Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму чалавек павінен цябе чакаць 10 гадоў?» Гісторыі палітвязьняў, якія разышліся з партнэрамі праз зьняволеньне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Трое былых палітвязьняў расказалі Свабодзе, як яны рассталіся са сваімі партнэрамі падчас, або пасьля зьняволеньня, як гэта перажывалі і ў якіх адносінах засталіся са сваімі былымі.

Пасьля 2020 году тысячы чалавек сядзелі і працягваюць сядзець за кратамі ў Беларусі за палітыку. Ня ўсіх дачакаліся з турмы іхнія партнэры або сужэнцы. Некаторыя палітвязьні вырашылі самі скончыць адносіны, на якія паглядзелі інакш. Імаверна, хтосьці разрывае саюз дзеля бясьпекі сваёй або іншых людзей. Нехта — праз розьніцу ў палітычных поглядах. Прычын можа быць больш.

Некалькі выпадкаў разрываў саюзаў, дзе хтосьці з партнэраў сядзеў за палітыку, станавіліся публічнымі. Аднак гаварыць адкрыта на гэтую асабістую тэму не пагадзіўся ніхто, каму мы прапанавалі. Нехта казаў пра вялікі боль ад расставаньня, хтосьці заўважаў, што гэта няважны этап ягонага жыцьця.

Расказваем тры гісторыі былых палітвязьняў, якія рассталіся з партнэрамі ў турме або пасьля яе. Мы не называем сапраўдныя імёны суразмоўцаў дзеля бясьпекі іх і іхніх блізкіх. Ва ўсіх былыя партнэры засталіся ў Беларусі.

«Небясьпека збліжае»

Былы палітвязень Зьміцер* (імёны ўсіх герояў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) расказаў Свабодзе, што жонка вырашыла зь ім разысьціся, калі ён знаходзіўся ў зьняволеньні. Яны былі разам каля сямі гадоў, некалькі зь іх у афіцыйным шлюбе. Ёсьць сумеснае дзіця. Пара дагэтуль не аформіла развод.

«Канец складана вызначыць», — кажа Зьміцер.

Ён гаворыць, што адносіны з жонкай заўсёды былі «досыць складанымі», «былі праблемы».

«Нашая пара ніколі не была ідэальна згуртаванай», — кажа суразмоўца.

У 2020 годзе яшчэ перад выбарамі пара ледзь не разышлася, пры гэтым палітычныя погляды ў іх былі падобныя, дадае Зьміцер.

«Але тут дзіця. Яно моцна трымала гэтую сытуацыю», — успамінае ён.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пасьля пратэстаў 2020 году Зьмітра затрымалі. Ён паўгоду знаходзіўся ў СІЗА.

«Складаная сытуацыя прытармазіла гэтыя працэсы… У СІЗА, канешне, не рэжым інкамунікада, але ты ня бачысься. Перапісваесься, лісты прыходзяць раз на тыдзень-два. Амаль няма сувязі. Тыя, хто на волі, зусім ня ведаюць, што там адбываецца. Падвышаны неспакой. У любым выпадку мы блізкія людзі. У выпадку пагрозы жыцьцю або вялікім тэрмінам, адкідваецца шалупіньне. Небясьпека збліжае», — разважае ён.

Жонка перадавала Зьмітру ў СІЗА перадачы, прыходзіла на спатканьне. Калі ён выйшаў, яны спрабавалі аднавіць адносіны.

«Усё адно гэта было быццам бы бессэнсоўна, немагчыма», — успамінае ён.

«Супэрстрэсава і вельмі балюча»

Праз нейкі час Зьміцер паехаў на «хімію». Ён кажа, што тады паменшылася адчуваньне пагрозы для яго і гэта нібы дало магчымасьць разысьціся. Жонка прыяжджала да яго на «хімію» толькі адзін раз.

«Нам было цяжка прыняць гэтае рашэньне, але было зразумела, што ўжо няма сэнсу (заставацца разам. — РС). Яна жыла сваім жыцьцём. Калі я быў на „хіміі“, мне, канешне, патрэбная была падтрымка, але яна ўжо не магла мне яе даць. Для мяне гэта было супэрстрэсава і вельмі балюча. Яе таксама можна зразумець. Яна ня ведала, у якасьці каго ёй мяне падтрымліваць», — дзеліцца Зьміцер.

Расстацца хацела перадусім жонка, кажа Зьміцер.

