Ракіцкі: Захар, ці існаваў у пару Вялікага Княства Літоўскага масавы алькагалізм? Ці тады ўжо сьпіваліся людзі?
Шыбека: П’янства было, але алькагольнай залежнасьці дакумэнты не фіксуюць. Можа, таму, што пілі якасныя напоі, добра закусвалі, налівалі ў малы посуд. Большасьць насельніцтва складалі земляробы, у якіх не было ні часу, ні грошай хадзіць па корчмах і шынках. Ужываньне алькаголю рэглямэнтавала традыцыя: пілі толькі на сямейныя, рэлігійныя сьвяты і ў час гарадзкіх кірмашоў. Людзі яшчэ памяталі і пра 10 запаведзяў Хрыста.
Ракіцкі: Тады — чаму і калі пачалі сьпівацца беларусы?
Шыбека: Вось некаторыя агульныя прычыны. Па-першае, урбанізацыя выбівала людзей з традыцыйнага грамадзтва. Вось і п’янства пачалося ў гарадох у XVI стагодзьдзі.
Па-другое, пашырэньню п’янства спрыялі і пэўныя традыцыі. Так, спрадвеку існавала традыцыя разьлічвацца за працу гарэлкай, бо не хапала звонкай манэты. У Беларусі ж не было капальняў срэбра ці золата.
Пэўную ролю адыгралі і войны. Натуральна, што бяда, разбурэньні спрыялі п’янству.
Наёмнікі з заходнеэўрапейскіх краінаў, дзе ўжо квітнела п’янства, таксама спрыялі пашырэньню гэтай зьявы. Беларусы запазычвалі на Захадзе ня толькі карыснае, але і адмоўнае. У выніку — павялічвалася вытворчасьць гарэлкі, адчыняліся ўсё новыя і новыя шынкі.
Так, п’янства было, але да ХІХ стагодзьдзя алькагольнай залежнасьці не фіксавалася. Жанчыны ж пачалі сьпівацца ў эпоху індустрыялізацыі і фэмінізму, калі слабы пол уключаўся ў вытворчасьць і імкнуўся сьледам за мужчынамі піць, курыць, насіць капелюшы і штаны.
Ракіцкі: Людзі самі па сабе сьпіваліся, ці ўлады таксама спрычыняліся да спойваньня насельніцтва — сьвядома ці несьвядома?
Шыбека: Князі часоў Кіеўскай Русі да спойваньня дачыненьня ня мелі, бо абмяжоўваліся зборам мядовай даніны. Вялікія князі літоўскія выступалі манапалістамі корчмаў, зьбіралі піцейны збор (капшчызну) або аддавалі яго на водкуп (арэнду).
І ўсё ж кабацкай сыстэмы Івана Грознага, калі набыцьцё алькаголю стала абавязковай павіннасьцю, тут не існавала.
Пазьней у Расеі з 1712 году піцейны збор аддаваўся на водкуп. З 1863 году (тады ўжо, як вядома, беларускія землі былі ў складзе Расейскай імпэрыі) уводзіўся акцыз, а з 1895–1897 гадоў пачала існаваць дзяржаўная вінная манаполія.
Бальшавікі зрабілі дзяржаўную манаполію на вытворчасьць і продаж алькаголю яшчэ больш жорсткай. Мелі яны ад гэтага вялікую выгаду. Сабекошт літра гарэлкі складаў 28 капеек, а цана продажу падымалася да 5–6 рублёў за літар.
Як толькі ўлады бралі вытворчасьць і продаж гарэлкі ў свае рукі, пачыналася п’янства.
Ракіцкі: У любым выпадку ўсё ж дзяржаве нявыгадна, калі народ сьпіваецца. Падае прадукцыйнасьць і якасьць працы, расьце сьмяротнасьць, шмат сродкаў выдаткоўваецца на лекаваньне людзей. Як дзяржава ў розныя часы беларускай гісторыі змагалася з п’янствам?
Шыбека: Барацьба з п’янствам вялася толькі дзеля захаваньня грамадзкага парадку і ўлады. У ВКЛ у дамовах арэнды гаспадарскіх корчмаў існавала патрабаваньне не дапушчаць у корчмах шкодных учынкаў. Гарадзкія магістраты каралі п’яніцаў бізунамі, прымушалі аматараў выпіць публічна адмаўляцца ад алькаголю на працягу году або некалькі гадоў.
У Расейскай імпэрыі існавалі правілы працы піцейных установаў. Калі ў канцы ХІХ стагодзьдзя Швэцыю ахапіла п’янства, былі зробленыя захады дзеля рэглямэнтацыі продажу алькагольных напояў (так званая Готэнбурская сыстэма). Некаторыя штаты ЗША ўводзілі «сухія законы» зь сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. У Расеі пры канцы ХІХ стагодзьдзя рабіліся захады дзеля стрымліваньня п’янства паводле прыкладу Швэцыі. Вялася антыалькагольная прапаганда, адчыняліся безалькагольныя чайныя. Але ў 1914 годзе быў прыняты «сухі закон», як і ў ЗША ў 1920-м.
У савецкі час пры Хрушчову праводзілася кампанія барацьбы з самагонаварэньнем — рабілі аблавы, канфіскоўвалі самагонныя апараты, а людзей, якія гналі самагонку, штрафавалі. А Гарбачоў чарговым разам увёў «сухі закон».
Цікава, што пасьля ўвядзеньня «сухіх законаў» разваліліся і Расейская імпэрыя, і Савецкі Саюз. І гэта не выпадкова. П’янства, як правіла, узмацняецца ў пэрыяды тупіковасьці ў разьвіцьці грамадзтва.
Расейска-савецкія ўлады абмяжоўваліся «сухім законам», але гэта не ратавала. Дзяржава ніколі не адмовіцца ад спойваньня людзей, бо гэта прыбыткова і палітычна выгадна. Інакш — паўстае небясьпека.
Адной з прычынаў эканамічнага крызісу пры Гарбачову было ня толькі падзеньне цэнаў на нафту, але і скарачэньне паступленьняў у дзяржаўны бюджэт сродкаў ад продажу алькагольных напояў.
Ракіцкі: А як быць з вытворцамі алькаголю, якія найбольш зацікаўленыя ў нарошчваньні яго вытворчасьці? Пра што сьведчыць гістарычны досьвед Беларусі?
Шыбека: Выраб і продаж алькаголю заўсёды даваў вялікі прыбытак. У ВКЛ яго перавышалі толькі мытныя зборы. Таму шляхта ня раз прасіла вялікага князя літоўскага адмовіцца ад манаполіі і дазволіць вышэйшаму саслоўю заводзіць у сваіх маёнтках бровары і корчмы. Манарх адмаўляў.
І гэта было адной з прычынаў, чаму дробная шляхта была актыўнай прыхільніцай аб’яднаньня ВКЛ з Польскім каралеўствам, дзе шляхта мела права прапінацыі (вырабу алькагольных напояў). Пасьля Люблінскай уніі і ўтварэньня Рэчы Паспалітай права прапінацыі дабілася і шляхта ВКЛ.
Адной з прычынаў казацкага паўстаньня пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага было нежаданьне шляхты Рэчы Паспалітай надаць казацкай вярхушцы шляхецкую годнасьць і права прапінацыі. Не выпадкова казакі рэзалі ня толькі польскіх паноў, але і габрэяў, якія выступалі арандатарамі панскіх маёнткаў і корчмаў.
У XVIII cтагодзьдзі барацьба за алькагольны рынак Рэчы Паспалітай абвастрылася. Габрэйскіх карчмароў, якія арандавалі панскія корчмы, абвінавачвалі ў спойваньні сялянаў. Хоць калі левабярэжная Ўкраіна была далучаная да Маскоўскай дзяржавы, а габрэяў выгналі, продаж алькаголю перайшоў да казацкай вярхушкі, і спойваньне сялянаў пайшло яшчэ з большай сілай.
Выраб і продаж алькаголю быў выгаднай справай і пры савецкай уладзе, калі існаваў чорны рынак алькаголю. Каб атрымаць большы прыбытак, прадаўцы алькаголю яго падраблялі. Разьвядзеньне гарэлкі вадой было самым бяскрыўдным злачынствам.
Вытворцы і гандляры ніколі не адмовяцца ад такога выгаднага бізнэсу.
Ракіцкі: Дзяржава дзяржавай, але ж чалавеку ніхто ў горла гарэлку не налівае. Самаспойваньне — ці ня ёсьць гэта адвечнай праблемай? І ўсяго чалавецтва, і беларусаў як часткі яго?
Шыбека: Ужываньне алькагольных напояў — гэта векавая традыцыя. Забараніць яго немагчыма. Інакш пачынаецца росквіт самагонаварэньня. Да таго ж нават мэдычнай навукай даказаная карыснасьць сухога чырвонага віна. Без алькаголю чалавецтва, відаць, звар’яцела б.
Гэта, праўда, не азначае, што без алькаголю немагчыма абысьціся зусім. Існуе шмат прыкладаў, калі людзі і нават цэлыя народы ня п’юць (напрыклад, мусульмане, арабы) або п’юць у самых мізэрных памерах (індусы, кітайцы, японцы).
З ініцыятывы асьветнікаў і сьвятароў з ХІХ стагодзьдзя існуе масавы рух за цьвярозасьць. На беларускіх землях гэты рух у 1858–1859 гадох ініцыявала рымска-каталіцкая царква. Першым заклік да цьвярозасьці прагучаў з вуснаў князя Астроскага.
Цікава, што духавенства, якое спрыяла традыцыі ўжываньня алькагольных напояў, спрабавала і стрымаць празьмернае захапленьне імі. Беларускі біскуп Георгі Каніскі заклікаў магілёўскі магістрат весьці барацьбу з п’яніцамі. Але найбольш эфэктыўна прапаганду здаровага ладу жыцьця вядзе пратэстантызм, які прапанаваў краінам паўночна-заходняй Эўропы ў якасьці альтэрнатывы п’янству больш пабожны дух прадпрымальніцтва. На маю думку, гэта дазволіла Нямеччыне, Брытаніі, Нідэрляндам і іншым краінам згаданага рэгіёну закласьці, адрозна ад Расеі, традыцыю піцейнай культуры і паўплываць на грамадзкі і эканамічны прагрэс.
Ракіцкі: Ці магчыма перамагчы алькагалізм? Што пад сілу кожнаму чалавеку, каб ня сьпіцца?
Шыбека: Гэта надзвычай складаная грамадзкая праблема. Можна супакоіцца, зьмірыцца і нічога не рабіць. Можна выдаліць ген задавальненьня ад алькаголю. І гэта зусім рэальна пры сучасным узроўні разьвіцьця геннай інжынэрыі. Але пазбаўляць людзей задавальненьня было б негуманна. Можна ўзмацніць выхаваўчую працу і абмежаваць продаж алькаголю. І гэта дае пэўны эфэкт, таму дзяржава павінна паступіцца сваімі фінансавымі і палітычнымі інтарэсамі і праводзіць антыалькагольную палітыку.
Са СМІ стала вядома, што ў Беларусі распрацоўваецца праграма барацьбы з п’янствам да 2020 году. Калі гэтая барацьба будзе праводзіцца па-старому, дык вялікіх вынікаў ня будзе.
Некаторыя прапаноўваюць увесьці ў школах выкладаньне Закона Божага. Добрая прапанова, але сучаснаму чалавеку гэтага недастаткова.
Я выступаю за ўвядзеньне ў школах чалавеказнаўства. Кожны малады чалавек павінен пазнаць сябе, сваю фізіялёгію, псыхалёгію, мэнтальнасьць. Кожны аматар алькаголю павінен ведаць, што алькаголь робіць з чалавекам. А ў астатнім ён мае права вырашаць сам: піць ці ня піць, таксама колькі піць.