Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцэйская дзяржава замест сацыяльнай: што стаіць за падаражэньнем камуналкі для «дармаедаў»


Дзяржаўная камісія разглядае справу «не занятага ў эканоміцы». Ілюстрацыйнае фота Белта
Дзяржаўная камісія разглядае справу «не занятага ў эканоміцы». Ілюстрацыйнае фота Белта

Сьцісла

  • Барацьба з дармаедзтвам выцякае з самой прыроды патэрналісцкай дзяржавы, якая існуе ў Беларусі.
  • Эвалюцыя палітычнай сыстэмы ў бок таталітарызму падводзіць да неабходнасьці ўзмацненьня кантролю над грамадзтвам.
  • Адзіны і ўнівэрсальны спосаб вырашэньня любых праблем у сёньняшняй Беларусі — гвалт і прымус.
  • Цяперашняя кампанія супраць «дармаедаў» — гэта помста рэжыму ўсім, хто зьехаў за мяжу.

Новы раунд барацьбы з «дармаедамі» наўрад ці прынясе ўладам вялікія эканамічныя дывідэнды. Верагодна, выдаткі дзяржаўнага апарату па іх пошуку не акупяцца, і вялікага сацыяльнага ці палітычнага плёну ўлады не атрымаюць. А вось вялікае раздражненьне многіх беларусаў гэтыя новыя захады ўжо выклікалі.

Новы раунд барацьбы з «дармаедамі»

Доўгая эпапэя беларускіх уладаў з «дармаедамі» уступіла ў новы этап.

У Беларусі зьмянілі парадак разьліку за жыльлёва-камунальныя паслугі для «не занятых у эканоміцы» грамадзян, якіх у прапагандзе называюць «дармаедамі». Многія беларусы атрымалі квітанцыі за кастрычнік 2025 году з значна большымі сумамі. Дасюль, калі чалавек, не заняты ў эканоміцы, быў зарэгістраваны ў сваёй кватэры і жыў там не адзін, то павышаныя тарыфы датычылі толькі ягонай долі ў агульным аб’ёме паслугаў. А з 1 кастрычніка, калі ўласьнік жыльля ўключаны ў сьпіс «не занятых у эканоміцы», то ўсе астатнія жыхары кватэры ці дома плацяць павышаныя тарыфы, нават тыя, хто афіцыйна працуюць у Беларусі і плацяць падаткі.

Таксама непрацаўладкаваных людзей з дапамогай міліцыі выклікаюць на паседжаньні камісій і прыцягваюць да грамадзкай працы. Некаторыя з тых, хто адмовіўся зьявіцца на такія мерапрыемствы, патрапілі пад адміністратыўнае пакараньне.

Гісторыя змаганьня з «дармаедамі»

Ужо больш дзесяці гадоў улады вядуць упартую барацьбу з «дармаедамі». Прадстаўнікі МУС выступалі з ініцыятывай прыняць заканадаўчы акт, які дазваляе прыцягваць да прымусовага працаўладкаваньня. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў 2014 годзе казаў: «Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць!». Прэзыдэнцкі дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 года прадугледжваў увядзеньне падатка за дармаедзтва, які назвалі «зборам». Лукашэнка тлумачыў, што гэты заканадаўчы акт «не зьяўляецца ні эканамічным, ні фінансавым», «гэта ідэалягічны, маральны дэкрэт», які мае аднавіць сацыяльную справядлівасьць.

Атрымалася, што ўлады ня толькі не дапамагаюць беспрацоўным, а яшчэ прымушаць іх плаціць штраф

Дэкрэт пачаў рэалізоўвацца ў 2017 годзе. Ён закрануў 470 тысяч чалавек. Ва ўмовах масавага беспрацоўя ў рэгіёнах, дэкрэт ударыў па людзях, якія апынуліся ў бядзе. Атрымалася, што ўлады ня толькі не дапамагаюць беспрацоўным, а яшчэ прымушаць іх плаціць штраф. Насельніцтва палічыла гэта дзікай несправядлівасьцю, па ўсёй краіне пачаліся акцыі пратэсту.

У выніку Лукашэнка быў вымушаны прыпыніць дзеяньне дэкрэту. У новым варыянце ён прадугледжваў, што безпрацоўныя грамадзяне павінны аплочваць поўны кошт камунальных паслуг без усялякіх ільгот. Пастанова Савета Міністраў № 465 ад 27 жніўня 2025 году пашырыла прымяненьне гэтай меры на ўсіх жыхароў жылой плошчы.

Хто гэтыя людзі, не занятыя ў эканоміцы?

Чаму пэўная колькасьць людзей не занятыя ў эканоміцы? Ёсьць тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцьця. Частка беларусаў занятая ў «шэрай эканоміцы», то бок яны працуюць, але нелегальна, ня плацяць падаткі.

Апошнімі гадамі некалькі соцень тысяч беларусаў эмігравалі за мяжу з палітычных і эканамічных прычынаў. Аднак вялізная іх частка зарэгістраваная ў Беларусі і, паводле статыстыкі, лічыцца незанятай у беларускай эканоміцы.

У савецкія часы за «дармаедзтва» прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці. Аднак ёсьць вялікае адрозьненьне сёньняшняй сытуацыі, ад той, якая існавала ў СССР. Сёньня Беларусь — гэта краіна з рынкавай эканомікай, няхай гэты рынак і існуе зь вялікімі скажэньнямі. А ў рынкавай эканоміцы чалавек можа атрымоўваць даход, не працуючы ў звычайным разуменьні. Напрыклад, жыць за кошт акцый пасьпяховай кампаніі, ці за працэнты ад банкаўскага ўкладу і інш. Калі чалавек плаціць падаткі, то нічога не парушае, і ніякі ён не ўтрыманец.

У чым сэнс змаганьня з «дармаедамі»?

Чаго раптам цяпер улады так моцна занепакоіліся гэтай тэмай? Гэта можа тлумачыцца некалькімі чыньнікамі.

Па-першае, пэрманэнтная барацьба з дармаедзтвам выцякае з самой унутранай прыроды патэрналісцкай дзяржавы, якая існуе ў Беларусі. Ідэалёгія такой дзяржавы грунтуецца на тым, што ўсе павінны працаваць на карысьць грамадзтва (насамрэч, дзяржавы), а ўжо ўлады ад імя народу потым аддзячаць, падзеляць атрыманыя выгоды паміж усімі. Улада, якая вялікай лыжкай раздае, дзеліць на ўсіх баланду, лічыць, што мае права патрабаваць, каб кожны грамадзянін добрасумленна зарабляў сваю пайку. Хто гэтага ня робіць, той сацыяльны ўтрыманец, чужы элемэнт у патэрналісцкай сыстэме, да якога трэба прымяняць меры прымусу. І сацыяльная дзяржава натуральным чынам ператвараецца ў паліцэйскую дзяржаву.

Улада, якая вялікай лыжкай раздае на ўсіх баланду, лічыць, што мае права патрабаваць, каб кожны грамадзянін добрасумленна зарабляў сваю пайку

Да таго ж эвалюцыя палітычнай сыстэмы ў бок таталітарызму заканамерным чынам падводзіць да неабходнасьці ўзмацненьня кантролю над грамадзтвам. Напрыклад, зьяўляецца дадатковая падстава перасьледаваць неляяльных грамадзян, бо людзям, якія трапілі ў «чорныя сьпісы» як палітычна недабранадзейныя, асабліва ў правінцыі, немагчыма знайсьці працу.

Па-другое, абвастраюцца эканамічныя праблемы. Каб напоўніць бюджэт, улады імкнуцца атрымаць дадатковую колькасьць грошай за кошт павялічэньня камунальных тарыфаў адносна «дармаедаў».

Ці можна такім чынам вырашыць эканамічныя праблемы?

У краіне зьявіўся дэфіцыт працоўных рук. Масавая эміграцыя з краіны, плюс «дэмаграфічная яма» прывялі да таго, што ў некаторых галінах эканомікі і сацыяльнай сфэры існуе шмат незапоўненых вакансій. Адзіны і ўнівэрсальны спосаб вырашэньня любых праблем, які выкарыстоўвае дзейны рэжым, гэта гвалт, прымус, закручваньне ўсіх гаек. Няма каму працаваць? Давайце павялічым тэрмін адпрацоўкі пасьля заканчэньня навучальнай установы, пачнем караць за дармаедзтва.

Па-трэцяе, гэта помста рэжыму ўсім, хто зьехаў за мяжу. Паводле ідэалягічнага канструкту ўладаў, усе, хто выехаў зь Беларусі — людзі ненадзейныя, неляяльныя, ворагі. Рэжым увесь час імкнецца іх неяк «дастаць», пакараць. Ім немагчыма атрымаць пашпарты за мяжой, ладзіць дыстанцыйна розныя эканамічныя і юрыдычныя ўгоды, распараджацца маёмасьцю і інш. Вось Лукашэнка моцна заклапаціўся, як ня даць ім прыяжджаць у Беларусь лекаваць зубы. Павышэньне камунальных тарыфаў адносна «дармаедаў» — крок з гэтага шэрагу.

Аднак, калі глядзець на гэтыя намаганьні ўладаў з эканамічнага гледзішча, то наўрад ці гэты новы раунд барацьбы з «дармаедамі» прынясе вялікія дывідэнды. Пакуль існуе цяперашні рэжым, эмігранты ў краіну ня вернуцца. Наўрад ці можна прымусіць працаваць людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця.

А дзяржаўны апарат заняты працай — пошукам дармаедаў. Верагодна, ягоныя высілкі, выдаткі не акупяцца. А значыць, вялікага сацыяльна-эканамічнага ці палітычнага плёну ўлады не атрымаюць. Калі глядзець на рэакцыю сацыяльных сетак, то гэтыя новыя захады дзяржавы выклікаюць, хутчэй, раздражненьне многіх беларусаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG