Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірыдадыягностыка


У адным з раньніх апавяданьняў пра Шэрлака Холмса – калі не памыляюся, у “Эцюдзе ў барвовых танах” – доктар Уотсан уважліва ўзіраецца ў вочы свайго незвычайнага сябра і спрабуе прынамсі такім чынам зразумець у рэшце рэшт, што ён за чалавек. “…Я западозрыў бы яго ў схільнасьці да наркотыкаў,” – разгублена піша доктар, -- “калі б толькі разьмеранасьць і цнатлівасьць ягонага жыцьця не абвяргалі падобных думак”.

Падаецца, што такія назіраньні доктара цалкам выдаюць на наіўную спробу ірыдадыягностыкі – вызначэньня хваробаў чалавека па ягоных вачах. Дакладней, па іхных райках. Дыплямаваны мэдык, доктар Уотсан, вядома ж, быў у той час ужо знаёмы з нашумелымі дасьледаваньнямі свайго вугорскага калегі Ігнаца Пэцкелі. Гадоў за дваццаць да таго, як доктар Уотсан засяліўся ў дзіўную, прапахлую хімікаліямі кватэру на Бэйкер-стрыт, Пэцкелі апублікаваў свае пакуль яшчэ даволі асьцярожныя меркаваньні наконт суаднесенасьці плямаў на райку вока са станам унутраных ворганаў.
Пры слове “панацэя” ускоквае.
Як гэта заўжды бывае, “адкрыцьцё” Пэцкелі адразу ж узялі на ўзбраеньне тысячы энтузіястаў ва ўсёй Эўропе – тых, хто гадамі дрэмле ў пачакальні жыцьця, але пры слове “панацэя” ускоквае і нясецца з усіх ног на пэрон, гатовы ўбіцца ў любы цягнік, куды б ён ні ішоў. Пэцкелі фактычна заснаваў сучасную ірыдадыягностыку, пра якую дагэтуль невядома, як да яе ставіцца: як да ілжэнавукі ці як да цудоўнага дэтэктара хлусьні, здольнага раскусіць падступнасьць схаваных у нашым нутры хваробаў. Самыя сумленныя з ірыдадыягностаў няспынна падкрэсьліваюць, што іхная праца мае найперш прафіляктычную каштоўнасьць і ні ў якім разе не адмяняе “нармальную” дыягностыку, а закліканая толькі дапамагаць беднай, панылай традыцыйнай мэдыцыне, для якой раёк – усяго толькі раёк.

Уотсан, дарэчы, памыліўся. Холмс сапраўды ня толькі курыў (жах які, праўда?), але і прымаў какаін і морфій. Здаецца, сёньня вялікага сышчыка больш папракалі б першым, чым другім – заўзятым курцам уваход у Залю славы цяпер забаронены, бо на погляд швэйцара яны занадта сьмярдзяць.

Henry Gray. Anatomy of the Human Body. 1918

Вугорскі доктар Пэцкэлі быў ня першы ў гісторыі чалавецтва, хто зьвярнуў увагу на містычную сувязь райка з унутранымі ворганамі. Яшчэ ў старажытнасьці той, хто хацеў купіць авечку, зазіраў спачатку ёй у спалоханыя вочы, разглядваў раёк і прыкідваў: забясьпечыць яна гаспадару доўгатэрміновы кісламалочны і трыкатажны рай ці заўтра падохне. Вось і людзям спрабуюць цяпер гэтаксама глядзець у вочы, сьвецяць лямпаю, прыкідваюць нешта… Можа, хочуць набыць? Цікава, колькі за нас дадуць ірыдадыягносты?

Сярод “энтузіястаў” ходзяць чуткі, што падчас раскопак у Гізе калісьці адшукалі нейкія медныя пласьцінкі з адбіткам райкоў самога Тутанхамуна. Ірыдадыягносты, натуральна, не маглі абмінуць іх увагаю: райкі Тутанхамуна сьведчаць пра тое, кажуць яны, што здароўе ў фараона было надзвычай слабое, нічога дзіўнага, што ён памёр такім маладым, так і не падарыўшы сваім падданым ні кісламалочнага, ні трыкатажнага, ні якога іншага раю.
Зазіраў у спалоханыя вочы.
Вучоныя ломяць галовы, скуль жа ўзяліся гэтыя па-майстэрску выкананыя пласьцінкі. Мне здаецца, усё было проста: зорнае неба, подых блізкага Нілу, іншаплянэтны карабель, які пры пасадцы трохі папсаваў Сфінкса, а ў тым караблі – васьмігаловыя, хвастатыя ірыдадыягносты. Лябараторыя, выкапаная пад пірамідай, жрацы, якія ніяк ня могуць ідэнтыфікаваць нябесных бостваў, абачлівасьць галоўнага прышэльца, які вырашыў не прысьпешваць ход падзей і абставіць усё такім чынам, быццам адбіткі зрабілі самі эгіпцяне, але пераацаніў магчымасьці тубыльцаў…

Ільля Рэпін. Мужык з паганым вокам. 1877

Нават колер вачэй, паводле ірыдадыягностыкі, можа паказваць на стан здароўя. Напрыклад, мне з маім зялёным не пашанцавала – нездаровы колер. Блакітнавокія, шэравокія, чарнавокія могуць пакуль спаць спакойна – калі на райку ў іх няма такіх сабе нявінных плямак, якія могуць азначаць што заўгодна, але ніколі нічога добрага.
Ёсьць гельмінты або не.
Такая ірыдадыягостыка чымсьці нагадвае соньнік: белая дужка каля райка – да атэрасклерозу, колцы – да захворваньня сардэчна-судзіннай сыстэмы, рыхласьць райка – да слабога імунітэту. Занадта сьветлыя вочы могуць быць прычынай пастаянных стрэсаў, што кепска ўплывае на мозг і сэрца, занадта цёмныя прыводзяць да таго, што іх уладальнік атрымлівае мала сонечнага сьвятла, а гэта вядзе да дэпрэсіі, да хуткай стамляльнасьці і беспрычыннай злосьці. Па райку нават можна вызначыць, ёсьць у чалавека гельмінты або не. Дык мала таго – можна вызначыць узрост, прафэсію, хобі кожнага гельмінта, вывучыць іхныя слабыя бакі, і тады ўсё абавязкова скончыцца паразаю паразытаў.

Апрача гельмінтаў, ірыдадыягностыка даволі лёгка выкрывае хваробы хрыбта, яечнікаў, прастаты, а вось дыябэт, астма, рэўматызм ёй амаль недаступныя. Відаць, той, хто ствараў чалавечы род, ня здолеў прадугледзець магчымасьць іхнага ўзьнікненьня, такіх хваробаў, магчыма, проста не існавала ў мінулым, і таму да вачэй проста не падвялі адмысловы кабэль.
Не падвялі кабэль да вачэй.
А можа, яго проста не хапіла. Кажуць, ірыдадыягностыка бясьсільная і перад пухлінамі – і гэта, сарамліва прызнаюць яе прыхільнікі, наш галоўны недахоп, бо куды ж у цяперашні гламурны час бяз пухлін. Але мы працуем і над гэтым. Па дадзеным ірыдадыягностаў, толькі дзесяць адсоткаў дасьледаваных імі людзей – здаровыя, шэсьцьдзесят – у групе рызыкі, трыццаць – хранічна хворыя. І гэта калі даць веры вачам – а што скажа тады традыцыйная кампутарная і іншая дыягностыка?

Аднак калі прамаўляюць райкі, тамографы зазвычай маўчаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG