Бацькі вучняў гомельскай школы №15, дзе настаўніца Людміла Чацьвярткова лаялася матам на вучня, замахвалася на яго партай і пагражала забіць, удзень 19 верасьня выйшлі на стыхійны сход перад будынкам установы, каб абараніць дырэктарку школы Марыну Чарненку.
Да журналістаў перад гэтым выйшаў начальнік абласнога ўпраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і абвясьціў, што дырэктарку школы №15 ніхто не звальняў, яна працуе, «выконвае свае функцыянальныя абавязкі». Да журналістаў выходзіла і сама «настаўніца з партай» Людміла Чацьвярткова, але адмовілася даваць камэнтары, бо «моцна стомленая».
Каля 30 бацькоў дамовіліся выйсьці на сход праз бацькоўскую групу ў мэсэнджэры Viber. На ганку школы яны расказалі, што падрыхтавалі пэтыцыю і зьбіраюць подпісы ў абарону звольненай дырэктаркі.
Бацькі аднагалосна выказваюцца за тое, каб кіраўніцу пакінулі на пасадзе: кажуць, яна вельмі добрая, дбае пра школу і школьнікаў, рамонт. Дадаюць, што пры ёй школа зьмянілася да лепшага ў матэрыяльным і адукацыйным пляне. Бацькі запэўніваюць, што, калі спатрэбіцца, дойдуць да Лукашэнкі.
Пад школай яны таксама агучылі шэраг праблемаў з адукацыяй у Навабеліцкім раёне Гомлі: школа №15 заплянаваная на 800 вучняў, а вучацца там 1800 чалавек. Школа перапоўненая, у клясах бывае больш за 30 вучняў, а ў настаўнікаў вялікая нагрузка. Побач пабудавалі два новыя мікрараёны — там абяцалі пабудаваць і школы, але не збудавалі.
Да школы прыйшлі прадстаўнікі гарвыканкаму і абласнога ўпраўленьня адукацыі. Часта бацькоў пайшла на перамовы ў будынак школы. Ды перамовы скончыліся нічым: бацькі выйшлі са сьлязьмі ад дырэктаркі са словамі: «Нам сказалі разыходзіцца». І ўсе адразу разышліся.
«Вось і ўсё. Як заўседы ўсё ў нас», — сказаў адзін з бацькоў.
Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»
З чаго ўсё пачалося
Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».
Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.
Настаўніцу спачатку звольнілі
Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.
На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.
Як адрэагавалі бацькі
Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.
Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.
19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.
Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу
18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.
19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».
Міліцыя распачала праверку
У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.