«Ініцыятыва была на 80% яе», — мяркуе ён.

На думку Зьмітра, рашэньне аб разрыве не прыйшло ў адзін момант. Перад гэтым было некалькі размоваў і на «хіміі», і на волі.

«Зусім фінальным напэўна быў мой ад’езд», — падсумоўвае ён.

Калі Зьмітра вызвалілі, ён яшчэ некалькі месяцаў жыў разам з жонкай у адной кватэры. Потым зьехаў за мяжу.

«Гэтая сытуацыя стала трамплінам. Вымушаныя расставаньні паказалі, што можна жыць паасобку, і нават досыць добра. Мне яна агучвала, што думала, што яна інфантыльная і несамастойная, але калі давялося, яна з усім дала рады», — расказвае Зьміцер.

Ён мяркуе, што адносіны з жонкай не прайшлі выпрабаваньня на трываласьць праз рэпрэсіі і эміграцыю.

«Каханьне сышло, жарсьць сышла», — кажа Зьміцер.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Зьміцер адзначае, што ў зьняволеньні перажываць навіны пра разрыў складаней, чым на волі.

«Калі ў СІЗА прыходзілі ня вельмі добрыя лісты, ты перажываеш гэта досыць жорстка. Ты ў малюсенькай камэры, цеснай, дзе няма асабістай прасторы, і ты нават ня можаш гэта пражыць. Ты ня можаш толкам ні з кім падзяліцца. Табе няма куды пайсьці прагуляцца, выхадзіць гэта, у сілоўню пайсьці, напіцца. Ніводны са спосабаў табе недасяжны», — тлумачыць ён.

Ён узгадаў, як атрымаў кепскі ліст і пачаў хадзіць па камэры: тры мэтры туды, тры мэтры назад.

«У мяне пытаюцца: „Што, як?“ Я адказваю: „Зараз я супакоюся“. Прымушаеш сябе сілай волі перастаць думаць, бо ў цябе проста няма выбару… На волі можна паплакаць, прагуляцца, прабегчыся, сустрэцца зь сябрамі, выліць камусьці душу, пагаварыць з псыхолягам… Там (за кратамі. — РС) ты проста цярпіш. Ты ня можаш там расклеіцца», — разважае Зьміцер.

Ён узгадвае, што аднойчы сукамэрніка выклікалі і паведамілі пра сьмерць ягонага бацькі. Ён вярнуўся і плакаў за фіранкай у прыбіральні.

«Я ня мог сабе дазволіць плакаць праз асабістыя праблемы ў адносінах», — кажа суразмоўца.

Ён разважае, што на «хіміі» перажываць складаныя моманты прасьцей, бо там можна адцягнуць увагу на інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, пазаймацца на турніках, часам нават стэлефанавацца з псыхолягам.

Быць разам у горы і ў радасьці

Зьміцер перажываў тое, што жонка вырашыла з ім расстацца ў гэты пэрыяд як здраду. Мяркуе, што гэта пытаньне чаканьняў і даверу.

«Вы жылі, жылі. Потым у складанай сытуацыі ты не атрымліваеш тое, чаго чакаў. Гэта паказвае, што ты ня можаш больш разьлічваць на чалавека. Ты праверыў і ўбачыў, што ў складанай сытуацыі ты аказаўся адзін… Гэта нармальная сытуацыя. Гэта спрэс і побач. Ніхто не абавязаны, не падпісваў дамову цябе чакаць, калі цябе пасадзяць на 10 гадоў. Чаму чалавек павінен цябе чакаць гэтыя 10 гадоў?», — разважае ён.

Ён дадае, што абяцаньне «быць разам у горы і ў радасьці» — гэта проста словы. Паводле суразмоўцы, жонка патлумачыла яму, што яна расстаецца зь ім, бо выбірае сваё жыцьцё. Яна не перапрашала за свой выбар. Зьміцер мяркуе, што разрыў з жонкай паўплываў на яго значна больш, чым само зьняволеньне.

«Усе мае псыхалягічныя сэсіі пасьля гэтага былі прысьвечаныя менавіта гэтаму аспэкту… Я стаў больш цынічна глядзець на людзей, скептычна, пэсымістычна. Бо я бачу, што ўсё гэта не працуе, што людзі часта перасьледуюць свае мэты, думаюць пра сябе. Індывідуалізм, які мяжуе з эгаізмам», — разважае суразмоўца.

Ён кажа, што яго выхоўвалі па-іншаму, і ён рабіў так, каб добра было і сабе, і іншым.

«Аказалася, усё гэта лухта. Мне здаецца, што я ўсё жыцьцё паводзіў сябе па-дурному, што гэта нейкі інфантылізм, ідэалізм, які ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю. Рэальнасьць жорсткая», — заўважае суразмоўца.

Пара разышлася некалькі гадоў таму, але дагэтуль не аформіла развод. Зьміцер тлумачыць, што ён хацеў бы разьвесьціся, але ня робіць гэтага дзеля жонкі і дзіцяці. Ён мяркуе, што пасьля разводу ім больш імаверна могуць даць у Беларусі статус «сям’і ў сацыяльна небясьпечным становішчы», а таксама могуць узьнікнуць праблемы з маёмасьцю. Да таго жонцы складаней будзе атрымаць візу, калі ёй спатрэбіцца выехаць. Цяпер ён працягвае камунікаваць з жонкай, ня толькі на тэму дзіцяці.

«Я б нават мог назваць гэта сяброўствам, але яно азмрочанае», — апісвае ён.

Зьміцер кажа, што пасьля расставаньня з жонкай ён ня можа стварыць новыя доўгія, сур’ёзныя адносіны. Чаму так адбываецца, ён пакуль ня ведае.

«Больш беражліва ставіцца адно да аднаго. Але і ня цягнуць гуму, калі ўсё скончылася», — гэтыя словы Зьміцер сказаў бы парам на мяжы расставаньня.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Яна сказала мне, што ў яе іншы»

Мікола расказаў, што быў са сваёй дзяўчынай у адносінах сем гадоў. Яны жылі разам. Плянавалі праз паўгоду афіцыйна расьпісацца. Аднак пасьля пратэстаў 2020 году яго затрымалі і пасадзілі на тры гады.

Ён успамінае, што партнэрка адрэагавала на ягонае затрыманьне сьлязьмі і гістэрыкай, «як любы нармальны чалавек». Спачатку пісала яму лісты. Потым ён сам вырашыў ні з кім не ліставацца.

«Мая пазыцыя, каб не мянты вырашалі, з кім мне можна камунікаваць, а з кім не. Да таго ж я разумеў, што возьмуцца за ўсіх і за тых, хто піша», — камэнтуе суразмоўца.

Дзяўчына прыяжджала да яго на спатканьні ў СІЗА і калёнію. Апошні раз яны бачыліся ў 2022 годзе. Тады яна не сказала, што хоча разарваць стасункі. Летась Мікола вызваліўся, патэлефанаваў ёй.

«Яна сказала мне, што ў яе іншы, і што яна ня будзе са мной размаўляць. Ну і ўсё. Мы больш не размаўлялі», — кажа ён.

Мікола дадае, што ня моцна перажывае з гэтай нагоды.

«Не лічу гэта важным момантам сваёй гісторыі… Я вельмі лёгка расстаюся зь людзьмі, калі разумею, што гэты чалавек мне здрадзіў… Я зь першага дня зьняволеньня разумеў, што „мус**а“ засунуць сваю лапу ва ўсё самае важнае і дарагое для мяне, таму адразу прыняў горшы сцэнар і быў гатовы да ўсяго», — кажа ён.

Хлопец успамінае, што адчуваў лёгкую прыкрасьць, пакуль ехаў з калёніі ў родны горад.

«А потым і забыўся», — кажа ён.

Цяпер ён у адносінах зь іншай дзяўчынай.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Я не хачу цягнуць яшчэ адно дзіця»

Аляксандра расказала, што была з мужам у шлюбе 13 гадоў.

«Гэта найлепшы час у маім жыцьці. Я па велізарным каханьні выходзіла замуж. Для мяне гэты чалавек быў, ёсьць і будзе найлепшым. Вельмі блізкім, вельмі родным, вельмі дарагім. І, вядома, ён застанецца заўсёды бацькам маіх дзяцей», — камэнтуе яна.

Аляксандра больш за год правяла ў зьняволеньні за палітыку. У гэты час дзеці былі з бацькам і бабуляй. Сужэнцы вырашылі разысьціся, калі Аляксандра ўжо выйшла на волю. Потым яна зь дзецьмі зьехала за мяжу.

«І мне вельмі балюча, што так здарылася. І што мы разьвяліся, і што сям’і больш няма. Але мы былі вельмі шчасьлівыя, у нас была сапраўды вельмі моцная, добрая сям’я», — кажа яна.

Суразмоўца ўспамінае, што муж заўжды быў апалітычным, на пратэсты не выходзіў, але падтрымліваў яе. Калі яна выходзіла спачатку з «сутак», то слухаў яе, абдымаў. Потым кожны тыдзень пісаў ёй у СІЗА, калёнію, пісаў, што кахае, прысылаў малюнкі дзяцей. На першым спатканьні ў СІЗА адзначыў, што жонка засталася вясёлая і моцная, хаця ён баяўся, што яна зьменіцца. Паводле яе, падчас зьняволеньня іхнія адносіны сталі больш цёплымі.

«Калёнія абвастрае пачуцьці, абвастрае гэтую патрэбу кахаць», — кажа суразмоўца.

Расстацца яны вырашылі празь некалькі месяцаў пасьля таго, як Аляксандра вызвалілася. Зьняволеньне памяняла яе погляд на людзей і сьвет. Паводле яе, муж увесь час іхняга сужэнства быў несамастойным, быццам яшчэ адно дзіця ў сям’і. Яна ўвесь час больш за яго зарабляла. Пасьля калёніі ёй гэта перастала пасаваць.

Другой прычынай суразмоўца называе сьвякруху, якая «убівала яму ў галаву сваю праўду» наконт таго, дзе працаваць, як правесьці адпачынак, што купіць. Гэта часта разыходзілася зь меркаваньнем жонкі.

Да таго ж пасьля вызваленьня Аляксандра ўвесь час гаварыла пра калёнію, пра палітычныя падзеі, пра вайну ва Ўкраіне. Успамінае, што мужу было гэта нецікава.

«Нашыя размовы зводзіліся да таго, што паесьці, што купіць у краме, што прыгатаваць. Гэта таксама пачало аддаляць нас адно ад аднаго… У нейкі момант я зразумела, што я яго вельмі люблю, але я яго ўжо не хачу, як мужчыну. Я не хачу цягнуць яшчэ адно дзіця. Я ўжо ў тым узросьце, калі мне хочацца на кагосьці абапірацца, каб пра мяне клапаціліся. Плюс я пачала чуць ад яго рыторыку яго мамы. Мне надакучыла вечная барацьба за першынства», — кажа суразмоўца.

Яшчэ да разводу ў Аляксандры зьявіўся іншы мужчына, на якога яна магла абаперціся. Яна пра гэта адкрыта сказала мужу. Заўважае, што ён за яе не змагаўся. Яна дадае, што муж не хацеў зьяжджаць за мяжу, а яна больш не адчувала сябе ў бясьпецы ў Беларусі.

«Ты баісься званка ў дзьверы, ты дамафона баісься, дзеці зашуганыя… Ён мне тады сказаў: „А як я тут пакіну маму, а лецішча?“ Вось у яго не сям’я, ня жонка, а лецішча. Канешне, мяне гэта вельмі крыўдзіла. Мне было балюча: ну як ты не разумееш, што ты зараз рызыкуеш маёй свабодай, жыцьцём дзяцей без мамы?», — камэнтуе Аляксандра.

Кажа, што ейны цяперашні партнэр пакінуў у Беларусі хворую маці і дзіця, каб зьехаць разам зь ёй.

«Ён будзе змагацца за мяне да апошняга. Ён мэтанакіраваны», — параўноўвае яна.

Аляксандра кажа, што ў яе з былым мужам засталіся цёплыя адносіны. Прызнаецца, што ёй яго не хапае. Ён першы, каму яна тэлефануе, калі нешта здараецца. Ён прыяжджае да дзяцей.

«Мы не чужыя адно аднаму. У нас шмат гадоў за плячыма. Што нам дзяліць? Праз што нам сварыцца? У нас дзеці. У іх і так стрэс. Яны ўвесь час расьлі ў сям’і з мамай і татам. А тут мама ў турме, потым мама выйшла, развод, эміграцыя. Ім важна, што мы падтрымліваем адносіны», — дзеліцца яна, як ім атрымалася захаваць добрыя стасункі.

Дадае, што змагла б зараз зь ім жыць, але як зь сябрам, з братам.

«Калі ён прыяжджаў да дзяцей, я яму сказала: „Я не зьдзіўлюся, калі здарыцца сытуацыя, што мы ў старасьці сыдземся і будзем адно аднаму шклянку вады падаваць“», — кажа Аляксандра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG