Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За час працы АЭС у Астраўцы электрычнасьць для людзей падаражэла на 36%. Навошта ўладам Беларусі другая атамная станцыя


Беларуская АЭС, архіўнае фота
Беларуская АЭС, архіўнае фота

Лукашэнка чарговы раз заявіў пра намер пабудаваць у Беларусі яшчэ адну атамную станцыю. Нібыта электраэнэргія зь яе можа спатрэбіцца «паўднёваму захаду Расеі». Разьбіраемся, чым дапамагла беларусам АЭС і ці можа быць эканамічны вынік ад яшчэ адной.

17 лістапада Лукашэнка заявіў, што будзе весьці дыялёг з Расеяй наконт будаўніцтва на ўсходзе Беларусі чарговай, ужо другой АЭС. Сьпярша, зь ягоных словаў, трэба пабудаваць трэці энэргаблёк на АЭС у Астраўцы, а пасьля думаць пра будаўніцтва іншай. Нібыта энэргія з новай АЭС можа спатрэбіцца паўднёваму захаду Расеі. Пра гэта Лукашэнка кажа ня першы раз, 26 верасьня сёлета ён гаварыў, што энэргія з другой беларускай АЭС можа быць патрэбная рэгіёнам, «вызваленым Расеяй», то бок акупаваным расейцамі ўкраінскім тэрыторыям. Глядзім, што дала беларусам першая АЭС і ці можа быць нейкая выгада ад другой.

Што АЭС дала Беларусі

Першы энэргаблёк БелАЭС урачыста адкрылі 7 лістапада 2020 году. З таго часу АЭС выпрацавала 53 мільярды кіляват-гадзін энэргіі. «Белэнэрга» паведамляе, што цяпер АЭС выпрацоўвае каля 40% усёй электраэнэргіі ў краіне.

Летась у Беларусі спажылі 43,2 мільярда кіляват-гадзін энэргіі, а выпрацавалі 39,5 мільярда кіляват-гадзін.

А пяць гадоў таму, у 2020 годзе, у Беларусі агулам спажылі 38 мільярдаў кіляват-гадзін энэргіі, а выпрацавалі 34 мільярды кіляват-гадзін. То бок розьніца паміж выпрацаваньнем і спажываньнем зьмянілася нязначна, і тады і цяпер патрэбна было дадаткова яшчэ прыкладна 4 мільярды кіляват-гадзін энэргіі.

У 2020 годзе дадатковую электраэнэргію — тыя ж прыкладна 4 мільярды кіляват-гадзін — Беларусь проста закупіла за мяжой. Цяпер жа Лукашэнка сьцьвярджае, што ад імпарту электраэнэргіі цалкам адмовіліся. Ад 2021 году зьвесткі статыстыкі пра гэта не публікуюцца, чым пакрылі ў 2024 годзе розьніцу паміж выпрацаваньнем і спажываньнем, незразумела.

За 5 гадоў працы БелАЭС у сярэднім (тарыфы яе энэргіі залежаць ад пары дня і іншых крытэраў) электраэнэргія для звычайных людзей падаражэла на 36%.

«Людзі плацяць грошы за сам факт існаваньня станцыі»

Сяргей Бесараб, радыяцыйны хімік, навуковец, вядомы крытычным аналізам радыяцыйнай бясьпекі, заўважае, што пабудаваць трэці энэргаблёк цяперашняй АЭС хоць эканамічна нямэтазгодна, але ня вельмі складана. А вось будаўніцтва другой АЭС ён называе «вар’яцтвам».

Сяргей Бесараб
Сяргей Бесараб

«Гэта абсалютнае вар’яцтва паводле якіх-хаця крытэраў — эканамічных, фінансавых. Будаваць праект коштам 10 мільярдаў даляраў з разьлікам на нейкі эфэмэрны рынак. Расейцы ж умеюць лічыць грошы. Нейкія акупаваныя тэрыторыі — гэта вельмі эфэмэрна, гэта ніяк ня можа быць асноўнай мэтай. Пры наяўнасьці адной АЭС электраэнэргія даражэе. У працы АЭС таннае толькі паліва, а ўсё іншае непараўнальна дорага, асабліва выплаты за крэдыт. І яны ўжо зашытыя ў тарыфы для людзей. Людзі плацяць за факт будаўніцтва станцыі. Таксама ж там улічаныя заробкі вельмі дарагім расейскім экспэртам, рамонт каштуе грошай, дэталі, бясьпека», — падкрэсьлівае Бесараб.

Таксама навуковец зьвяртае ўвагу на патрэбу мадэрнізацыі лініяў электраперадач, што нават для адной АЭС вымагае дадатковых сродкаў.

«Патрэбна было мадэрнізаваць усю сыстэму электраперадач краіны. Яны спрабавалі гэта рабіць за нейкія замежныя грошы, але пасьля ўвядзеньня санкцыяў уся фінансавая нагрузка звалілася на спажыўцоў. Людзі плацяць і за мадэрнізацыю энэргасетак. А пры зьяўленьні другой АЭС усе выдаткі можна памножыць проста на два», — гаворыць Бесараб.

Навуковец нагадвае, што пляцоўку пад першую АЭС абіралі нелягічна, бо АЭС звычайна будуюць каля буйных прамысловых прадпрыемстваў, а найбольш такіх прадпрыемстваў на поўдні Беларусі .

Што да магчымых выгадаў ад другой АЭС, то Бесараб іх проста ня бачыць. Нават продаж адпрацаваных рэчываў, напрыклад, каштоўнага плютонію-239, патрабуе дадатковых выдаткаў.

«Каб атрымаць патрэбнае рэчыва, трэба касьмічныя тэхналёгіі, для гэтага трэба завод, які каштуе даражэй за атамную станцыю», — кажа навуковец.

І дадае, што ў самой Расеі працуе 36 атамных энэргаблёкаў.

«Нават газу менш ня сталі спажываць»

Спачатку Беларусь будавала першую АЭС з мэтай, сярод іншага, экспартаваць электраэнэргію ў суседнюю Літву і, магчыма, Украіну. Літва, незадаволеная зьяўленьнем атамнай станцыі каля самай яе мяжы, адмовілася ад такой энэргіі. Украіна ж набывала беларускую электрычнасьць да поўнамаштабнай вайны, але пасьля 2022 году адмовілася ад гэтага. У 2021 годзе Ўкраіна набыла 1,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі ў Беларусі, уклаўшы дзясяткі мільёнаў даляраў.

Зараз улады Беларусі абгрунтоўваюць будаўніцтва новага энэргаблёку і нават новай АЭС тым, што зьяўляецца больш электракараў, дамоў, якія спажываюць шмат энэргіі, а таксама патрэбаю спажываць менш расейскага газу. Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна заўважае, што летась спажываньне газу, наадварот, вырасла.

Дасьледчыца Анастасія Лузгіна, Beroc
Дасьледчыца Анастасія Лузгіна, Beroc

«Перш спажываньне газу сапраўды зьніжалася: у 2022-м (16,9 мільярда кубамэтраў), 2023 годзе (15,4 мільярда кубамэтраў). А ў 2024 годзе адбыўся рост у параўнаньні з 2023 годам — да 17 мільярдаў кубічных мэтраў. У цэлым пэўнае зьніжэньне за 10 гадоў, можа, і будзе, але ня вельмі актыўнае, нягледзячы на працу двух блёкаў АЭС», — гаворыць Анастасія Лузгіна.

Яшчэ адзін спадзеў уладаў Беларусі — на набыцьцё энэргіі з АЭС для майнінгу крыптавалютаў. Гэты працэс сапраўды вымагае шмат энэргіі, але ёсьць нюансы: па-першае, у краіне мусяць быць выгады для такога бізнэсу, а па-другое, майнінгавыя фэрмы могуць несьці пагрозу для краіны ў моманты пікавых нагрузак, дадае Анастасія Лузгіна.

Простая выгада ўладаў Беларусі ў тым, што будаўніцтва нават аднаго блёку АЭС — гэта інвэстыцыйны праект, то бок грошы для краіны.

«Гэта будзе ўплываць на ВУП Беларусі, будзе стымуляваць ягоны рост. Новы энэргаблёк — дадатковыя новыя ўліваньні. Дарэчы, на цану самай электраэнэргіі для насельніцтва будаўніцтва дадатковага блёку, напэўна, не паўплывае ў бок зьніжэньня. Бо АЭС — дарагі праект. Тэрмін акупнасьці грошай, узятых у крэдыт, будзе лічыцца гадамі», — падкрэсьлівае эканамістка.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларускую АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
  • З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
  • У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
  • 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG