Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не камэнтуе дамоўленасьцяў Вашынгтону і Кіева пра спыненьне вайны з Расеяй


Аляксандр Лукашэнка, 26 студзеня 2025 году
Аляксандр Лукашэнка, 26 студзеня 2025 году

У расейска-ўкраінскай вайне адбыўся важны паварот. Дакладней, не ў самой вайне, а ў дыпляматычным супрацьстаяньні вакол гэтага трагічнага канфлікту. На парадку дня стаіць пытаньне: хто будзе абвешчаны праціўнікам міру ў вачах сусьветнай супольнасьці?

Сьцісла:

  • Наўрад ці ідзецца пра мір і рэальнае спыненьне вайны. Хутчэй, гаворка ідзе пра калі не пра дыпляматычную перамогу, то пра пэўны, можа, прамежкавы посьпех.
  • Цяпер тактыка Кіева палягае ў тым, каб перакласьці віну за нежаданьне заканчэньня вайны на Расею. Бо можна не сумнявацца, што Масква вылучыць дадатковыя ўмовы для згоды на перамір’е, якія наўрад ці задаволяць Украіну, Эўропу і, магчыма, нават ЗША.
  • Нават калі ўявіць, што бакі пагодзяцца на перамір’е, то цяжка ўявіць, як яго можна практычна рэалізаваць безь міратворчых сілаў.
  • Афіцыйны Менск ніяк не камэнтуе вынікаў перамоваў у Джыдзе. Бо асьцерагаецца сказаць нешта неўпапад з пазыцыяй Расеі. Якраз у такія моманты і выяўляецца замежнапалітычная несамастойнасьць Беларусі.

Рубіё: «Мяч цяпер на баку Расеі»

11 сакавіка ў ходзе перамоваў у Джыдзе (Саудаўская Арабія) дэлегацыяў ЗША і Ўкраіны Кіеў выказаў гатоўнасьць прыняць прапанову ЗША аб неадкладным увядзеньні часовага 30-дзённага рэжыму спыненьня агню. Адначасова Злучаныя Штаты аднаўляюць дапамогу Ўкраіне ў галіне бясьпекі.

І цяпер усё ўпіраецца ў пазыцыю Масквы. У прынятым у выніку перамоваў дакумэнце адзначана: «Злучаныя Штаты паведамяць Расеі, што ўзаемнасьць расейцаў зьяўляецца ключом для дасягненьня міру». Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё сказаў, што «мяч цяпер на баку Расеі». А Ўладзімір Зяленскі пракамэнтаваў дамову так: «Настаў час для поўнай праўды».

Калі аб’ектыўна ацэнваць гэтую падзею, то тут наўрад ці ідзецца пра мір і рэальнае спыненьне вайны. Хутчэй, гаворка ідзе пра калі не пра дыпляматычную перамогу, то пра пэўны, можа, прамежкавы посьпех.

Спачатку ўкраінскае кіраўніцтва імкнулася атрымаць «гарантыі бясьпекі» з боку ЗША ў выпадку спыненьня вайны. Аднак Вашынгтон адмовіўся даваць такія гарантыі, візыт Зяленскага ў Белы дом скончыўся скандалам — і Злучаныя Штаты прыпынілі вайсковую дапамогу Ўкраіне. Эўропа, нават калі яна выканае свае абяцаньні, можа замяніць падтрымку ЗША ў гэтым пляне толькі часткова.

Украінскае кіраўніцтва мяняе тактыку

І ў гэтай сытуацыі Кіеў зьмяніў тактыку. Ён прыняў усе прапановы амэрыканскага боку на дадзены момант. Разважыўшы, што ў цяперашняй сытуацыі нельга спадзявацца на завяршэньне вайны, пагатоў на спрыяльных для Ўкраіны умовах. Бо пазыцыі бакоў, якія ваююць, радыкальна розьняцца.

Але нават калі ўявіць, што бакі пагодзяцца на перамр’е, то цяжка ўявіць, як гэта можна практычна рэалізаваць. Калі казаць сур’ёзна пра спыненьне баявых дзеяньняў, то яно наўрад ці магчымае безь міратворчых сілаў, якія павінны разьмясьціцца на лініі размежаваньня, то бок на лініі фронту, і не дазваляць абодвум бакам страляць. З 2014 па 2022 гады на Данбасе бакі шмат разоў дамаўляліся пра спыненьне баёў, нават спрабавалі адвесьці ад лініі фронту цяжкую зброю. Але, агулам кажучы, з гэтага ўсяго так нічога не атрымалася.

А пытаньне аб міратворчых сілах — гэта асобная і вялікая праблема, да якой бакі нават не падступалі. Хто можа прыслаць гэтыя сілы? Эўропа нібыта гатовая вылучыць сваіх міратворцаў. Аднак супраць гэтага катэгарычна выступае Расеі.

Ёсьць досьвед выкарыстаньня міратворчых сілаў ААН. Але іх трэба шмат, яны патрабуюць нямала фінансавых выдаткаў і арганізацыйных высілкаў.

Таму на парадку дня стаіць іншае пытаньне: хто будзе аб’яўлены праціўнікам міру ў вачах сусьветнай супольнасьці і, што асабліва важна, амэрыканскай грамадзкасьці? Вось жа ў выніку скандальных перамоваў у Белым доме Дональд Трамп аб’явіў, што Ўладзімір Зяленскі ня хоча заканчэньня вайны. Што ў пэўным сэнсе нэгатыўна адбілася на іміджы кіраўніцтва Ўкраіны.

Цяпер тактыка Кіева палягае ў тым, каб перакласьці віну за нежаданьне заканчэньня вайны на Расею. Падобна, што Масква не гатовая на спыненьне баявых дзеяньняў з розных прычынаў. Пазыцыю Крамля Ўладзімір Пуцін сфармуляваў яшчэ ў сьнежні: «Нам не патрэбнае перамір’е, нам патрэбны доўгатэрміновы мір». А кіраўніцтва ЗША імкнецца дасягнуць спыненьня вайны, то бок якраз «перамір’я». Таму лінія Кіева ў тым, што цяпер на перамовах з амэрыканцамі варта згаджацца амаль на ўсё, бо ўсё роўна ідэю перамір’я заблякуе Расея. І няхай цяпер Вашынгтон разьбіраецца з Крамлём, гэта іхны галаўны боль. Менавіта так цяпер і атрымоўваецца.

Можна не сумнявацца, што Масква вылучыць дадатковыя ўмовы для згоды на перамір’е, якія наўрад ці задаволяць Кіеў, Эўропу і, магчыма, нават ЗША. І з гледзішча міжнароднай грамадзкасьці Ўкраіна аказваецца ў выйгрышнай сытуацыі, а Расея, наадварот, чарговым разам выяўляе сябе як прыхільніца вайны.

Красамоўнае маўчаньне Менску

Ня толькі расейская дыпляматыя аказваецца ня ў лепшым становішчы. Зьвяртае на сябе ўвагу, што афіцыйны Менск ніяк не камэнтуе вынікаў перамоваў у Джыдзе. Хоць, здавался б, варта было б іх вітаць.

За тры гады вайны Аляксандр Лукашэнка шмат разоў заклікаў Уладзіміра Зяленскага спыніць вайну — маўляў, на тваёй зямлі ідуць баі, твае грамадзяне гінуць. Ну вось Кіеў аб’явіў, што гатовы да перамір’я. Лукашэнка мог бы казаць: «Мае заклікі пачутыя».

Таксама нядаўна Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію блогеру Марыё Наўфалю падтрымаў пляны Дональда Трампа завяршыць вайну і заяўляў: я, маўляў, гатовы стаць побач з прэзыдэнтам ЗША ў гэтай высакароднай справе. І нават гатовы паслаць міратворчыя сілы ва Ўкраіну.

Шмат сусьветных палітыкаў пракамэнтавалі пагадненьне у Джыдзе. А Лукашэнка маўчыць. І беларускі МЗС маўчыць. Чаму? Бо маўчыць Масква. Там яшчэ не сфармулявалі пазыцыю.

Таму беларускае кіраўніцтва, імаверна, вырашыла, што ня варта бегчы папярод бацькі ў пекла, асьцерагаецца сказаць нешта неўпапад з пазыцыяй Расеі. Акурат у такія моманты і выяўляецца замежнапалітычная несамастойнасьць Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG