Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абодва бакі захавалі твар, — палітоляг аб завяршэньні крызісу з закрыцьцём літоўска-беларускай мяжы


Літоўскія грузавікі на стаянцы ў беларускім пункце пропуску Беняконі падчас крызісу з закрыцьцём мяжы паміж Беларусьсю і Літвой
Літоўскія грузавікі на стаянцы ў беларускім пункце пропуску Беняконі падчас крызісу з закрыцьцём мяжы паміж Беларусьсю і Літвой

Сьцісла

  • Пасьля адкрыцьця мяжы сытуацыя вярнулася да стану, у якім яна была некалькі месяцаў таму.
  • Літоўскія перавозьнікі, машыны якіх захрасьлі ў Беларусі, павінныя былі разумець, што робяць бізнэс зь неправавой дзяржавай.
  • Літва разам з ЭЗ і ЗША ўжываюць адносна Беларусі тактыку «добрага» і «злога» паліцэйскіх.

Закрыцьцё мяжы Літвой аказалася дзейным інструмэнтам узьдзеяньня на рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі. Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс.

— Урад Літвы прыняў рашэньне адкрыць мяжу, закрытую яшчэ ў канцы кастрычніка. Чаго ў выніку гэтага крызісу дабілася Вільня і чаго Лукашэнка?

— Калі спрошчана, то мы вярнуліся да сытуацыі пару месяцаў таму. Што да паветраных балёнаў, мы бачым, што колькасьць іх прылётаў моцна скарацілася, гэта значыць сыгнал быў сапраўды пачуты. Так што абодва бакі могуць сказаць, што іх захады і контрзахады спрацавалі, абодва бакі захавалі твар.

Магчыма, менскі рэжым думаў, што Літва мяжу не закрые, што гэта бравада, бо кошт гэтага даволі вялікі. Але Літва гэта зрабіла і сыгнал быў пачуты.

Віціс Юрконіс
Віціс Юрконіс

Гістэрычныя выказваньні Лукашэнкі сьведчылі аб тым, што ў Менску хваравіта ўспрынялі рашэньне Літвы. Відавочна, што закрыцьцё мяжы ня можа быць адзіным інструмэнтам, патрэбныя і новыя пакеты санкцый, і прыцягненьне да міжнароднай адказнасьці.

У Літвы будзе больш інструмэнтаў, калі сытуацыя будзе паўтарацца, ніхто не можа гарантаваць, што паветраныя шары больш не паляцяць.

Беларускі рэжым, вядома, будзе тлумачыць вынікі так, што яму ўдалося зламаць Літву. Гэта не зусім так. Хаця Менску ўдалося знайсьці ўразьлівую групу — гэта перавозьнікі, празь якіх можна аказваць ціск на ўрад Літвы. У Літве ідзе дыялёг ураду з бізнэс-супольнасьцю. На жаль, некаторыя літоўскія лягістычныя кампаніі ўдзельнічаюць у абыходзе санкцый, Гучаць галасы аб другасных санкцыях, аб крымінальным перасьледзе тых, хто абыходзіць санкцыі.

І ў Літвы зьявіліся дадатковыя аргумэнты наконт гібрыдных атак, наконт тых відаў шантажу, якія выкарыстоўваюць Менск і Масква.

— Ці вядома, як вырашылася праблема з захраслымі ў Беларусі літоўскімі фурамі? Пасьля закрыцьця Літвой мяжы Лукашэнка адмовіўся выпускаць зь Беларусі больш за тысячу фур, ім выставілі вялікія рахункі за знаходжаньне на беларускай тэрыторыі. Я размаўляў з літоўскімі перавозчыкамі, яны сказалі, што пакуль не плацілі нічога. Але калі мяжа адкрыецца, ад іх будуць патрабаваць аплату. Ці можа ўрад Літвы ім неяк дапамагчы? Учора прайшлі тэхнічныя перамовы з беларускім бокам на ўзроўні памежных ведамстваў. Ці гэтае пытаньне на перамовах абмяркоўвалася?

— Я ўпэўнены, што абмяркоўвалася. Але ня ведаю, які вынік. У Літве былі галасы, што кампаніі-перавозьнікі ведалі, куды едуць, мусілі разумець рызыку. Беларусь — неправавая дзяржава, і людзі, і машыны могуць апынуцца закладнікамі. У Літву з Беларусі былі выдвараныя дзясяткі палітвязьняў. Літва таксама можа выставіць рахунак за іх Беларусі.

Гэтая сытуацыя паказвае і Брусэлю, і Бэрліну, і таму ж Вашынгтону, наколькі непрыязна паводзіць сябе беларускі рэжым. Так што тут маштаб наступстваў куды шырэйшы, чым страты літоўскіх перавозчыкаў.

— Днямі Літва заклікала Эўразьвяз увесьці дадатковыя санкцыі адносна Беларусі за палёты паветраных шароў з кантрабандай. Цяпер Літва адкрыла мяжу. Яна адкліча гэтую прапанову аб санкцыях?

— Я ня ведаю, але сытуацыя ж прынцыпова не мяняецца. Застаюцца пытаньні палітвязьняў, пытаньні катаваньняў, пытаньні саўдзелу Беларусі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны. Літва як была актыўнай прыхільніцай узмацненьня санкцыйнага ціску, так і застаецца ёй. Адкрыцьцё мяжы не мяняе гэтую пазыцыю.

— Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс апошнім часам сустракаўся і зь дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё, і з спэцыяльным пасланьнікам у Беларусі Джонам Коўлам. Якую ролю адыграў Вашынгтон у вырашэньні крызісу ў адносінах Літвы і Беларусі з улікам таго, што пазыцыя ЗША ў адносінах да Беларусі, рэжыму Лукашэнкі, адрозьніваецца ад палітыкі Вільні?

— Я ня згодзен, што вельмі адрозьніваецца. Проста нехта бяжыць кароткую дыстанцыю, а нехта маратон. Візыт Будрыса плянаваўся загадзя, ён ня быў прымеркаваны да крызісу наконт мяжы. Але крызіс, безумоўна, абмяркоўваўся на перамовах літоўскага міністра, ён тлумачыў, чаму Літва дзейнічае так, а няйначай.

Дарэчы, я хачу нагадаць, што і ў гуманітарнай місіі вызваленьня беларускіх палітвязьняў Літва зьяўляецца важным партнэрам ЗША.

— Вы сказалі, што палітыка ЗША і Літвы адносна Беларусі ня надта адрозьніваецца. Але Літва закрыла мяжу, Літва заклікала ЭЗ узмацніць санкцыі. І ў гэты час ЗША аслабляюць санкцыі адносна Беларусі. У разгар крызісу наконт паветраных шароў Літва катэгарычна адмаўлялася весьці перамовы з Беларусьсю на палітычным узроўні. Зь іншага боку, у Менску вядуць менавіта палітычныя перамовы Келаг і Коўл. Трамп піша Лукашэнку «глыбокапаважаны спадар прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь». І гэта нязначныя адрозьненьні?

— Мы ж разумеем, чаму гэта робіцца. Можна дасягаць адной і той жа мэты рознымі мэтадамі. Тамака ёсьць, вядома, і падводныя камяні. Мы ведаем, як беларускі рэжым працуе з заходнімі экспэртамі, як прасоўвае наратывы аб тым, што менавіта санкцыі падштурхоўваюць Менск да збліжэньня з Масквой. Гэтыя спробы ўвесьці ў зман рабіліся яшчэ ў часы Ўладзімера Макея. Адміністрацыя Дональда Трампа спрабуе тэставаць намеры Лукашэнкі.

Гэта стандартная перамоўная тактыка «добрага» і «дрэннага» паліцэйскіх. Але мэты супадаюць. Літва і ЗША — саюзьнікі, партнэры. І нашы адносіны якасна адрозьніваюцца ад адносін Беларусі і Расеі. У Крамлі могуць загадаць Лукашэнку і ён выканае загад. Вашынгтон можа толькі папрасіць Вільню.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG