Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмаграфічны партрэт украінца Беларусі


Украінцы ўшаноўваюць памяць гетмана Піліпа Орліка ў яго роднай вёсцы Касута (Вілейскі раён)
Украінцы ўшаноўваюць памяць гетмана Піліпа Орліка ў яго роднай вёсцы Касута (Вілейскі раён)

Украінцы — чацьвёртая колькасьцю этнічная група Беларусі, мінулы перапіс іх налічыў 158 723 чалавекі, ці 1,67% ад усяго насельніцтва.

На графіку, які прыводзіцца ніжэй, паводле зьвестак перапісаў падаецца дынаміка долі ўкраінцаў у складзе насельніцтва БССР і Рэспублікі Беларусь, а таксама Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай, Горадзенскай губэрняў Расейскай імпэрыі (1897).

Падчас перапісу 1897 году не задавалася пытаньня пра этнічную прыналежнасьць, толькі пра родную мову. Зьвяртае на сябе ўвагу высокая доля ўкраінцаў падчас таго перапісу, толькі ў Горадзенскай губэрні 362 526 чалавек назвалі роднай украінскую («малорусский язык»). Праўда, тады гэтая губэрня ўключала ў сябе ладную частку ўсёй сучаснай заходняй Беларусі.

Перапіс 1939 году быў праведзены да далучэньня Заходняй Беларусі.

Палітычныя і тэрытарыяльныя зьмены пачатку мінулага стагодзьдзя абумовілі рэзкія скачкі долі ўкраінскага насельніцтва на беларускіх землях.

З 1959 па 1989 год назіраўся раўнамерны, без ваганьняў, рост гэтай долі. Наступныя перапісы, якія праводзіліся ўжо ў незалежнай Беларусі, фіксавалі такое ж раўнамернае зьніжэньне долі ўкраінскага насельніцтва краіны.

Варта адзначыць, што падобнай была траекторыя зьмяненьня і долі расейцаў: рост з 1959 па 1989 год з 8,2% да 13,2% і далейшае зьніжэньне — у 1999-м — 11,4%, у 2009-м — 8,3%.

У матэрыяле пра расейцаў Беларусі мы адзначалі тры прычыны зьніжэньня долі этнічных меншасьцяў сярод насельніцтва краіны пасьля набыцьця незалежнасьці: эміграцыя ў краіну, дзе адпаведны этнас тытульны; меншая, чым сярод этнічных беларусаў, доля дзяцей і большая доля старых, і своеасаблівая «перапісавая асыміляцыя» — схільнасьць часткі прадстаўнікоў этнічных меншасьцяў, пераважна дзяцей ад зьмяшаных шлюбаў, у наступных перапісах ідэнтыфікаваць сябе як прадстаўнікоў тытульнага этнасу.

Усе гэтыя чыньнікі маюць месца і ў выпадку ўкраінцаў.

А вось доля польскага насельніцтва ў пасьляваеннай Беларусі зьніжалася ўвесь час: з 6,7% у 1959 годзе да 3,1% у 2009 годзе.

Якімі асаблівасьцямі вызначалася ўкраінская меншасьць падчас перапісу 2009 году?

Як і расейцы Беларусі, украінцы ў 2009 годзе былі даволі раўнамерна разьмеркаваныя па вобласьцях краіны, доля іх была крыху больш высокай у паўднёвых вобласьцях краіны, якія мяжуюць з Украінай. У сталіцы іх доля была меншай, чым у сярэднім па краіне.

Паводле ўзроставай структуры ва ўкраінцаў назіралася яшчэ большае адхіленьне ад узроставай структуры ўсяго насельніцтва ў бок больш сталага веку, чым у расейцаў і палякаў.

Сярод украінцаў дзяцей і падлеткаў было ў 4 разы менш, чым сярод усяго насельніцтва, моладзі — удвая менш, калі ва ўсім насельніцтве асобаў, старэйшых за працаздольны ўзрост, было менш за чвэрць, сярод украінцаў — больш за траціну.

Сярод украінцаў, як і сярод расейцаў, доля гарадзкога насельніцтва перавышала сярэдні адсотак гараджанаў у Беларусі — 74%. Ва ўкраінцаў гэтае перавышэньне было меншым — 78%, чым у расейцаў — 85%.

Сярод украінцаў была прыкметна большая, чым сярод усяго насельніцтва, доля асобаў з вышэйшай адукацыяй і прыкладна ўдвая менш людзей зь нізкай адукацыяй — пачатковай і базавай.

Што тычыцца роднай мовы, украінцы дэманстравалі трэцюю мадэль моўнай ідэнтыфікацыі, адрозную ад мадэляў і расейцаў, і палякаў. Амаль сто адсоткаў расейцаў называлі роднай расейскую, палякі — пераважна беларускую і невялікая доля — польскую. Ладная частка ўкраінцаў называла роднай украінскую, і прыкладна ўдвая большая — расейскую. Беларускую сярод іх назвалі роднай нямногія, але іх было больш, чым сярод расейцаў.

Сярод украінцаў украінамоўных у побыце аказалася прыкладна ў 7 разоў менш, чым тых, хто назваў украінскую роднай. Пераважнай доляй, прычым значна большай, чым у сярэднім па краіне, украінцы Беларусі назвалі расейскую сваёй мовай хатняй камунікацыі.

Графікі і табліца, якія прыводзяцца вышэй, зробленыя на падставе рэглямэнтных табліцаў Белстату па выніках перапісу 2009 году ( глядзі тут і тут), а таксама статыстычнага зборніку, выдадзенага Белстатам.

***

Падводзячы вынікі, варта сказаць, што ўкраінцы ў 2009 годзе былі раўнамерна расьселеныя па Беларусі, сярод іх было больш гараджанаў, чым у сярэднім сярод насельніцтва, нізкая доля дзяцей і падлеткаў і моладзі, даволі высокая доля людзей сталага веку.

Амаль траціна зь іх называла роднай мовай украінскую, але ўдвая болей — расейскую. У побыце ўкраінцы размаўлялі пераважна на расейскай. Ангажаванасьць украінцаў Беларусі ў беларускую мову была параўнальна невысокая і што да роднай мовы (8%), і што да мовы хатняга ўжытку (6%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG