Першы «Сход неабыякавых» прайшоў сёлета ў чэрвені ў Варшаве. Ён згуртаваў праціўнікаў лідэрства Сьвятланы Ціханоўскай, Абʼяднанага пераходнага кабінэту і партнэрскіх ім арганізацыяў, У першай імпрэзе, паводле арганізатараў, удзельнічалі да ста чалавек.
21 лістапада на віленскі «Сход» адазваліся і зарэгістраваліся, паводле рабочай групы, 70 чалавек, але ў залі разам з журналістамі было 45. Георгій Дзьмітрук з расколатай у выгнаньні «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» мяркуе, што рэшта зарэгістраваных альбо ўдзельнічалі онлайн, альбо не зьявіліся.
Дзьмітрук зачытаў прысутным свой артыкул пра важнасьць маральнага лідэрства для народаў, якія змагаюцца за дэмакратыю. Паводле выступоўцы, гэтую ролю ў Беларусі могуць адыгрываць толькі дзьве асобы — палітычныя зьняволеныя Мікалай Статкевіч і Павал Севярынец, але не Сьвятлана Ціханоўская і яе офіс.
«Мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць у выяўленьні лідэрства», — абвясьціў Дзьмітрук і працытаваў Вацлава Гавэла.
Адносна кандыдатур у лідэры ўсіх беларусаў зь Дзьмітруком згодны выконваючы абавязкі старшыні «Народнай Грамады» Яўген Вільскі. Паводле Вільскага, арганізатары «Сходу неабыякавых» перадавалі ў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай запрашэньне, але як там на яго адрэагавалі, ня ведаюць. На сходзе прадстаўнікоў дэмакратычнай лідэркі сапраўды не было. «Нас ня бачаць», — паскардзіўся Яўген Вільскі.
Калі старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка прыйшоў на першы «Сход неабыякавых» у Варшаве, ягоны выступ спынілі крыкамі «Ганьба», многія ўдзельнікі дэманстратыўна павярнуліся сьпінамі.
Яшчэ адным арганізатарам сходу стаў паліграфоляг Віталь Савюк — лідэр «Краіны для жыцьця». Віталь патлумачыў, чаму называе ініцыятыву партыяй. Бо сёлета ў траўні правялі ўстаноўчы зьезд, у якім удзельнічала каля 200 сяброў. А што пакуль не зарэгістраваныя — «дык а хто цяпер зарэгістраваны?».
Таксама арганізатарамі «сходу неабыякавых» былі асобы, якія прадстаўлялі толькі саміх сябе.
Былы мянчук Антон Малькін 25 гадоў жыве ў Нямеччыне. У Вільню на сход мужчына праехаў за свае грошы. Ён лічыць, што «беларусам трэба вучыцца дэмакратыі».
Былы ваяр-добраахвотнік ва Ўкраіне Аляксандар Навуковіч з пазыўным «Лохвіч» зачытаў падрыхтаваны ім дакумэнт пра «гібрыдную інтэрвэнцыю Беларусі». Калі б гэтую зьяву прызналі ў сьвеце, беларусы змаглі б стварыць сваё вызвольнае войска, лічыць «Лохвіч».
«Калі ня я, дык хто? Гэтак падумаў і вырашыў далучыцца», — распавёў празь мікрафон Міхаіл Кучараў, які прыехаў зь Люксэмбургу. Паводле Кучарава калі Ціханоўская прыяжджала да іх у Люксэмбург і сустракалася там зь беларусамі, яго, які жыве ў гэтай краіне больш за 20 гадоў, на сустрэчу не запрасілі.
Яшчэ прысутныя на «Сходзе неабыякавых» выслухалі ад Міхаіла ўспамін пра беларускага праваабаронцу і палітвязьня з Барысава Ігара Ледніка, які памёр у турэмным шпіталі летась. Аказваецца, Кучараў сябраваў зь Леднікам, вельмі пра яго шкадуе — ён, Міхаіл, эміграваў зь Беларусі, а Леднік застаўся.
Пасьля кранальнага ўспаміну Кучараў ад імя арганізатараў сходу прапанаваў удзельнікам для падпісаньня тэкст Дэклярацыі аб стварэньні новай арганізацыі — «Беларуская нацыянальная кааліцыя» (БНК).
У адозьве на паўтары старонкі — пра дэмакратыю, незалежнасьць і месца беларусаў у сьвеце. Сярод іншага там адзначаецца, што падпісанты імкнуцца «аднавіць давер паміж беларусамі, вярнуць ім права ўдзелу ў прыняцьці рашэньняў і сфармаваць новы тып палітычнай культуры, заснаваны на празрыстасьці, салідарнасьці і сучасных формах самакіраваньня».
Калі ў гэтых словах некаторыя ўдзельнікі сходу пабачылі схаваную крытыку офіса Ціханоўскай, дык пазыцыя ў міжнародных пытаньнях — БНК бачыць Беларусь сябрам Эўразьвязу і NATO — ня выклікала пярэчаньняў падчас абмеркаваньня.
Яшчэ адна прадстаўніца працоўнай групы, сакратар «Народнай грамады» Алена Філатава з палітычным псэўданімам Helen Minskaya прыехала на імпрэзу з Украіны. Паводле яе, стварэньне «Беларускай нацыянальнай кааліцыі» ужо падтрымалі ня толькі яе партыя «Народная грамада», «БХД» і «Краіна для жыцьця», а «агулам 15 беларускіх арганізацый і грамадзкіх ініцыятываў». Тэкст дэклярацыі, паводле Філатавай, зьмесьцяць у інтэрнэце цягам содняў, бо «яшчэ патрэбныя некаторыя праўкі».
У актывісткі спыталі, а як быць з абрэвіятурай БНК — такімі самымі літарамі раней пазначаўся «Беларускі нацыянальны кангрэс», створаны ў 2016 годзе ў тым ліку Мікалаем Статкевічам. Але Helen Minskaya ня лічыць, што гэта праблема: галоўнае, што робіцца агульная справа.
Па заканчэньні сходу некаторыя ўдзельнікі вырашылі падпісаць Дэклярацыю, не чакаючы рэдактуры. Сярод іх быў былы актывіст «Маладога фронту» Андрусь Цянюта. Перад тым Цянюта абʼявіў прысутным, што «Малады фронт», пра дзейнасьць якога даўно не чуваць, падтрымлівае стварэньне БНК, а «офіс Ціханоўскай не падтрымлівае».
Такую ж пазыцыю агучыў у выступе онлайн і беларускі ваяр ва Ўкраіне, таксама былы маладафронтавец Віталь Трыгубаў. «Мы за тое, каб у нас не было аднаго цэнтру», — сказаў ён, дадаўшы, што апазыцыйныя арганізацыі «мала дапамагаюць беларусам, якія ваююць ва Ўкраіне».
«Сход неабыякавых» арганізатары сумясьцілі з правядзеньнем першага «Форуму Статкевіча». Плянавалася, што за 2,5 гадзіны працы праглядзяць дакумэнтальны фільм пра вядомага палітвязьня, які адмовіўся пакідаць Беларусь у выніку дамовы адміністрацыі прэзыдэнта ЗША з рэжымам Лукашэнкі. Але часу на фільм не хапіла.
Форум