Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: «Сяргей „расьпісаўся“, стыль яго стаў лягчэйшы, ён стаў больш патрабавальны»


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

«Нядаўна я перачытваў кнігу Сяргея «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі: 1988–1995». Прыемна, што ў аўтографе Сяргей дзякуе мне за тое, што я натхняў яго на гэтую працу. Яшчэ больш прыемна, што гэтыя фрагмэнты найноўшай гісторыі разгарнуліся цяпер, дзякуючы Сяргею, у асобныя кнігі і запачаткавалі цэлую бібліятэчку, прысьвечаную гісторыі гэтага пэрыяду.

Безумоўна, каштоўнасьць кніг Сяргея Навумчыка ў тым, што іх аўтар, па-першае, непасрэдны ўдзельнік падзеяў, пра якія піша. І, па-другое, ён ня мае патрэбы займацца ні ў якай ступені самацэнзурай, азірацца на ўладу. Ад новай кнігі Сяргея, ня ставячы пад сумнеў вартасьці

папярэдніх кніг «1991» і «1994», у мяне засталося ўражаньне, што Сяргей расьпісаўся, што стыль яго зрабіўся лягчэйшы, што ён больш патрабавальны стаў у адборы фактаў, практычна зьнікла штосьці такое неістотнае, другаснае.

У цэнтры гэтай кнігі, пра што сьведчыць і яе назва, — трагічныя падзеі, апагеем якіх стаў травеньскі рэфэрэндум 1995 году, які вельмі цяжка перажывалі тысячы, дзясяткі тысяч нашых суайчыньнікаў. На ўласным прыкладзе скажу: пасьля гэтага рэфэрэндуму я адчуў, што за некалькі дзён пражыў некалькі гадоў.

Я думаю, ніхто з чытачоў гэтай кнігі ня будзе расчараваны. Нягледзячы на тое, што прэзэнтацыя адбудзецца толькі ў пятніцу, кніга, у прыватнасьці, дзякуючы і маім летнім паездкам, трапіла ўжо ў розныя куткі нашай краіны і многімі была з удзячнасьцю прачытаная. Я думаю пра працяг гэтай бібліятэчкі, я ведаю, што Сяргей натхнёна працуе над кнігай «1996».

Я спадзяюся ўбачыць і кнігі, прысьвечаныя падзеям другой паловы 1980-х гадоў, таму часу, калі мы зь Сяргеем пазнаёміліся, калі ён прыйшоў з войска і працаваў журналістам у Віцебску. Тады разам зь ім мы ўдзельнічалі ў змаганьні супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, супраць будаўніцтва Віцебскай атамнай станцыі, праз экалягічны рух, якія вельмі моцны быў у Наваполацку. У тыя часы было знакамітае воднае ралі пратэсту па Дзьвіне... Вельмі шмат падзей адбывалася ў тыя гады, якія папярэднічалі вяртаньню незалежнасьці. Я думаю, усё гэта будзе адлюстравана ў Сяргеевых кнігах, якія будуць называцца «1987», «1988», «1989» і «1990» — гэта год выбараў у Вярхоўны Савет гістарычнага 12 скліканьня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG