Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста пяты» — кніга пра пераломны год найноўшай гісторыі Беларусі


Прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Навумчыка, якая выйшла ў Бібліятэцы Свабоды, адбудзецца ў пятніцу 11 верасьня а 19-й гадзіне ў менскім Палацы мастацтва (вуліца Казлова, 3). Публікуем першыя водгукі на кнігу.

У 1995 годзе ў Беларусі з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі прайшоў рэфэрэндум, які ліквідаваў статус нацыянальных сымбаляў — «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга — як дзяржаўных, надаў расейскай мове статус дзяржаўнай, прывязаў Беларусь да Расеі і адкрыў нядаўна абранаму прэзыдэнту шлях да неабмежаванай улады.

Пра тыя падзеі і піша ў новай кнізе журналіст Свабоды, былы апазыцыйны дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ скліканьня Сяргей Навумчык.

Раней Сяргей выдаў кнігі пра 1991 і 1994 гады ў гісторыі Беларусі — здабыцьцё незалежнасьці і першыя выбары прэзыдэнта.

Новая кніга Сяргея Навумчыка выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Зянон Пазьняк: І гісторыя, і дух часу

Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

«Дзевяноста пяты» Сяргея Навумчыка — гэта кніга з сэрыі гісторыі нацыянальнага Адраджэньня 90-х гадоў пра Беларускую нацыянальную рэвалюцыю і барацьбу Беларускага народа і яго выразьніка Народнага Фронту за Незалежнасьць і стварэньне дэмакратычнай беларускай дзяржавы Рэспублікі Беларусь. Гэта якраз тая тэматыка, якая ненавісная антыбеларускаму рэжыму і ягонай падстаўной «апазыцыі».

Рэжым і ўсе варожыя вольнай Беларусі сілы імкнуцца замаўчаць, перакруціць і сфальсыфікаваць падзеі нацыянальнай рэвалюцыі, затаптаць тыя гераічныя дні 90-х гадоў. Кніга «Дзевяноста пяты» пасьвечана якраз апісаньню наступу рэакцыі на заваёвы Беларускага Адраджэньня...»

Ганна Кісьліцына: «Кніга Навумчыка «Дзевяноста пяты» выдатна адпавядае жанру «нон-фікшн»

Ганна Кісьліцына
Ганна Кісьліцына

«Кніга выдатна адпавядае жанру „нон-фікшн“. Бо што такое „нон-фікшн“ паводле вызначэньня? „Нон-фікшн“ — гэта мастацка-публіцыстычны жанр літаратуры, асноўнымі асаблівасьцямі якога зьяўляецца пагружэньне ў сьвет герояў, выключна рэалістычнае і дакумэнтальна-дакладнае адлюстраваньне падзеяў праз прызму вобразнага і эстэтычнага ўспрыняцьця аўтара. У кнігах гэтага жанру выкарыстоўваюцца мастацкія прыёмы раскрыцьця вобразаў і такая спэцыфічная кампазыцыйная арганізацыя твораў — сцэна за сцэнай. У выпадку зь Сяргеем Навумчыкам гэта ня толькі сцэна за сцэнай, але і год за годам. І можна сказаць, што гэта ў пэўным сэньсе ўзорны нацыянальны „нон-фікшн“...»

Уладзімер Арлоў: «Сяргей „расьпісаўся“, стыль яго стаў лягчэйшы, ён стаў больш патрабавальны»

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

«Нядаўна я перачытваў кнігу Сяргея „Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі: 1988–1995“. Прыемна, што ў аўтографе Сяргей дзякуе мне за тое, што я натхняў яго на гэтую працу. Яшчэ больш прыемна, што гэтыя фрагмэнты найноўшай гісторыі разгарнуліся цяпер, дзякуючы Сяргею, у асобныя кнігі і запачаткавалі цэлую бібліятэчку, прысьвечаную гісторыі гэтага пэрыяду.

Безумоўна, каштоўнасьць кніг Сяргея Навумчыка ў тым, што іх аўтар, па-першае, непасрэдны ўдзельнік падзеяў, пра якія піша. І, па-другое, ён ня мае патрэбы займацца ні ў якай ступені самацэнзурай, азірацца на ўладу...»

Садоўскі: Бачу аналёгію нашых падзей у 1995-м з гітлераўскім разгромам дэпутацкай рады ў Браўншвайгу ў 1934-м

Пятро Садоўскі
Пятро Садоўскі

«Кажуць, што агульнае на адлегласьці бачыцца лепш, але ня трэба забывацца, што аддаленасьць у часе можа прыцямніць існасьць падзеяў. Гэта здараецца праз абэрацыі памяці ці сьвядомыя намеры ўдзельнікаў колішняй гісторыі. Да гэтага варта дадаць зьмену пакаленьняў ды ролю актуальных інфармацыйных плыняў рознага кшталту.

Аўтар прысьвячае свой твор дэпутатам Апазыцыі БНФ у ВС ХІІ скліканьня. Значная частка тэксту прысьвечана красавіцкай галадоўцы 1995 году ў памяшканьні парлямэнту, рэфэрэндуму і выбарам 95-га году. Паводле сваёй трагічнай значнасьці ў найноўшай гісторыі Беларусі гэтыя падзеі, бадай, пераважаць гісторыю злачыннага зьнікненьня вядомых беларускіх грамадзян. Такія злачынствы ня маюць маральнага тэрміну даўнасьці. Спадзяюся дажыць да суднага дня...»

Лябедзька: «Я б падажаў, каб зьявіліся яшчэ дзьве, тры, нават дзесяць кніг удзельнікаў тых падзеяў»

Дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ і ХІІІ скліканьня Анатоль Лябедзька ацэньвае новую кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Па-першае, добра, што ёсьць спроба аналізу тых падзеяў, што яны кладуцца на паперу, што ёсьць мажлівасьць пагартаць, пачытаць, паспрачацца, з чымсьці пагадзіцца, штосьці адрынуць. Добра, што зьяўляюцца кнігі пра той час.

Адзіная, на мой погляд, праблема, што іх мала. Таму што Сяргей Навумчык — хоць і ўдзельнік тых падзеяў, але ўсё ж такі ён належыць да адной палітычнай групы — фракцыі БНФ. Таму я б падажаў, каб усё ж такі зьявіліся яшчэ дзьве, тры, нават дзесяць кніг удзельнікаў тых падзеяў — я лічу, што гэтым людзям усім пашанцавала: і хто быў у фракцыі БНФ, і хто быў у Дэмакратычным клюбе ці хто належаў да камуністычнай большасьці — гэта быў залаты час беларускай гісторыі. Калі будуць іншыя кнігі, то чалавек, прачытаўшы і Сяргея Навумчыка, і кагосьці зь яго апанэнтаў, і тых, хто быў у цэнтры над гэтай схваткай, — вось той будзе мець аб’ектыўны погляд на той час, які мы перажылі, які перажыла краіна».

Вусаў: «Карціна таго, як адбываўся працэс зьнішчэньня дэмакратыі»

Палітоляг Павал Вусаў пра новую кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Павал Вусаў
Павал Вусаў

«Кніга, безумоўна, каштоўная, як і любыя кнігі, зьвязаныя з пачаткам незалежнай гісторыі Беларусі. Такія кнігі паказваюць кухню той палітыкі, кухню той сытуацыі, якая склалася на пачатку 1990-х гадоў. Напэўна, у некаторых рэчах гэта суб’ектыўны погляд. Магчыма, ня ўсе факты выкладзеныя, бо ўсё ж такі Сяргей Навумчык знаходзіўся ў апазыцыі. Напэўна, уся карціна таго, як адбываўся працэс зьнішчэньня дэмакратыі, будзе відавочная яшчэ празь некалькі гадоў. Але, як кажуць, сьвежы погляд на гісторыю, сьвежая памяць пра нашу гісторыю і тыя падзеі — вельмі важныя ня толькі для тых, хто займаецца палітыкай, для палітолягаў, актывістаў, аналітыкаў. Гэта вельмі важна менавіта для новага, сучаснага пакаленьня, якое, напэўна, і ня памятае тых падзеяў, але яно павінна мець падмурак дзеля таго, каб ведаць гісторыю Беларусі менавіта ў тым яе фармаце, у якім яна не выкладаецца і не падаецца праз афіцыйную ідэалёгію.

Другі момант важнасьці такіх кніг — гэта супрацьстаяньне, ідэалягічнае, духоўнае, таму атупленьню, якое адбываецца цяпер у межах беларускай дзяржавы пры дапамозе прапаганды і ідэалёгіі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG