Пуцін зазначыў, што Расея атрымала тэкст пляну, але прадметна ён з расейскім бокам не абмяркоўваўся, паколькі Ўкраіна пакуль не дала згоды на прапановы.
Паводле слоў Пуціна, дакумэнт, які абмяркоўваецца, — «мадэрнізаваная вэрсія» пагадненьня, якое разглядалася падчас яго перамоваў з прэзыдэнтам ЗША Трампам на Алясцы. Масква пацьвердзіла сваю згоду з прапановамі, але пасьля сустрэчы была паўза з боку ЗША з-за адмовы Украіны ад пляну, сказаў Пуцін.
Пуцін таксама паведаміў, што ЗША прасілі Расею пайсьці «на пэўныя кампрамісы».
Пуцін таксама заявіў, што Расея гатовая да мірных перамоваў, але яе задавальняе бягучая дынаміка баявых дзеяньняў у Купянску і на іншых участках фронту.
Ён адзначыў, што па стане на 4 лістапада Купянск практычна цалкам знаходзіўся пад кантролем расейскага войска. Разам з тым, мяркуючы па адкрытых крыніцах, расейскія войскі прасоўваюцца пад Пакроўскам, а ў Купянску лінія фронту амаль не зьмянілася. Украінскія вайскоўцы аб пакіданьні горада не паведамлялі.
Па дадзеных Bloomberg, ключавыя эўрапейскія партнэры Украіны раскрытыкавалі асноўныя элемэнты амэрыканскага пляну. Лідэры ЭЗ і Вялікай Брытаніі лічаць, што ўзброеныя сілы Ўкраіны павінныя заставацца здольнымі абараняць свой сувэрэнітэт, а цяперашняя лінія судакрананьня павінна стаць зыходным пунктам для любых мірных перамоваў.
Паводле апублікаванага Axios папярэдняга тэксту, мірны плян прадугледжвае, што ўкраінскія войскі выйдуць з кантраляванай імі часткі Данецкай вобласьці, і гэтая зона будзе лічыцца нэўтральнай дэмілітарызаванай буфэрнай зонай, міжнародна прызнанай як тэрыторыя, якая належыць Расейскай Фэдэрацыі, — але расейскія войскі туды ня ўвойдуць.
Форум