Пытаньне пра тое, ці можна ўжываць гвалт, прымус у адносінах да дзяцей у школе, ёсьць пытаньне ідэалягічнае, сьветапогляднае.
Сьцісла
- Лукашэнка вядомы сваёй схільнасьцю да жорсткасьці.
- Гвалт — тая аснова, цэмэнт, які замацоўвае функцыянаваньне беларускага аўтарытарызму.
- Спроба пакараць за гвалт у школе Лукашэнкам разглядаецца як спроба разбурэньня беларускай сацыяльнай мадэлі знутры.
- Асноўная функцыя сыстэмы адукацыі ў Беларусі — гэта забесьпячэньне палітычнай ляяльнасьці моладзі.
Аляксандар Рыгоравіч — чалавек шчыры. Ня кожны адважыцца на ўвесь сьвет выстаўляць свае, скажам мякка, ня самыя лепшыя якасьці. Нялёгка знайсьці ў сьвеце ня толькі палітыка, а нават публічнага чалавека, які б мог сказаць адносна дзіцяці: «Я б на месцы гэтай настаўніцы галаву б адкруціў шчанюку нейкаму». Кіраўнік Беларусі ўжо нікога ня дзівіць сваёй празьмернай жорсткасьцю. У ягоным лексыконе ўвесь час прысутнічаюць такія выразы, як «па мордзе даць», «скруцім галаву», «ногі паадкручваем», «рукі паадсякаем» і інш. Цяпер гэта даведзена да лягічнага канца. На гэтым тле выглядаюць дзіўнымі ўсе размовы пра адмену сьмяротнага пакараньня.
Варта зьвярнуць увагу, што Лукашэнка ня толькі «аднавіў справядлівасьць» у сваім разуменьні і вярнуў на працу звольненую настаўніцу, але ўчыніў «разборку»: дырэктарка школы і шэраг чыноўнікаў страцілі пасады, строга папярэджаныя вышэйшыя кіраўнікі. Гэта ня толькі апэляцыя да свайго электарату, які яго добра разумее. Тут праблема глыбейшая.
Памятаеце, летась, калі Лукашэнка адхіляў закон аб хатнім гвалце, ён патлумачыў сваё рашэньне тым, што «ўся гэтая дурата ўзятая найперш з Захаду». Сапраўды, праект таго закону грунтаваўся на заходняй канцэпцыі правоў чалавека, павагі да чалавечай годнасьці, недатыкальнасьці асобы.
Так і тут. Пытаньне пра тое, ці можна прымяняць гвалт, прымус у адносінах да дзяцей у школе, ёсьць пытаньне ідэалягічнае, сьветапогляднае. Якраз гвалт — тая аснова, той цэмэнт, які замацоўвае функцыянаваньне беларускага аўтарытарызму. Створаная ў Беларусі паліцэйская дзяржава без усеагульнага гвалту існаваць ня можа, ён распаўсюджваецца на ўсе сфэры.
Таму звальненьне настаўніцы, якая прыніжае дзіця і пагражае яго забіць, разглядаецца як спроба разбурэньня беларускай сацыяльнай мадэлі знутры. За гвалт нікога ў Беларусі не звальнялі. А вось за процідзеяньне яму, спробу звольніць гэтую скандальную настаўніцу шэраг гомельскіх чыноўнікаў страцілі пасады. Паводле Лукашэнкі, кіраўнік Гомельскай вобласьці ўтрымаўся ў сваім крэсьле толькі дзякуючы таму, што займае яго нядаўна («у цябе куля праляцела каля вуха»).
Калі я чую развагі пра тое, што беларуская сыстэма адукацыі састарэлая, неэфэктыўная, патрабуе рэфармаваньня, то трохі дзіўлюся. Бо задача падвышэньня ўзроўню ведаў, ужо ня кажучы пра фармаваньне крытычнага мысьленьня ў школьнікаў, далёка не галоўная. Асноўная функцыя сыстэмы адукацыі Беларусі — гэта забесьпячэньне палітычнай ляяльнасьці моладзі. Дзеля гэтага трэба сфармаваць пакаленьне маладзёнаў, якое зь дзіцячага ўзросту засвоіла псыхалёгію падпарадкаваньня грубай сіле, загаду, якое ня ведае, што такое пачуцьцё чалавечай годнасьці. «Парадак трэба наводзіць» — вось галоўная ўстаноўка сыстэме адукацыі ад кіраўніка дзяржавы.
А тое, што настаўніца лаецца матам, дык што з таго? Сам Лукашэнка ня ўзор карэктнасьці. Яшчэ не пасьпела публіка забыць шэдэўр красамоўства пра «абас...х кароў», як 19 верасьня на нарадзе ён зноў парадаваў сваім прамоўніцкім талентам: «Абпісяліся, што ў іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі. А абпісяўшыся, узялі і пакаралі гэтага беднага настаўніка». Так што настаўнікам ёсьць з каго браць прыклад.
А рэакцыя беларускай інтэрнэт-супольнасьці, ладная частка якой падтрымала ў гэтым канфлікце настаўніцу, вельмі добра тлумачыць, чаму ў краіне так доўга трымаецца аўтарытарны рэжым.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.