Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве зьявіліся бібліятэкі імя Купалы і Шамякіна


Магілёўскай бібліятэцы надалі імя Янкі Купалы.
Магілёўскай бібліятэцы надалі імя Янкі Купалы.

Магілёўскай бібліятэцы надалі імя Янкі Купалы. Чыноўнікі выступалі па-расейску.

Магілёўскай бібліятэцы надалі імя Янкі Купалы. Чыноўнікі выступалі па-расейску.

У Магілёве адной зь бібліятэк надалі імя Янкі Купалы. Дагэтуль чытальня ў спальным раёне Магілёўскага Задняпроўя назвы ня мела, толькі нумар. Між тым цэнтральныя бібліятэкі гораду застаюцца з назвамі савецкіх часоў. Гарадзкая бібліятэка носіць імя Карла Маркса, а абласная — Леніна.

Урачыстасьць з нагоды наданьня бібліятэцы імя клясыка беларускай літаратуры прымеркавалі да Дня бібліятэк.

Партрэт Янкі Купалы ў бібліятэцы, названай ягоным імем. Падарунак Міколы Яцкова
Партрэт Янкі Купалы ў бібліятэцы, названай ягоным імем. Падарунак Міколы Яцкова

У памяшканьні чытальні сабралася нямала гасьцей і сталых наведнікаў. Іх віталі супрацоўніцы ў нацыянальных строях, гучала беларуская музыка. У адным зь бібліятэчных пакояў арганізавалі сталую экспазыцыю пра жыцьцё і літаратурную дзейнасьць Янкі Купалы. Тут жа разгарнулі і этнаграфічны куток зь беларускай адзежай і рэчамі побыту.

Загадчыца бібліятэкі Галіна Жмачынская заўважыла: насіць імя клясыка беларускай літаратуры ганарова, пачэсна і адказна.

«У горадзе была бібліятэка зь імем Янкі Купалы. Месьцілася яна ў заняпалым будынку. Яе зачынілі, і каб не згубілася імя, яго вырашылі надаць нашай бібліятэцы», — казала Галіна Мікалаеўна.

Паводле суразмоўніцы, за дзень бібліятэку наведваюць да 150 чалавек. «Бібліятэка наша дужа папулярная. Больш за ўсё яе наведваюць дзеці. Нямала прыходзіць і людзей сталага веку. Такім чынам, яны будуць, наведваючы нас, жыць зь імем Янкі Купалы», — кажа Галіна Жмачынская.

Загадчыца бібліятэкі Галіна Жмачынская
Загадчыца бібліятэкі Галіна Жмачынская

«Мы будзем імкнуцца папулярызаваць ягонае імя, паколькі беларусы павінны ведаць яго творчасьць, — дадае яна. — На жаль, цяперашняя моладзь ня дужа добра ведае яе. У маёй маладосьці „Паўлінкай“ мы зачытваліся, а цяпер маладыя людзі нават ня ведаюць, хто такая „Паўлінка“. Таму наша задача, каб імя Янкі Купалы гучала і яго ведалі».

Беларуская мова гучала і падчас урачыстага канцэрту. На ім маладыя выканаўцы сьпявалі песьні паводле Купалавых твораў, чыталі ягоныя вершы.

Назва імпрэзы
Назва імпрэзы

Намесьніца начальніка ўпраўленьня па ідэалягічнай працы гарвыканкаму Ірына Жабарава і дэпутат гарсавету Аляксандар Курсакоў выступалі на расейскай мове. Яны павіншавалі бібліятэкараў зь іхным прафэсійным сьвятам і згадвалі падзею, якая сабрала ў чытальні немалую грамаду.

«Добра, калі супала прафэсійнае сьвята — Дзень бібліятэк — з прысваеньнем бібліятэцы імя такога вялікага, любімага пісьменьніка, паэта, як Янка Купала, — казала Ірына Жабарава. — Я спадзяюся, што цяпер бібліятэку будуць ня толькі ведаць проста праз імя Янкі Купалы, але і па яе мерапрыемствах, зацікаўленасьцях, па захаваньні памяці і апяваньні паэта ў нас, у Магілёве».

У пакоі з экспазыцыяй
У пакоі з экспазыцыяй

Старшыня Магілёўскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Ўладзімер Дуктаў на імпрэзе нагадаў, што 14 верасьня яшчэ адной бібліятэцы было нададзена імя беларускага літаратара. Другая бібліятэка ў Магілёве ад учора носіць імя Івана Шамякіна. Учорашнюю падзею і сёньняшнюю Ўладзімер Уладзімеравіч назваў знакавымі.

«Я прыйшоў на сёньняшнюю імпрэзу з гонарам, што наш горад зьберагае спадчыну, імкнецца пашырыць кола прыхільнікаў творчасьці нашага Янкі Купалы», — казаў журналісту Ўладзімер Дуктаў.

Старшыня Магілёўскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Ўладзімер Дуктаў
Старшыня Магілёўскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Ўладзімер Дуктаў

Ён дадаў, што сёньняшняя падзея — першы крок дзеля ўшанаваньня клясыка з нагоды ягонага юбілею — 135-годзьдзя, якое будзе адзначацца налета.

Уладзімер Дуктаў сказаў, што ўлада слушна зрабіла, перадаўшы імя Янкі Купалы ад адной бібліятэкі другой.

«Сытуацыя вырашаная вельмі тактоўна, і мне гэта дужа прыемна, як і вам, і ўсім беларусам. Гэта дужа важная падзея ня толькі для нашага гораду, але і для Беларусі».

Старшыня Магілёўскага аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Мікола Яцкоў таксама казаў пра знакавасьць падзеі — наданьня бібліятэцы імя Янкі Купалы.

«Янка Купала — гэта наша ўсё. Я перакананы, што і астатнія бібліятэкі, якія носяць імёны Карла Маркса, Леніна, зь цягам часу набудуць імёны нашых беларускіх клясыкаў, каб чытальні сапраўды сталі беларускімі», — сказаў паэт і кампазытар-песеньнік.

Міколу Яцкова засмучае, што ў Магілёве вуліца, якая носіць імя Янкі Купалы, ня ў цэнтры гораду, а на гарадзкой пэрыфэрыі.

«Вуліца, названая імем Янкі Купалы, павінна быць у цэнтры. Замест, напрыклад, вуліцы Дзяржынскага, на якой разьмешчана наша абласная бібліятэка імя Леніна. Зьмены і там надыдуць», — спадзяецца Мікола Яцкоў.

Бібліятэка імя Янкі Купалы разьмяшчаецца на праспэкце Дзімітрава, 55.

Янка Купала наведваў Магілёў. Браў тут удзел у літаратурных вечарынах ды сустрэчах, бываў на спэктаклях магілёўскага тэатру. Адзін са сваіх твораў прысьвяціў гораду на Дняпры. У паэме «Магіла льва» клясык пераказаў паданьне пра легендарнага волата Машэку.

Помніка Янку Купалу ў Магілёве няма. Тым часам на імпрэзе згадвалі краіны, дзе яму стаяць помнікі, а вуліцы ды ўстановы названыя ягоным імем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG