І калі Кіеву спадарожнікавы інтэрнэт жыцьцёва неабходны ў першую чаргу для ваенных мэтаў, то многія краіны ЭЗ разглядаюць адмову ад Starlink у доўгатэрміновай пэрспэктыве — найперш каб мець незалежнасьць ад спадарожнікаў ЗША і асабіста ад Маска, піша Алена Абрамовіч з Украінскай службы Радыё Свабода.
Нагадаем, што 9 сакавіка Ілон Маск разьмясьціў у сацыяльнай сетцы X, якая належыць яму, допіс пра тое, што яго сыстэма Starlink — «касьцяк украінскай арміі».
«Уся іхная лінія фронту абрынецца, калі я яе адключу», — заявіў мільярдэр, які лічыцца адным з самых набліжаных да прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа людзей. Трамп у той час актыўна ціснуў на Кіеў, патрабуючы згадзіцца на спыненьне агню. Раней, у лютым 2025 году, агенцтва Reuters, спасылаючыся на крыніцы, паведамляла, што ЗША могуць адключыць Украіну ад доступу да Starlink у выпадку няўдачы перамоваў пра ўгодзе аб прыродных рэсурсах; Маск тады назваў гэтую інфармацыю ілжывай.
У адказ кіраўнік польскага МЗС Радослаў Сікорскі напісаў, што «паслугі Starlink для Ўкраіны аплачвае міністэрства лічбавізацыі Польшчы» і гэта каштуе яму каля $50 млн у год. Ён дапусьціў магчымасьць пошуку альтэрнатывы сетцы Starlink для Ўкраіны пасьля камэнтару Маска:
«Нават калі не казаць аб этычнасьці пагрозаў ахвяры агрэсіі, калі SpaceX выявіцца ненадзейным правайдэрам, мы будзем змушаныя шукаць іншых», — заўважыў Сікорскі ў X.
На допіс Радослава Сікорскага адказаў ужо дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё. Ён заявіў, што ніхто не пагражаў адключыць Украіну ад Starlink, але заўважыў: «Скажыце дзякуй, бо без Starlink Украіна даўно б прайграла гэтую вайну, а расейцы зараз былі б на мяжы з Польшчай».
Ці маюць Эўропа і Ўкраіна рэальныя альтэрнатывы Starlink? Радыё Свабода паразмаўляла на гэтую тэму зь некалькімі чыноўнікамі ЭЗ і вытворцамі.
Якія паслугі Starlink надае Украіне?
Спадарожнікавы інтэрнэт Starlink з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году стаў для УСУ ключавым у сачэньні за сытуацыяй на полі бою і нанясеньні дакладных удараў па расейскіх войсках. Амэрыканскі мільярдэр Маск тады надаў Украіне тэрміналы Starlink бясплатна. Пазьней ЗША ўзялі на сябе фінансаваньне эксплюатацыі гэтых тэрміналаў, але часткова выдаткі пакрывае Польшча (менавіта аб гэтых $50 млн піша Сікорскі).
Starlink забясьпечвае Ўкраіну дзьвюма ключавымі катэгорыямі паслуг: цывільнай інтэрнэт-сувязьзю ў тыле і сувязьзю для вайскоўцаў.
Першая — гэта інтэрнэт у месцах, дзе не працуе мабільная ці кабэльная сувязь (напрыклад, сеткі пашкоджаныя ў выніку баявых дзеяньняў).
«Вайсковы» спадарожнікавы інтэрнэт ад Starlink дазваляе УСУ каардынаваць баявыя дзеяньні, трансьляваць зьвесткі на перадавой (нават там, дзе няма мабільнай сувязі) і апэратыўна манітараваць сытуацыю на полі бою.
Альтэрнатыва сувязі ў тыле
Замяніць Starlink у тыле патэнцыйна магла б эўрапейская сетка спадарожнікавай сувязі GovSatCom, патлумачыў Радыё Свабода службовец ЭЗ. Ён папрасіў аб ананімнасьці, бо не ўпаўнаважаны даваць афіцыйныя камэнтары СМІ.
GovSatCom — эўрапейская ініцыятыва для забесьпячэньня ўрадавай спадарожнікавай сувязі. Важна, што яна прызначаная менавіта для цывільных паслугаў, не для вайсковых.
Для атрыманьня пакрыцьця GovSatCom Украіне трэба будзе зьвярнуцца з афіцыйным запытам у ЭЗ. Яго абмяркуе Эўрапейская Рада, а пасьля запыт перададуць на апрацаваньне Эўракамісіі. Гэтага нельга зрабіць за адзін дзень, падкрэсьлівае суразмоўца Радыё Свабода.
Пакуль што Ўкраіна не зьвярталася ў ЭЗ з такім запытам. Аднак нават калі такі запыт прыйдзе з Кіева ў будучыні, яго ня будуць афішаваць з прычынаў бясьпекі, кажа эўраслужбовец.
Альтэрнатыва на полі бою
Для вайскоўцаў замяніць Starlink патэнцыйна мог бы француска-брытанскі апэратар спадарожнікавай сувязі Eutelsat — праз сваю сетку OneWeb.
Кампанія Eutelsat паведаміла 4 сакавіка, што вядзе перамовы з эўрапейскімі ўрадамі аб пашырэньні паслуг доступу ў інтэрнэт ва Ўкраіне. Пры такіх навінах з 28 лютага акцыі кампаніі вырасьлі ў цане ў 7 разоў — з 1,19 эўра да 7,67 эўра на раніцу 11 сакавіка.
На запыт Радыё Свабода ў Eutelsat паведамілі, што ўжо разгарнулі свае сэрвісы нізкаарбітальных спадарожнікаў OneWeb ва Ўкраіне, «падтрымліваючы ўрадавыя і інстытуцыйныя камунікацыі», гэта значыць пакуль толькі для цывільнага ўжытку.
Аднак у кампаніі не выключаюць пашырэньня выкарыстаньня яе сэрвісаў і на ўкраінскіх вайскоўцаў.
«Рашэньні OneWeb могуць стаць альтэрнатывай для пэўных урадавых і абаронных праграмаў. Мы актыўна супрацоўнічаем з эўрапейскімі інстытуцыямі і бізнэс-партнэрамі, каб забясьпечыць хуткае разгортваньне дадатковых тэрміналаў карыстальнікаў для крытычных місіяў і інфраструктуры», — паведамілі ў аддзеле камунікацыяў Eutelsat.
У камэнтары Bloomberg генэральная дырэктарка Eutelsat расказала, што ва Ўкраіне ўжо працуюць тысячы тэрміналаў гэтай сеткі. Але для паўнавартаснай замены Starlink, паводле яе, трэба забясьпечыць 40 тысяч тэрміналаў, і на гэта спатрэбіцца некалькі месяцаў.
Eutelsat — прыватная кампанія, яна мае права надаваць паслугі сувязі Ўкраіне на просты запыт з Кіева без пасярэдніцтва ЭЗ. Але, зразумела, у выпадку, калі ўкраінскі ўрад зможа самастойна аплаціць гэтыя паслугі.
Альтэрнатыва на будучыню
З увагі на цяперашняе ахаладжэньне адносінаў ЭЗ і ЗША, якое пачалося пасьля прыходу да ўлады Трампа, Эўразьвяз плянуе да 2030 году выбудаваць уласную надзейную сыстэму сувязі як для цывільных, так і для вайсковых патрэбаў. Плянуецца, што яна ня будзе саступаць Starlink. Першыя крокі ўжо зробленыя — ідзецца аб праграме IRIS², якая мае забясьпечыць усе ўзроўні спадарожнікавых камунікацыяў. Праектам супольна зоймуцца кампаніі з Францыі (той самы Eutelsat), Гішпаніі (Hispasat) і Люксэмбургу (SES SA).
«Яшчэ ў сьнежні летась мы падпісалі ўгоду аб кансорцыюме. Мы сапраўды працуем разам зь дзяржавамі-чальцамі і галіной, каб атрымаць найлепшы магчымы праект, якім стане IRIS² не пазьней за 2030 год», — паведаміў прадстаўнік Эўракамісіі ў пытаньнях бясьпекі і космасу Томас Рэнье.
Падраднікамі ў гэтым праекце могуць быць кампаніі Airbus, Leonardo і Thales Alenia Space. Яны, паводле інфармацыі Reuters, вывучаюць магчымасьць стварэньня супольнага прадпрыемства для павелічэньня вытворчасьці спадарожнікаў, спрабуючы канкураваць з сыстэмай Starlink і іншымі глябальнымі гульцамі ў галіне нізкаарбітальных спадарожнікаў, якія выкарыстоўваюць у камэрцыйных тэлекамунікацыях.
У Брусэлі гавораць, што цьвёрда настроеныя рэалізаваць гэтую ініцыятыву максымальна хутка, бо вайна ва Украіне прадэманстравала ЭЗ крытычную важнасьць спадарожнікавай сувязі ў абаронным сэктары.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.