Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прускі кароль дапамог расейскай царыцы акупаваць беларускія землі?


Расейская царыца Кацярына ІІ
Расейская царыца Кацярына ІІ

Пры канцы ХVІІІ стагодзьдзя адбыўся шэраг геапалітычных падзеяў, у выніку якіх вялікая эўрапейская краіна — Рэч Паспалітая Абодвух Народаў — зьнікла з мапы Эўропы як дзяржаўнае ўтварэньне. Гэта была фэдэратыўная манархічная дзяржава, у складзе якой зь сярэдзіны XVI стагодзьдзя было і Вялікае Княства Літоўскае. Тры падзелы Рэчы Паспалітай прывялі да таго, што ў 1795 годзе Расейская імпэрыя цалкам паглынула тэрыторыю Беларусі. На два стагодзьдзі гэта вызначыла наступны гістарычны шлях беларусаў. Сучасныя беларусы падзел Рэчы Паспалітай уяўляюць як вынік доўгатэрміновай дзейнасьці расейскай царыцы Кацярыны ІІ, якая адпачатку мела на мэце зьнішчыць сваю заходнюю суседку. Але што дапамагло ёй ажыцьцявіць гэта? Як склаліся абставіны, каб адбылося грандыёзнае злачынства? І ці магло быць інакш? Гутарка з гісторыкам Цімафеем Акудовічам.

Вячаслаў Ракіцкі: Такі праект, як зьнішчэньне, захоп суседняй дзяржавы, не ажыцьцяўляецца адным махам. Вядома, што Расея звычайна доўга, гадамі рыхтуе замах на дзяржаўнасьць суседніх народаў. Мэтады выкарыстоўвае самыя розныя. Але галоўны зь іх, як мне падаецца, — паступовы ўплыў на розныя сфэры жыцьця сваёй будучай ахвяры. Ці так было і тады, у другой палове XVIII стагодзьдзя? Як спрабавала Кацярына ІІ уплываць на Рэч Паспалітую?

Цімох Акудовіч (зьлева) і Вячаслаў Ракіцкі
Цімох Акудовіч (зьлева) і Вячаслаў Ракіцкі

Цімох Акудовіч: Дваццаць гадоў Кацярына ІІ выбудоўвала сыстэму свайго ўплыву ў Рэчы Паспалітай. А як імпэратрыца-асьветніца яна бачыла гэты ўплыў зьнешне ненавязьлівым, але моцным. Яна хадзіла па вельмі тонкай мяжы: дазваляць — не дазваляць. Яна не забараняла краіне разьвівацца (асьветніца ж) і адначасна не выпускала са сваіх рук.

Я не дарма кажу пра сыстэму. Пад уплывам Кацярыны ў Рэчы Паспалітай была ўтвораная Пастаянная Рада — адміністрацыйны орган кіраваньня пры каралі. Зразумела, што ў яго ўваходзілі толькі патрэбныя Кацярыне асобы, але пры гэтым Рада была першым у Рэчы Паспалітай сталым міжсоймавым уладным органам, які працаваў амаль на прафэсійнай аснове. І таму, калі ў наш час гісторыкі падлічваюць, што было зроблена ў гэтай Пастаяннай Радзе за доўгія гады, дык атрымліваецца досыць добры даробак практычных спраў. Хаця ў народзе гэты орган заслужана называлі «Пастаянная Здрада».

Трэба разумець, што слабая і падкантрольная Рэч Паспалітая абсалютна задавальняла Кацярыну ІІ. Гэта быў яе буфэр ад моцнай Прусіі і Аўстрыі, і дзяліць гэтую краіну яна адпачатку не зьбіралася. Варыянты такія, вядома, разглядаліся, але яны былі глыбока другасныя.

І яшчэ важны момант: да 1787 году на палітыку Рэчы Паспалітай уплывалі дзьве асобы: Панятоўскі як кароль — і Кацярына ІІ. Іншых палітычных сілаў ні ў самой краіне, ні звонку не было. То бок ні Англія, ні Прусія, ні Аўстрыя амаль не ўплывалі на ўнутраную палітыку Рэчы Паспалітай.

Ракіцкі: Вы назвалі год, да якога меў месца ўплыў двух манархаў — польскага і расейскага — на палітыку Рэчы Паспалітай. Чаму менавіта 1787 год? Што такое адбылося?

Акудовіч: У гісторыі ёсьць пункты, якія вызначаюць далейшае разьвіцьцё падзеяў на некалькі дзесяцігодзьдзяў. У гісторыі Рэчы Паспалітай такім пунктам павінна было стаць 6 траўня 1787 году. У гэты дзень ва ўкраінскім Канёве Кацярына ІІ падпісала са Станіславам Аўгустам Панятоўскім антытурэцкі хаўрус. Гэтаму хаўрусу, дарэчы, моцна спрыяў Грыгоры Пацёмкін. Выказваюцца нават меркаваньні, што ён хацеў са згоды Кацярыны стаць кіраўніком Рэчы Паспалітай, ці прынамсі яе часткі. Кацярына доўга сумнявалася, але ўрэшце дала згоду на ўдзел «польскай шляхты» ў вайне з Турэччынай — акрамя «п’яніцы» Радзівіла і Агінскага, як яна пазьней удакладніла.

Гэта давала права Рэчы Паспалітай павялічыць войска і выправіць яго на барацьбу з туркамі. Для краіны, войска якой 80 гадоў (!) ня ўдзельнічала ні ў якіх войнах, гэта мусіла стаць пачаткам вялікіх зьменаў. Пэўна, так і было б, каб не ўмяшалася Прусія.

Фрыдрых Вільгельм ІІ
Фрыдрых Вільгельм ІІ

Ракіцкі: Пры чым тут Прусія? Вы ж казалі, што палітыку Рэчы Паспалітай вызначалі толькі Панятоўскі з Кацярынай ІІ...

Акудовіч: Хаўрус 1787 году вельмі моцна напалохаў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма ІІ. Ён баяўся ўзмацненьня Рэчы Паспалітай. Ён меў свае пляны ў дачыненьні да расейска-турэцкай вайны. У адпаведнасьці зь ягонымі намерамі Прусія прапаноўвала Турэччыне дапамогу ў забесьпячэньні міру з Расеяй, калі тая пагодзіцца аддаць Аўстрыі Малдову і частку Босьніі. Аўстрыя за гэта мусіла вярнуць Рэчы Паспалітай Галіцыю. Рэч Паспалітая ж за гэтыя землі аддавала Прусіі свае гарады Торунь і Гданьск.

У 1788 годзе ў краіне пачаўся Чатырохгадовы Сойм. Кацярына дазволіла, каб ён быў сканфэдэраваны, гэта значыць — бяз права «liberum veto». Настрой быў прыўзьняты, бо ўсе ведалі, што на сойме можна будзе павялічыць войска (гэтага суседзі не дазвалялі ўжо шмат гадоў). Партыі ўплыву Фрыдрых у Рэчы Паспалітай ня меў зусім. Уплываць на ход Сойму не было праз каго. І тады бэрлінскі амбасадар Бухгольц проста выступіў на паседжаньні Сойму і паабяцаў Рэчы Паспалітай абарону ад Расеі.

Ракіцкі: Яму паверылі? Адрэагавалі на гэтую прапанову? Адчулі небясьпеку з боку Расеі і магчымасьць дапамогі з боку Прусіі?

Яшчэ ніколі ніводная эўрапейская краіна не прапаноўвала Рэчы Паспалітай сваю падтрымку ў абароне ад расейскага патранату. Апазыцыйная шляхта зразумела, што цяпер можа рабіць што заўгодна. На Сойм пасыпаліся заканадаўчыя прапановы, пра якія раней і марыць было нельга.

Акудовіч: Яшчэ ніколі ніводная эўрапейская краіна не прапаноўвала Рэчы Паспалітай сваю падтрымку ў абароне ад расейскага патранату. Апазыцыйная шляхта (а яе было шмат) зразумела, што цяпер можа рабіць што заўгодна. На Сойм пасыпаліся заканадаўчыя прапановы, пра якія раней і марыць было нельга — павелічэньне войска, рэформа мяшчанства, рэформа габрэйства, зьмена вайсковай сыстэмы. Загучалі размовы пра спадчыннасьць кароны. Прычым былі як спакойныя прапановы (рэформа сыстэмы вагаў), так і відавочна антырасейскія законы — адмена вайсковай камісіі, забарона расейскім войскам разьмяшчацца на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Расейскія паслы былі вымушаныя нават зьехаць з Варшавы. Карацей, ні пра які хаўрус размовы не магло быць.

Ракіцкі: Якія былі крокі ў адказ Кацярыны ІІ? Зьмяніла палітыку? Стала шукаць новую тактыку пры ўжо відавочных новых абставінах?

Акудовіч: Кацярына відавочна была раззлаваная, але выгляду не падавала. На той момант вайна з Турэччынай была ў самым разгары, і справы там ішлі ня вельмі добра. Падзеі на Чатырохгадовым Сойме падрывалі яе пляны. Але зрабіць яна нічога не магла.

Хаця там ёсьць адзін цікавы сюжэт. У 1789 годзе на Сойме пачалі хадзіць панічныя чуткі, што ў праваслаўных цэрквах пачалі заклікаць халопаў да бунтаў і прыводзіць іх да прысягі на вернасьць Кацярыне.

Гэта стварыла вялікі розгалас, праваслаўны япіскап Віктар Садкоўскі быў арыштаваны, у рэгіёны выехалі спэцыяльныя камісары, каб высьветліць сытуацыю. Аднак нічога канкрэтнага не знайшлі, і паніка ўлеглася.

Гэтую сытуацыю прынята лічыць проста праявай варшаўскай гістэрыі, але ёсьць некалькі сьведчаньняў, што ў некаторых цэрквах Украіны сапраўды зьбіралі зброю. Таму, магчыма, Кацярына рыхтавала запасны варыянт халопскага бунту ў Рэчы Паспалітай. Але паўтаруся: дастатковых доказаў гэтага не знайшлося.

Ракіцкі: Якую ж палітычную гульню вяла Прусія?

Акудовіч: Тое, што шляхта прыняла за чыстую манэту, для Прусіі было толькі палітычнай гульнёй. Ужо ў 1790 годзе, калі Сойм канчаткова рассварыўся з Кацярынай і выдаў шэраг законаў, якія ліквідоўвалі расейскі ўплыў у Рэчы Паспалітай, прускі кароль даслаў у Сойм ліст, у якім абвяшчаў, што абяцае краіне абарону толькі ў выпадку, калі Рэч Паспалітая аддасьць яму Гданьск. Шляхта відавочна на гэта пайсьці не магла. Сытуацыя складалася вельмі рызыкоўная. Кацярына ня ўводзіла свае войскі, каб супакоіць Сойм, толькі таму, што яны былі занятыя ў Турэччыне.

Ракіцкі: Шляхта ня бачыла рызыкі? У такі рызыкоўны час працягвала распрацоўваць Канстытуцыю, замест таго каб рабіць нейкія захады дзяржаўнай бясьпекі. Прычым Канстытуцыю, так бы мовіць, рэвалюцыйную, як на той час. Яна, па сутнасьці, была адной з самых дэмакратычных у Эўропе...

Акудовіч: Але шляхта рызыкі не ўлічыла. З найлепшых памкненьняў патрыятычная партыя пачала распрацоўваць Канстытуцыю, якая была ўхваленая 3 траўня 1791 году. І вось тут Кацярына і Фрыдрых спужаліся разам і па-сапраўднаму. І спужаліся не канкрэтных пунктаў Канстытуцыі, а таго, што яна была вельмі падобная да лёзунгаў Францускай рэвалюцыі.

Мастак Казімеж Вайнякоўскі, карціна «Ўхвала Канстытуцыі 3 траўня 1791 году», 1806 год. Заля Сэнату ў Каралеўскім палацы ў Варшаве, дзе праходзіла сэсія Сойму
Мастак Казімеж Вайнякоўскі, карціна «Ўхвала Канстытуцыі 3 траўня 1791 году», 1806 год. Заля Сэнату ў Каралеўскім палацы ў Варшаве, дзе праходзіла сэсія Сойму

Ракіцкі: Што канкрэтна страшыла іх у той Канстытуцыі аж да такой ступені, што трэба было сьцерці з мапы Эўропы цэлую дзяржаву разам зь яе Канстытуцыяй?

Акудовіч: Якабінства і француская рэвалюцыя. Нават у маніфэсьце Кацярыны ІІ пра гэта пішацца: «Непонятное заблуждение нации (французской), некогда столь цветущей, теперь униженной, раздираемой и находящейся на краю пропасти, это заблуждение, вместо того чтобы послужить предметом ужаса для беспокойных (польских) умов, напротив, показалось им предметом, достойным подражания». Хаця на самой справе ў Канстытуцыі таго якабінства амаль не было, але, відаць, у Кацярыны так зачасалася шыя пасьля вестак пра пакараньне сьмерцю Людовіка, што яна на самой справе вельмі спужалася.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Ракіцкі: Дарэчы, а якія ўвогуле былі стасункі паміж расейскай імпэратаркай і прускім каралём? Яны да таго сябравалі, ці нянавісьць да Рэчы Паспалітай іх аб’яднала? І рэзкім чынам узьнікла еднасьць геапалітычных інтарэсаў?

Акудовіч: Вось якраз пра гэта шмат напісана. Спачатку была любоўная авантура, пасьля ігнараваньне Кацярынай Панятоўскага, пасьля яго абраньне на караля. І шматлікія лісты каханьня, якія кароль пісаў да Кацярыны, а яна ці не адказвала, ці адказвала досыць холадна. Ну, і досыць моцны палітычны разлад, бо Панятоўскі хоць і быў марыянэткай, але ня вельмі надзейнай. Выглядае на тое, што Панятоўскі ўсё жыцьцё на нешта спадзяваўся. Шляхта ў той час зласьліва жартавала, што ў Расеі баба — кароль, а ў Рэчы Паспалітай наадварот: кароль — баба.

Ракіцкі: Ці вядома, хто першы прапанаваў падзел Рэчы Паспалітай?

Акудовіч: Як сьведчаць дакумэнты, менавіта прускі кароль першы прапанаваў падзел Рэчы Паспалітай. Прычым ужо пасьля заканчэньня вайны 1792 году ён у рэзкай форме запатрабаваў ад Кацярыны падзелу, у іншым выпадку абяцаючы разарваць усе пагадненьні. У адрозьненьне ад Кацярыны, у яго была канкрэтная мэта — Торунь і Гданьск.

Ракіцкі: Фрыдрых прапанаваў, Кацярына рэалізавала. А як канкрэтна яна гэта рабіла?

Акудовіч: У Расею прыехалі тры буйныя магнаты — Шчасны Патоцкі, Францішак Браніцкі, Севярын Жавуцкі, якія былі незадаволеныя Канстытуцыяй 3 траўня і папрасілі ў Кацярыны аднавіць справядлівасьць. Да гэтага часу не да канца зразумела, хто быў ініцыятарам гэтай сустрэчы, але верагодна, што сама Кацярына. Што самае цікавае, усе трое шчыра верылі, што Кацярына толькі дапаможа ім ліквідаваць Канстытуцыю і вернецца дамоў. Была арганізаваная Таргавіцкая канфэдэрацыя, Расея ўвяла войскі, дабілася прызнаньня Соймам і падзяліла краіну. У афіцыйным маніфэсьце Кацярына вельмі арыгінальна тлумачыла прычыны падзелу: «заключить Польскую республику в более тесные границы, чтобы облегчить ей возможность иметь мудрое и хорошо устроеное правительство».

Канстрытуцыя 3 траўня 1791 году
Канстрытуцыя 3 траўня 1791 году

Ракіцкі: Вы сьцьвярджаеце, што абставіны для рэалізацыі расейскіх плянаў дзеля зьнішчэньня польска-беларускай дзяржавы, менавіта прускі кароль Фрыдрых стварыў. Але ці толькі ён? Існуе ўстойлівае меркаваньне, што найперш віна кладзецца на шляхту і слабога караля Рэчы Паспалітай — Панятоўскага. Маўляў, шляхта краіну прапіла, а Панятоўскі дык і ўвогуле ледзь ня ў ложку падарыў яе Кацярыне...

Акудовіч: Тут крыху розныя ўзроўні. Зразумела, што глябальная віна — на саміх грамадзянах Рэчы Паспалітай. Нешта яшчэ ў XVII стагодзьдзі пайшло ня так, калі ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя адна з найбуйнейшых краінаў Эўропы мела абсалютна атрафаваную палітычную эліту.

Але ёсьць канкрэтная сытуацыя апошняга дзесяцігодзьдзя XVIII стагодзьдзя, калі другога і трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай магло ня быць, бо яго ніхто не плянаваў. Быў проста зьбег абставінаў. І вось адным з найважнейшых, але напаўзабытых чыньнікаў гэтай падзеі сталася жаданьне прускага караля атрымаць прыморскі Гданьск. То бок мы ўяўляем, што тры падзелы Рэчы Паспалітай былі пасьлядоўнай праграмай расейскага двара, але гэта ня так. У кожнай сытуацыі супадзеньне розных інтарэсаў памножанае на слабасьць сваёй эліты.

Ракіцкі: Зразумела, што гісторыя не прызнае ўмоўнага ладу. І тым ня меней... Ці магла б Расея ў асобе Кацярыны ажыцьцявіць свой плян без удзелу Прусіі? Бяз тых абставінаў, пра якія вы гаворыце? І што было б далей? Як склаўся б гістарычны лёс Беларусі?

Акудовіч: Вядома, не. Тая ж Прусія ёй бы не дазволіла. І яшчэ раз паўтаруся, што Кацярыне гэта ня надта было і трэба. Мець у сваёй краіне мільёны свабодалюбных і непадпарадкаваных грамадзянаў? У эліты Рэчы Паспалітай не хапіла палітычнай вытрымкі, каб дачакацца 1796 году (усяго 4 гады) — году сьмерці Кацярыны. Пасьля гэтага падзел быў бы немагчымы.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG