Рэжысэр Валер Мазынскі завяршыў здымкі фільму пра Кастуся Каліноўскага. Наперадзе — мантаж, бадай, самая складаная праца, бо з многіх гадзін адзьнятага матэрыялу трэба змантажаваць 40 хвілін.
Валер Мазынскі для Радыё Свабода пагадзіўся распавесьці пра некаторыя акалічнасьці працы над фільмам.
— Спадар Валер, хто аўтар сцэнару фільму, і якая будзе яго канчатковая назва?
— Сцэнар пісаў гісторык Зьміцер Кузьменка, даволі малады чалавек, стваральнік адмысловага сайту «Сьвіслацкія аркушы» з разнастайнымі тэкстамі, прысьвечанымі Кастусю Каліноўскаму. У яго ёсьць праблема — ня можа размаўляць, толькі піша. Зьміцер — чалавек непублічны, кніжнік. Але вельмі дасьведчаны і таленавіты — скончыў унівэрсытэт, выдаў кнігу паэзіі. Надзвычай адданы чалавек. Паколькі ён сур’ёзна займаецца Каліноўскім, я падбухторыў, як кажуць, яго на гэты сцэнар.
Ну, а назва... Было шмат варыянтаў, але пакуль спыніліся на такой: «Каліноўскі: апошнія дні. Спроба рэканструкцыі»
— А Вы самі чаму ўзяліся за гэту працу? Здавалася б, пра Каліноўскага ўжо вядома ўсё... І як вы самі акрэсьліце жанр карціны?
— Каліноўскі зрабіўся ўжо іконай, бронзай — прынамсі, я так адчуваю. І не хацелася проста паўтарыць яшчэ раз тое, што даўно вядома, паказаць старыя дакумэнты (а новага асабліва нічога і не знаходзіцца). Праўда, некаторыя фотаздымкі будуць ўпершыню паказаныя. Да прыкладу, знайшоўся здымак здрадніка, які выдаў месцазнаходжаньне Каліноўскага — ягонага былога паплечніка Вітольда Парфіяновіча.
Цяжка акрэсьліць жанр фільму. Ён ня цалкам дакумэнтальны, хаця заснаваны на дакумэнтальным матэрыяле, з элемэнтамі рэканструкцыі.
Мы паспрабавалі зірнуць на ўсю тую сытуацыю празь сёньняшні дзень. Усё паўтараецца ў жыцьці, хоць і 150 гадоў прайшло. Зноў нічога не падрыхтавана, ніякіх дамоўленасьцяў няма, зноў падзел на сваіх і чужых, і зноў рэвалюцыя, і зноў кроў...
Вяртаючыся да Каліноўскага — ужо было вядома, што параза. Чым кіраваўся гэты чалавек, які да апошняга хаваўся, хадзіў, праводзіў на Лукішкі сваіх сяброў, якіх вялі на павешаньне, на расстрэл? За ім сачылі, ён ведаў пра тое, што яго ня сёньня, дык заўтра зловяць. Але нікуды не зьяжджаў, не эміграваў, як некаторыя... Чым кіраваўся гэты чалавек? Што за адказнасьць была на ім? Вось мы і паспрабавалі паразважаць...
Сабраліся акторы, пералапацілі сцэнар. Самі раздумваем, што было, і праецыруем на сёньняшні час. А дакладней, нават ня столькі на сёньняшні час, колькі на саміх сябе.
Прызнаюся, што праца над карцінай ішла цяжка. Пасьля кожнай рэканструкцыі мы на тэатральнай сцэне працягвалі размовы, у нас узьнікалі нейкія пытаньні, перапісвалі сцэнар, бо імправізаваць можна было вечна...
— А хто выконвае галоўную ролю? І хто наагул здымаўся ў фільме?
— Актораў задзейнічана шмат — каля 20 чалавек, бо там і салдат трэба было іграць, і ахоўнікаў, абслугу. А ролю Кастуся Каліноўскага ў рэканструкцыях выконвае актор Раман Падаляка з Купалаўскага тэатру. Мы не дамагаліся абсалютнага падабенства. Чаргуем размовы, развагі, як гэта было, нашы погляды і меркаваньні з рэканструкцыямі.
Фільм толькі пра апошнія дні Кастуся Каліноўскага, пачынаючы зь яго арышту, і ўвесь час ён знаходзіцца, так бы мовіць, побач з расейскай уладай. Сваіх там нікога няма. Ніхто зь ім не сустракаецца.
— Дзе праходзілі здымкі? Дзе вы знайшлі сапраўдную вязьніцу — няўжо ў Вільні?
— Здымалі шмат дзе, і ў Менску, і ў Івянцы, і ў Гальшанах, і ў Барунах. Дзея адбываецца ў Вільні, у кляштары Дамініканцаў, які падчас задушэньня паўстаньня 1863 году быў перароблены пад турму, і дзе Кастусь Каліноўскі ўтрымліваўся перад выкананьнем сьмяротнага прысуду. Але сёньня Дамініканскі кляштар мае ўжо ня той выгляд. Так што ў Вільні не здымалі. Нам давялося шукаць па Беларусі падобныя месцы. І асноўныя здымкі адбываліся ў Барунах, гэта таксама сьвятое месца, знакаміты кляштар, які зараз знаходзіцца ў страшэнным заняпадзе. Толькі крыху прыбралі там і здымалі.
Мяркуецца, што цалкам праца над фільмам «Каліноўскі: апошнія дні. Спроба рэканструкцыі» будзе завершана да Новага году.