Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнае для бібліятэкара: абы не скарацілі


Бібліятэкі ў многіх вёсках застаюцца ледзь не адзіным культурным асяродкам, але апошнімі гадамі іх усё меней.

Паводле афіцыйных зьвестак, на Гарадзеншчыне працуюць 340 публічных бібліятэк. Для параўнаньня: яшчэ ў 2011 годзе колькасьць бібліятэк у вобласьці складала 452.

Пісьменьнік і публіцыст са Слоніма Сяргей Чыгрын распавядае, што даволі часта бывае ў сельскіх бібліятэках у сваім і суседніх раёнах — і задаволены іх станам, арганізаванай працай. Там ладзяцца сустрэчы зь пісьменьнікамі, шмат у якіх бібліятэках створаныя мэмарыяльныя пакоі альбо нават цэлыя музэі.

— Але ёсьць і іншы бок мэдаля: бібліятэк становіцца меней, бо адміраюць вёскі, чытачоў таксама менее, хаця вяскоўцы традыцыйна цягнуцца ў бібліятэку. І што яшчэ вельмі істотна — гэта тое, як папаўняюцца фонды бібліятэк. А тут мушу сказаць, што ў апошнія гады нашы бібліятэкі папаўняюцца даволі сьціпла.

Спадарыня Надзея, бібліятэкарка з Слонімскага раёну, распавядае, што чытачы ў іхняй бібліятэцы — збольшага дзеці.

— Калі я пяць гадоў таму прыйшла працаваць у бібліятэку, было 450 чытачоў, цяпер у нас не налічваецца нават 300. Але людзі цікавяцца, чытаюць, прыходзяць, пытаюцца. Найбольшая праблема для нас — выкананьне пляну па платных паслугах. Асабліва апошнім часам. У нас жа ёсьць і кампутар, і прынтар, і іншае. Прапануем да 20 розных платных паслуг. Але цяпер многія маюць гэта дома, а ў бібліятэку прыходзяць пакарыстацца кампутарам дзеці, як правіла, з малазабясьпечаных альбо шматдзетных сем’яў, і яны ня могуць сабе шмат дазволіць.

Пра пляны на платныя паслугі мне распавялі і ў Воранаўскім раёне. Спадарыня Натальля кажа, што ў апошнія гады плян стала выконваць нерэальна, бо вельмі зьбяднела насельніцтва. А каб выканаць плян, даводзіцца, паводле яе, нават рабіць на працы розную драбязу і потым яе прадаваць.

Традыцыйна ў вясковых бібліятэках на Гарадзеншчыне чытаюць шмат беларускай літаратуры, хоць бальшыня аддае перавагу дэтэктывам і прыгодніцкім раманам, якія выходзяць на расейскай мове. А ў Іўі ў раённай бібліятэцы мне распавялі, што па кнігі нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч нават выстраілася чарга з ахвотных пазнаёміцца зь яе творчасьцю. Дарэчы, у раённай бібліятэцы ёсьць кнігі зь яе аўтографамі.

Сельскія бібліятэкі пачалі аб’ядноўваць са школьнымі

Аднак найбольш бібліятэкараў у сельскай мясцовасьці турбуе тое, што колькасьць публічных бібліятэк працягвае скарачацца, а праз гэта бібліятэкары трацяць працу. Спадарыня Ганна апавяла, што апошнім часам сельскія бібліятэкі пачалі аб’ядноўваць са школьнымі.

— Цяпер, ведаеце, у вёсках пераважная большасьць чытачоў — школьнікі, і таму ўжо шмат дзе бібліятэкі аб’ядноўваюць са школьнымі і нашы калегі трацяць працу. Хоць павінна сказаць, што сярод нашых чытачоў шмат людзей старэйшага пакаленьня. Яны тэлефануюць, заказваюць кнігі, і я нашу ім дахаты — ёсьць такая паслуга. Многія людзі не адварочваюцца ад кніг, нягледзячы на тэлевізар і інтэрнэт.

Гарадзенская абласная бібліятэка месьціцца ў Новым замку
Гарадзенская абласная бібліятэка месьціцца ў Новым замку

У абласной бібліятэцы мне таксама распавялі, што найбольш баяцца скарачэньняў, бо пачынаецца рэарганізацыя і ў іхняй працы. Спадарыня Алена кажа, што цяпер пачала баяцца за тое, ці ўдасца дапрацаваць да пэнсіі.

— Пачынаюць уводзіць скарачэньне рэжыму працы бібліятэкі. Цяпер наша бібліятэка працуе ў некалькі зьменаў: першая з 8:30 да 17:00, а другая — з 11:30 да 20:00. А плянуецца нібыта зрабіць працу бібліятэкі з 10:00 да 19:00 і з гадзінай абеду. І вось тут лягічнае скарачэньне штату могуць правесьці, і ў той самы час як бы на чытачоў гэта ніяк не паўплывае.

Цікава, што амаль ніхто зь бібліятэкарак, зь якімі давялося размаўляць, не хацеў раскрываць свае заробкі, адно казалі, што ня хочуць трапіць пад скарачэньне. Толькі ў адной вясковай бібліятэцы жанчына распавяла, што атрымлівае гэтулькі ж, колькі і яе муж, які робіць на фэрме даглядчыкам жывёлы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG