Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзыдэнт сказаў „абсікаліся“, а народ ужо шчасьлівы». Што пэдагогі кажуць пра гісторыю «настаўніцы з партай»


Людміла Чацьвярткова — школьная настаўніца з Гомлі, якая лаялася матам на вучня, замахвалася на яго партай і пагражала забіць
Людміла Чацьвярткова — школьная настаўніца з Гомлі, якая лаялася матам на вучня, замахвалася на яго партай і пагражала забіць

Што вядомыя беларускія пэдагогі думаюць пра гісторыю з настаўніцай гомельскай школы № 15. Пасьля публікацыі відэа, на якім Людміла Чацьвярткова лаялася матам на вучня, замахвалася на яго партай і пагражала забіць, яе спачатку звольнілі, а пасьля аднавілі на працы — на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі.

  • «Лукашэнка выставіў ідыётамі і дырэктарку школы, і чыноўнікаў ад адукацыі», — лічыць літаратуразнаўца і пэдагог Аляксандар Фядута.
  • Пэдагог Віктар Малышчыц назваў дзеяньні і выказваньні Лукашэнкі «звычайным танным папулізм перад выбарамі».
  • Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім перакананая, што сытуацыя ў гомельскай школе яшчэ больш абвострыцца.

Так адрэагавала грамадзкасьць на тое, што сераду Аляксандар Лукашэнка загадаў тэрмінова аднавіць настаўніцу на працы і звольніць дырэктарку школы. У чацьвер тэма атрымала працяг.

«Паехалі, учынілі разборкі, сабралі зьнізу даверху начальнікаў. Абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі. А абсікаўшыся, узялі і пакаралі гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму», — так абараніў пэдагога, якая не стрымалася і сарвалася на лаянку, Аляксандар Лукашэнка.

«Гэта звычайны танны папулізм перад выбарамі»

Выкладчык Ліцэя БДУ Віктар Малышчыц кажа, што наагул і сам канфлікт, і асабліва працяг і разьвіцьцё сытуацыі з умяшаньнем кіраўніка краіны — брыдкія. Пэдагог прызнаўся, што, калі гэты канфлікт толькі пачынаўся, ён быў на баку звольненай настаўніцы.

Віктар Малышчыц
Віктар Малышчыц

«Бо імгненнае звальненьне і „воўчы білет“ — занадта моцнае пакараньне. На мой погляд, настаўніца павінна была атрымаць вымову, жорсткую размову, няхай бы на гэтым усё скончылася. Я бываў на замене ў чацьвёртаклясьнікаў, пяціклясьнікаў і бачыў, якімі жорсткімі бываюць дзеткі, асабліва калі настаўнік ня іхны, а замяняе. Здараецца, яны проста ставяць за мэту любымі спосабамі давесьці настаўніка да шаленства. Я наагул сумняваюся, што ёсьць людзі, якіх зусім немагчыма давесьці», — кажа Віктар Малышчыц.

На яго думку, спачатку спрацавалі заганы адміністрацыйна-каманднай сыстэмы, боязь дырэктара і мясцовых чыноўнікаў ад адукацыі: «Ня дай Бог, даведаецца абласное начальства, ня дай Бог, даведаецца прэзыдэнт». Таму пасьпяшаліся самі разабрацца з пэдагогам.

«Але не ўгадалі. І тут усё наадварот: пакаралі ўсіх: і міністра, і прэм’ера, хоць пры чым тут яны? Мне здаецца, прэзыдэнт павінен краінай кіраваць, а не чыніць разборкі з асобнымі настаўнікамі.

На маю думку, гэта звычайны танны папулізм перад выбарамі. Прычым з вуснаў прэзыдэнта прагучала такая лексыка! Прэзыдэнт сказаў „абсікаліся“, а народ ужо шчасьлівы — „бацька“ адрэагаваў! Такі ягоны жэст, ён мяркуе, можа паўплываць на рэйтынг. А народ і рады: паглыбляцца ў праблему мала каму хочацца, а тут прэзыдэнт зрабіў такі прыгожы жэст — аднавіў справядлівасьць», — выказаў свой погляд пэдагог Малышчыц.

«Лукашэнка выставіў ідыётамі і дырэктарку школы, і чыноўнікаў ад адукацыі»

На думку літаратуразнаўцы, пісьменьніка Аляксандра Фядуты, не прэзыдэнцкая гэта справа — умешвацца ў школьны канфлікт.

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

«Нельга выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы па прынцыпе: я начальнік, ты дурань. Дырэктарка школы не дурніца, загадчык упраўленьня адукацыі таксама не ідыёт. Яны разумелі, што робяць. Ідыётамі іх выставіў прэзыдэнт, які лічыць, што ён мае права вучыць Домрачаву, як бегаць, а дырэктара школы — як паводзіць сябе на ўроках. Ня мае ён на гэта права! Ягоныя паўнамоцтвы прапісаныя ў Канстытуцыі», — перакананы Аляксандар Фядута.

На яго думку, цяпер настаўнікі, прынамсі ў гэтай школе, страцілі сыстэму каардынатаў. Яны маглі шчыра спачуваць няшчаснай Людміле Іванаўне, але разумелі, што так сябе паводзіць зь дзецьмі нельга. Цяпер — можна.

«Так, дзеці жорсткія. Яны заўсёды былі жорсткімі з адной простай прычыны — яны не суадносяць свае ўчынкі і словы з тым, якія наступствы могуць быць для настаўніка, для дарослага.

Але пры гэтым яны знаходзяцца ў поўнай залежнасьці ад настаўніка, ад дарослага. З гэтым нічога ня зробіш, розьніцу ва ўзросьце нічым не ліквідуеш. Таму заўсёды той, хто мудрэйшы, больш дасьведчаны — дарослы — павінен стрымлівацца, што б ні адбывалася. Настаўніца сарвалася, і гэта недапушчальна.

Тое, што адбылося, зьвязана зь ненармальнай сыстэмай выхаваньня наагул. Дзеці яшчэ не разумеюць, што такое булінг, тролінг і ўсё астатняе. Але магу сказаць, што калі б кожны раз, калі дзеці мяне даводзілі на ўроках, зрываўся на лаянку, сёньня ў мяне з маімі выпускнікамі не было б такіх цёплых і прыязных стасункаў, якія я маю — чалавечых і сяброўскіх», — кажа Фядута.

«Нікому ад такога рашэньня добра ня будзе: ні настаўніцы, ні дзецям»

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім перакананая, што псыхалягічны зрыў і адыгрываньне на дзецях — сьведчаньне таго, што настаўнік «выгараў» альбо ён прафэсійна непрыдатны.

Алена Анісім
Алена Анісім

«Падымаць руку на дзяцей — першая прыкмета таго, што трэба са школы сыходзіць. Настаўнік павінен валодаць такім арсэналам мэтадаў, прыёмаў, каб не дапускаць такіх вострых сытуацый, нават калі дзеці правакуюць.

А калі ўжо сарваўся (няважна, у цябе побытавыя праблемы, праблемы з начальствам ці давялі дзеці) — настаўнік павінен сам пісаць заяву і звальняцца. Гэта значыць, што ты проста прафэсійна непрыдатны. Настаўніца мусіць сама напісаць заяву аб звальненьні», — лічыць Алена Анісім.

Аднаўленьне настаўніцы і звальненьне дырэктара на загад кіраўніка краіны — гэта наагул нонсэнс, гаворыць дэпутатка.

«Нікому ад такога рашэньня добра ня будзе: ні настаўніцы, ні дзецям. Гэта рашэньне прэзыдэнта абсалютна несправядлівае, яно няправільнае. Звольненую дырэктарку школы шкада.

Уявіце, які маральна-псыхалягічны клімат будзе цяпер у пэдагагічным калектыве! А дзеці скарыстаюць гэтую сытуацыю — што ім усё дазволена», — выказвае свой погляд намесьніца старшыні камісіі адукацыі і культуры Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова
Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG