Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дворнікі зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі. Як жывуць памілаваныя Лукашэнкам экс-палітвязьні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі пэрыядычна адбываюцца памілаваньні асуджаных за карупцыю і злоўжываньні ўладай чыноўнікаў. Некаторыя зь іх пасьля гэтага вяртаюцца на дзяржаўную працу. Аб тым, што чакае памілаваных палітзьняволеных, Свабодзе расказалі самі былыя вязьні.

Права на памілаваньне замацавана ў Канстытуцыі Беларусі (артыкулам 84). Згодна з артыкулам 96 Крымінальнага кодэксу «памілаваньне ажыцьцяўляецца прэзыдэнтам у дачыненьні да індывідуальна вызначанай асобы». Гэта значыць, што прэзыдэнт мае права памілаваць любога асуджанага ў краіне, уключна з асуджанымі на сьмяротнае пакараньне. Апошні на гэты момант раз гэта адбылося 30 ліпеня 2024 году, калі Лукашэнка памілаваў грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера.

Памілаваныя чыноўнікі-хабарнікі зноў атрымліваюць дзяржаўныя пасады

Лукашэнка даволі часта мілуе былых чыноўнікаў, асуджаных за хабарніцтва, махлярства ў асабліва буйным памеры, перавышэньне ўлады, службовага становішча. Так адбылося з былым намесьнікам генэральнага пракурора Аляксандрам Архіпавым, былым намесьнікам дзяржсакратара Савету бясьпекі Андрэем Ўцюрыным, былым намесьнікам міністра лясной гаспадаркі Віталём Дрожжам; намесьнікам міністра аховы здароўя Ігарам Ласіцкім ды іншымі.

Звычайна памілаваных хабарнікаў Лукашэнка працаўладкоўвае — некаторых падымаць адсталыя гаспадаркі (як некалі Архіпава), некаторым зноў дае кіроўныя пасады. Так, «галоўны лясьнік» Дрожжа адседзеў паўтара года з 7,5 і ўзначаліў адно з падразьдзяленьняў Нацыянальнага парку «Белавеская пушча».

Асуджаных за падзеі 2020-га і пазьнейшых гадоў палітвязьняў Аляксандар Лукашэнка пачаў мілаваць у 2023 годзе. Першым у траўні быў памілаваны Раман Пратасевіч, у чэрвені — ягоная былая сяброўка Соф’я Сапега, у верасьні — журналіст Алег Грудзьдзіловіч.

Раман Пратасевіч стаў адным зь першых памілаваных Лукашэнкам палітвязьняў, асуджаных за падзеі 2020 году
Раман Пратасевіч стаў адным зь першых памілаваных Лукашэнкам палітвязьняў, асуджаных за падзеі 2020 году

210 памілаваных

Улетку 2024 года пачалася цэлая хваля памілаваньняў палітычных зьняволеных. Некаторыя ўказы аб памілаваньні былі прымеркаваныя да знамянальных дат.

Першы ўказ выйшаў 3 ліпеня 2024 году да Дня Рэспублікі. Тады былі памілаваныя 16 чалавек, сярод якіх цяжкахворы Рыгор Кастусёў, асуджаны на 10 гадоў, і Дар’я Лосік, якой заставалася да канца тэрміну 3 тыдні.

16 верасьня, напярэдадні так званага Дня народнага адзінства,
Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 37 чалавек, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці». 7 лістапада, у Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, памілаваны 31 чалавек. Да канца 2024 года было памілавана каля 200 чалавек. Усяго адбылося 8 хваляў памілаваньняў.

Прозьвішчы памілаваных звычайна не называюцца. Згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, усе яны «прызналі сваю віну, шчыра раскаяліся ў зробленым і ўзялі абавязаньні весьці правапаслухмяны лад жыцьця; кантроль за выкананьнем такіх абавязаньняў па даручэньні кіраўніка дзяржавы павінна забясьпечыць Міністэрства ўнутраных спраў». У прэс-рэлізах адзначаецца, што многія памілаваныя маюць хранічныя захворваньні, ёсьць людзі з інваліднасьцю, шматдзетныя бацькі, людзі пажылога веку.

«Ворагі нашай дзяржавы»

У 2025 годзе памілаваньні сталі адбывацца значна радзей. 18 студзеня зьявілася інфармацыя ад памілаваньні траіх чалавек. 12 лютага былі памілаваны журналіст Андрэй Кузьнечык, шматдзетная маці Алена Маўшук і грамадзянін ЗША беларускага паходжаньня Мікалай Шугаеў. Іх з калёніі адразу вывезьлі да беларуска-літоўскай мяжы (як некалі Алега Грузьдзіловіча).

Андрэй Кузьнечык
Андрэй Кузьнечык

Аднак Аляксандар Лукашэнка ня раз казаў, што дараваць памілаваным экс-палітвязьням нельга. Трэцяга сакавіка пры зацьвярджэньні новых міністраў у сацыяльны блёк ён такім чынам адрэагаваў на просьбы некаторых сваіх прыхільнікаў дараваць людзям «памылкі 2020 году».

«Гэта фактычна ворагі нашай дзяржавы, якія да пары да часу сядзяць пад венікам… Гэтага быць не павінна. Ну, а публічным людзям наагул ня будзе ніякага прабачэньня, іх нельга браць на дзяржаўную працу… Ну як можна прабачыць публічных людзей? Усе публічныя людзі — ахова здароўя, адукацыя, СМІ, культура, спорт… І калі вы парушылі дзесьці парадак, закон, калі вы выступалі супраць дзяржавы, гэта ж бачыў увесь народ», — заявіў Лукашэнка.

Непагашаныя судзімасьці

Згодна з артыкуламі 97-98 Крымінальнага кодэксу, судзімасьць можа быць пагашаная або зьнятая. Выпадкі зьняцьця судзімасьці праваабаронцам невядомыя. За менш цяжкае злачынства судзімасьць пагашаецца праз два гады, за цяжкае — празь пяць гадоў. Гэта значыць, палітвязьні выходзяць з калёніі зь непагашанай судзімасьцю. Былыя палітзьняволеныя абмежаваныя ў многіх правах.

Ганна (поўнае імя суразмоўцы не даём зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) у гомельскай жаночай калёніі № 4 працавала швачкай, нягледзячы на дзьве вышэйшыя адукацыі. Дасканала засвоіла гэтую прафэсію, выконвала самыя складаныя апэрацыі. Пасьля памілаваньня паспрабавала ўладкавацца на швейную фабрыку, дзе шыюць пасьцельную бялізну, абрусы і сурвэткі і якая пастаянна адчувае дэфіцыт кадраў. Аднак былая палітзьняволеная там атрымала адмову. У невялікай майстэрні рамонту адзеньня Ганьне таксама адмовілі ў працаўладкаваньні. Давялося ісьці дворнічыхай.

«Спачатку было нязвыкла працаваць венікам, рыдлёўкай, граблямі. Цяжка было зімой, калі трэба было змагацца з галалёдам, пасыпаць тратуары пяском, сумесьсю з сольлю. Дзякуй Богу, гэтая зіма не была суровай. Паступова прывыкла, нават падабаецца працаваць на сьвежым паветры.

Яшчэ ёсьць выхаваўчыя мерапрыемствы ў выглядзе лекцый, а таксама прыбіраньня дваровых тэрыторый дашкольных і школьных устаноў, РУУС — на грамадзкіх пачатках. Я не пасьпела прыбраць свой участак — тэлефануе намесьніца начальніка ЖЭСу і гоніць на іншы аб’ект, прыбіраньне якога не ўваходзіць у мае абавязкі. А што рабіць, іду, бо інакш знойдзе да чаго прыдрацца», — кажа Ганна і лічыць дні, колькі ёй засталося да зьняцьця судзімасьці.

Спадарыня Ірына (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) была памілаваная ў 2024 годзе. Жанчыну абавязалі адзначацца ў РУУС кожны дзень, пакуль не працаўладкуецца.

Вязьні гомельскай жаночай калёніі, архіўнае фота
Вязьні гомельскай жаночай калёніі, архіўнае фота

Ірына кажа, што ёй пашанцавала — яна жыла побач з РУУС. Туды ж хадзіла і яе знаёмая, таксама памілаваная, але тая жанчына хутка працаўладкавалася, таму што была індывідуальнай прадпрымальніцай. Па словах суразмоўцы, у міліцыі шмат што залежыць ад інспэктара: прыме ён рэгістрацыю самазанятага рамесьніка ці не.

«У маім выпадку гэта было вельмі складана. Працаўладкавацца мы павінны былі абавязкова, таму што Лукашэнка сказаў, што нас вызваляюць, але за намі павінны сачыць.

Калі ў цябе ёсьць дзеці, працаўладкаваньне прынцыпова важнае: калі ты цягам трох месяцаў ня знойдзеш працу, цябе паставяць на ўлік „СОП“ (у „сацыяльна небясьпечным становішчы“), а гэта першы крок да пазбаўленьня бацькоўскіх правоў.

Ну, а прапануюць самую „прэстыжную“ працу, дворнікамі, ну ці шукай сам. Мне ў ЖЭСе прапаноўвалі працу дворніка», — дзеліцца Ірына.

Яна прывяла прыклад яшчэ адной сваёй былой суседкі па атрадзе Насты, якая сядзела ў калёніі паводле «наркатычнага» артыкулу: «Крымінальніца» Наста адзначаецца раз на тыдзень, а то і раз на тры тыдні. А «палітычная» Ірына хадзіла ў міліцыю кожны дзень.

«Мы краіне не патрэбныя»

Працаўладкавацца былым палітзьняволеным вельмі складана. Пасьля 2020 году ва ўстановах па ўсёй краіне пачалі прызначаць намесьніка кіраўніка ў бясьпецы, звычайна гэта супрацоўнік КДБ, кажа Ірына.

«Мяне проста выратавалі, інакш я сказаць не магу. Адзін вельмі добры чалавек мяне ўзяў на працу. У любы момант яму могуць патэлефанаваць (усе дадзеныя працадаўцы ў іх ёсьць) і запытацца, дзе я, могуць прыехаць на працу з праверкай.

Мне шкада майго працадаўцу — ён чырванеў і зелянеў, бо калі мы падпісалі дамову, мяне адразу выклікалі на допыт, у хаце быў ператрус. І я сказала: „Давайце я напішу заяву аб звальненьні і няхай яна ляжыць у вас у шуфлядзе“, — каб ён мог у любы небясьпечны момант мяне звольніць», — успамінае Ірына.

Нават калі памілаваны працаўладкаваўся і хоча на выходныя выехаць з горада на лецішча, то павінен пісаць заяву на імя начальніка інспэкцыі, каб той даў дазвол. Да таго ж трэба было абгрунтаваць, навошта чалавеку туды ехаць. З наглядам яшчэ шмат чаго залежыць ад фантазіі інспэктара.

«У Беларусі пасьля калёніі я амаль ні з кім не кантактавала, каб не падставіць чалавека. Жыць там вельмі цяжка. Мы краіне не патрэбны. А пры гэтым у цябе забарона на выезд!

У мяне да пагашэньня судзімасьці яшчэ 5 гадоў. Два парушэньні ці два рапарты — і назад у калёнію! А другі раз праз памілаваньне мяне ніхто б ужо ня выпусьціў — за адно злачынства толькі адзін раз!
На жаль, палітычных проста выціскаюць з краіны», — разважае Ірына.

Нядаўна жанчына зь дзіцем здолела выехаць з краіны.

Вязьні гомельскай жаночай калёніі, архіўнае фота
Вязьні гомельскай жаночай калёніі, архіўнае фота

«Сарамліва апусьціў вочы і сказаў, што нічога не вырашае»

Спадарыня Тацяна працуе на дзяржаўным прадпрыемстве ў адным з гарадоў Беларусі. Арганізацыя абслугоўвае пэўныя аб’екты. Раней на прадпрыемстве працавалі восем кіроўцаў, якія вазілі так званы «інжынэрна-тэхнічны пэрсанал» і складанае абсталяваньне на аб’екты. Цяпер кіроўцаў засталося двое, а колькасьць аб’ектаў, якія трэба аблугоўваць, ня зьменшылася.

«Хтосьці выйшаў на пэнсію, дваіх асудзілі: адзін атрымаў „хімію“, другі — рэальны тэрмін і трапіў у калёнію. Увосень яго памілавалі. Ветлівы, дысцыплінаваны, адказны работнік. Натуральна, яму абавязкова трэба працаўладкавацца. Прыйшоў да нас — ягонае месца дагэтуль вакантнае.

Дырэктар у нас даволі ляяльны чалавек, частка калектыву прасіла за гэтага мужчыну, мы гатовыя былі ўзяць яго „на парукі“. Але дырэктар сарамліва апусьціў вочы і сказаў, што ён нічога не вырашае, усімі такімі пытаньнямі займаецца прызначаны нядаўна новы „кадравік“. Паколькі горад у нас невялікі, усе ведаюць, адкуль ён прыйшоў. Натуральна, былому палітвязьню той гэбіст адмовіў. Ніякія нашы аргумэнты, што таго мужчыну сам Лукашэнка памілаваў, не дапамаглі», — расказвае жанчына.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG