Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія багі жывуць на менскіх дахах?


Скульптура «Слава» на будынку Дзяржаўнага мастацкага музэю. Скульптар Андрэй Бембель. Фота Віктара Ведзеня
Скульптура «Слава» на будынку Дзяржаўнага мастацкага музэю. Скульптар Андрэй Бембель. Фота Віктара Ведзеня

Ці паглядаем мы, шпацыруючы па родным горадзе, угару, у неба? Мо толькі ходзім панура, гледзячы сабе пад ногі, а ў лепшым выпадку — перад сабой, не задзіраючы галавы. А што, калі ў тым жа Менску падняць галаву, зірнуць на дахі дамоў, угледзецца ў іх? Зрабіце гэта — і раптам убачыце нямала скульптураў, барэльефаў, перадусім у цэнтральнай частцы сталіцы, на знакавых будынках. ГУМ, Міністэрства ўнутраных спраў, жылыя дамы Прывакзальнай плошчы, Палац прафсаюзаў, Вялікі тэатар опэры і балету, Мастацкі музэй багата ўпрыгожаныя скульптурнымі кампазыцыямі. Але што яны сабой уяўляюць? Каго і што адлюстроўваюць? Хто пасяліўся на дахах у скульптурных кампазыцыях, барэльефах? Разгадаўшы гэтую таямніцу, напэўна ж, мянчук, беларус дадасьць сабе ведаў пра айчынную гісторыю і культуру. Інакш адчуе горад, у якім жыве. Маім госьцем сёньня — культуроляг Раман Абрамчук.

— Я толькі некалькі ўпрыгожаных скульптурамі будынкаў назваў. Працягніце сьпіс, калі ласка.

— Сапраўды, Менск даволі багаты на манумэнтальныя скульптуры, якія знаходзяцца на дахах або на фасадах. Я працягну гэты сьпіс. Гэта — будынкі Архітэктурна-будаўнічага каледжу, што крыху наводшыбе ад цэнтру гораду, інтэрнату БНТУ на праспэкце Незалежнасьці, жылога дому «пад шпілем» на вуліцы Чырвонай насупраць Дома радыё, Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня Менску па вуліцы Захарава, Сувораўскай вучэльні.

— І першае, што хацелася б ад вас даведацца: калі скульптура пачала зьяўляцца на фасадах і дахах менскіх будынкаў?

— Верагодней за ўсё, першыя скульптуры на фасадах і, магчыма, дахах зьявіліся ў сярэднявеччы, калі на Беларусь прыходзіць каталіцтва. Скульптуры сьвятых — даволі папулярны элемэнт аздобы каталіцкіх, а потым уніяцкіх храмаў (асабліва драўляная скульптура). Аднак гэты элемэнт успрымаўся варожа ў праваслаўным асяродзьдзі, прынамсі ў праваслаўным прамаскоўскім, якое варожа ставілася да ўсяго заходняга, «лацінскага». Ёсьць зьвесткі, што пасьля скасаваньня уніі ў 1839 годзе ўсе ўніяцкія скульптуры публічна секліся, таму ў сучасных беларускіх музэях можна пабачыць скульптуры з адсечанымі часткамі целаў. Я думаю, першае зьяўленьне скульптуры на фасадах і, магчыма, на дахах Менску варта зьвязваць з пашырэньнем каталіцтва, а пазьней — уніяцтва на тэрыторыі Беларусі. А заканчэньне той традыцыі — зь яго прыгнётам расейскімі ўладамі ў XIX стагодзьдзі.

— Барэльефамі, скульптурамі ўпрыгожвалі ж ня кожны будынак... Тым самым хацелі вылучыць яго?

Раман Абрамчук
Раман Абрамчук

— Вядома, гэта статусны прывілей. Зразумела, што гэта было зьвязана і зь бюджэтам будаўніцтва. І сёньня, прыкладам, банкі ўсталёўваюць каля ўваходаў у свае будынкі сучасныя крэатыўныя скульптуры, што вымагае немалых затратаў. Таму я ўпэўнены, што, напрыклад, францысканцы, як бедны ордэн, зь цяжкасьцю маглі сабе такое дазволіць, а вось дамініканцы ці езуіты мелі для гэтага грошы.

— Гэта было ў беларускай традыцыі? Ці беларусы пераймалі, запазычвалі моду ў суседніх народаў, культураў?

— Так, паўтаруся, сама традыцыя — немясцовая. Мы ня бачым скульптураў ці месцаў пад іх на Каложы, на Спаса-Эўфрасіньнеўскай царкве ў Полацку, на іншых старажытных цэрквах Беларусі. Гэтая традыцыя прыйшла да нас з Заходняй Эўропы. Самыя блізкія да нас — Польшча і Літва, дзе рэлігійная скульптура разьвітая і па сёньня.

Вячаслаў Ракіцкі і Раман Абрамчук
Вячаслаў Ракіцкі і Раман Абрамчук

— У эўрапейскай традыцыі — пасяляць на дахі дамоў антычных багоў. Скульптурныя кампазыцыі вельмі часта базуюцца на сюжэтах мітаў, легендаў, у якіх закладзеная жыцьцёвая філязофія, мудрасьць, алегорыя. А ў Менску ёсьць такія прыклады?

— У Менску ёсьць такі прыклад, хоць і ўсяго адзін. Гэта скульптура багіні Дэмэтры зь дзецьмі на будынку былога Земляробчага таварыства ўзаемнай дапамогі (сёньня — будынак Міністэрства ўнутраных спраў). Багіня Дэмэтра — багіня ўрадлівасьці і земляробства, таму і такая аздоба на такім будынку.

Так, скульптурныя кампазыцыі паводле антычных сюжэтаў — сталая эўрапейская традыцыя. Калі ўлічыць, што і іншыя вялікія гарады рэгіёну — Львоў, Вільня, Варшава — былі далучаныя да гэтай традыцыі, можна меркаваць, што да разбурэньняў ХХ стагодзьдзя ня толькі Дэмэтра ўпрыгожвала фасады і дахі менскіх будынкаў.

Скульптура багіні Дэмэтры зь дзецьмі (дарэвалюцыйная) на будынку цяперашняга Міністэрства ўнутраных спраў. Фота Віктара Ведзеня
Скульптура багіні Дэмэтры зь дзецьмі (дарэвалюцыйная) на будынку цяперашняга Міністэрства ўнутраных спраў. Фота Віктара Ведзеня

— Дык якіх герояў перадусім беларусы ўзьнесьлі на дахі? Зрабілі, так бы мовіць, паўбагамі ці нават багамі сваімі?

— Пасьля другой сусьветнай вайны Менску патрэбная была працоўная сіла, каб аднавіць разбураны горад. Адбылося вялікае перасяленьне ў сталіцу сялянаў. Новыя гараджане і ўзьнесьлі на дахі будынкаў саміх жа сябе — будаўнікоў гэтага гораду, якія прыехалі зь вёскі. Таму збольшага — гэта вобразы зь вясковымі рысамі твараў. Таксама героямі менскіх дахаў сталі тыя, хто прыехаў сюды вучыцца. Таму — шмат вобразаў студэнтаў ці навучэнцаў вечаровых школаў. Вось і стаяць яны на дахах з кніжкамі ў руках, у вышыванках, якія служаць знакам прыналежнасьці іх да вёскі і адначасна да беларушчыны. Дарэчы, была ў скульптараў ідэалягічная ўстаноўка пазначаць нацыянальную прыналежнасьць скульптуры вышыванкай, беларускім арнамэнтам. Зразумела, што ў савецкім кантэксьце гэта пераважна былі прадстаўнікі не інтэлігентных прафэсіяў — рабочыя заводаў, калгасьнікі, салдаты...

— Калі мы зірнем на скульптуры ў храмах, мы ўбачым пакорлівасьць, сьвятасьць, заглыбленасьць ва ўнутраныя перажываньні. А якія, так бы мовіць, цноты адлюстраваліся ў новых героях, узьнесеных аж у неба за савецкім часам?

— Савецкая ідэалёгія прадугледжвала толькі адну вартасьць чалавека — ягоную карысьць грамадзтву. Таму ў скульптуры перадусім выяўляліся прафэсія чалавека і ягоная фізычная моц, якая будзе аддадзеная грамадзтву цалкам. Героі абавязкова мэтаскіраваныя. Яны заўжды маюць погляд, накіраваны ў далячынь, погляд адкрыты, сьмелы.

— А чаму тады ў скульптурнай кампазыцыі на фасадзе Палаца культуры прафсаюзаў мы бачым скрыпачку?

— Гэта было выключэньнем, але неабходным рэвэрансам. Сталін адзначаў, што старая інтэлігенцыя павінна адысьці, і трэба выхаваць інтэлігенцыю новую, якая сваёй творчасьцю натхняла б на працоўныя подзьвігі рабочых і сялянаў.

Скульптурная кампазыцыя на фасадзе Палаца культуры прафсаюзаў. Скульптары Аляксей Глебаў, Сяргей Селіханаў, Віктар Папоў. Фота Віктара Ведзеня
Скульптурная кампазыцыя на фасадзе Палаца культуры прафсаюзаў. Скульптары Аляксей Глебаў, Сяргей Селіханаў, Віктар Папоў. Фота Віктара Ведзеня

— У гэтых скульптурах новых багоў, багоў бальшавіцкай эпохі — рабочых, калгасьнікаў, піянэраў, партызанаў — прачытваецца міталёгія таго часу?

— Безумоўна, бо гэтыя фігуры глыбока сымбалічныя, а міт апэруе менавіта сымбалямі. У іх прачытваюцца каштоўнасьці таго часу, матывацыі.

— Дык перадусім функцыя фасаднай, манумэнтальнай скульптуры была ідэалягічная?

Новая Атлянтыда

Новая Атлянтыда

Легендарная "Беларуская Атлянтыда" вяртаецца. Актуальныя гутаркі пра беларускую эўрапейскасьць учора і заўтра. Вядучы Вячаслаў Ракіцкі.

— Так, менавіта. Гэта ідзе яшчэ ад першых ленінскіх загадаў. Адразу пасьля рэвалюцыі плянавалася цалкам зьмяніць аблічча гарадоў з дапамогай спачатку танных скульптураў, плякатаў і іншых аздабленчых сродкаў з мэтай прапаганды. Прычым Ленін наўпрост казаў, што няважна, з чаго будуць зробленыя тыя помнікі напачатку — хоць з дрэва, хоць з гіпсу. А ўжо пасьля, як будзе магчымасьць, заменяць на больш даўгавечнае. Але гарадзкое асяродзьдзе павінна было цалкам зьмяніцца. І ў падручніках па гісторыі савецкай скульптуры гэта заўжды падкрэсьлівалася, што манумэнтальная скульптура нясе прапагандысцкую функцыю перадусім.

— А што можна сказаць пра мастацкія вартасьці такой скульптуры? Ці ўсе барэльефы, скульптуры на менскіх будынках гарманіруюць з архітэктурай?

— Менскія дахі ўпрыгожвалі прафэсіяналы, скульптары першай пробы БССР, напрыклад, Бембель, Селіханаў, Глебаў, Папоў, Сомава. Гэта імёны, якія вы знойдзеце ў любым падручніку па манумэнтальнай савецкай скульптуры. Таму ў кантэксьце Беларусі — гэта ўзоры, лепшае, што магло быць. Іншая справа, што ўсе скульптуры зробленыя ў стылі сацрэалізму, які не любіў багацьця мастацкіх сродкаў, крэатыўных рашэньняў. Таму скульптуры ў гэтым сэнсе — надзвычай зразумелыя, максымальна набліжаныя да прататыпу. Спачатку гэтыя скульптуры моцна крытыкавалі за тое, што яны далёка ад вачэй чалавека разьмешчаныя, што іх можна разгледзець хіба што зь біноклем, ці за тое, што яны загрувашчваюць фасады, як у выпадку з Палацам прафсаюзаў. Але, з майго гледзішча, у гэтым і выяўляецца сама іх сутнасьць. Яны разьмешчаныя на такой адлегласьці ад чалавека, як і сябры колішняга Палітбюро ЦК. Таму, як ні парадаксальна, але яны ўклаліся ў своеасаблівы патэрн свайго часу. Іх так і ўяўлялі — дзесьці там, на вяршыні. Такую скульптуру крытыкавалі, але не разбуралі, а аднаўлялі. А пасьля гэта стала тэндэнцыяй, нормай — узносіць паўбагоў на неаглядныя, недасяжныя вышыні.

Скульптурная кампазыцыя на фасадзе будынку Сувораўскай вучэльні. Скульптары Віктар Папоў, Андрэй Засьпіцкі. Фота Віктара Ведзеня
Скульптурная кампазыцыя на фасадзе будынку Сувораўскай вучэльні. Скульптары Віктар Папоў, Андрэй Засьпіцкі. Фота Віктара Ведзеня

— А ці ёсьць нешта ў тых скульптурах уласна беларускае, адметнае на прынцыповым, знакавым узроўні?

— Гэта — арнамэнт. Вельмі многія скульптуры адзетыя ў вышыванкі, асабліва гэта тычыцца вобразаў калгасьнікаў. Гэты прыём мы бачым і на калёне на плошчы Перамогі. Гэта таксама быў канон, магчыма, нават замацаваны ў сьвядомасьці творцаў ці ў нейкай дырэктыве для мастакоў, скульптараў. Ва ўсім астатнім гэтыя вобразы былі надзвычай інтэрнацыянальныя, унівэрсальныя.

— Вы праводзіце экскурсіі па Менску. Ці цікавая гэтая скульптура людзям, перадусім моладзі і, натуральна, замежнікам?

— Так! Яны шчыра захапляюцца гэтымі адкрыцьцямі. Бо далёка ня кожны сам бачыў тое, што знаходзіцца на дахах, а ня перад ім. Ну, а замежнікам сацыялістычны рэалізм увогуле цікавы.

— Сёньня іншы час, іншыя стылі, іншае мастацтва. Ці ёсьць пэрспэктывы ў вяртаньні скульптурных кампазыцыяў на фасады будынкаў? Ці трансфармуюцца яны ў нешта новае, дапасаваўшыся да сучасных архітэктурных формаў і будаўнічых матарʼялаў?

— Я думаю ёсьць. Узгадаем новы Палац Незалежнасьці. Хай сабе не на фасадзе, дзесьці ля ўваходу як элемэнт падворку ўсё ж зьявілася скульптура. Наколькі можна разгледзець з дасяжнай адлегласьці — гэта нейкі вобраз хлебасольнай жанчыны. Я думаю што на гэтым зыкураце вельмі трапна маглі б зьмясьціцца і іншыя вобразы герояў нашай эпохі — трактарыстаў, настаўнікаў, старшыняў розных, улучна са старшынямі выбарчых камісіяў, героі «Дажынак»... Зноў жа, адпаведна старой савецкай традыцыі — зусім не абавязкова, каб іх можна было разгледзець. Яны — іншая каста. Яны маглі б добра прыжыцца на тым даху, адлюстраваць дасягненьні нашай эпохі, і зрабілі б больш завершанай архітэктурную форму будынка. Я спадзяюся, што і больш творчае, свабоднае мастацтва таксама ўспрыме гэтую традыцыю скульптуры на дахах, але яна ўжо будзе больш даступнай, больш чытанай, а значыць, больш уплываць на чалавека, быць больш зьвязанай з чалавекам, які ходзіць па ходніках.

Скульптура каля палацу Незалежнасьці ў Менску.
Скульптура каля палацу Незалежнасьці ў Менску.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG