Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі беларусы памінаюць самагубцаў?


Тройца. Клімавіцкі раён
Тройца. Клімавіцкі раён

У народным календары беларусаў ёсьць сьвяты, у якіх не адно, ня два, а нават і ня тры назвы. Гэтыя назвы або суіснуюць разам, або сустракаюцца ў розных мясцовасьцях. І найперш гэта Тройца — Сёмуха, Сёмка, Духаў дзень, Духа, Пяцідзясятніца, Зялёныя Сьвёнткі, Зелянцовы дзень, Граная нядзеля, Розгары... Пра Тройцу напярэдадні Тройцы гутарка з этнакультуролягам, доктарам філялягічных навук Тацянай Валодзінай.

Вячаслаў Ракіцкі: Калі і ў зьвязку з чым адзначаецца Тройца?

Тацяна Валодзіна: Сьвята ў гонар Сьвятой Тройцы (у каталікоў — Спасланьня Сьвятога Духа на Апосталаў) адзначаецца на пяцiдзясяты дзень пасьля Вялікадня (г.зн. на сёмым тыдні — адсюль і Сёмуха, Сёмка). У Новым запавеце расказваецца, што на 50-ты дзень пасьля ўваскрэсеньня Хрыста апосталы сабраліся разам, як ім загадаў Сын Божы. Пачуўся шум, якім суправаджалася сашэсьце на апосталаў Сьвятога Духа ў выглядзе вогненных языкоў. У сьвяшчэннай дзеі бралі ўдзел усе тры іпастасі Боскай Тройцы: Бог Бацька, Сын Божы, Дух Сьвяты. Адсюль і Тройца. На ўсходзе краіны Духавым днём можа называцца як само сьвята Спасланьня Духа Сьвятога, што адзначаецца ў панядзелак, гэтак і дзень Сьвятой Тройцы, Пяцідзясятніцы. Вялікае хрысьціянскае сьвята ў народным жыцьці данесла між тым шэраг вельмі архаічных матываў. Шэраг абрадаў дажыў да нашых дзён і яшчэ раз дэманструе арганічнае паяднаньне як даўнейшых, так і хрысьціянскіх элемэнтаў.

Ракіцкі: Мы ж перадусім закранем дахрысьціянскія звычаі, і найперш працягнем распачатую нядаўна тэму памінаньня памерлых. Зусім нядаўна па ўсёй Беларусі і вяскоўцы, і гараджане адправілі патрэбныя Радаўнічныя рытуалы ды зладзілі памерлым Наўскі Вялікдзень. Аднак, у шэрагу мясьцінаў на могілкі зьбяруцца менавіта на Траецкія дзяды, у суботу перад Тройцай. Гэта адступленьне ад правілаў, ці ёсьць і такая традыцыя?

Валодзіна: Сапраўды, у асобных вёсках, перадусім, на Падзьвіньні асноўныя гадавыя памінальныя абрады прымеркаваныя да Траецкага цыклу. Прыкладам, на Дрысеншчыне на могілках зьбіраецца ўвесь род — жывыя ўспамінаюць памерлых. Але мне хацелася б пазначыць трошку іншую памінальную традыцыю, вядомую па ўсёй Беларусі. Сярод царства памерлых ёсьць асаблівая катэгорыя — самагубцы, тыя, хто, засіліўшыся, уласнаю воляй пайшлі з жыцьця. Царква не адпявае іх, залічыўшы самагубства да аднаго з самых цяжкіх грахоў. Раней і на могілках самагубцу хавалі дзесьці з краю, ля агароджы. Цяпер таго няма, але царкоўнае адпяваньне вісельнікаў ці наўмысных тапельцаў па-ранейшаму не практыкуецца.

Тройца, в. Сьцяпы Жлобінскі раён. Фота Тацяны Кухаронак
Тройца, в. Сьцяпы Жлобінскі раён. Фота Тацяны Кухаронак

Ракіцкі: Зразумела, што суіцыд — грэх, неадмольны да таго ж. Дый наогул гэта антычалавечны ўчынак. А ў пазацаркоўных народных практыках як ставіліся да самагубцы?

Валодзіна: У традыцыі самагубца, загубак, вісельнік ці тапелец — прадстаўнік катэгорыі «нячыстых», небясьпечных мерцьвякоў. Ён супрацьпастаўлены продкам, дзядам і здольны прынесьці жывым людзям рэальную шкоду. Паколькі жыцьцё бачылася як дар, дадзены Богам, чалавек, які самахоць яго спыніў, выступаў супраць сакральнай волі і збліжаўся тым самым зь нячыстай сілай. Нібыта камандаваў ён віхурамі, прыходзіў зьдзекавацца з жывых ды цьвяліў «чыстых» нябожчыкаў. Самагубца заставаўся па-за межамі спакою, як сярод жывых, сваіх, так і памерлых сваякоў, заставаўся адзін.

Ракіцкі: Выходзіць, і без памінаньня? Зразумела, што без царкоўнага. А ці хадзілі да яго хрыстосавацца на Вялікдзень ці Радаўніцу?

Валодзіна: Не. Для самагубцаў каляндар вылучае якраз Тройцу. У пэўнай ступені гэта зьвязана і з тым, што ў сьпевах Траецкай памінальнай суботы ёсьць словы, у якіх мы просім, каб Гасподзь праліў сваю ласку і на тых, хто сам пайшоў з жыцьця, але пры гэтым усё роўна не адбываецца пайменнага памінаньня. У дахрысьціянскай жа традыцыі час Сёмухі выяўляе выразныя ідэі кантактаваньня з памерлымі. Нібыта вяртаюцца яны на зямлю ў траецкай зеляніне, у галінках ліпы ды клёну, у бярозках, якія сьсякаліся ў лесе ды стаўляліся як брамка да хаты. Гэта традыцыя жывая і да сёньня.

Ракіцкі: Ці вынікае з таго, што май, той аер, якім да нядаўняга часу ўсьцілаліся вясковыя хаты, служыў сховішчам для душаў памерлых?

Валодзіна: Усё ж гэта спрошчанае меркаваньне. Упрыгожваньне хаты зелянінай на Тройцу шматзначнае — і як гімн веснавому росквіту, і магічны заклён вэгетацыі на ўвесь год, і як абярэг ад разгулу незычлівых духаў ці ведзьмакоў. Нават птушкі нібыта ўпрыгожваюць гнёзды маем. У вёсцы Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёну казалі: «У Тройцу бусел — і той галінку ліпы адламаў і ў кубло положыў». Але ж і ідэі часовага прытулку для душаў, безумоўна, прысутныя. Тым больш важна, што траецкая зеляніна, ці май, як дасюль называюць усю гэтую зеляніну, не выкідваўся проста абы-куды, але высыхаў і зьбіраўся затым для купальскага вогнішча. Каб з дымам ад рытуальнага кастра пайсьці душам да сябе ў нябесныя створкі. Сярод дасьледчыкаў ёсьць меркаваньне, што і абмятаньне магілаў на Тройцу бярозавымі венікамі — таксама ня проста звычай, але сымбалічнае паведамленьне нябожчыкам, што вясна буяе, і настае час для чарговага візыту. Бярозавы венік у та¬кім разе пры ўсіх іншых значэньнях быў правадніком «жывой» энэргіі, закліканай дапамагчы абуджэньню продкаў.

Ракіцкі: І якім жа чынам паміналі тых самагубцаў? Хадзілі на могілкі? Спраўлялі вячэру?

Валодзіна: Якую вячэру, як ня можна тым душам вяртацца ў хаты, і на могілках мерцьвякі не прапусьцяць іх між сваіх шарэнгаў... Душы тапельцаў ці даўленьнікаў непрыкаяныя, хай і зьлятаюцца на Траецкім тыдні на зямлю, але блізка зь імі, як са сваякамі на Радаўніцы, не сустрэнесься. Таму памінаньне адбываецца праз пасярэднікаў — птушак, жабракоў, праз тых істотаў, што найбліжэй да засьветаў, маюць туды наўпроставы ход. На гэтым тыдні ў Веткаўскім раёне «на перахросных дарогах сыплюць зерне і кажуць: «Нябесныя пціцы, сабірайце, такую-та, (напрыклад, Іванаву) душу памінайце». У Бярэзінскім раёне пакідалі скібачку хлябца на слупку ад брамы. Скрозь на гэтым тыдні давалі міласьціну жабракам і прасілі памаліцца за таго, ці за іншага. Цікава вельмі, што на Палесьсі на Траецкім тыдні, калі ў сямʼі быў загубак, перасушвалі адзеньне, але на ноч не пакідалі, каб скарыстаўся ім удзень, але з сабою не забіраў. Сярод сонму нячыстых нябожчыкаў, чый век скончыўся так няўдала, вылучаюцца хіба русалкі, якія ў Траецкі тыдзень гутатаюцца, калышуцца на бярозавым гольлі.

Провады русалкі. Вёска Ўсоха Буда. Добрускі раён.
Провады русалкі. Вёска Ўсоха Буда. Добрускі раён.

Ракіцкі: Відавочна, Сёмуха ў Беларусі розная. Але пакуль, як падаецца, мы гаварылі пра пераважна праваслаўныя мясьціны. А беларусы-каталікі? Як у іх ладзіліся сёмушныя сьвяты?

Валодзіна: У каталікоў сьвята Сашэсьця Сьвятога Духа сумяшчаецца з народнымі Зялёнымі Сьвёнткамі, а апошняя нядзеля сёмушнага тыдня называлася «зелянцовай нядзеляй». У вёсцы Папшычы Глыбоцкага раёну на Зялёныя Сьвёнткі праводзіцца абрад «Намётка». Калісь, каб выратаваць сябе і сваіх блізкіх ад хваробы, вяскоўцы выканалі тыповы аказіянальны абрад: вырабілі за адну ноч аброчную тканіну — намётку — і з чытаньнем малітваў зьдзейсьнілі хрэсны ход вакол вёскі, пасьля чаго хвароба адступіла. На сёньняшні дзень актыўную ролю ў падтрыманьні жыцьцядзейнасьці абраду выконвае каталіцкі касьцёл. Зьдзяйсьняўся абрад і ў савецкі час, нягледзячы на забароны і штрафы, якія выплочвала пасьля ўся вёска. Разам з тым, абрад спалучае каталіцкія адправы з надзвычай архаічнымі дахрысьціянскімі ўяўленьнямі, што выяўляецца ўжо на ўзроўні ўласна цырымоніі. Адрэз палатна даўжынёй 5-6 мэтраў трымаюць самыя маладыя чальцы супольнасьці, а па магчымасьці дзеці. І далей палатно павінны былі несьці дзеці, што яшчэ раз сьведчыць пра сакральныя сэнсы абраду. Вяскоўцы кладуць на намётку ахвяру — грошы. Пасьля са сьпевамі працэсія накіроўваецца праз усю вёску на могілкі. Намётка ўспрымаецца як калектыўная ахвяра ўсіх жыхароў вёскі. І застаецца ахвяра ў касьцёле.

Ракіцкі: Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як і ў сучаснай Беларусі спалучаюцца дахрысьціянскія і хрысьціянскія абрады, традыцыі. А вы, Тацяна, як звычайна адзначаеце Тройцу, дзе бываеце ў гэты дзень, як сустрэнеце яе сёлета?

Валодзіна: Я буду старацца да Тройцы выпалаць свае грады, бо кажуць, што, як да Тройцы ня выпалеш іх, дык цэлы год будзеш патанаць у пустазельлі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG