Вітаю, дружа!
Здаецца, толькі напісаў табе, што зіма ўсё ж не падманула і вярнулася, а вось ужо і самая сапраўдная вясна ў пачатку сакавіка. Ніколі за ўсё сваё жыцьцё я такога ня памятаю. Сапраўднае глябальнае пацяпленьне. Але чамусьці пра гэта асабліва не гавораць, ніхто ня б’е трывогу пра раставаньне ледавікоў, пра хваляваньні ў Марыянскай западзіне — там зямная кара самая тоненькая і лява гатовая кожную хвіліну вырвацца на паверхню, а тады — новыя землятрусы, цунамі й патопы чакаюць не ў экстрэмальных пунктах сьвету, а паўсюль, у тым ліку і ў нашых краях.
У Вільні ў доме, дзе мы жывём, наш сусед разьлічыў, што калі «ўсё пачнецца», мы таксама трапім пад затапленьне. Хоць на вока здаецца, што наш дом на ўзгорку, але рэч у тым, што сама Вільня ў нізіне. Між тым наш уласны дом у прадмесьці Менску, які мы мусілі пакінуць, на ўзвышшы, яму нічога не пагражае. Але ж вярнуцца туды немагчыма, бо мы «экстрэмісты». Мэтафара, вартая Рэя Брэдбэры зь ягоным матыльком: «крамольны» кухонны магніцік на вагах чалавечага лёсу пераважвае ўсясьветную катастрофу і самое жыцьцё.
У сеціве беларускія ўцекачы дзеляцца думкамі, хто і што зрабіў бы, калі б у Беларусі раптам стала нармальна і бясьпечна. Зразумела, адведалі б магілы родных, пахадзілі па колішніх любімых мясьцінах, зладзілі алькатур зь сябрамі па старых маршрутах... І вярнуліся ў сваё рэальнае жыцьцё за мяжой. То бок нармальная і бясьпечная Беларусь не праглядаецца ні ў якім выглядзе. Сотня быццам бы розных меркаваньняў, але агульнае ўражаньне — ніхто ня хоча рэальна ўяўляць сабе вяртаньне ў Беларусь, пагатоў амаль ніхто па-сапраўднаму не плянуе.
У мяне літаральна днямі выйшла з друку Анталёгія беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя пра Вільню. Салідная падборка вершаў ад Коласа, Купалы, Багдановіча, Жылкі, Арсеньневай, Танка, Панчанкі, Караткевіча, Разанава, Мінкіна... Лічы, уся беларуская літаратура, поўная любові да Вільні, да паэзіі, да жыцьця.
На прэзэнтацыях непазьбежна ўзьнікае пытаньне: а чаму няма такой кнігі пра Менск? Я кажу, што скласьці настолькі ж важкую анталёгію пра Менск немагчыма. Бо ня ўсё ў парадку з нашым Менскам. Менск як паранены, як сама наша мова. У 1939 годзе бальшавікі замянілі ў беларускай мове імя Менск на Мінск (на польскі манер, бо так у расейскай — Минск). А калі на 900-я ўгодкі выдавалі прысьвечаную гораду кніжку (ня вершаў, але і вершы там былі), то назвалі яе «Горад і годы», па-беларуску і з памылкай. Правільна было б «Горад і гады», але тады расейцы прачыталі б «Горад і гáды», што было б непрыгожа. Таму, ламаючы правілы беларускай мовы, напісалі «гóды». Прынізілі, адным словам, і беларускую мову, і сам горад Менск/Мінск — быццам дыягнаставалі яму інваліднасьць — на будучыню.
І вось будучыня настала. Сёньняшні верш пра Менск, напісаны ў Менску, які я сустрэў у сеціве, выглядае так (літару ў слове аўтар прапусьціў наўмысна, каб не рабіць акцэнту на гэтай супярэчнасьці «Мінск-Менск»):
Мнск
Плошча бездапамогі
Няўхільна шэры
непазьбежна блізкі
тупы твар бэтону
празьмерны асфальтавы язык
бельмы білбордаў
трупныя плямы каштанаў
расьпятых абапал дарогі
зь ніадкуль у бездань
закрый гэты твар
белай прасьцінай
сьнегу
скінь баявы дэсант
дзьмухаўцоў
Гэты верш не пра любоў. Ён пра страх, вайну і сьмерць. Паэт не фальшывіць. Напэўна, такі цяпер настрой агульны для тых, хто зьехаў і хто застаўся. Таму няма і праўдзівага вяртаньня, нават у думках.
Сяброўка, якая жыве ў Вільні, але зрэдку езьдзіць у Менск, кажа, што нашага Менску больш няма. Нават рэшткі таго гарадзкога духу, таго беларускага вымярэньня гораду, зь якога мы зьяжджалі, разьвеяліся...
закрый гэты твар
белай прасьцінай
Між іншым, асабліва не гавораць пра зьмены клімату і ў Літве. Затое гавораць пра магчымы напад на Літву з боку Расеі і Беларусі. І мы ўпершыню ў гісторыі чуем гэтае спалучэньне словаў: «Беларусь — агрэсар». Мы разумеем, што гэта аксюмаран, як «гарачы сьнег». Наша Беларусь проста ня можа быць агрэсарам. Але літоўцы могуць гэтага і не разумець, на працягу 30 гадоў чуючы Лукашэнкавы пагрозы ў свой адрас.
Я нават памятаю, з чаго гэта пачалося. Недзе ў сярэдзіне 1990-х Лукашэнка прыгразіў спусьціць па Нёмне ў Літву нечыстоты з горадзенскіх сьвінарнікаў. Тады думалася: адкуль такая непавага да суседзяў, яшчэ й сярод мірнага жыцьця? Пасьля абразы і пагрозы ў адрас літоўцаў не спыняліся цягам усіх гэтых трыццаці гадоў. Мы разумелі, што гэта ня наша, беларуская непавага, а ўсяго толькі непавага намінальна беларускага прэзыдэнта, а рэальна — маскоўскага стаўленіка. І, што самае галоўнае, гэта непавага да нас, беларусаў, бо і наша жыцьцё ўжо ніяк не назавеш мірным. Але як ва ўсім гэтым разабрацца літоўцу — хоць палітыку, хоць звычайнаму чалавеку? Два народы вякамі жылі разам і мірна, а тут раптам Беларусь — агрэсар. Пры тым, што сама Беларусь у поўным аняменьні ці ў турме...
Прабач за цяжкія думкі, але як ёсьць. Калі нейкія думкі мы называем цяжкімі, значыць, усё ж дапускаем, што могуць быць і лёгкія.
Чакаю твайго ліста зь лёгкімі думкамі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум