Сяргей Дубавец днямі атрымаў літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы». Дубавец — адзіны аўтар, які атрымаў галоўную прэмію Гедройця двойчы. У 2020 годзе ён стаў ляўрэатам за кнігу «Тантамарэскі».
У праграме «ПіК Свабоды» Дубавец расказаў пра тое, чым сучасны Занзібар падобны да Беларусі ягонага дзяцінства, пра бацьку-«сілавіка» і пра тое, чаго не дазваляе рабіць канстытуцыя беларускіх масонаў.
Пра тое, як знайсьці кнігу «Занзібар» у Беларусі
— Цяжкавата з гэтым, але я ведаю, што кніжка заяжджае. Якім шляхам, я ня ведаю, таму што ніхто пра гэта не кажа. Можна спрабаваць і па пошце, і празь сеткавыя крамы, кнігарні. Але сёньня такая сытуацыя, што чым больш пра гэта гаварыць, тым менш туды будзе трапляць.
Чым сучасны Занзібар нагадвае Беларусь аўтаравага дзяцінства
— Па сутнасьці, гэта кніга, дзе няма ніводнай прыдумкі, гэта кніга праўдзівых фактаў з майго ўласнага жыцьця, якое праходзіла і на Занзібары, і ў Беларусі. Гэта дастаткова эксклюзіўная інфармацыя, як зрэшты ў кожнага чалавека, які будзе расказваць пра свой жыцьцёвы досьвед.
Калі я жыў на Занзібары, да мяне вярнуліся нейкія адчуваньні ўласнага дзяцінства — чаго сёньня ў Беларусі ўжо няма і, відаць, яно ўжо немагчыма, бо надта даўно гэта было. Я так і кажу, што кніга пра дзяцінства далёкая, як Занзібар, — толькі ў часе і прасторы.
Калі паглядзець на тую фотку, якая стаіць на вокладцы, дык у такім стылі пабачыць дзіцёнка на Занзібары нескладана, а ў Беларусі вы такога ўжо ня знойдзеце ні ў вёсцы, ні ў горадзе.
Галоўнае падабенства Занзібару з маім дзяцінствам — гэта непасрэднасьць. Бо людзі, якія жывуць у Беларусі, страшна апасродкаваныя ў сілу жыцьцёвых абставінаў, стэрэатыпаў і ўсяго іншага, што на чалавека накладае наша сучаснае грамадзтва. На Занзібары гэтага няма.
Ці праўда, што кніга пра тое, як сын высокапастаўленага сілавіка прыйшоў да беларушчыны
— Ну, па-першае, у маім дзяцінстве слова «сілавік» не існавала ў Беларусі. Наадварот, на міліцыю казалі, што міліцыянэр — першы чалавек, да якога падыдзеш спытаць часу на вуліцы. Сёньня хутчэй пастараесься зьнікнуць з поля зроку гэтага міліцыянта, калі яго ўбачыш.
Гэта былі ўсё ж такі іншыя часы, і мой сілавік, бацька, ён займаўся ў Міністэрстве ўнутраных спраў палітыка-выхаваўчай работай, так гэта называлася. Таму што міліцыю трэба было выхоўваць. На гэтым рабіўся акцэнт, а не на тым, што міліцыя пойдзе выхоўваць народ.
Ды і слова палітыка сёньня адразу насьцярожвае, калі ня ў тым рэчышчы афіцыйнай прапаганды яно ідзе. Усё ж такі з таго, што я памятаю, гэта была іншая міліцыя.
Што тычыцца прыходу да беларушчыны, дык у мяне было шмат такіх каналаў, і наўрад ці гэта ўнівэрсальная гісторыя. Відаць, унівэрсальным на час майго дзяцінства было тое, што першым беларускім чалавекам на маім шляху была мая бабуля, вясковая. Яна была непісьменная, я часта ў яе бавіў час і вельмі шмат чаго ад яе мне перадалося.
Мяне завозілі зь Менску ў вёску на лета, і я прыяжджаў цалкам беларускамоўны, гэта была літаратурная чыстая мова. Мяне перавучвалі ў Менску на «городской язык», пасьля чаго я зноў ехаў летам да бабулі і зноў вяртаўся цалкам беларускамоўны. Такія дзіўныя хвалі адбываліся са мной, і, відаць, гэта нейкім чынам фармавала мяне менавіта як беларуса. Асабліва калі я рабіўся падлеткам, гэта значыць, ставаў у позу да ўсяго сьвету і мне была выгадная такая лякацыя.
Пра масонства ў цяперашняй Беларусі
— На жаль, тут я нічога не змагу сказаць, бо на той час, калі пра мяне сталі пісаць, я быў вялікім майстрам вялікай ложы Беларусі, а адбыўшы свае дзьве кадэнцыі, я шчасьліва саступіў сваё месца наступніку. Вы ж ведаеце, што масоны ў прынцыпе не афішуюць сваё ўдзел у масонстве, і таму пра тое, што робіцца цяпер, я ўжо нічога сказаць не магу.
Пра тое, што рабіў, я расказваў у сілу таго, што апынуўся на чале масонства ў момант яго стварэньня менавіта ў Беларусі.
Пра абмежаваньне ў два тэрміны для вялікага майстра масонскай ложы
— Гэтыя тэрміны могуць быць розныя. Проста ёсьць канстытуцыя вялікай ложы Беларусі, у якой ёсьць пункт, што адзін тэрмін — тры гады. І ня больш за два тэрміны даецца чалавеку. І гэтая канстытуцыя ёсьць тым законам, калі «да законаў», — яна вельмі строга выконваецца.
Пра тое, чаму варта прачытаць кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы»
— У гэтай кнізе ў прынцыпе пытаньні да жыцьця. Я спрабую і часам знаходжу на іх адказы, якія мне здаюцца адэкватнымі. Гэта складаныя пытаньні — напрыклад, пра сорам ці пра здраду, што гэта такое і ў якой сытуацыі гэта адбываецца.
Гэта заўсёды мой асабісты досьвед — што я ведаю і памятаю, пра што я думаў усё жыцьцё. І вось я ўрэшце прыходжу да нейкіх сваіх адказаў, многія зь якіх, можа быць, некаму пададуцца дзіўнымі. Але хаця я лічыў, што пішу чыста пра сябе, мне некаторыя кажуць, што гэта кніга пакаленьня. Можа і так, я ня ведаю і не бяруся ацэньваць.
Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 году за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове.
Арганізатарамі конкурсу прэміі зьяўляюцца Аб’яднаньне «Беларускі ПЭН», асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў», пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытуту ў Менску.
Мэты прэміі: вызначэньне найлепшых празаічных кніг на беларускай мове; ушанаваньне памяці Ежы Гедройця — публіцыста, палітыка, пасьлядоўнага прыхільніка добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай; падтрымка актуальных беларускіх пісьменьнікаў, спрыяньне выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень; спрыяньне паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры, папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры ў Беларусі і Польшчы.
Аўтары і кнігі, якія раней былі галоўнымі пераможцамі прэміі Гедройця
2012 — Павал Касьцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту»
2013 — Уладзімер Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без»
2014 — Ігар Бабкоў, «Хвілінка»
2015 — Віктар Казько, «Час зьбіраць косьці»
2016 — Макс Шчур, «Завяршыць гештальт»
2017 — Зьміцер Бартосік — «Быў у пана верабейка гаварушчы»
2018 — Уладзімер Арлоў — «Танцы над горадам»
2019 — Ільля Сін, «Libido»
2020 — Сяргей Дубавец, «Тантамарэскі»
2021 — Ева Вежнавец, «Па што ідзеш, воўча?»
2022 — Сяргей Абламейка, «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая»
2023 — Ганна Кандрацюк, «У прысьценку старога лесу. Гісторыі людзей зь Белавескай пушчы»
2024 — Валянцін Акудовіч, «Трэба ўявіць Сызыфа шчасьлівым»
Форум