У Беларусі зьявіўся новы закон, які нібыта мае змагацца з наркотыкамі. Паводле яго, Сьледчы камітэт і Міністэрства ўнутраных справаў атрымліваюць права замарожваць выдатковыя апэрацыі беларусаў на 10 дзён, калі ў іх зьявяцца «прыкметы сувязі зь незаконным абаротам наркотыкаў». Адсочваць такія прыкметы будзе Нацыянальны банк.
Экспэрты ў размове з Свабодай адзначылі, што не разумеюць дакладна, чаму гэты закон зьявіўся менавіта цяпер, што ён выглядае нелягічным і, імаверна, яго змогуць выкарыстоўваць для нечага іншага, а не для барацьбы з наркотыкамі.
«Для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі»
Юрыст Міхаіл Кірылюк заўважыў у камэнтары Свабодзе, што магчымасьць замарожваць рахункі сілавікі мелі і раней. Яны ёю карысталіся, і больш, чым на дзесяць дзён. Таму навошта зараз ім такі дазвол на дзесяць дзён, яму «дзіўна і не зразумела», ён непакоіцца, што новы закон змогуць выкарыстоўваць для «барацьбы з палітычнымі апанэнтамі».
«Гіпотэза: працэдурна сілавікам унутры сыстэмы будзе прасьцей атрымліваць дазвол на такое блякаваньне, чым звычайным шляхам. Якая для беларускага грамадзтва будзе карысьць ад гэтага закону? Пакажа практыка. Можа быць, з дапамогай гэтага дзесяцідзённага блякаваньня сапраўды выкрыюць буйных наркабаронаў і сеткі наркадылераў, якіх дагэтуль не маглі выкрыць? Паглядзім», — кажа суразмоўца.
Ён зьвяртае ўвагу, што ўжо цяпер ёсьць відавочныя падставы асьцерагацца злоўжываньняў на грунце новага ўказу.
«Дапускаю, што норму будуць выкарыстоўваць не паводле прызначэньня, а для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі, якая на працягу апошніх пяці гадоў і была асноўным фокусам беларускіх сілавікоў, а ня пошук злачынцаў, на жаль», — кажа Міхаіл Кірылюк.
Кантраляваць бізнэсоўцаў і крыптавалютнікаў
Прадстаўнік ініцыятывы BelPol Уладзімер Жыгар сказаў Свабодзе, што лёгіка новага закону яму не зразумелая. На ягоную думку, гэты ўказ зьявіўся не для таго, каб змагацца з наркотыкамі, а каб узмацніць лічбавы кантроль за грашовымі апэрацыямі беларусаў, нават не зьвязаных з наркотыкамі. Падазрэньне ў незаконных дачыненьнях да наркотыкаў будзе толькі нагодай праверыць і замарозіць рахункі. Жыгар мяркуе, што ідзецца перадусім пра крыптавалюты, бо буйныя сумы часта зьвязаныя менавіта зь імі.
«Хутчэй за ўсё гэта было рашэньне, якое лабіявала МУС, каб, прыкрываючыся меркаванай сувязьзю з абарачэньнем наркотыкаў, блякаваць фінансавыя сродкі і правяраць таго ці іншага чалавека — адкуль, куды, чаму пераводзіліся грошы, хоць сувязі з наркотыкамі проста няма. Гэта адзінае тлумачэньне, навошта патрэбны такі закон», — камэнтуе Жыгар.
Ён думае, што дзяржаўныя службоўцы пастаянна манітараваць дробныя апэрацыі нібыта ў сувязі з наркотыкамі ня будуць.
«Калі мы кажам пра невялікія сумы, гэта як страляць з зэніткі па мурашцы. Калі казаць пра простых людзей, то гэта бескарысна за імі сачыць, гэта так не працуе», — параўноўвае ён.
Прадстаўнік BelPol мяркуе, што новы закон будуць стасаваць да людзей, якія пераводзяць буйныя сумы грошай, што выклікае «апэратыўны інтарэс». Сярод іх могуць быць бізнэсоўцы, у тым ліку набліжаныя да Лукашэнкі, каб іх дадаткова кантраляваць, каб яны не займаліся патаемнымі гульнямі й не пераводзілі грошы, прыкладам, на Кіпр.
Жыгар дадаў, што людзі плацяць за наркотыкі банкаўскай карткай надзвычай рэдка, бо так чалавека вельмі хутка могуць «вылічыць». Калі некага падазраюць у парушэньні наркатычнага заканадаўства, то яму звычайна не даюць дзесяці дзён, каб ён пасьпеў скарыстацца сваім банкаўскага рахунку. Калі чалавеку паведамляюць, што яго падазраюць, то адразу і затрымліваюць.
«Як гэта будзе? Табе заблякавалі картку. Ты прыходзіш у банк, пытаесься: „Чаму мне заблякавалі картку?“ Яны кажуць, што заблякавала міліцыя паводле такога й такога закону. Ён пачытае, што гэта за закон... Гэта так не працуе», — разважае Жыгар.
Ён дадае, што банкі і раней мусілі падаваць сілавым органам банкаўскую інфармацыю пра сваіх кліентаў, калі была такая патрэба.
«Цяпер гэта нашмат хутчэй будзе, напэўна, нашмат глыбей. Пытаньне, як будзе ўжывацца гэты закон. Гэта толькі на практыцы, з часам мы ўбачым. Хутчэй за ўсё гэты закон будзе датычыць невялікай нішы, якая была патрэбная праваахоўным органам, каб ажыцьцяўляць яшчэ большы лічбавы кантроль», — мяркуе Жыгар.
Ён думае, што сілавікі будуць «прыкрывацца наркотыкамі», бо гэта ў сьвеце прыбытковы бізнэс і вялікія сумы лягчэй будзе зьвязваць зь ім.
Форум