Уначы на 19 лістапада расейскія войскі нанесьлі камбінаваны ўдар па абʼектах крытычна важнай інфраструктуры ва Ўкраіне з выкарыстаньнем 476 ударных бесьпілётнікаў і 48 ракет паветранага і наземнага базаваньня, паведамілі ва Ўкраінскай ваенна-паветранай службе. Там дадалі, што асноўным напрамкам расейскага ўдару былі Львоўская, Цярнопальская і Харкаўская вобласьці.
Паводле зьвестак МУС Украіны, у Цярнопалі загінулі 25 чалавек, у тым ліку трое дзяцей. Яшчэ 73 чалавекі, у тым ліку 15 дзяцей, атрымалі раненьні. Пацярпелі жылыя будынкі. Ратавальнікі расчышчаюць завалы, пад якімі ўсё яшчэ могуць знаходзіцца людзі. У горадзе пашкоджаныя два 9-павярховыя жылыя будынкі: у адным — пажар, у другім — разбурэньні з трэцяга да дзявятага паверхаў.
Таксама ў выніку расейскага нападу пашкоджаны энэргетычны абʼект у Львоўскай вобласьці, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі. Паводле папярэдніх зьвестак, ахвяр і параненых няма.
У Харкаве ў выніку нападу пацярпелі 46 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, паведаміла мясцовая адміністрацыя. Там дадалі, што расейскія войскі нанесьлі ўдары бесьпілётнікамі па двух раёнах гораду. Ёсьць пашкоджаныя дамы і іншыя абʼекты.