Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клептаманія


Відавочна, што клептаманія ёсьць адным зь відаў мастацтва, хай сабе і даволі элітарным – сапраўднаму клептаману наўрад ці сьвецяць у старасьці званьне народнага артыста рэспублікі або якаясьці прэстыжная прэмія за высокія творчыя дасягненьні і ўнёсак у сусьветную культуру. Той пароль, які адкрывае клептаманіі шлях у забаронены палац творчасьці і вольнага духу, гучыць проста і выразна: жарсьць. Так, менавіта жарсьць лучыць клептамана з творцам і адрозьнівае яго ад банальнага злодзея…


Нават тыя прыкметы, па якіх адмыслоўцы прапануюць занепакоенаму грамадзтву вызначаць у сваіх шэрагах апантаных крадзяжом індывідаў, выдаюць у клептамане няпростую, трагічную асобу, ня менш творчую за мастака або паэта. Напрыклад, усе шанцы быць прызнаным хворым на клептаманію мае той, хто зьдзейсьніў два ці больш крадзяжы, не атрымаўшы ад гэтага ніякае матэрыяльнае выгоды, і мае пазыў да паўтарэньня такіх учынкаў. Як гэта нагадвае беднага беларускага літаратара, які напісаў два (ці больш) раманы, не атрымаўшы за гэта ні капейчыны, а часам нават наадварот, заплаціўшы за іхнае выданьне са сваёй кішэні – і які пры гэтым працягвае пісаць і плянуе далейшае выданьне сваіх опусаў!

Іншыя прыкметы клептаманіі і афіцыйна прызнаных творчых заняткаў таксама збольшага супадаюць. Вось стадыі, празь якія праходзіць клептаман падчас прыступу сваёй хваробы: пакутлівая цяга да крадзяжу, падобнае да
Мае пазыў да паўтарэньня.
сэксуальнага напружаньне перад ягоным ажыцьцяўленьнем – і касьмічная палёгка, разрадка пасьля злачыннага акту… Хіба не паўтараюць яны шлях мастака, які яму даводзіцца праходзіць у час працы над творам? Але нават пасьля пасьпяховага заканчэньня справы і ў мастака, і ў клептамана застаецца пачуцьцё незадаволенасьці, стымул да далейшай творчасьці. Ідэальных твораў, як і ідэальных крадзяжоў, не бывае.

Згрызоты сумленьня, потныя далонькі, самапрыніжэньне, рэзкае падзеньне самаацэнкі пасьля чарговага таемнага акту – усё гэта аб’ядноўвае клептамана ня толькі з падлеткам, які займаецца мастурбацыяй, але і са зьнясіленым музыкам, які падае на клявішы, бы ў талерку з салатай, і з жывапісцам, які б’ецца галавой аб ім самім пастаўленую недасяжную плянку, і зь пісьменьнікам, які скончыў кнігу, а атрымаў хвігу. Усе яны ведаюць, што будуць працягваць свае экзэрсісы, нягледзячы ні на што, і ніякія згрызоты не прымусяць іх кінуць мастацтва і перайсьці да мірнай стваральнай працы.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918

А яшчэ ў клептаманіі досыць шмат кропак перасячэньня з тэатрам. У сапраўдным клептамане суіснуюць разам у дзіўным хаўрусе рэжысэр і актор, рабочы сцэны і гардэробшчык. Клептаман мае прыродны талент да пераўвасабленьня – у законапаслухмянага, сумленнага пакупніка, у таго, хто не выклікае падозраньняў, у асобу з вачыма празрыстымі, як вада з экалягічна чыстай крыніцы. Клептаман умее зірнуць на сьвет вачыма ахоўніка, касыра, адміністратара, вачыма відэакамэры – і таму ён раствараецца ў натоўпе, ён становіцца нічым, і выйграе ўсё.

Як і найсапраўднейшы мастак, клептаман паўстае супраць бога, ён нават мае свой пэрсанальны запавет, адрасаваны, праўда, ягонаму няўдаламу двайніку – і, падобна мастаку, ён парушае запаветы з мэтай ня ўласнага абагачэньня, але з мэтаю пазнаньня, яго мэта высакародная, клептаманія ня пэцкае сябе подласьцю падлікаў, падлаю плацяжу. Лёзунг “Крадзёж у імя крадзяжу” выглядае аніяк ня горш за “Мастацтва дзеля мастацтва”.

Усё гэта даволі абстрактныя развагі, але вось іхнае нечаканае пацьверджаньне, якое дае нямецкая статыстыка: толькі невялікі адсотак крадзяжоў у крамах Нямеччыны зьдзяйсьняецца тымі, хто адчувае нястачу і жыве на мяжы беднасьці.
Ніякія згрызоты не прымусяць.
Пераважная большасьць злодзеяў – тыя, хто мог сабе дазволіць набыць скрадзенае безь якіх-кольвечы сур’ёзных стратаў для ўласнага бюджэту. Яшчэ адзін доказ на карысьць таго, што так званаму грамадзтву спажываньня не чужое нішто чалавечае, у тым ліку і мастацтва, вялікае мастацтва клептаманіі.

Гэтае самае грамадзтва, дарэчы, у асобе сваіх вучоных даўно адрынула сам тэрмін “клептаманія” – напэўна, празь ягоную непаліткарэктнасьць. І манаманію адрынула, тую, на якую хварэў герой апавяданьня По “Бэрэніка”. Яно шмат што адрынула з увагі на палітэс, увёўшы замест гэтага новыя азначэньні для старых хваробаў. Вось жа, адно зь іх, даволі агульнае – “альтэрнатыўная адоранасьць”. Чаму б не абвясьціць альтэрнатыўна адоранымі і клептаманаў?

Тэадор Жэрыко. Клептаман, 1822

Наогул, чаму яны крадуць? Чаму чалавек, якога мама (нават калі сама была клептаманка) у дзяцінстве так старанна вучыла ня браць чужое, усё адно бярэ і яму ад гэтага так хораша? У вас, фрайдыстаў-аматараў, заўжды на ўсё знаходзіцца тлумачэньне, вам слова.
Чаму яны крадуць?
Клептаманія, паводле вас, -- замена заглушаных жаданьняў, часьцей за ўсё сэксуальных ці калясэксуальных. Нельга, а хочацца… Часам чалавеку хочацца таго, што грамадзтва з даўніх часоў занесла ў разрад катэгарычна забароненага, табуяванага. І для таго, каб задаволіць свае антыграмадзкія жаданьні, чалавек шукае нейкую больш-менш бяскрыўдную замену сваім чорным плянам – інцэсту, скажам, або забойству на сэксуальнай глебе, або брутальнаму садамазахізму, наогул – празе валодаць або падпарадкоўвацца. Шукае магчымасьці зрабіць нешта забароненае, за што яго не пагладзяць, вядома ж, па галоўцы, але і са статку не пагоняць. Дзякуй, спадары фрайдысты, вы любую творчасьць тлумачыце няспраўджаным жаданьнем каго-небудзь трахнуць. Да наступных сустрэч.

Іншыя называюць клептаманію праявай стыхійнай рэвалюцыйнасьці, пратэстам супраць грамадзтва. Ня маючы магчымасьці выключыцца з сыстэмы, арыентаванай на суцэльнае, штодзённае, няспыннае, абагоўленае спажываньне, індывід супраціўляецца такім вось чынам, становячыся клептаманам, спрабуючы падтачыць сыстэму зь сярэдзіны, зрабіць яе бессэнсоўнай. Але сыстэме, здаецца, на гэта напляваць. Клептаманія ўключаная ў яе як абавязковы элемэнт, як непазьбежныя выдаткі на ўласную амартызацыю.

Гэтаксама, як таямніцы творчасьці часам намагаюцца патлумачыць, корпаючыся ў мазгах мастакоў, так і мастацтва клептаманіі некаторыя зводзяць да чыста фізіялягічных працэсаў. Маўляў, падчас акту крадзяжу ў арганізме клептамана вызваляецца
Шчасьце скрасьці і выкінуць.
так званы гармон шчасьця – ён і кіруе ўсім, рабская залежнасьць ад яго і ёсьць галоўнай прычынай. Што ж, магчыма, фізіёлягі і маюць рацыю. Нездарма, відаць, гандлёвы цэнтр каля вуліцы, на якой я жыў калісьці ў Менску, мае назву “Шчасьце”. Шчасьце там сапраўды ёсьць, я сам бачыў яго між розных бліскучых лахманоў, кшталту джынсаў са стразамі і майтак са страўсамі. Шчасьце мець, шчасьце мець што прадаць, шчасьце мець за што набыць. Шчасьце скрасьці і выкінуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG