Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-5 дзіцячых беларускамоўных кніг 2015-га году


Чым парадаваў сёлета беларускі кніжны рынак маленькіх чытачоў? Наша аўтарка Аляксандра Сержановіч склала свой рэйтынг дзіцячых кніг, выдадзеных у 2015 годзе.

1. Юя Вісландэр. Мама Му ў басэйне

Зусім нядаўна ў выдавецтве «Логвінаў» зьявіўся працяг гісторыі пра незвычайную карову Маму Му — дачку швэдзкай пісьменьніцы Юі Вісландэр. Гэта ўжо пятая кніга пра Маму Му па-беларуску ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч.

Гэтым разам Мама Му са сваёй сяброўкай, дзяўчынкай Лінай, накіравалася ў басэйн. Там яна ня толькі скарыла ўсе горкі і трампліны, наплавалася ўдосталь, пагрэлася ў дзіцячым басэйне і крыху разамлела ў саўне, але і атрымала мэдаль «Залатая рыбка» за свае дасягненьні ў плаваньні. Толькі вось сябра Крумкач не парадаваўся за Маму Му: ён жа баіцца вады і такі цудоўны мэдаль яму не дастанецца...

Кніга падкажа, як падбадзёрыць сябра, калі, здаецца, у яго няма прычын для радасьці. І дапаможа зразумець, што ў кожнага на сьвеце ёсьць свае таленты, вартыя залатога мэдаля.

Усім прыхільнікам Мамы Му будзе цікава дазнацца, што плянуецца выданьне яшчэ пяці беларускамоўных кніг пра гэтую карову-дзівачку.

2. Серж Мінскевіч. Вялікія прыгоды Какоса Маракоса

Прызнаюся, пра тое, што какосы вандруюць па марах, я дазналася, чытаючы сыну кнігу пра Какоса Маракоса. Гэта была тоненькая кніжка, у якой можна было пазнаёміцца з марскімі істотамі і нават размаляваць іх. Каштавала яны тры капейкі, але ў нашай сям’і стала сапраўдным хітом.

Тым больш прыемна сустракаць гэтай восеньню тоўстае выданьне ў цьвёрдай вокладцы — «Вялікія прыгоды Какоса Маракоса» ад Сержа Мінскевіча. Гэта тая ж гісторыя пра Какоса, якога назвалі Маракосам, бо ён пакарае акіянскія абшары, нібы сапраўдны марак. Па дарозе яму сустракаюцца самыя розныя жыхары мора. Адны з іх становяцца пагрозай, другія — сапраўднымі сябрамі. Гісторыя вершаваная, таму добра ўспрымаецца і лёгка запамінаецца.У канцы кнігі сабраны займальныя факты пра ўсіх марскіх насельнікаў, зь якімі сустракаўся Маракос.

Кніга дакладна спадабаецца хлопчыкам і дзяўчынкам, якія мараць пра далёкія і цікавыя марскія падарожжы. Маракос на старонках кнігі здаецца жывым і сапраўдным, дзякуючы малюнкам Андрэя Хворыка.

3. Міхась Зізюк. Янка, Шмурдзік, Бухматка і іншыя

З назвы гэтай казкі зразумела толькі, што ў ёй удзельнічае хлопчык Янка. Як адкрываеш кнігу, аказваецца, што Шмурдзік — гэта кот, а Бухматка — курыца. Хлопчык Янка ў гэтай вясёлай кампаніі бавіць лета ў дзядулі на вёсцы. Разам з новымі сябрамі малы ня толькі адпачывае і гарэзьнічае, але і дазнаецца, што цікавага. Як на стале зьяўляецца хлеб? Чаму малако белае? Як наладжана жыцьцё ў пчаліным дамку? Хто жыве на Кудыкінай гары? Адказы на гэтыя і шматлікія іншыя дзіцячыя пытаньні шукайце на старонках кнігі.

Добрая беларуская мова і выбітныя малюнкі Ганны Булатавай робяць займальнае чытво яшчэ больш прыемным.

4. Андрэй Хадановіч. Нататкі таткі

Калі вы шукалі дзіцячыя вершыкі, якія б пасавалі для розных сытуацый, віншуем, вы іх знайшлі! Андрэй Хадановіч цягам пяці гадоў пісаў вершыкі пра штодзённыя здарэньні зь яго дачкой Аленай. У выніку атрымалася файная кніжка на кожны дзень.

Зьбіраецеся пакарміць качак?

«Дапіваю смачны сок — і рыхтуйце мне вазок.
Вуць-вуць-вуць, кра-кра-кра, качак пакарміць пара».

Хочаце паехаць у грыбы?

«Назьбіраю шмат грыбоў, у мяне да іх любоў.
Можа — сто, а можа — дзьвесьце, каб і татка мог пад’есьці».

Хочаце пакатацца на ровары, пазьбіраць каштаны, зрабіць заплыў у ваньне, апрануць шкарпэткі, пагуляцца з паветраным шарыкам, выбраць паміж цукеркамі і баршчом, а, можа, вынесьці сьмецьце? Для ўсіх гэтых і вялізнай колькасьці іншых спраў Андрэй Хадановіч напісаў свае вясёлыя вяршы. Іх цікава чытаць і безь ніякай нагоды, хаця своеасаблівыя малюнкі ў кнізе спадабаюцца ня ўсім дзецям. Але лепш расказваць дзеткам у той момант, калі здараецца адпаведная сытуацыя. Добры настрой гарантаваны.

5. Алена Церашкова. Англійская мова: слова за словам

Даўно вядома, што замежныя словы добра запамінаюцца, калі зьвязаць іх у галаве з ужо вядомымі пры дапамозе асацыяцый. Алена Церашкова выкарыстала гэты прынцып у сваёй новай кнізе.

Кніга складаецца з кароткіх вершаў, кожны з каторых заканчваецца англійскім словам. Вершык зьвязаны па сэнсе са значэньнем слова: узгадаеш вершык — слова само прыйдзе ў галаву.

«Я разьбегся: раз, два, тры —
І залез на дрэва — tree».

Побач з англійскім словам ёсьць транскрыпцыя беларускімі літарамі, якую зрабіла знаўца англійскай мовы Алена Трацякова. Гэта дапаможа чытаць словы дзеткам. Малюнкі Вольгі Раманюк зрабілі выданьне больш падобным да кнігі-гульні, чым да падручніка. І хто сказаў, што навучаньне ня можа быць цікавым?

Усе кнігі топу можна набыць у кнігарнях горада і кніжных інтэрнэт-крамах.

Прыемнага чытаньня!

Аляксандра Сержановіч для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG