«На гэты раз з тэрыторыі Беларусі вернуты 31 грамадзянін, — цытуе прадстаўніка ведамства інфармагенцтва „Укрінформ“. — Гэта цывільныя мужчыны і жанчыны, якія ўтрымліваліся за праўкраінскую пазыцыю, абвінавачваліся ў дапамозе і садзейнічаньні Ўкраіне».
Паводле слоў Юсава, самая маладая вызваленая ўкраінка правяла ў няволі два гады, а затрымалі дзяўчыну, калі ёй было 16 гадоў. «І абвінавацілі яе, уласна, у падтрымцы Украіны і таму, што яна спрабавала ў парушэньне закона рабіць некаторыя рэчы на тэрыторыі Беларусі», — сказаў ён. Гаворка пра Марыю Місюк, якую беларускія праваабаронцы прызналі палітзьняволенай.
Усе вызваленыя ўжо на тэрыторыі Ўкраіны, падкрэсьліў прадстаўнік ГУВ МА. Ён адзначыў, што гэта «людзі рознага лёсу», у тым ліку «жыхары часова акупаваных тэрыторый, якія апынуліся ў Беларусі».
«Сярод вызваленых маюцца таксама і цяжкахворыя, у прыватнасьці анкалёгіяй. Маюцца людзі з выразнай грамадзянскай пазыцыяй. Сёньня ўсім надаецца неабходная дапамога. Гэта апэрацыя завершаная, гэта надзвычай важная падзея. Чарговы раз мы паказваем на ўвесь сьвет, што Украіна змагаецца за сваіх, дзе б яны ні былі», — падкрэсьліў Юсаў.
Прадстаўнік ведамства зьвярнуў увагу на «канструктыўную пазыцыю кіраўніцтва Беларусі»: «Таму што нашы грамадзяне сёньня дома, жывыя, і ім надаецца дапамога». Адказваць на пытаньне, як шмат украінцаў застаецца ў няволі на тэрыторыі Беларусі, ён ня стаў, заявіўшы, што гэта «ўразьлівая інфармацыя».
«І па-рознаму могуць інтэрпрэтавацца нашы даныя і даныя беларускія. Але відавочным зьяўляецца факт, што як бы ні было цяжка, якія б справядлівыя ацэнкі мы ні давалі, Беларусь — гэта не Расея. І тое, што сёньня адбылася гэта падзея, — яскравае таму сьведчаньне. Выпадкі былі розныя, але сёньня мы бачым добры вынік», — заявіў прадстаўнік ГУВ.
- Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, што «зьдзейсьнілі крымінальныя злачынствы на тэрыторыі» Беларусі, 22 лістапада заявіла прэс-сакратар палітыка Натальля Эйсмант.
- Паводле яе слоў, рашэньне прынятае «у разьвіцьцё дасягнутых дамоўленасьцей» з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, «на просьбу ўкраінскага боку, у мэтах стварэньня ўмоў для ўрэгуляваньня ўзброенага канфлікту ў сумежнай дзяржаве».
- «Пазьней вызваленьне групы суайчыньнікаў пацьвердзіў украінскі Каардынацыйны штаб па пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі. Ведамства паведаміла, што гэта «жанчыны і мужчыны, затрыманыя на тэрыторыі Беларусі і прыгавораныя да розных тэрмінаў зьняволеньня — ад 2 да 11 гадоў».
Форум