Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызваленьне ксяндзоў — вынік дыпляматыі і Ватыкану, і Польшчы, і ЗША, — тэалягіня Васілевіч


Аляксандар Лукашэнка і Кляўдыё Гуджэроцьці на сустрэчы 27 кастрычніка 2025
Аляксандар Лукашэнка і Кляўдыё Гуджэроцьці на сустрэчы 27 кастрычніка 2025

Сьцісла

  • Вызваленьня ксяндзоў, хутчэй за ўсё, не адбылося б, калі б Польшча не адкрыла памежныя пераходы.
  • Малаімавернае запрашэньне Лукашэнкі ў Ватыкан з прычыны пазыцыі ўкраінскай улады і грамадзтва.
  • Ідэя візыту ў Беларусь Папы Рымскага — даўняя задума беларускай улады.

Вызваленых ксяндзоў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча хутчэй за ўсё ня будуць высылаць з краіны, кажа ў інтэрвію Свабодзе тэалягіня, прадстаўніца аб’яднаньня «Хрысьціянская візія» Натальля Васілевіч.

За што рэжым перасьледаваў ксяндза Юхневіча?

— Аляксандар Лукашэнка памілаваў двух каталіцкіх сьвятароў. Гэта Генрых Акалатовіч, які быў асуджаны на 11 гадоў зьняволеньня, і Анджэй Юхневіч, які быў асуджаны на 13 гадоў. Ці вядома вам, ці будуць яны высланыя з краіны, як апошнім часам гэта беларускія ўлады практыкуюць?

— Як бачым, вызваленыя сьвятары знаходзяцца ў Менску, апублікаваны фатаздымак, дзе яны ў апостальскай нунцыятуры разам з арцыбіскупам Станеўскім і апостальскім нунцыем Міняцыя Чафалія. Гэта значыць, што сьвятары былі памілаваныя і іх прымусова не вывозілі з Беларусі. І гэта ўжо будзе іх рашэньне — ці застануцца яны ў Беларусі, ці часова паедуць за мяжу, каб паправіць здароўе пасьля цяжкіх умоваў зьняволеньня.

— Ці будуць яны мець магчымасьць выконваць свае сьвятарскія абавязкі?

Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч

— Хутчэй за ўсё, так. Калі вы зьвернеце ўвагу на фота, афіцыйна апублікаванае рэсурсам Catholic.by, яны там апранутыя па форме, як сьвятары, адзеньне клерыкальнае. Таму відавочна, што яны застаюцца сьвятарамі, будуць працягваць служыць — ці ў Беларусі ці ў замежжы.

— Анджэй Юхневіч быў абвінавачаны ў злачынствах, якія тычацца сэксуальнай недатыкальнасьці непаўналетніх. Касьцёл звычайна праводзіць уласныя расьсьледаваньні на прадмет магчымага парушэньня сьвятаром нормаў кодэкса кананічнага права, калі такія абвінавачваньні высунутыя. Ці будзе ён падлягаць такому расьсьледаваньню?

— Ніякай інфармацыі ў курыю не паступала, няма людзей, якія б вылучалі такія абвінавачваньні на адрас ксяндза Юхневіча. То бок няма прадмета для расьсьледаваньня. Ускосна тое, што справа была сфабрыкаваная, пацьвярджае фармулёўка, зь якой сьвятароў вызвалілі. Як паведамляе БелТА, былі памілаваныя два сьвятары, якія «учынілі цяжкія злачынствы супраць дзяржавы». Такім чынам, як бы пацьвярджаецца, што прырода перасьледу ксяндза Юхневіча была ня ў тым, што ён нібыта ўчыніў нейкія злачынствы супраць няпоўналетніх, а тое, што ён перасьледаваўся за грамадзянскую, палітычную пазыцыю.

І мы ведаем, што затрыманьне яго адбывалася спачатку ў межах адміністрацыйных справаў, зьвязаных з экстрэмізмам, далей таксама гэта ўсё працягвалася як палітычная справа, а потым на нейкім этапе зьявіліся вось такія абвінавачваньні ў злачынствах супраць сэксуальнай недатыкальнасьці. І ініцыятыва «Хрысьціянская візія», напрыклад, заўсёды падкрэсьлівала, што гэта своеасаблівая форма ціску. Такія абвінавачваньні на адрас сьвятароў Рымска-каталіцкай царквы ў сьвеце даволі распаўсюджаныя. Але ў дачыненьні да ксяндза Юхневіча ніхто з падобнымі абвінавачваньнямі ў курыю не зьвяртаўся. Мы таксама бачым па паводзінах ксяндза Юхневіча падчас і адміністрацыйных арыштаў, і падчас суду ў крымінальнай справе, і падчас вынясеньня прысуду — ён змагаўся да канца, абскарджваў усе прысуды, бескампрамісна сябе паводзіў, і менавіта гэта стала прычынай ціску на яго.

Удар па ім хацелі нанесьці, ня толькі пазбавіўшы яго свабоды, выкарыстоўваючы супраць яго катаваньні, але і спляжыўшы яго рэпутацыю.

Але сёньня, пасьля яго вызваленьня мы пабачылі, што рэжым прызнае, што перасьлед быў палітычны. Мы заўсёды верылі ў тое, што ксёндз Юхневіч пацярпеў за сваю грамадзкую, палітычную, маральную, хрысьціянскую пазыцыю.

Хто дамогся вызваленьня ксяндзоў?

— Нядаўна Беларусь наведваў кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці, ён сустракаўся і з Лукашэнкам. І вызваленьне Акалатовіча і Юхневіча — гэта вынік дыпляматыі Ватыкана, фактычна паведаміла Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі. А ці чым Ватыкан аддзячыць Лукашэнку за гэтае вызваленьне?

— Я б хацела падкрэсьліць, што Ватыкан — гэта не адзіны суб’ект, які ўдзельнічаў у працэсе вызваленьня ксяндзоў і, магчыма, яшчэ нейкай групы палітвязьняў. Думаю, што вызваленьне на ксяндзах ня скончыцца, да канца году павінныя быць новыя.

Трэба ўлічваць таксама, што і ксёндз Акалатовіч, і ксёндз Юхневіч — этнічныя палякі. Таму польская дзяржава, якая і за сытуацыяй у касьцёле ў Беларусі сочыць уважліва, і за польскай меншасьцю, таксама актыўна ўдзельнічала ў адвакатаваньні вызваленьня гэтых ксяндзоў.

Іх вызваленьне супала ня толькі з прыездам папскага легата кардынала Гуджэроцьці, але і адкрыцьцё памежнага пераходу паміж Беларусьсю і Польшчай сваю ролю выканала. І магчыма, што без апошняга вызваленьня б таксама не было.

Паведамленьне Канфэрэнцыі біскупаў зьвяртае ўвагу і на працэс перамоваў паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Думаю, гэта таксама было адной з дэталяў мазаікі, якая ў выніку прывяла да вызваленьня.

Ці запросіць Леў XIV Лукашэнку ў Ватыкан?

— Але ці магчымы, напрыклад, візыт Лукашэнкі ў Ватыкан? Ён там ужо бываў, сустракаўся з папярэднімі папамі. Ці візыт цяпер магчымы?

— Тут трэба ўлічваць і рэгіянальны кантэкст, і кантэкст вайны, расейскую агрэсію супраць Украіны і ролю, якую беларускі рэжым у гэтым адыгрывае. Калі Лукашэнку запросяць у Ватыкан, гэта будзе кепска ўспрыме і ўкраінская ўлада, і тамтэйшае грамадзтва, і ўкраінскі Касьцёл. Як, напрыклад, візыт Папы ў Беларусь залежыць ад патрыярха Кірыла і Пуціна, гэтак і візыт Лукашэнкі ў Ватыкан залежыць ад Зяленскага і хады вайны ва Ўкраіне. Безумоўна, усё магчыма, неяк могуць скласьціся акалічнасьці, калі такі візыт стане магчымым. Але ў цяперашняй сытуацыі — наўрад ці.

Але мы можам казаць пра іншыя аспэкты ўдзелу Ватыкана ў прасоўваньні інтарэсаў беларускага рэжыму на міжнароднай арэне. Мы пісалі на «Хрысьціянскай візіі» пра тое, якую ролю ў падтрымцы касьцёлу выконвае Аляксандар Зайцаў — алігарх, прыбліжаны да Лукашэнкі. Зайцаў атрымаў ад Папы Францішка ордэн Рыгора Вялікага. Беларускі алігарх спрабаваў ватыканскі трэк выкарыстаць для таго, каб пазбавіцца ад санкцыяў супраць сваіх кампаній. Вось у нейкім такім накірунку можа адбывацца падзяка Ватыкану за вызваленьне ксяндзоў.

Калі Папа наведае Беларусь?

— Нядаўна прадстаўнікі кліру беларускага касьцёла езьдзілі ў Ватыкан, запрашалі Папу ў Беларусь. Наўрад ці яны гэта рабілі без дазволу беларускай улады. Вы ўжо адзначылі, што існуе традыцыя, паводле якой патрэбны дазвол ад патрыярха РПЦ на візыт Папы. У чым тут сутнасьць гульні Лукашэнкі? Ён, гледзячы па ўсім, даў згоду на такое запрашэньне, зь іншага боку ён ведае пазыцыю і Пуціна, і Маскоўскай патрыярхіі.

— Маскоўская патрыярхія, сапраўды, не гатовая да такога візыту. Але нагадаю, што арцыбіскуп Гуджэроцьці сустрэўся ня толькі з Лукашэнкам, але і з мітрапалітам Веньямінам, і, магчыма, візыт папы ў Беларусь таксама абмяркоўваліся. Мітрапаліт Веньямін пераклаў адказнасьць з сябе на патрыярха Кірыла, на Сынод РПЦ, сказаўшы, што ён ніякай улады ў гэтым пытаньні ня мае.

Пэўны час таму былі апублікаваныя мэмуары першага нунцыя ў Беларусі Дамініка Грушоўскага. І ён там пісаў пра тое, як хадзіў да мітрапаліта Філарэта яшчэ пры Папу Яну Паўлу ІІ і абмяркоўваў магчымасьць візыту пантыфіка ў Беларусь. Дык мітрапаліт Філарэт нават адмовіўся тады гаварыць на гэтую тэму. І гэта пры тым, што тады патрыярхам быў не Кірыл, а Аляксей ІІ, чалавек, менш зацяты ў геапалітычных пытаньнях. Аляксей крытычна паставіўся да чачэнскай вайны, асуджаў дзеяньні там расейскай арміі. А цяпер патрыярх Кірыл цалкам падтрымлівае вайну з Украінай.

Неабходнасьць дазволу на такі візыт Папы з боку РПЦ — гэта не закон, не афіцыйная дамова, але ёсьць паразуменьне паміж Ватыканам і РПЦ на гэты конт. РПЦ для Ватыкану — вельмі важны партнэр, у тым ліку на міжнароднай арэне для таго, каб выступаць, напрыклад, за традыцыйныя каштоўнасьці. І гэта добрая воля Ватыкана — узгадняць такія візыты, хаця былі прэцэдэнты ў мінулым, што яны не ўзгадняліся. Ян Павал II прыяжджаў ва Ўкраіну, насуперак нязгодзе Маскоўскага Патрыярхату. І таму ўсё магчыма.

Я нават думаю, што візыт Папы ў Беларусь можа адбыцца даволі хутка. Патрыярх Кірыл — чалавек немалады, усякае можа здарыцца. А цяпер, падчас вайны, немагчыма сабраць сабор, каб абраць новага патрыярха. Ня змогуць прыехаць украінскія біскупы, а бязь іх ня будзе кворуму. І таму можа ўтварыцца сытуацыя, што ў РПЦ наогул ня будзе патрыярха. Што будзе адбывацца з Царквой у такіх умовах, таксама няясна.

Магчыма, што ў такой сытуацыі Беларуская праваслаўная царква зможа стаць больш аўтаномнай і тады ўжо мітрапаліт Веньямін будзе вырашаць, ці адбудзецца візыт Папы. І вырашаць ён гэта будзе, сыходзячы з беларускіх інтарэсаў. І калі Лукашэнка ў такой сытуацыі папросіць мітрапаліта Веньяміна пагадзіцца на візыт Папы, мяркую, што ён пагодзіцца.

— А якая матывацыя ў запрашэньні Папы ў Лукашэнкі? Ён жа ўвесь час кажа: адна Айчына ад Берасьця да Ўладзівастоку, мы — «рускія людзі», мы — праваслаўныя людзі.

— Лукашэнка — шматвэктарны чалавек. Сёньня ён ад Берасьця да Ўладзівастоку, заўтра — ад Магілёва да Каліфорніі. Ён можа мяняць аблічча, рыторыку, мяняць, так бы мовіць, капелюшы.

Прыгаданы першы нунцый распавядаў ва ўспамінах, што калі ён толькі прыехаў у Беларусь, толькі сышоў з трапу самалёта, першае пытаньне ад МЗС Беларусі (гэта яшчэ 90-я гады былі) — пра візыт Папы ў Беларусь. То бок гэта даўні плян, даўняя ідэя. Нават калі ў Беларусь прыяжджалі Ала Пугачова ці Верка Сярдзючка, Лукашэнка любіў каля іх пакрасавацца і зрабіць фота. Ці калі Стывэн Сігал прыяжджаў, Лукашэнка яго морквай частаваў. Папа — гэта зорка сусьветнай велічыні. Калі б ён прыехаў, Лукашэнка побач зь ім таксама б трошкі зьзяў. Гэта такое мысьленьне «сэлфі».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG