Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вяскоўцы баяцца гораду?


Вёска і горад былі і ёсьць самымі знакавымі і пазнавальнымі элемэнтамі беларускага культурнага ляндшафту. Успрыманьне сучаснымі гараджанамі вёскі можа вагацца ад абсалютнага рамантычнага захапленьня пастаральнымі краявідамі да катэгарычнага скепсісу і нават пагарды, што знаходзіць сваё адлюстраваньне як на побытавым узроўні, так і ў інтэлектуальных рэфлексіях. Але як успрымаюць горад і месьцічаў беларускія вяскоўцы, ці выглядае ідэальным і прывабным гарадзкое жыцьцё ў традыцыйнай карціне сьвету? Размова з этнакультуролягам Уладзімерам Лобачам.

Вячаслаў Ракіцкі: Відавочна, што стэрэатыпны вобраз гораду ва ўспрыняцьці вяскоўцаў фармаваўся на працягу стагодзьдзяў. Ці можам мы казаць пра гістарычны характар такіх стэрэатыпаў? І чым яны былі абумоўленыя?

Уладзімер Лобач: Безумоўна, адрозьненьне паміж горадам і вёскай палягае найперш у гаспадарчых занятках і ладзе жыцьця вяскоўцаў і гараджанаў. Цяжкая, жыльная праца на зямлі разглядалася жыхарамі гораду як менш прэстыжная ў параўнаньні з рамяством, гандлем, сфэрай абслугоўваньня. Адпаведна, непісьменныя ў сваёй масе сяляне ўспрымаліся як «цёмны люд», у дачыненьні да якога гараджане дазвалялі сабе свавольствы і нават рабункі. Ужо ў ІІІ Статуце ВКЛ 1588 году быў зьмешчаны спэцыяльны артыкул «О мещанех, иж не мають на торгу селян грабити». Зразумела, што ў такой сытуацыі горад успрымаўся вяскоўцамі як месца небясьпечнае.

Празьмерная шчыльнасьць, загрувашчанасьць гарадзкой прасторы спараджае ў вяскоўца адчуваньне хаосу і дэзарыентацыі. Панарама Менску
Празьмерная шчыльнасьць, загрувашчанасьць гарадзкой прасторы спараджае ў вяскоўца адчуваньне хаосу і дэзарыентацыі. Панарама Менску

Ракіцкі: Боязь быць абрабаваным і зьняважаным была асноўнай у нэгатыўным успрыняцьці гораду беларускімі вяскоўцамі?

Лобач: Не зусім так. Вобраз гораду ў традыцыйнай карціне сьвету быў шматаспэктны і шмат у чым грунтаваўся на міталягічным успрыманьні сялянамі навакольнай прасторы і сацыяльнай рэчаіснасьці. «Чужынскасьць» гораду для беларускага вяскоўца канца XІX стагодзьдзя, яго «страхі» і забабоны адносна ўрбаністычнага, поліэтнічнага асяродзьдзя выдатна адлюстраваў у сваім вершы «Немец» Францішак Багушэвіч:

Не люблю я места (па-расейску — горад).
Надта там цяснота і вялікі сморад.
А паноў як маку ды сярод гароду,
Апроч таго, пропасьць рознага народу!
Наш брат як увойдзе, — сам сябе баіцца:
Ці ісьці бяз шапкі, ці гдзе пакланіцца?
Дык надта ж і стыдна, каб не памыліцца:
Пакланіцца немцу ці якому жыду!
Няхай яго сточа — набярэсься стыду;
Нехай лепей з дому я той дзень ня выйду.
А пазнаць жа трудна як жыда, як немца,
Як пана якога ці там чужаземца.
А што жыд да немец — дзеці аднэй маткі:
І мова падобна, і адны ухваткі.
І абодва ласы на чужую працу,
І, мусіць, абодва ядуць з кроўю мацу!

Няцяжка заўважыць, што найбольш палохала селяніна ў горадзе. Па-першае, дыскамфортная арганізацыя прасторы (цяснота). Па-другое, пахавы фон гораду (вялікі сморад), проціпастаўлены «чыстаму паветру» вёскі. Па-трэцяе, сацыяльны хаос (пропасьць рознага народу) і, як вынік, дэзарыентацыя вяскоўца. І, па-чацьвёртае, чужынцы, што тояць у сабе як рэальную небясьпеку (ласы на чужую працу), так і міталягічную (ядуць з кроўю мацу). Фальклёрна-этнаграфічныя матэрыялы канца ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя паказваюць, што стэрэатыпныя ўяўленьні сялянаў пра горад у значнай ступені аказаліся трывалымі і ўстойлівымі.

Гарадзкі лад жыцьця для вяскоўца выглядае як незразумелая мітусьня на тле кепскай экалёгіі. Час пік у Менску
Гарадзкі лад жыцьця для вяскоўца выглядае як незразумелая мітусьня на тле кепскай экалёгіі. Час пік у Менску

Ракіцкі: Гэта адлюстравалася ў фальклёры?

Лобач: У сыстэме сацыяльных каштоўнасьцяў і прыярытэтаў вясковай супольнасьці прадстаўнікі гораду саступаюць сялянам, што выразна праяўляецца ў сытуацыі выбару шлюбнага партнэра і знаходзіць адлюстраваньне ў абрадавым фальклёры:

«Пан, пан Іванька,
Ды жаны нетуці.

Я паеду ў Маскву
Ды маскоўку вазьму;
Я паеду ў Вільню
Ды вілянку вазьму;
Я паеду на места
Ды мяшчанку вазьму;
Я паеду ў сяло
Ды сялянку вазьму.

Ды маскоўка-шэльма,
Ды гатуй вячэру;
Ды вілянка-шэльма,
Ды вячэру паднасі;
Ды мяшчанка-шэльма,
Ды сьцялі пасьцелю;
Ды сялянка-душка,
Ды кладзісь са мною».

З другога боку, старажытны і славуты сваімі сьвятынямі горад, такі, напрыклад, як Кіеў, у беларускай замоўнай традыцыі фігуруе як «цэнтар сьвету», дзе адбываецца пазбаўленьне чалавека ад хваробаў:

«У Кіеве ў капліцы там гулялі тры дзявіцы. Яны пілі, гулялі, яблычкі падшыбалі, рабе божай Марыі ўрокі забіралі».

Вясковыя дзеці
Вясковыя дзеці

Ракіцкі: Але ў другой палове ХХ стагодзьдзя роля і значэньне гораду для беларускага грамадзтва істотна зьмянілася. Ад 1970-х гадоў большая частка насельніцтва краіны сталася гараджанамі. Ці паўплывалі сацыяльна-дэмаграфічныя працэсы на ўспрыманьне гораду вяскоўцамі?

Лобач: Паваенны час характарызуецца імклівымі тэмпамі ўрбанізацыі і, адпаведна, дэпапуляцыі беларускай вёскі. Пры гэтым вяскоўцы, якія перажылі жудасную калгасную рэальнасьць 1930–1960-х гадоў, самі жадалі, каб іхнія дзеці шукалі «лепшай долі» ў гарадох. Прывядзем паказальную цытату з Полацкага раёну:

«Тады было прыгоннае права, чалавечык. Не імеў ты права паехаць нікуды, пакуль калхоз табе ня дась спраўку, што ён цябе адпусьціў, ты нікуды не паедзешь, дажэ ў другі калхоз. А бяз спраўкі паспарт не даюць, а бяз паспарту — нікуды раньшэ не паедзешь. Ніхто ні хочыць, каб нашы дзеці аставаліся ў калхозе. Тамушто гэта адская работа».

Таксама важна, што падзеі апошняй вайны і масавая міграцыя вяскоўцаў радыкальна зьмянілі этнічную структуру гораду, дзе ў паваенны час большасьць насельніцтва сталі складаць беларусы (паводле перапісу 2009 году, прадстаўнікі карэннага этнасу складаюць каля 82,3% гараджанаў). Такім чынам, у традыцыйнай карціне сьвету сялянаў практычна зьнікае ўяўленьне пра горад як пра патэнцыйна варожае паселішча чужынцаў, бо там цяпер жывуць іх дзеці і ўнукі.

Ракіцкі: Ці можна меркаваць, што ў другой палове ХХ стагодзьдзя вобраз гораду ў традыцыйнай карціне сьвету беларускіх сялянаў страчвае свае нэгатыўныя характарыстыкі?

Лобач: Нягледзячы на тое, што для вясковага чалавека сучасны горад не ўяўляе небясьпекі міталягічнага кшталту, гарадзкое паселішча працягвае выступаць у традыцыйнай карціне сьвету як месца, прасторава і сацыяльна арганізаванае прынцыпова іншым чынам у параўнаньні зь вёскай. «Чужынскасьць» гораду для вяскоўца вынікае, перадусім, зь іншага ладу жыцьцядзейнасьці гараджанаў і нязвыклай сельскаму чалавеку празьмернай шчыльнасьці жыцьцёвай прасторы, калі гарадзкая кватэра, нягледзячы на ўсе яе побытавыя зручнасьці, разглядаецца як сурагат уласнага дома, сядзібы.

Гарадзкі лад жыцьця для вяскоўца выглядае як незразумелая мітусьня на тле кепскай экалёгіі
Гарадзкі лад жыцьця для вяскоўца выглядае як незразумелая мітусьня на тле кепскай экалёгіі

«У горадзе цюрма. На сядзьмом этажу сядзіць тама дзень і ноч. — Дык цёпла ж, вада гарачая ёсьць, рабіць ня трэба нічога... — Ай, лучшэ работаць, чым сядзець. Я люблю работаць. Я люблю, штоб усё ў градках было, штоб усё расло. Зь дзецтва зямлю люблю, і цяпер люблю зямлю. У мяне ўсё сваё. А там эта на седзьмым этажэ сядзіць, як у цюрме» (Віцебскі раён).

Цяжка прымальны для вяскоўца сталага веку аказваецца гарадзкі прынцып арганізацыі жыцьцёвай прасторы, калі санвузел мяжуе з кухняй. Вось запіс, зроблены ў Бешанковіцкім раёне:

«Эта очань цяжола прывыкнуць стараму чалавеку к гораду. Прымерна, у нас тувалет, у мяне там чыста, акуратна. Я пашла. А там? Тут кухня, тут тувалет. Зяць сядзіць есьць, а баба пойдзець у тувалет? Ці нада ждаць, калі той зяць з кухні выйдзець ды пойдзець куды-небудзь? Вот этага я не перэварываю!»

Ракіцкі: Напэўна, і экалягічная сытуацыя ў сучасным горадзе не выклікае асаблівага захапленьня ў жыхароў беларускай вёскі?

Лобач: Вельмі слушная заўвага. Дыскамфортнасьць гарадзкога жыцьця вельмі часта апісваецца вясковым чалавекам на ўзроўні зьнешняга, эмацыйнага ўспрыманьня, калі немалаважнае значэньне набываюць гукавыя і нават пахавыя характарыстыкі. Гэта пацьвярджае запіс, зроблены ў Віцебскім раёне:

«Я горад не люблю, Бог ведаіць... Я прывыкла жыць на зямле. Мне нада хазяйства, мне нада зямля... А ў горадзе шум, глум гэты, ай! Я адзін раз тожа вот так, дачка замуж выхадзіла, эта старшая. Паехалі ў Маскву за прадуктамі. І во знаеце, панабралі ўжо, усё, нада ідці нам на вакзал, а машыны так ідуць натоўпам і ідуць, ідуць і ідуць. У мяне ў галаве вот так нешта перавярнулась, я захвацілася за сьцяну. Дачка гаворыць: „Мам, што з табой?“ Гаворыць, што зь ліца перамянілася. Мне дурна стала ад таго, ад усяго. Думаю, Госпадзі ты мой, хоць бы я скарэй, скарэй дамой прыехала! Нічога на сьвеце ня нада было. Не люблю я горад, не люблю гарадскую жызьнь, не люблю».

Ракіцкі: Але горад — гэта ня толькі будынкі і аўтамабілі, але найперш людзі. Як пачуваюцца вяскоўцы ў гарадзкім соцыюме?

Лобач: Ня меншае значэньне ва ўспрыманьні гораду адыгрывае і яго сацыяльны ляндшафт. Для вяскоўца ён безаблічны, ананімны і слаба пазнавальны, што робіць сацыяльныя повязі жыхара вёскі ў горадзе пасіўнымі і маргінальнымі. Індывідуалізм, замкнёнасьць і адсутнасьць скразной міжасабовай камунікацыі і шчыльных сваяцка-суседскіх сувязяў расцэньваюцца вяскоўцамі як адмоўныя рысы гараджанаў. Працытую пачутае ў Полацкім раёне:

«Толькі ў дзяреўне, канешна, спокойнее многа, і людзі больш добрыя. Мы ўсе знаем друг друга, мы все як родсьцьвеньнікі между сабой. Поэтаму ўсе очэнь дружны между сабой. Гаражане, ані болей такія індывідуалісты. Кажды ў сваёй скарлупе, кажды ў сваёй кварцірке. Нет такого дабражэлацельства, нет такога абшчэнія между сабой,і некаторыя могуць пражыць у горадзе многа лет і ня знаць, хто ў іх у под’езьдзе жыве, ня так, як мы в дзярэўні знаем усех абсалютна».

Вёска гарманічна ўпісаная ў прыроднае асяродзьдзе і не канфліктуе зь ім. Вёска Бікульнічы Полацкага раёну. Фота Ўладзімера Лобача
Вёска гарманічна ўпісаная ў прыроднае асяродзьдзе і не канфліктуе зь ім. Вёска Бікульнічы Полацкага раёну. Фота Ўладзімера Лобача

Ракіцкі: Але супрацьпастаўленьне гораду і вёскі мае і маральна-этычнае вымярэньне. Ці ня так?

Лобач: Так. Яно пазбаўленае, па вялікім рахунку, міталягічных канатацыяў. Масавая міграцыя сельскай моладзі ў гарады спарадзіла маральную праблему ўзаемаадносінаў паміж бацькамі, што засталіся ў вёсцы, і іх дзецьмі, што зьвязалі свой лёс з горадам і выракліся самых родных людзей. Вось тыповае вясковае меркаваньне:

«А тады старых дагадаваць трэба было, матку дагадаваць. Эта цяпер кінуў і паехаў, а тады ж неяк стыдна было, гэта пазор быў, каб сын кінуў матку ці бацьку таго».

Фальклёрны жанр «народнага рамансу», дзе праблема бацькоў-дзяцей даволі шырока прадстаўленая, асабліва акцэнтуе ўвагу на кантрасьце паміж высокім сацыяльным статусам, які атрымалі выхадцы зь вёскі ў горадзе, і іхнай маральнай дэградацыяй:

«Дачка — пракурорам, сыночак — маёрам,

А старая маці сядзіць пад заборам» (Полацкі раён).

З другога боку, прафэсійныя посьпехі ўласных дзяцей і ўнукаў у горадзе трактуюцца вяскоўцамі пазытыўна, становяцца прадметам гонару ў сельскім соцыюме.

Ракіцкі: З усяго сказанага складаецца даволі адмоўны вобраз гораду. Няўжо беларускія сяляне ня бачылі ў горадзе нічога прывабнага і пазытыўнага?

Старыя гарады з мноствам храмаў і манастыроў разглядаліся вяскоўцамі як "сьвятыя месцы". Панарама Полацку 1912 г. Фота С. Пракудзіна-Горскага
Старыя гарады з мноствам храмаў і манастыроў разглядаліся вяскоўцамі як "сьвятыя месцы". Панарама Полацку 1912 г. Фота С. Пракудзіна-Горскага

Лобач: Вобраз гораду ў традыцыйнай карціне сьвету вяскоўцаў характарызуецца амбівалентнасьцю. Нягледзячы на нэгатыўныя значэньні, пераважна побытавага пляну, горад мог усьведамляцца як «сьвятое месца». Нават за савецкім часам старыя беларускія гарады (Полацак, Магілёў, Слуцак, Тураў), вядомыя сваімі хрысьціянскімі сьвятынямі, зьбіралі багата паломнікаў зь вясковай акругі. Яскравы прыклад «сьвятога гораду» — Полацак, які прыцягваў сялянаў ня толькі сваім кірмашом, але далёка не ў апошнюю чаргу сваёй цудадзейнай рэліквіяй — мошчамі сьвятой Эўфрасіньні. Невыпадкова, што ў абрадавым фальклёры пэрсаніфікаванае сьвята прыяжджае да людзей менавіта з Полацку, які і сымбалізуе цэнтар сьвету:

«Ехала Каляда з Полацку
Да на сівенькім конічку.
Прывезла рэшата бліноў,
Паставіла на стале,
А Раштво пасадзіла на куце».

Ракіцкі: Як сёньня вяскоўцы ставяцца да гораду? Якія міты, які новы фальклёр нараджаецца? Ці ёсьць у вяскоўцаў адчуваньне, што стаць гараджанамі ім наканавана? Якую ў гэтым сэнсе можна прасачыць пэрспэктыву?

Лобач: Калі казаць пра вяскоўцаў старэйшага пакаленьня, якія свой век аджылі і адрабілі на зямлі, то горад, як і сто гадоў таму, для такіх людзей нялюбы, бо пачуваюцца яны сярод асфальту і бэтону, сярод масы незнаёмых людзей надта некамфортна. Іншая рэч — вясковая моладзь, якая бачыць у горадзе свой шанец для самарэалізацыі і прафэсійнага росту. Гэтая тэндэнцыя ва ўмовах постындустрыйнай эпохі цалкам заканамерная і аб’ектыўна вядзе да далейшага скарачэньня вясковага насельніцтва, якое, напрыклад, у Францыі і Нямеччыне складае ад 6% да 9% усяго жыхарства. У Беларусі ж, паводле дадзеных 2013 году, вяскоўцы яшчэ складаюць амаль чвэрць насельніцтва краіны, але тэндэнцыя на зьмяншэньне гэтай прапорцыі незваротная. Разам з тым непераадольнай мяжы паміж сучасным беларускім горадам і вёскай няма. Зьяўляюцца новыя формы міжкультурнага ўзаемадзеяньня, якія немагчыма было ўявіць сабе раней. У палявых этнаграфічных экспэдыцыях засьведчыў такі факт, што асноўныя кліенты вясковых знахарак цяпер не суседзі, а гарадзкія жыхары. З другога боку, гарадзкія шпіталі, куды трапляюць пажылыя вяскоўцы, становяцца своеасаблівымі цэнтрамі перадачы знахарскіх ведаў. Ня трэба скідаць з рахункаў і новую тэндэнцыю сярод гарадзкіх жыхароў — імкненьне набыць дом або хутар у сельскай мясцовасьці, бо, нягледзячы на свае статусы і пасады, беларус адчувае суладзьдзе з Космасам толькі ў вёсцы.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG