Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін згадаў разыходжаньне ў лічбе таваразвароту паміж Беларусьсю і Расеяй — каля мільярду даляраў


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Крамлі 13 сакавіка 2025
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Крамлі 13 сакавіка 2025

Сустракаючы 13 сакавіка ў Крамлі Аляксандра Лукашэнку кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін адзначыў рост таваразвароту паміж Беларусьсю і Расеяй, але пры гэтым указаў на розьніцу паміж беларускімі і расейскімі статыстычнымі зьвесткамі.

Пуцін заявіў, што таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй вырас на 5,7% і дасягнуў рэкорднага ўзроўню. «Паводле вашай статыстыкі, больш за 51 мільярд даляраў; паводле расейскай гэта трохі менш — 50 зь невялікім мільярдаў. Тым ня менш, гэта рэкордны ўзровень і паводле адной, і паводле другой статыстыкі».

Тэарэтычна разыходжаньне ў статыстыцы паміж дзьвюма дзяржавамі можа адбыцца праз адрозьненьні ў мэтадалёгіі і апэратыўнасьці зьвестак.

13 сакавіка Аляксандар Лукашэнка зь першым пасьля выбараў афіцыйным візытам прыляцеў у Маскву — без інаўгурацыі

Прэсавая служба Лукашэнкі анансавала падпісаньне ў выніку перамоваў пакету дакумэнтаў, а таксама «шэраг іншых захадаў, прадугледжаных яго афіцыйным статусам». У якім статусе Лукашэнка наведвае Маскву, невядома.

Згодна з артыкулам 83 абноўленай Канстытуцыі Беларусі пераможца выбараў павінен скласьці прысягу «ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасьці чальцоў Прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савету Рэспублікі, судзьдзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў не пазьней, чым цягам двух месяцаў з дня абраньня».

ЦВК Беларусі абвясьціла афіцыйныя вынікі выбараў 3 лютага. Яны прайшлі 26 студзеня ў атмасфэры запалохваньня. У сьвеце не прызналі выбараў і, адпаведна, Лукашэнку як легітымнага кіраўніка дзяржавы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG