Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэанімацыя


Ад Ерусаліму да гарадзкога пасёлка Віфанія, дзе жыве Лазар зь сёстрамі, кілямэтры тры, ня болей. Ісус часта ходзіць да іх у госьці; адна Лазарава сястра, Марыя, шторазу садзіцца ля ног Ісуса і слухае яго, як загіпнатызаваная, а другая, Марфа, завіхаецца ля печы, носіць госьцю пачастунак і так стамляецца, што неяк наважваецца паскардзіцца Ісусу на лянівую Машу – і атрымлівае ў адказ строгую заўвагу наконт сваёй мітусьлівасьці. І вось неяк Лазар цяжка захварэў. Усе ведаюць, што Ісус, які цяпер блукае па справах у ваколіцах сталіцы, здольны дапамагчы хвораму. Ісусу перадаюць сумную вестку, перадаюць з надзеяй – ня толькі як сябру, але і як доктару.

Але Ісус не сьпяшаецца. Гэта ягоны спэктакль; ён тут і сцэнарыст, і рэжысэр, і адначасова выконвае галоўную ролю. Ён ведае, як агаломшыць публіку, ведае, як яе заінтрыгаваць: “Гэта хвароба не на сьмерць”, кажа ён; Ісус умее вытрымаць паўзу, ён дакладна ведае, калі стрэльба павінна стрэліць – з найбольшым эфэктам. Ісус не сьпяшаецца, у яго справы. Ужо ведаючы пра хваробу Лазара, ён застаецца яшчэ на два дні там, дзе засьпела яго навіна, і толькі потым, нібы мімаволі, садзіцца на свайго асла і нетаропка едзе ў Віфанію.

Дарога займае яшчэ два дні. Калі ён прыбывае ў Віфанію, Лазар ужо чатыры дні як мёртвы. У поўнай адпаведнасьці са сваім тэмпэрамэнтам Марфа бегае і галосіць, у яе словах да Ісуса чуецца папрок, а Марыя адно плача.
Дзе вы яго пахавалі...
Марыі Ісус нічога ня кажа, а Марфе, якая яго відавочна раздражняе, кідае: “Хіба не казаў я табе – будзеш верыць, дык убачыш Славу Божую? Дзе вы яго пахавалі...” Ён загадвае адваліць камень на ўваходзе ў пячору, у якой ляжыць памерлы Лазар. Ісус бачыць тое, чаго ня бачаць іншыя гледачы гэтага рэанімацыйнага спэктаклю – а менавіта маўклівага, лысага чалавека ў зацемненай ложы, які, уласна, і прафінансаваў усю гэтую дзею. Ісус зьвяртаецца да яго з кароткай прамовай і потым кажа Лазару, каб той падымаўся і выходзіў. Ісусу хапае некалькіх словаў, ён добра валодае сваім нягучным голасам і дасягае эфэкту выключна інтанацыяй, ад якой усіх кідае ў халодны пот. Лазар выходзіць, абвіты палатном, ён таксама не сьпяшаецца, фактычна, тут бегае адна Марфа, гэта яна пусьціць пагалоску пра цуд, якая дойдзе ўрэшце да фарысеяў; маўклівы чалавек пакідае цёмную ложу.

Гэнрык Семірадзкі. Хрыстос у доме Марфы і Марыі

Не сьпяшаўся і іншы вядомы рэаніматар, сэр Артур Конан-Дойл. Ён падрыхтаваў быў свайму сымпатычнаму, але ўжо абрыдламу герою пачэсную, прыгожую сьмерць – у нэўтральнай Швайцарыі, на дне Райхенбахскага вадаспаду, у сьмяротных абдымках з самым небясьпечным злачынцам Брытаніі. Кажуць, сэр Артур не разумеў, чаму ўсе ўспрымаюць яго выключна як аўтара абсалютна несур’ёзных “Нататак пра Шэрлака Голмса” і ніхто ня хоча чытаць ягоных цудоўных тоўстых раманаў. Нібыта таму Голмсу і быў абвешчаны сьмяротны прысуд, які аўтар тэрмінова выканаў – рукамі прафэсара Марыярці, таго самага (“У вас не такія разьвітыя лобныя косткі, як я чакаў”, кажа неяк прафэсар Голмсу – фраза, якая прыходзіць у галаву кожны раз, калі гартаеш опусы беларускіх літаратурных крытыкаў). Але, здаецца, усё было трохі інакш.
Вера была агромністай.
Пахаваўшы Голмса, Конан Дойл наўмысна зачыніўся дома і стаў чакаць, пакуль стосы абураных чытацкіх лістоў з патрабаваньнем зараз жа вярнуць Голмса не загародзяць яму выхад з кабінэту. Вера ў Голмса была агромністай, Конан Дойл атрымліваў капэрты, адрасаваныя наўпрост на Бэйкер-Стрыт 221b, і чаго толькі не было ў тых капэртах – і просьбы аб дапамозе, і аповеды, і крыкі роспачы, і пагрозы расправіцца з аўтарам, які забіў Такога Чалавека... І толькі тады, калі карэспандэнцыю не было ўжо куды дзяваць, пісьменьнік адсунуў яе, нібы камень, што ляжаў перад уваходам у пячору Лазара, выйшаў з дому і ўласнаручна занёс выдаўцам рукапіс новага апавяданьня …. Голмс выжыў, ён проста схаваўся на ўступе скалы, ён вандраваў па Азіі і лячыў прастрэлены прыяцелем прафэсара палец, каб потым вярнуцца ў Лёндан і працягваць лавіць зладзеяў. Паміж выхадам “Апошняй справы Голмса” і “Пустога дома” прамінула чатыры месяцы. Можна меркаваць, што ўвесь гэты час доктар Ўотсан жыў, як Марфа і Марыя бяз Лазара, ён то папракаў паліцыю, сябе і сьвет, то кідаўся ў містычную веру, спадзеючыся на цудоўнае ўваскрашэньне сябра. У маўклівага чалавека шмат імёнаў і безьліч псэўданімаў, Конан Дойл можа быць адным зь іх, чаму не.

Яркае, арытмічна-вясёлае жыцьцё японца Арытыма Ёрытыка, іншага аўтара крымінальных аповедаў, скончылася, калі ягоны сябра Ясунары Кавабата зьдзейсьніў самагубства, атруціўшыся газам. Арытыма Ёрытыка, які пісаў па васямсот старонак за месяц, а яшчэ трэніраваў бэйсбольную каманду, пакутваў ад бессані і меў таму вялікія праблемы з псыхічным здароўем. Ён пражыў бязь сябра месяц, а потым зрабіў тое самае, што і Кавабата. Зрабіў няўдала. Дарэчы, учынак Ёрытыкі быў не такі ўжо і ерэтычны з пункту погляду ўсходняй рэлігіі, дзе сьмерць ня лічыцца катастрофай, а наадварот – набліжае чалавека да сьвятасьці, таму самагубства вітаецца, праўда, пры ўмове, што ты пасьпеў выканаць неабходнае ў гэтым жыцьці і гатовы да чарговага перараджэньня. Ня тое што ў хрысьціянстве, дзе самагубства – безумоўны грэх, бо ёсьць замахам на “храм божы”.

Тры героі, якім вярнулі жыцьцё, якіх рэ-анімавалі. Што сталася зь імі ўсімі потым? Лазар пражыў яшчэ трыццаць гадоў – пасьля свайго цудоўнага ажыўленьня ён паехаў у няблізкі сьвет, у Марсэль, разам з Марфаю і Марыяй, і стаў тамака першым біскупам. У канструкцыі “храмаў божых” нездарма закладзеная цудоўная здольнасьць да такіх далёкіх перамяшчэньняў.
Развучыўся гаварыць, чытаць, пісаць.
Несумненна, Лазарам рухала, апрача веры, яшчэ і ўдзячнасьць, пайсьці пасьля такога ў варту цара Ірада ці ў сьвінапасы ён проста ня меў маральнага права. Ён так і памёр там, сярод паганцаў, хаця наўрад ці яму хацелася такой долі. Напэўна, проста ягоныя трыццаць гадоў былі яшчэ камусьці патрэбныя. Дзіўна, але па зьвестках маскоўскага патрыярхату, Лазар паехаў усё ж на Кіпр – улюбёнае месца адпачынку ісьціннарускіх і праваслаўных.

Эсквайр Голмс, як вядома, разблытаў пасьля вяртаньня яшчэ не адзін тузін справаў. Потым пасяліўся ў Sussex і, цешачыся success, сваім і Уотсана, заняўся пчолагадоўляй. Праўда, апошнія справы Голмса выдаюць у ім хутчэй палітыка, чым таго высакароднага чыстага філёзафа і лёгіка, якім ён быў раней – да Райхенбаху…

Арытыма Ёрытыка дактары выратавалі. Ён пражыў яшчэ восем гадоў. Пасьля таго, як яго вярнулі на гэты сьвет, ён шмат месяцаў ляжаў у шпіталі, развучыўся гаварыць, чытаць, пісаць, стаў інвалідам. Гэта былі восем гадоў жыцьця (хто яго ведае, які тут паставіць знак прыпынку)

Surgical Anatomy by Joseph Maclise

Дзьве другія гісторыі саступаюць першай у велічнасьці, але па сутнасьці яны ўсе аднолькавыя. Наяўнасьць ва ўсіх трох выпадках дэміурга – бога, аўтара, лекара – мусіла б насьцярожыць бедную прымхлівую душу. Чалавек – фаталіст, ён верыць у непазьбежнасьць лёсу – і тут высьвятляецца, што і непазьбежнасьць – фікцыя, усё складаней, і лёс – гэта зусім ня тое, чым ён нам здаваўся, і пакарыцца яму нам ніхто ня дасьць. І тады пачынае перасьледваць адчуваньне, што лёсы пішуцца адначасова ў дзьвюх канцылярыях, і невядома, чый пісар хутчэй шчоўкае клявішамі – а таму няма сэнсу быць фаталістам.

Рымляне верылі, што лёс чалавечы прадуць адмысловыя багіні, паркі (ці мойры, па-грэцку). Дзьве прадуць, а трэцяя, Морта, пераразае нітку... Любая пасьпяховая спроба рэанімаваць жывы арганізм ператварае магутных, усеўладных і капрызных паркаў у такіх сабе бяспраўных ткачых з Бангладэш – або са Слуцку. Яны бы і рады ткаць па-свойму, але верагоднасьць рэанімацыі прымушае іх ткаць на чужы, “пэрсідзкі” лад.

Заблытаныя ніткі паркаў даюць некаторым надзею. А іншым – сродкі для існаваньня. Вядома, што чалавек, які верыць адначасова суседзям, папу, бабцы-экстрасэнсу і прэзыдэнту, які чакае другога прышэсьця гэтаксама моцна,
Заблытаныя ніткі паркаў.
як і трынаццатай зарплаты, ахвотна пойдзе за любым прайдзісьветам. Асабліва калі гэты прайдзісьвет абяцае надзею. Расеец Грабавой, прафэсійны Хрыстос, напрыклад, дакладна ведае, у колькі Ісусу абышлася апэрацыя ў Віфаніі. За такую самую, і ні капейкі больш, суму ён неяк прапанаваў бацькам загінулых падчас тэракту ў Беслане ажывіць іхных дзяцей – 39 тысяч 500 расейскіх рублёў. Арыштаваны за ашуканства, ён, відаць, адчуваў сябе на сваім месцы – сярод фарысеяў, і мармытаў пад нос Пастэрнака...

Некалі даводзілася адказваць на дурное пытаньне: каго з памерлых ты ажывіў бы, калі б меў гэткую магчымасьць? Нікога, быў адказ, нікога. Навошта іх клікаць назад зь нябёсаў. А ў якога будыста ці індуіста такое пытаньне выклікала б калі ня гнеў, дык поўнае недаўменьне: нашто ж так па-садысцку мучыць тых шчасьліўцаў, хто прайшоў праз кола самсары і даўно дасягнуў Вялікай Пустэчы.

Чалавек чамусьці думае, што ведае максымальную колькасьць часу, якая яму адпушчаная. І свайго, законнага (як яму здаецца) ён аддаваць не зьбіраецца. Заўжды крыўдна атрымаць менш за астатніх, і таму чалавек прыдумаў выслоўе “заўчасная сьмерць”, хаця ніякай заўчаснай сьмерці няма,
Заўчаснай сьмерці няма.
у адрозьненьні ад заўчаснага жыцьця, калі нехта нараджаецца ня ў свой час, не ў сваю эпоху і потым пачуваецца там няўтульна і надрыўна кашляе ў яе цёмных чужых калідорах. Рэанімацыя спрабуе апраўдаць панятак заўчаснасьці, рэанімацыя за ногі цягне да фінішу ўжо мёртвага – паводле задумы – бегуна. І зьбітыя з тропу паркі прадуць усё хутчэй, і Морта не пасьпявае перарэзваць ніці...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG