У доўгі сьпіс Прэміі Цёткі, якая ўручаецца за найлепшую дзіцячую кнігу і яе мастацкае афармленьне, сёлета ўвайшлі 38 аўтараў і 22 мастакі. Ляўрэаты будуць абвешчаныя 28 красавіка, а пакуль журы не сьпяшаецца абвяшчаць шорт-ліст, наша аўтарка Паліна Масьлянкова пагартала старонкі кніг-намінантаў і вылучыла зь дзясятак фаварытаў.
1. Айчына: маляўнічая гісторыя. Частка 1. Ад Рагнеды да Касьцюшкі
Аўтар: Уладзімер Арлоў. Мастак: Павал Татарнікаў.
Выдавецтва «Тэхналёгія»
Гэтая кніга першая ў сьпісе ня толькі таму, што прозьвішча аўтара пачынаецца з першай літары азбукі. Яна напраўду выбітная, і выбіваецца яна сваёй дыхтоўнасьцю і маляўнічасьцю. Гістарычныя падзеі, грунтоўна апісаныя Ўладзімерам Арловым і дэталёва праілюстраваныя Паўлам Татарнікавым, цікавыя для азнаямленьня дзеткам з пяці гадоў і да бясконцасьці. Выхад «Айчыны» меў шырокі розгалас, прэзэнтацыі праходзілі з аншлягам па ўсёй краіне, а Ўладзімер Арлоў і Павал Татарнікаў нястомна раздавалі аўтографы — такога яднаньня пакаленьняў беларуская кніга ня памятае з часоў выхаду кнігі «Адкуль наш род». Ня дзіўна, што кніга намінаваная на прэмію ў дзьвюх намінацыях: і за тэкст Уладзімера Арлова, і за мастацкае афармленьне Паўла Татарнікава. Пры наяўнасьці такой кнігі ў сьпісе намінантаў журы будзе няпроста абмінуць яе ўвагай.
2. Сьнежны чалавек у Менску
Аўтар: Эва Суса. Мастак: Кацярына Дубовік
Выдавецтва «Кнігазбор»
Наступная кніга не менш выбітная, бо напісаная была швэдзкай пісьменьніцай Эвай Суса пасьля прыезду ў Менск і прэзэнтацыі тут яе першай кнігі пра сьнежнага чалавека ў перакладзе на беларускую мову Алесі Башарымавай. Галоўных герояў працягу аўтарка назвала Алесем і Барысам у гонар выдаўцоў Алеся Пашкевіча і Барыса Пятровіча. А праілюстравала гэты сыквэл мастачка Кацярына Дубовік, якая летась была адзначаная прэміяй Цёткі за мастацкае афармленьне кнігі Надзеі Ясьмінскай «Сем ружаў». На прэмію могуць намінавацца толькі арыгінальныя кнігі па-беларуску, таму кніга праўстаўлена толькі ў мастацкім сьпісе. А вось ці атрымае Кацярына Дубовік узнагароду двойчы запар, пакуль невядома.
3. Бася і Піглас
Аўтар і мастак: Надзя Бука
Выдавецкі дом «Звязда»
Дзіўна, але першая кніга мастачкі Надзі Букі фігуруе толькі ў адным сьпісе — не мастацкім, хаця галоўны мастацкі вобраз кнігі Піглас быў створаны аўтаркай задоўга да яе зьяўленьня як карціна. І гэтаксама на шпалерах ствараецца гераіняй напачатку кнігі. Натхняючыся традыцыямі швэдзкай літаратуры і тэхнікі «буцінанкі», у якой працуе мастачка, Надзя Бука стварыла цудоўную гісторыю пра Басю, якая намалявала сабе сябра, які размаўляе бурбалкамі, харчуецца прышчэпкамі і выводзіць птушанятаў у гнязьдзе з грабеньчыкаў. А яшчэ ён дапамагае і выратоўвае ў складаных сытуацыях, як і павінен рабіць кожны сябар.
4. Эпоха русалкі
Аўтар: Уладзімер Несьцяровіч. Мастак: Стася Сакалоўская
Выдавецтва «Галіяфы»
На прэмію Цёткі сёлета выстаўлена 2 кнігі з ілюстрацыямі мастачкі Стасі Сакаловай: прыгодніцкая паэма «Эпоха русалкі» Ўладзімера Несьцяровіча і зборнік кароткіх дзіцячых вершаў «Чаму вожык не стрыжэцца?» Алеся Пісьмянкова. За адметны стыль творчасьць мастачкі часам называюць змрочнай і дэпрэсіўнай. У бібліятэках рукі чытачоў мімаволі цягнуцца да адрозных ад большасьці, пазбаўленых стракатасьці колераў, вокладак кніг, аформленых Стасяй Сакалоўскай. Аднак, паводле сьцьверджаньня бібліятэкарак, мамы гартаюць і адкладаюць іх убок, мяркуючы, што гэта не для маленькіх дзяцей. Ці зможа прэмія ў галіне мастацкага афармленьня кнігі паўплываць на чытацкія густы і разбурыць стэрэатыпы пра эталён дзіцячай ілюстрацыі, гэта пытаньне да судзьдзяў.
5. Чытанка для маленькіх — 2
Мастак: Дарʼя Маньдзік
Выдавецтва «Кнігазбор»
Мяркуючы па тым, як добра разышоўся першы выпуск «Чытанкі для маленькіх», другая частка таксама стане ўлюбёнай кніжкай малечы. На гэты раз у кнігу ўвайшлі ня толькі народныя казкі і песенькі, аднак і творы сучасных паэтаў Андрэя Хадановіча, Артура Вольскага, Рыгора Барадуліна, Сержука Сокалава-Воюша, Анатоля Івашчанкі, Веры Бурлак ды іншых. Кнігу аформіла мастачка Дарʼя Маньдзік, чые ілюстрацыі і намінаваныя на прэмію Цёткі. Яны каляровыя, жыцьцярадасныя і зразумелыя ня толькі маленькім дзеткам, але і іх бацькам.
6. Мяне завуць Лахнэска
Аўтар: Алена Масла. Мастак: Аксана Аракчэева
Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»
Новая кніга Алены Масла патрапіла ня толькі ў сьпіс намінантаў прэміі Цёткі, але і ў агульны трэнд дзіцячага кнігадруку: адна гісторыя на кніжку, тры чвэрці кнігі займаюць малюнкі, шмат дзеяньня і дыялёгаў і мінімум апісаньняў, цьвёрдая вокладка фармату А4, а напрыканцы нават старонка-размалёўка для інтэрактыўнага засваеньня прачытанага. Кніга праілюстраваная яскравымі малюнкамі Аксаны Аракчэевай, якая намінаваная сёлета яшчэ і за мастацкае афармленьне кнігі Тамары Бунта «Дзяўчынка зь Вішнёвага завулка», што падвышае шанцы на атрыманьне прэміі як мінімум удвая.
7. Як Шубуршун мурашоў-чужынцаў выратаваў
Аўтар: Алесь Карлюкевіч. Мастак: Марыя Каратаева
Выдавецкі дом «Звязда»
Прыгоды дзіўнай маленькай істоты на мянушку Шубуршун выходзяць у сьвет з 2013 году з зайздроснай рэгулярнасьцю і ў розным мастацкім афармленьні: у малюнках Марыі Каратаевай і Аксаны Аракчэевай. На гэты раз у кнізе «Як Шубуршун мурашоў-чужынцаў выратаваў» сабраны найбольш поўны звод прыгодаў Шубуршуна, дзе ён і на ровары катаецца, і з парашутам скача, і падарожнічае па Сьвіслачы, і лётае да зорак, і нават выкладае мурашам беларускую мову. Кніга прадстаўленая ў доўгім сьпісе прэміі ў дзьвюх намінацыях: за прыгодніцкія гісторыі Алеся Карлюкевіча і за мастацкае афармленьне Марыі Каратаевай.
8. Малпачка — дачка нябеснага дракона
Аўтар: Генадзь Аўласенка. Мастак: Марыя Міцкевіч
Выдавецкі дом «Звязда»
Кніга Генадзя Аўласенкі пра Малпачку, якая называла сябе дачкой Нябеснага Дракона, хоць і мае 100 старонак, але чытаецца нагбом за адзін вечар. Традыцыйныя для беларускай літаратуры героі (зайчыкі, воўк, ліса і мядзьведзь) тут разбаўленыя экзатычнай асобай — прынцэсай Малпачкай, якая звалілася зь нябёсаў проста зайцам на галаву. Тэмы эгаізму і ўзаемадапамогі, сяброўства і здрады, хлусьні і ісьціны ў казцы раскрытыя ў дыдактычным ключы, з раптоўным перавыхаваньнем гераіні. Прыгоды Малпачкі ў звычайным беларускім лесе ілюстраваныя мастачкай Марыяй Міцкевіч, якая вельмі ўдала дае рады чароўным казкам.
9. Як Данік у Радзівілаўскае метро трапіў
Аўтар: Анатоль Бутэвіч. Мастак: Лізавета Емяльянава
Выдавецтва «Мастацкая літаратура»
Казка Анатоля Бутэвіча «Як Данік у Радзівілаўскае метро трапіў» зьяўляецца прыгодніцкай экскурсіяй па ўладаньнях княскага роду Радзівілаў, якую ажыцьцявіў хлопчык Данік у сьне. Ён пабачыў чароўнага каня, апрануў дасьпехі, падперазаўся слуцкім пасам, сустрэўся з Чорнай Паннай Нясьвіжа і мядзьведзямі са Смаргонскай акадэміі — і ўсё гэта падчас вандроўкі ў таемным мэтро. Гэткая начная вандроўка ў гісторыю прыгожа аформленая мастачкай Лізаветай Емяльянавай. Каляровыя тут ня толькі малюнкі, але і старонкі кнігі, што аддрукаваны на шчыльнай афсэтнай паперы.
10. Адваротны бок люстра
Аўтар і мастак: Ксенія Шталянкова
Выдавецтва «Мастацкая літаратура»
Завершым нашу падборку кнігай, якой няма канкурэнтаў сярод сёлетніх намінантаў прэміі. Гэта трылёгія Ксеніі Шталянковай пад назвай «Адваротны бок люстра». Гэта фактычна адзіны сярод намінаваных кніг гістарычны раман, напісаны для падлеткаў, у той час як большая частка кніг арыентаваная на дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. У аповедзе пра магічнае люстра, празь якое пятнаццацігадовая Варвара Станкевіч трапляе з сучаснай Вільні ў Вільню XVI стагодзьдзя, праглядваюцца традыцыі, закладзеныя Ўладзімерам Караткевічам і разьвітыя Людмілай Рублеўскай. Дзяўчынка Бася знаёміцца па той бок люстра з шляхціцам Міхалам Саколічам, бярэ ў рукі Біблію Скарыны, сядае на каня і трапляе ў самы суплёт інтрыг пры двары Жыгімонта ІІ Аўгуста і Барбары Радзівіл.
З поўным сьпісам Прэміі Цёткі ў дзьвюх намінацыях можна азнаёміцца на сайце прэміі, а ў камэнтарах, будзем радыя, калі вы падзеліцеся сваімі фаварытамі. Пераможцаў жа абвесьціць журы 28 красавіка а 19 гадзіне ў культцэнтры «Корпус» (праспэкт Машэрава, 9).