і карціць узяць ды адхвастаць Бушмара, як хлопчыка, навучыць розуму і правільнай арыентацыі, ды дзе такога адхвастаеш. Такі пальцам да цябе дакранецца — трапіш у шпіталь з страсеньнем мазгоў. Нерэалізаваныя жаданьні абодвух бакоў пагрозьліва тлеюць на працягу ўсёй аповесьці і лягічным чынам прыводзяць да пажару — хутараніна Бушмара, які, супраціўляючыся з усяе моцы наступу новых парадкаў, хацеў падпаліць гумно, з радасьцю лінчуюць азьвярэлыя вяскоўцы.

«Гэта ён! — заенчыў натоўп.
Гэта ён!
Гэта ён!
Людзкое мора рынулася да яго.
Жывога на кавалкі разарваць!
Духі зь яго дастаць!
Бі яго!
Бі!
Цягні, цягні!
Жывога не пусьціць!»

Якая звычная карціна. Вядомая ад стварэньня зямлі. Можна сказаць, нават банальная. Аўтар моўчкі стаіць у баку. Не абараняе зможанага Бушмара, але і не стараецца дастаць пакладзенага на лапаткі гада і зьвера мыском свайго пісьменьніцкага чаравіка, зрабіўшы свой інтэлігенцкі ўнёсак у сьвятую справу. Назірае. Фіксуе. Чакае, чым усё скончыцца.

Кузьма Чорны. (З фондаў БДАМЛМ)
Кузьма Чорны. (З фондаў БДАМЛМ)
А зямля вакол варушыцца, зямля сыплецца, зямля ўтрамбоўваецца. У зямлі свае клопаты, куды ёй да тых, хто ў яе нетрах. Усе яны — і Бушмар, і Вінцэнты, і кабеты тыя, і Андрэй, такі харошы, што плюнуць хочацца — існуюць, як зажыва пахаваныя. Зямля — іхная магіла. Пад імі зямля, і зьверху зямля, усё зямля, усё круціцца вакол зямлі. Бушмар, які лічыць, што мае права на сваю зямлю і нікуды зь яе ня сыдзе, актывісты — дурні, якія ўбілі сабе ў галаву, што зямлю можна падзяліць пароўну, розныя новыя людзі, якія падумалі, што яны гаспадары зямлі, якія захацелі зямлі і волі, не разумеючы, што гэта адно і тое — усе яны б’юцца і пакутуюць, інтрыгуюць і скавычуць, корпаюцца пальцамі ў пяску — і ўсе яны бясьсільныя перад зямлёй. Ня новая ўлада, і не старыя звычаі ўступаюць у адзіноборства — проста пад тоўстым слоем зямлі ляжыць труна, дзе стомільярдны раз памірае сьвет: а на паверхні ні расколінкі, ні зморшчынкі. Зямля бачыла і не такое.


Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG