Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі амэрыканец змагаецца, каб у ягонага сына не было імя па бацьку


Джон Лін Росман (John Lynn Roseman)
Джон Лін Росман (John Lynn Roseman)

Джон Лін Росман, які нарадзіўся ў ЗША, 10 гадоў жыве ў Беларусі, змагаецца зь беларускімі ўладамі, каб у пасьведчаньні аб нараджэньні ягонага дзіцяці не пісалі імя па бацьку. ЗАГС і Міністэрства юстыцыі Беларусі яму адмовілі, 18 верасьня заяву Росмана будзе разглядаць суд Першамайскага раёну Менску.

«Імя па бацьку — патрыярхальны перажытак расейскага імпэрыялізму»

На думку Росмана, гвалтоўнае наданьне імя па бацьку — гэта патрыярхальны перажытак расейскага імпэрыялізму.

«Беларускія гістарычныя постаці — Францішак Скарына, Сымон Будны, Тадэвуш Касьцюшка — ня мелі імя па бацьку», — прыводзіць ён свае аргумэнты ў размове са Свабодай.

Джон перакананы, што рашэньне, як называць дзіця, даваць імя па бацьку ці не, павінны прымаць толькі бацькі.

«Я ня супраць імя па бацьку, я супраць гвалту — гэта не павінна быць абавязковым, прымусовым. У заканадаўстве нідзе не напісана, што імя па бацьку неабходнае. Проста так прынята, кажуць мне беларускія чыноўнікі. І ніхто ня можа адказаць, чаму.

У мяне шмат дакумэнтаў — перапіска з ЗАГСам, з Упраўленьнем юстыцыі Менгарвыканкаму, зь Міністэрствам юстыцыі. І ніхто мяне не пераканаў, нідзе, у ніводным заканадаўчым акце канкрэтна не запісана, што без імя па бацьку нельга. А чаму нельга? Ніхто не тлумачыць», — кажа Джон.

«Чаму я не магу назваць свайго сына так, як я хачу?»

Джон падзяліўся сваімі прыемнымі ўражаньнямі ад кантактаў зь беларускімі чыноўнікамі.

«У ЗАГСе вельмі чулыя, спагадлівыя людзі. Мы вельмі прыязна кантактавалі зь імі. Але яны патлумачылі, што ёсьць Закон аб шлюбе і сям’і, ёсьць пастановы Савету Міністраў, і наагул у Беларусі прынята мець імя па бацьку. Кажуць: калі вы ня згодныя — зьвяртайцеся ў Міністэрства юстыцыі. У Мін’юсьце таксама вельмі ветлівыя чыноўнікі. Яны нам параілі знайсьці адваката і зьвяртацца ў суд», — кажа Джон.

Таму яны з жонкай падалі заяву ў суд. У Першамайскім судзе заяву прынялі, але, як ім падалося, ня вельмі заглыбляючыся ў зьмест. Паглядзелі — усе дакумэнты ёсьць, галачкі паставілі і прынялі.

«Я законапаслухмяны чалавек, паважаю законы і традыцыі краіны. Але не разумею, чаму я не магу назваць свайго сына так, як я хачу? І працэдура такая, што я не магу мірна вырашыць праблему — толькі праз суд?

То бок гэта пастанова Савету Міністраў, і таму Міністэрства юстыцыі ня можа яе парушыць, спрэчка павінна вырашацца толькі праз суд!», — эмацыйна разважае Джон.

Што кажа закон

У беларускім заканадаўстве няма дакладнага рэглямэнту і тлумачэньня, чаму імя па бацьку абавязковае. У законе прапісана, што бацькі маюць права вызначаць імя па бацьку.

У артыкуле 69 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і гаворыцца, што «імя па бацьку дзіцяці надаецца па ўласным імені бацькі, а ў выпадках, прадугледжаных артыкулам 55 — па ўласным імені асобы, запісанай у якасьці бацькі».

Але нідзе, у ніводным артыкуле, у ніводнай пастанове не прапісана, што імя па бацьку павінна быць абавязковым.

ЗАГС адмовіўся рэгістраваць дзіця без пазначэньня імя па бацьку на падставе артыкула 25 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб асновах адміністрацыйных працэдур». Згодна зь ім упаўнаважаны орган можа адмовіць у ажыцьцяўленьні адміністрацыйнай працэдуры на трох падставах. Гэта ліквідацыя альбо сьмерць зацікаўленай асобы; прадстаўленьне падробных або несапраўдных дакумэнтаў; іншыя выпадкі, прадугледжаныя заканадаўствам і пастановамі Саўміну.

Як патлумачыў Свабодзе юрыст Аляксандар Жук, акрамя заканадаўства аб шлюбе і сям’і, у органаў ЗАГС ёсьць яшчэ ўнутраныя інструкцыі, палажэньні, якімі яны кіруюцца. Сям’я Росмана — Віткоўскай у судзе абскарджвае рашэньне дзяржаўнага органу.

«Трэба дачакацца рашэньня суду. А наагул, калі ў інструкцыі наўпрост запісана, што нельга рэгістраваць дзіця безь імя па бацьку, то трэба мяняць інструкцыю, пісаць зварот у Мін’юст, каб былі ўнесены зьмены ў інструкцыю, і матывавана, уцямна патлумачыць, чаму гэтага патрабуюць бацькі. Да прыкладу, што бацька — іншай культурнай традыцыі», — тлумачыць юрыст.

«Марк Джонавіч можна, Марк Янавіч — нельга»

Жонка Джона, беларуска Тацяна Віткоўская кажа, што яшчэ да нараджэньня сына бацькі вырашылі назваць дзіця Маркам. А калі сын зьявіўся на сьвет, задумаліся над імем па бацьку, і вырашылі, што хлопчык будзе Маркам Янавічам.

«Гэта такі беларускі варыянт. На наш погляд, „Марк Янавіч“ гучыць значна лепш, чым „Марк Джонавіч“. Да нас прыйшлі госьці, мы пачалі гэта абмяркоўваць, а яны кажуць: а навошта вам наагул імя па бацьку? Паспрабуйце зарэгістраваць дзіця безь імя па бацьку. Маўляў, ёсьць такія прэцэдэнты», — кажа Тацяна.

Тацяна кажа, што ў амбуляторнай картцы ў паліклініцы імя немаўляці па бацьку пазначана — Джонавіч, і мэдсёстры на масажы з гэтай нагоды жартуюць, як дзіўна гэта гучыць: «Марк Джонавіч».

У ЗША толькі бацькі вырашаюць, як назваць дзіця, колькі ў яго будзе імёнаў

У ЗША ёсьць розны досьвед надаваньня імёнаў. Гэта вырашаюць бацькі. У Джона другое імя па дакумэнтах Лін — гэта прозьвішча ягонай маці, ёсьць яно і ва ўсіх братоў і сясьцёр. Хоць імя Джонавага бацькі — Рычард.

«У некаторых дадаецца імя бацькі пасьля імя сына, і гэта другое імя. Але робіцца гэта толькі па жаданьні бацькоў і толькі ў хлопчыкаў. А дзяўчаткам ніколі не дадаецца імя бацькі. Гэта старая традыцыя», — кажа Джон.

Калі б Росман быў упэўнены, што імя па бацьку ў Беларусі неабходнае, ён бы не настойваў. Але ён перакананы, што гэта проста інэрцыя: «так прынята».

«У сям’і вырашылі размаўляць толькі па-ангельску і па-беларуску»

Тацяна кажа, што раней яна працавала настаўніцай у школе, і, натуральна, ёй даводзілася называць калег па імені і імені па бацьку. Але потым перайшла на працу ў камэрцыйную структуру.

«Я ня памятаю, каб хто зьвяртаўся адзін да аднаго па імені і імені па бацьку. Звычайна ўжывалі толькі імя. Зразумела, не скарочанае — Таня, Пеця, Вася, а поўнае — Тацяна, Пётар, Васіль. І гэта нармальна», — кажа Тацяна.

Джон кажа, што паўтара месяца ён прапрацаваў у Савецкім Саюзе, 17 гадоў — у Расеі, ужо 10 гадоў у Беларусі. Па-расейску размаўляе выдатна, беларускую мову разумее.

Тацяна скончыла беларускамоўную школу, гістфак БДУ і ЭГУ.

«Я ў дзяцінстве пастаянна езьдзіла да бабулі ў вёску, дзе людзі размаўлялі па-беларуску, я здавала іспыты па-беларуску, я лічу сваёй роднай мовай беларускую», — кажа яна.

Тацяна і Джон вырашылі, што з нараджэньнем сына ў сям’і паміж сабой будуць размаўляць толькі па-ангельску (каб дзіця авалодала мовай бацькі зь дзяцінства дасканала), і па-беларуску — бо дзіця будзе жыць у гэтай краіне.

Джон жартуе, што беларускую мову будзе вывучаць разам з сынам.

«Думаю, Марк будзе больш пасьпяховы і хутчэй за мяне вывучыць беларускую. Але я вывучаю гісторыю Беларусі, і дзіўна, што нават у „Вікіпэдыі“ ў некаторых артыкулах пра выбітных беларускіх дзеячаў у расейскім варыянце ёсьць імя па бацьку, у беларускім — няма».

Свабода раней пісала пра 76-гадовага Антося Вусовіча, які дамогся, каб у ягоным пашпарце не пісалі імя па бацьку, а прозьвішча пісалі беларускай лацінкай.

Лінгвіст Вінцук Вячорка на Свабодзе таксама апублікаваў артыкул «Квасыч, Капірыч і Рыгорыч: Імя па бацьку як чужы брэнд».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG