У сярэдзіне 1960-х гадоў у Злучаных Штатах нарадзіўся, а затым і ахапіў бальшыню заходніх краін моладзевы рух, які атрымаў назву «гіпі». Філязофія і культура гіпі, якая паўплывала на сьветагляд наступных пакаленьняў аж да нашых дзён, пранікала і праз жалезную заслону Савецкага Саюзу. Хай і ня масава, але ў буйных гарадах пасьлядоўнікі заходніх гіпі адваёўвалі ў несвабодным камуністычным грамадзтве тэрыторыю сваёй свабоды, фармавалі сваю контракультуру. Пра тое, як гэта адбывалася ў Беларусі, перадусім у Менску, мы гутарым з маладым дасьледчыкам Раманам Абрамчуком.