Міністэрства юстыцыі Ўкраіны праз суд дамаглося забароны прадаваць вагоны, што належаць беларускаму прадпрыемству «Беларуськалій» і яго даччыным украінскім кампаніям, актывы якіх арыштавалі пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня, падтрыманага ўладамі Беларусі.
У канцы 2024 году ў Агенцтве вышуку і мэнэджмэнту актываў (АРМА) Украіны паведамілі аб пачатку маштабнага продажу 30 431 тон хлярыду калію, якія на 24 лютага 2022 году знаходзіліся на тэрыторыі Ўкраіны. З пачатку году праз адпаведныя аўкцыёны ўжо змаглі прадаць некалькі лотаў угнаеньняў.
Міністэрства юстыцыі Ўкраіны сёлета ў лютым зьвярнулася ў Найвышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны з пазовам аб спагнаньні ў даход дзяржавы актываў «Беларуськалію», у тым ліку карпаратыўных правоў, сродкаў, чыгуначных вагонаў, калійных угнаеньняў. Раней Украіна ўвяла санкцыі супраць гэтага беларускага прадпрыемства, а таксама арыштавала актывы ўкраінскіх кампаніяў, заснавальнікамі якіх быў «Беларуськалій». У пазове згадваецца прынамсі адна такая кампанія — «Агророзквіт».
Чаму пазоў падалі праз два гады пасьля санкцый
Міністэрства юстыцыі Ўкраіны аргумэнтавала свой пазоў тым, што прадпрыемства «Беларуськалій» цалкам кантралюецца палітычнай вярхушкай Беларусі, найперш Аляксандрам Лукашэнкам, «сваімі дзеяньнямі спрыяе вядзеньню вайны супраць Украіны праз фінансава-гаспадарчыя ўзаемадачыненьні з прадпрыемствамі ВПК Расеі і акупацыйнымі адміністрацыямі самаабвешчаных „ДНР“ і „ЛНР“», а таксама надавала транспарт для перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з часова акупаваных тэрыторыяў, на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь».
Суд для забесьпячэньня разгляду пазову Міністэрства юстыцыі Ўкраіны забараніў АРМА прадаваць чыгуначныя вагоны і абавязаў агенцтва надаць усю інфармацыю аб суме грошай, атрыманых за ўжо рэалізаваныя калійныя ўгнаеньні.
Апроч таго, суд забараніў дзяржаўным рэгістратарам ажыцьцяўляць якія-хаця рэгістрацыйныя дзеяньні, зьвязаныя з актывамі ўкраінскай кампаніі «Агророзквіт». Як высьветлілася, раней такой забароны не было, а за гэты час яе актывы склалі 324 мільёны грыўняў (прыблізна 8 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС). У 2020-м яны складалі 255,8 мільёнаў грыўняў — 8,5 мільёна даляраў у эквіваленце паводле курсу на той момант.
Што вядома пра кампанію «Агророзквіт»
Кампанія «Агророзквіт» зарэгістраваная 5 ліпеня 2016 году. Яе заснавальнік — Беларуская калійная кампанія. У Міністэрстве юстыцыі Ўкраіны мяркуюць, што праз БКК 48% актываў украінскага прадпрыемства належыць «Беларуськалію».
У той жа час вядома, што «Агророзквіт» пэўны час быў зьвязаны з грамадзянінам Украіны Аляксандрам Скрыпкам і ягонай кампаніяй «СанАгро Україна». Іх зьвязваў нават адзін супольны заснавальнік — брытанская кампанія Agrofertrans Ltd, уласьнікам якой і быў Аляксандар Скрыпка.
У 2016 годзе капітал Agrofertrans Ltd быў выкарыстаны для рэгістрацыі кампаніі «Белаграфэрт» у межах свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвэст». На афіцыйным сайце СЭЗ пазначана, што прадпрыемства створана з удзелам брытанскіх інвэстыцычяў. Хоць назва брытанскай кампаніі ня згадваецца.
«Белаграфэрт» (гэтую кампанію ў свой час кантраляваў Віктар Шэйман) пабудаваў завод для вытворчасьці грануляванага сульфату амонію на аснове сыравіны ААА «Гродна Азот». Раней паведамлялі, што гэты завод вырабляе да 200 тысяч тон угнаеньняў за год. Большую іх частку пастаўлялі ва Ўкраіну праз кампанію «СанАгро Україна», бэнэфіцыярам якой таксама была брытанская Agrofertrans Ltd.
У канцы 2020 году Agrofertrans Ltd выйшла і з складу бэнэфіцыяраў прадпрыемства «СанАгро Україна» і кампаніі «Агророзквіт».
Паводле фінансавай справаздачы, у 2020 годзе «СанАгро Україна» атрымала 1,9 мільярда грыўняў даходу, але чысты прыбытак склаў 61,4 мільёна грыўняў (адпаведна 69,9 і 2,2 мільёна даляраў у эквіваленце паводле курсу на сьнежань 2020 году). За апошнія чатыры гады даходнасьць гэтай кампаніі павялічылася ў паўтара раза — да 3,2 мільярда грыўняў (амаль 80 мільёнаў даляраў), а чысты прыбытак — да 98,6 мільёна грыўняў (2,5 мільёна даляраў). Адметна, што і актывы кампаніі павялічыліся з 246,8 мільёна грыўняў (6,1 мільёна даляраў) у 2020-м да 1,1 мільярда грыўняў (28,5 мільёна даляраў) у 2024 годзе.
Кампанію «СанАгро Україна», якая была афіцыйным дылерам беларускага калію ва Ўкраіне, падазравалі ва ўдзеле ў фінансаваньні паездак украінскага дэпутата Яўгенія Шаўчэнкі ў Беларусь (ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе).
Паводле ініцыятывы «Рабочы рух», створанай пасьля акцыяў пратэсту ў 2020 годзе для абароны правоў працоўных, Аляксандар Скрыпка ў 2015 годзе наведваў Віетнам як генэральны дырэктар Agrofertrans Ltd разам з Аленай Кудравец, генэральнай дырэктаркай Беларускай калійнай кампаніі.
ТАА «Агророзквіт» у 2020 годзе атрымала 3 мільярды грыўняў даходу і 19,8 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (адпаведна 110 мільёнаў і 713 тысяч даляраў у эквіваленце). У наступныя чатыры гады даходнасьць прадпрыемства зьніжалася, пакуль у 2024 годзе не дасягнула 16,2 мільёна грыўняў з стратамі ў 9,7 мільёна грыўняў (адпаведна 404 630 і 242 085 даляраў у эквіваленце. — РС).
Цяпер у кампаніі няма ніводнага працаўніка. Яе апошні кіраўнік Вадзім Кулік, які ў 2022 годзе напісаў заяву аб звальненьні, доўга судзіўся, каб пайсьці з гэтай пасады, бо праз вайну кампанія не магла правесьці ў гэтых мэтах агульны сход акцыянэраў. У лістападзе 2023 году Гаспадарчы суд Кіева прызнаў яго «працоўныя дачыненьні спыненымі ў сувязі з звальненьнем з пасады дырэктара на ўласнае жаданьня».
У чэрвені 2024 году падатковыя органы анулявалі рэгістрацыю прадпрыемства «Агророзквіт» як платніка ПДВ на падставе дэклярацыі аб адсутнасьці паставак.
Форум