Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналіз: што стаіць за разрадкай палітычнай напружанасьці вакол Беларусі?


Прэм'ер-міністры Літвы і Польшчы Інга Ругінене і Дональд Туск
Прэм'ер-міністры Літвы і Польшчы Інга Ругінене і Дональд Туск

Сьцісла

  • Канфліктагенная сытуацыя на мяжы — вынік агульнага абвастрэньня ва Усходняй Эўропе.
  • Важная праблема, якую вырашаюць канфліктуючыя бакі, — як выйсьці з памежнага крызісу, захаваўшы палітычны твар.
  • Можна меркаваць, што Анджэй Пачобут будзе вызвалены «ў пакеце» з абвешчанымі Трампам 50 палітвязьнямі.

17 лістапада Польшча аднавіла працу двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларусьсю. З заяваў афіцыйных асобаў Літвы вынікае, што Вільня таксама гатовая неўзаабаве адкрыць мяжу зь Беларусьсю, хоць закрывалі яе да 30 лістапада. Што стаіць за разрадкай палітычнай напружанасьці вакол Беларусі, аналізуе палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.


Канфліктагенная сытуацыя на мяжы — вынік агульнага абвастрэньня ў рэгіёне Усходняй Эўропы. Яно пачалося адразу пасьля падзей 2020 году ў Беларусі, рэзкая эскаляцыя адбылася з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Захад узяў курс на ізаляцыю рэжыма Аляксандра Лукашэнкі, увёў жорсткія санкцыі. Менск адказаў мігранцкімі атакамі, кантрабанднымі балёнамі, пагрозай ядзернай зброяй.

Відавочна, больш за ўсё цярпелі суседзі Беларусі: Польшча, Літва, Латвія. У публічным пазыцыянаваньні іхніх урадаў важнае значэньне мае апэляцыя да ўнутранай аўдыторыі. Грамадзтва, у адказ на варожыя крокі рэжыму Лукашэнкі, патрабавала нейкіх дзеяньняў. Закрыцьцё мяжы — крайняя мера. Наступнымі крокамі эскаляцыі маглі быць разрыў дыпляматычных адносін і сілавыя дзеяньні. Але тут высьветлілася, што жорсткія крокі з закрыцьцём мяжы маюць нэгатыўныя наступствы. Церпіць памежны бізнэс, грузаперавозьнікі, замежныя суб’екты (у прыватнасьці, Кітай).

У дэмакратычных краінах урады ня могуць ігнараваць інтарэсы розных груп электарату.

У гэтым пляне недэмакратычныя рэжымы маюць перавагу, у іх большая свабода рук, ім не трэба асабліва зважаць на грамадзкую думку.

У экспэртнай супольнасьці, беларускім апазыцыйным асяродзьдзі ідзе дыскусія пра тое, што дае большы эфэкт: пуга ці пернік, дэманстрацыя сілы ці, наадварот, крокі насустрач. Унівэрсальнага адказу няма. Ва ўсялякім разе, разрадка заўсёды прадугледжвае ўзаемныя саступкі, прымірэнчыя жэсты.

Важная праблема, якая паўстае перад канфліктуючымі бакамі, палягае ў тым, як выйсьці з памежнага крызісу, захаваўшы палітычны твар. Напрыклад, падчас поўнага закрыцьця мяжы ў верасьні, Польшча, хутчэй, прайграла ў змаганьні за падтрымку грамадзкай думкі, вымушаная была саступіць, не дачакаўшыся саступак з боку Менску. Тады Варшава не змагла ўцямна патлумачыць свае дзеяньні (як закрыцьцё, так і адкрыцьцё мяжы).

Цяпер мы маем трэнд на разрадку. Паводле заяваў беларускіх афіцыйных асобаў, перамовы з Польшчай адбываліся на ўзроўні спэцсужбаў. Як патлумачыў Лукашэнкі 31 кастрычніка, дамовіліся аб тым, што адкрыцьцё памежных пераходаў адбываецца ў абмен на вызваленьне палітвязьняў. Але ня толькі. Можна меркаваць, што падчас перамоваў гаворка ішла і пра мігранцкія атакі. Невыпадкова апошнімі днямі мігранты зьніклі на мяжы Беларусі і з Літвой, і з Польшчай. Гэта відавочная саступка беларускага боку.

Цяпер усе чакаюць вызваленьня Анджэя Пачобута. Але Менск ня хоча ствараць з ягонага вызваленьня гучную падзею, якую Варшава будзе інтэрпрэтаваць як сваю палітычную перамогу. Можна меркаваць, што Пачобут, магчыма, будзе вызвалены «ў пакеце» з абвешчанымі Трампам 50 палітвязьнямі. Іх перададуць спэцпасланьніку ЗША ў Беларусі Джону Коўлу, візыт якога ў Менск афіцыйна анансаваны. Беларускія ўлады імкнуцца такім чынам замаскаваць саступку.

Менск ня хоча ствараць з вызваленьня Пачобута гучную падзею, якую Варшава будзе інтэрпрэтаваць як сваю палітычную перамогу

Афіцыйныя асобы Літвы публічна дэманструюць гатовасьць да кампрамісу. Яны кажуць, што гатовыя аднавіць працу памежных пунктаў зь Беларусьсю, хоць, паводле ранейшага рашэньня літоўскага ўраду, мяжа закрывалася да 30 лістапада. Прайшлі перамовы на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных ведамстваў.

Чаму Літва гатовая на кампраміс? Тут працуе некалькі чыньнікаў. Апошнімі днямі колькасьць кантрабандных балёнаў моцна зьменшылася, яны не перашкаджалі працы віленскага аэрапорту. Раптам мігранты на мяжы зьніклі. Літоўскія грузаперавозьнікі патрабуюць ад ураду вызваліць іхнія фуры, якія фактычна арыштаваныя ў Беларусі. Адкрыцьцё Польшчай двух пераходаў стварае пагрозу, што грузавыя плыні будуць пераарыентаваныя з літоўскага кірунку на польскі.

У любым выпадку, гэтыя крокі на карысьць беларускаму грамадзтву, бо спрыяюць лепшай камунікацыі беларусаў з краінамі Эўропы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG