Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек, які ніколі там не працаваў». Што значыць прызначэньне Галоўчанкі ў Нацыянальны банк


Раман Галоўчанка, архіўнае фота
Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Паўла Калавура, які стаяў на чале Нацбанку больш за 10 гадоў, адправілі ў адстаўку. Галоўны банк краіны ўзначаліў былы прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка. Чаго зараз можна чакаць.

10 сакавіка Лукашэнка правёў кадравыя прызначеньні. Паўла Калавура, які кіраваў Нацбанкам больш за 10 гадоў, ён адправіў у адстаўку. Ягонае месца заняў Раман Галоўчанка, які ўзначальваў урад з 2020 году.

Новым прэм’ерам стаў Аляксандар Турчын, які раней кіраваў Менскім аблвыканкамам, а да таго быў першым намесьнікам прэм’ер-міністра.

Аляксандар Турчын, архіўнае фота
Аляксандар Турчын, архіўнае фота

Чаму зьнялі Калавура

Паўла Калавура прызначылі кіраваць Нацбанкам у 2014 годзе, ён заняў гэтую пасаду пасьля Надзеі Ермаковай, пры якой адбылася дэвальвацыя, а таксама быў уведзены збор на куплю валюты.

Сярод задач Калавура пасьля прызначэньня была стабілізацыя курсу, а таксама ягонае прызначэньне супала з «адлігай». Пра гэта нагадвае акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру Beroc Леў Львоўскі.

«Пасьля шэрагу ня вельмі прафэсійных кіраўнікоў Нацбанку прыйшоў Калавур — сапраўдны спэцыяліст, які разумее ў манэтарнай палітыцы. Ён хацеў наблізіць Нацбанк да таго, як ён мусіць працаваць у нармальнай краіне. Былі посьпехі з розных бакоў: улада мала ўмешвалася ў палітыку Нацбанку, які праводзіў адкрытую палітыку, зарабіў сабе рэпутацыю сярод эканамічных агентаў, змог стабілізаваць інфляцыю да 2020 году», — пералічвае Леў Львоўскі.

Павал Калавур, архіўнае фота
Павал Калавур, архіўнае фота

Аднак пасьля 2020 году, хоць Калавур і застаўся на месцы, усё памянялася, кажа Леў Львоўскі. Кіраўніцтва Нацбанку пачало ўтойваць частку інфармацыі.

«Апошнія два гады незразумела, хто кіруе манэтарнай палітыкай. Ёсьць кантроль цэнаў. Частку манэтарнай палітыкі аддалі Міністэрству антыманапольнага рэгуляваньня. Усё, што напрацоўвалася да 2020 году, памножылася на нуль. Прызначэньне туды Галоўчанкі, які не працаваў у Нацбанку, — заканамерны фінал», — падсумоўвае Леў Львоўскі.

Павал Калавур нарадзіўся ў Столінскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Скончыў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт) па спэцыяльнасьці «фінансы і крэдыт». Працаваў у аддзяленьнях Дзяржбанку СССР эканамістам, намесьнікам кіраўніка і кіраўніком.

З 1993-га і да 2010 году быў намесьнікам старшыні праўленьня Нацыянальнага банку і першым намесьнікам старшыні праўленьня. Мае ступень кандыдата эканамічных навук.

Чаго чакаць ад Галоўчанкі

Раман Галоўчанка ўзначаліў беларускі ўрад у чэрвені 2020 году, пры ім прайшлі выбары 2020 году, задушэньне пратэстаў, пачаліся масавыя рэпрэсіі, шэраг заходніх краін увялі санкцыі супраць Беларусі. Ва ўрад Раман Галоўчанка прыйшоў з вайскова-прамысловага камітэту, які ўзначальваў у 2013–2018 гадах. Яшчэ раней ён працаваў амбасадарам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а па сумяшчальніцтве ў Саудаўскай Арабіі і Катары.

Раман Галоўчанка, архіўнае фота
Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Палітоляг, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Анатоль Котаў лічыць, што за прызначэньнем Галоўчанкі ў Нацыянальны банк стаіць жаданьне ўладаў узяць гэтую структуру пад большы кантроль.

«Большы кантроль над Нацбанкам. Канчатковая прыватызацыя банкаўскай сыстэмы», — пералічвае наступствы суразмоўца.

Таксама, на ягоную думку, ад Нацбанку цяпер можна чакаць вяртаньня ручнога кіраваньня эканомікай і курсам. Паводле Льва Львоўскага, на гэты момант Нацбанк з усіх ранейшых здабыткаў захаваў рыначны курс.

«Магчыма, гэта і ня будуць адмяняць. Незразумела, зь якім парадкам дня на гэтую пазыцыю ідзе Галоўчанка. Ён ня з гэтай сыстэмы. Калі б прыходзіў эканаміст, мы б ведалі ягоныя пазыцыі як эканаміста. А тут у гэты орган прыходзіць чалавек, які ніколі там не працаваў», — зазначае суразмоўца.

Аляксандар Турчын, які ўзначаліў беларускі ўрад, нарадзіўся ў Наваградку ў 1975 годзе, закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.

Працаваў дырэктарам крамы ў калгасе «Авангард» у Наваградзкім раёне, у падатковых і рэвізійных органах Горадзенскай вобласьці. Пазьней кіраваў Карэліцкім райвыканкамам і быў намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму, калі яго ўзначальваў Сямён Шапіра.

Падчас навуковай канфэрэнцыі ў Інстытуце эканомікі восеньню 2017 году Турчын выступаў за лібэральныя падыходы і рэфармаваньне эканомікі.

Да пасады першага намесьніка прэм’ер-міністра Турчын кіраваў апаратам Савету Міністраў. Эканаміст, кандыдат эканамічных навук. Да 2016 году працаваў памочнікам прэзыдэнта — галоўным інспэктарам па Гомельскай вобласьці.
Адразу пасьля прызначэньня Аляксандар Турчын заявіў, што «ніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курсу, вядома, ня будзе».

«Галоўнае — забясьпечыць устойлівае і збалянсаванае разьвіцьцё нашай краіны. Вядома, у аснове ўсяго — людзі, павелічэньне іх дабрабыту, паляпшэньня якасьці жыцьця. Вось асноўныя кірункі нашай працы», — заявіў Аляксандар Турчын.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG