Паліна Масьлянкова для Радыё Свабода.
Бацькі часам хвалююцца, як адрэагуе дзіця на спэктакль, ці ня будзе перашкаджаць іншым гледачам, ці дасядзіць да канца, і таму адкладваюць першы візыт у тэатар да школы. Але апошнім часам у Беларусі ўзьнікла шмат творчых калектываў, якія ладзяць інтэрактыўныя спэктаклі для малечы.
1. Бэбі-тэатар «Бусы»
Першым у гэтым сьпісе варта згадаць тэатар «Бусы» Ганны Шапашнікавай і Златы Глотавай, які існуе ўжо чатыры гады і мае ў рэпэртуары больш за 10 пастановак для дзяцей ад года да дзесяці. Гэта і лялечныя спэктаклі («Вясеньняя казка», «Асеньняя казка» — разам з Веранікай Фаміной), і пазнавальныя пастаноўкі («Чароўны парашут»), і музычныя канцэрты («Восень — гэта добра!», «Птушыная акадэмія»), і м’юзыклы паводле казак вядомых пісьменьнікаў («Стойкі алавяны салдацік», «Маленькі дзед Мароз»). Ва ўсіх спэктаклях гучыць жывая музыка.
Апрача цудоўных спэктакляў для дзяцей 3-6 гадоў, Ганна і Злата актыўна распрацоўваюць кірунак бэбі-тэатру — для дзетак ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Акторкі навучаюцца тэатральнаму майстэрству ў бэбі-лябараторыі пры Цэнтры імя Мэерхольда ў Маскве і ўжо зрабілі некалькі пастановак для самых маленькіх. Сярод іх спэктакль-мэтамарфоза «Птушка-цягнік-патэфон», у якім маміна швейная машынка раптам ператвараецца то ў цягнік, то ў патэфон — і ўсё ў фантазіі дзьвюх сястрычак. Спэктакль вучыць сучасных дзяцей, звыклых да ўсяго гатовенькага, гуляць у самыя простыя рэчы: стужкі, клубочкі, кардонкі, шкуматы тканіны і г. д.
Яшчэ адзін спэктакль (1+) пастаўлены па кнізе Ану Штонэр «Маленькі дзед Мароз» — пра самага дбайнага Дзеда Мароза, які, праўда, пакуль не дарос да віншаваньня дзяцей і па ўласнай ахвоце віншуе лясных і гарадзкіх жывёлаў: ім жа таксама хочацца сьвята!
Мова спэктакляў: расейская («Маленькі Дзед Мароз», «Птушка-цягнік-патэфон» і «Стойкі алавяны салдацік» таксама і па-беларуску).
2. Тэатар «Кардонка»
Тэатар «Кардонка» Сьвятланы Бень, Арцёма Залескага і Зоі Кенькі існуе з 2011 году і ставіць спэктаклі як для маленькіх гледачоў, так і для падлеткаў («Хатні вожык», 14+). Але, нягледзячы на розную аўдыторыю, тэатар ня здраджвае традыцыям настольнага тэатру малога фармату. Усе дэкарацыі і лялькі ў тэатры створаныя з кардону, што выглядае вельмі проста і многіх гледачоў натхняе на ўласныя хатнія пастаноўкі.
У кожным тэатры для маленькіх вельмі важна пазначаць на афішы ўзроставыя межы. Напрыклад, у спэктаклі «Быў бы ў мяне дракон» прысутнічаюць моцныя гукі і зацямненьне залі, таму і ўзроставае абмежаваньне вызначанае як 4+. Але калі дзеткі не баяцца цемры і цмокаў, то гэты спэктакль спадабаецца і будзе зразумелы гадоў з двух. «Чароўная крэйда» паводле кнігі Сінкен Хоп арыентаваная на аматараў прыгодаў зь пяці гадоў.
Шматгранная Сьвятлана Бень у супрацоўніцтве з кіраўніком мультыплікацыйнай студыі Міхаілам Сафронавым стварыла спэктакль «Лёгкі слон» (4+), паводле якога быў зьняты мультфільм. Таксама тэатар «Кардонка» паставіў спэктакль паводле кніжнага сэрыялу-бэстсэлеру Марыі Бершадскай «Вялікая маленькая дзяўчынка» (5+). А на тэатральным фэстывалі «Казачны джэм» тэатрам быў арганізаваны ўнікальны «Тэатральны аўтамат», тэатар аднаго гледача, у які мог увайсьці кожны наведнік і паўплываць на разьвіцьцё сюжэту кароткага спэктаклю, націскаючы на кнопкі.
Мова спэктакляў: расейская.
3. Лялечны тэатрык «Лямцавая батлейка»
У лялечным тэатрыку Веранікі Фаміной «Лямцавая батлейка» ўсе лялькі зробленыя з лямцу, то бок зваляныя з воўны. Гэта вандроўны тэатар, увесь рэквізыт якога зьмяшчаецца ў валізцы, і дзеяньне спэктаклю адбываецца таксама на ёй. Валізка шторазу чароўным чынам ператвараецца то ў кароўнік, то ў поплаў, а то ў басэйн. А акторы тым часам вандруюць са сваёй валізкай па школках і бібліятэках Беларусі, паказваючы спэктаклі пра Маму Му і яе сябра Крумкача (3+).
Спэктаклі паводле кніг Юі Вінландэр «Мама Му чытае і прыбірае» і «Мама Му ў басэйне», пастаўленыя на беларускай мове, палюбіліся гледачам і нават самой пісьменьніцы. Тэатрык паказваў свае спэктаклі на прэзэнтацыі новых кніг пра Маму Му, на фэсьце «Казачны джэм» і нават займеў пасьлядоўнікаў — лямцавы тэатар «Вандроўны чамаданчык», створаны калектывам барысаўскай дзіцячай бібліятэкі імя Гайдара, які таксама па-беларуску паставіў міні-спэктаклі «Мама Му чытае» і «Мама Му танцуе балет».
Мова спэктакляў: беларуская.
4. Інтэрактыўны тэатар «Калейдаскоп»
Інтэрактыўны тэатар «Калейдаскоп» пад кіраўніцтвам Юліі Белкі стварае чароўныя спэктаклі разам зь дзецьмі, намагаючыся дасягнуць адчуваньня, што спэктакль атрымаўся б зусім іншы, каб не было тут цябе, маленькага наведніка. Пастаноўкі тэатру заснаваныя на літаратурных творах і арыентаваныя на гледачоў ад 3 гадоў.
«Незвычайныя Каляды» пастаўленыя па матывах каляднай казкі пра Пэтсана і Фіндуса Свэна Нурдквіста, перакладзенай на беларускую мову Надзеяй Кандрусевіч. Маленькія гледачы раптам ператвараюцца ў суседзяў Пэтсана і дапамагаюць яму цудоўна сустрэць Каляды, нягледзячы на ягоную траўму. Спэктакль пра коціка і сабачку паводле аповесьці Людмілы Дунаевай «Дождж» дазваляе адчуць атмасфэру дажджлівага дня ў чаканьні гаспадара і разам з тым утульнасьць свайго дома. А ў спэктаклі «Пустэльнік і ружа» па матывах Барыса Захадэра дзеці самі ўдзельнічаюць у стварэньні ракавінкі для рака, дапамагаюць яму пераадолець перашкоды і расфарбаваць мора.
Мова спэктакляў: расейская («Незвычайныя Каляды» — таксама і па-беларуску)
5. Тэатральны праект «Казачкі бай!»
Праект тэатралізаваных чытаньняў «Казачкі бай!» ужо сваёй назвай заклікае як мага больш баяць казкі. Гэты праект створаны для падтрымкі і прасоўваньня малых тэатральных формаў, такіх як чытаньні, камэрныя спэктаклі, прагляды дыяфільмаў і тэатралізаваныя вечарыны. На розных дзіцячых фэстах і імпрэзах сіламі натхняльніцы праекту Натальлі Ляванавай і запрошаных актораў ладзяцца чытаньні сучасных беларускіх дзіцячых кніг. Тэатралізаваныя чытаньні адбываліся па кнігах «Сумны суп» Вольгі Гапеевай, «Баваўняная дзяўчынка» Дар’і Вашкевіч, «Вера і шытыя сланы» Алены Мальчэўскай.
«Казачкі бай!» у супрацоўніцтве з тэатрам «Калейдаскоп» паставілі беларускамоўны спэктакль «Дарожныя прыгоды Віты» паводле кніг Сары Лундбэрг пра Віту Белую Крэску, якая малюе дарожную разьметку, сябруе зь зялёным і чырвоным чалавечкамі і нават ведае таго, хто запальвае ліхтары. Пазьней адбылася прэм’ера спэктаклю на расейскай мове.
Мова спэктакляў: беларуская («Дарожныя прыгоды Віты» ёсьць і па-расейску)
6. Сямейная тэатральная майстэрня Харланчук-Южаковых «Горад сяброў»
«Горад сяброў» — гэта ўжо ня лялечны тэатар, тут акторы самі граюць прынцэс і блазнаў, кухараў і мадэльераў. У рэпэртуары «Гораду сяброў» спэктаклі для дзяцей ад трох гадоў. Спэктакль «Ёсьць ідэя!» распавядае пра тое, як Горад сяброў пакінулі Мір, Радасьць і Любоў і што трэба зрабіць, каб іх вярнуць.
А ў спэктаклі «Не хачу быць прынцэсай!» маленькая дзяўчынка каралеўскага паходжаньня раптам разумее, што зусім сабе не падабаецца і хоча ўсё перайначыць. У пошуках новай сябе яна становіцца сьмешнай да непазнавальнасьці і ўрэшце разумее, што прынцэсай быць ня так кепска, як гэта часам здаецца.
Пасьля кожнага спэктаклю праводзіцца творчая майстэрня, падчас якой дзеткі могуць зрабіць, напрыклад, упрыгожаньні, як у прынцэсы, ці нават карону.
Мова спэктакляў: беларуская
7. Тэатар лялек, сьвятла і ценю «Дом сонца»
Назва тэатру Галіны Савельевай «Дом сонца» цудоўна перадае спэцыфіку тэатру: гульню промняў сьвятла, адбіткі ценяў і мэлёдыю струн сапраўднай арфы. Тэатар «Дом сонца» паўстаў у 2011 годзе і за 5 гадоў паставіў 11 спэктакляў ва ўнікальных для Беларусі тэхніках: нэонавага спэктаклю з флюарэсцэнтнымі і сьветладыёднымі лялькамі, а таксама маляваньня сьвятлом адмысловымі пэндзлямі па сьветланазапашвальным экране. «Прыгоды вусеня», «Марскі падарунак», «Чароўныя сьняжынкі» — усе гэтыя спэктаклі праходзяць у цемры зь неверагоднымі сьветлавымі эфэктамі. Узроставая пазнака тут 2+, але праз цемру рашэньне прымаць бацькам, зь якога ўзросту менавіта вашаму дзіцяці будзе камфортна і цікава на такім спэктаклі.
Апрача сучасных мэтодык, «Дом сонца» разьвівае і клясычны кірунак — батлейку, у жанры якой быў пастаўлены спэктакль па п’есе Ўладзімера Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц». Да ўсяго, «Дом Сонца» зьдзейсьніў некалькі дабрачынных сацыяльных праектаў («Доктар лялька», «Арт-школа», «Жоўты дом», «Тэатар аднаго гледача»).
Мова спэктакляў: расейская (спэктакль «Калыска чатырох чараўніц» па-беларуску)
8. Лялечны тэатар «БуСемаПа»
Лялечны тэатар «БуСемаПа», назва якога ўтвораная зь першых складоў прозьвішчаў яго першастваральнікаў, распачаў сваю дзейнасьць 3 гады таму. Напачатку гэта быў спэктакль «Гісторыя пра Жака і Густава» на расейскай мове, у якой апавядаюцца і паказваюцца прыгоды хлопчыка і яго ровара, якія імкнуліся падарожнічаць і нават патрапілі ў цырк. У 2015 годзе адбылася прэм’ера спэктаклю «Як Бусемапка ўсьмешку шукала» на беларускай мове, у якім Бусемапка, выдуманы пэрсанаж тэатру, на працягу спэктаклю шукае і знаходзіць ня толькі ўсьмешку, але і радасьць гледачоў.
Тэатр мае зімовы спэктакль «Прыгоды рукавічкі» (4+), у якім дзейнічаюць звычайныя рэчы са звычайнага гардэробу: рукавічкі, палітоны, шалікі і капелюшы. А на другім «Казачным джэме» гэты калектыў паказаў беларускамоўны спэктакль «А вы любіце гісторыі пра гарбату?» (4+), які суправаджаўся сапраўднай чайнай цырымоніяй.
Мова спэктакляў: беларуская («Гісторыя пра Жака і Густава» на расейскай мове)
9. Сямейны тэатар ценяў «Веліструхен»
«Веліструхен» — гэта тэатар ценяў сям’і мастакоў Ганны Селівончык, Васіля Пешкуна і іх дачкі Марыі, якая ў свае 15 гадоў агучвае ўсе спэктаклі, а лялькамі кіруюць бацькі. Спэктаклі ставяцца па матывах вершаў і казак мамы Ганны, якая і малюе лялькі. Аказваецца, сямейны тэатар узьнік цалкам дзякуючы дачцэ Марыі, нават назву прыдумала яна, перайначыўшы недачутыя словы замежнай песьні. Проста ў пэўны момант Марыя зацікавілася кіно, а бацькі скіравалі гэтую цікавасьць у сямейнае хобі — тэатар ценяў, які ў хатніх умовах здымаць на камэру крыху прасьцей, чым займацца мультыплікацыяй.
У рэпэртуары тэатру шмат пастановак для дзяцей ад трох гадоў, але і дарослыя атрымліваюць неверагодную асалоду ад каляровага тэатру ценяў. У перадкалядныя дні праходзяць паказы вельмі зімовага і казачнага спэктаклю «Чараўніцтва», у якім сабраныя ўсе лірычныя асацыяцыі з навагоднімі сьвятамі. У спэктаклі «Хто ёсьць кот?» можна ня толькі пабачыць і пачуць цікавыя факты пра катоў і ўстойлівыя выразы пра суп з катом, але і атрымаць сапраўдны «КОТарсіс», нібыта ў вас на каленках вуркоча коцік. А спэктакль «Вярба і рэчка» створаны паводле казкі самой Марыі.
Мова спэктакляў: расейская
10. «Альтанка для чытанкі»
«Альтанка для чытанкі» Тацяны Крыцкай — гэта нават не тэатар, а сацыяльна-адукацыйная ініцыятыва, якая ў форме тэатральных пастановак па-беларуску знаёміць дзяцей з кнігамі і зьявамі прыроды. Прыярытэтным кірункам дзейнасьці «Альтанкі» зьяўляюцца вандроўкі па дзіцячых цэнтрах, дамах, хосьпісах і шпіталях, каб сагрэць сваёй увагай, цяплом і творчасьцю тых дзетак, якім цяпер нялёгка і нават балюча.
Са спэктаклямі пра слана Элмера, вельмі галоднага вусеня, жабку Квасіліну вандруе «Альтанка» і паказвае свае пастаноўкі, суправаджаючы іх майстар-клясамі па стварэньні сланоў у клетачку, зялёных вусеняў і жабак. А на зьлёце ўсіх інтэрактыўных тэатраў для малечы «Казачны джэм» Тацяна Крыцкая паказала спэктакль паводле казкі Агасьціна Траіні «Неверагодныя прыгоды сыньёра Кропелькі» — пра кругазварот вады ў прыродзе.
Мова спэктакляў: беларуская
11. Тэатар «Растор*)мошка» (Віцебск)
Тэатар зь дзіўнай назвай «Растор*)мошка» існуе ў Віцебску і часам цешыць нас візытамі ў Менск. Ягоны нязьменны сцэнарыст, рэжысэр і актор — Алесь Аўсянікаў, а ў стварэньні лялек яму дапамагаюць Натальля і Андрэй Ісакавы.
Сёлета на фэсьце «Казачны джэм» можна было пабачыць спэктакль «Зорачка» (3+), пастаўлены паводле сцэнару Гары Бардзі «Дастаць да неба». Аднойчы шасьцігадовы хлопчык Юра і ягоная сяброўка Валя знайшлі на падворку зорачку, якая ўпала зь неба. Адважныя дзеці вырашылі што б там ні было дапамагчы зорачцы вярнуцца назад на неба. У гэтым памкненьні сябры пераадольваюць перашкоды зямнога прыцягненьня і дастаўляюць зорку на радзіму — у космас.
Мова спэктакляў: расейская
12. Сямейны тэатар ценяў «Абажурчык»
Сямейны тэатар ценяў «Абажурчык» таксама паўстаў у Віцебску. Гэты тэатар заснаваны дзьвюма дзяўчатамі Алай Сьпірыдонавай і Аленай Валадкевіч, якія ў сваёй кнігарні ставяць казкі знакамітых пісьменьнікаў і ўласнага сачыненьня. Тэатр паставіў спэктаклі «Груфала» і «Вярхом на мятле» паводле кніг Джуліі Дональдсан. Таксама ў рэпэртуары тэатру ёсьць спэктаклі паводле народных казак «Певень і ліса», «Рэпка».
На фэсьце «Горад і кнігі. Навука» у Менску тэатар ценяў зь Віцебску прадставіў спэктакль «Краіна геамэтрыя». Сёлета «Абажурчык» паказаў на «Славянскім базары» і дарослы спэктакль «Пра каханьне».
Мова спэктаклю: расейская
13. Тэатар Васіля Дранько-Майсюка
Тэатар аднаго актора Васіля Дранько-Майсюка прадстаўляе інтэрактыўны спэктакль «Зубное шчасьце», які разьлічаны на дзетак ад 3 гадоў. У залю зазвычай запрашаецца ня больш за 20-30 сем’яў, а дзеткі актыўна ўдзельнічаюць у сюжэце спэктаклю, адказваючы на пытаньні і пераймаючыся за лёсы герояў — зубоў, якія маюць беларускія клясычныя імёны Васіль і Ганна.
Падчас спэктаклю зубам давядзецца змагацца з жорсткім злыднем — карыесам, які точыць зубы і не дае спаць маленькаму хлопчыку-ласуну. Напрыканцы спэктаклю дзеткі атрымліваюць пасьведчаньне, што яны цяпер дыплямаваныя змагары з карыесам, і абяцаюць рэгулярна чысьціць зубы двойчы на дзень.
Мова спэктаклю: беларуская
14. Дзіцячы тэатар Аляксандра Ждановіча
Актор драматычнага тэатру імя Горкага Аляксандар Ждановіч усім беларусам больш вядомы, як Маляваныч — нязьменны вядоўца «Калыханкі» з 1996 году. Ягоны акторскі талент і любоў да дзяцей спалучыліся ў інтэрактыўным спэктаклі «Айбаліт» (3,5+). Гэта сучасная тэатральная адаптацыя вядомага твора Карнея Чукоўскага пра добрага доктара, які лекаваў жывёл. У ёй возьмуць удзел і дзеці: яны пабываюць у Афрыцы, вылекуюць зьвяроў, дапамогуць перавыхаваць Бармалея і пабудуюць карабель, які даставіць доктара дадому.
Мова спэктакля: расейская
15. Цыбулькавы тэатар
«Цыбулькавы тэатар» — гэта суполка лялечнікаў, музыкаў і мастакоў, якія ўмеюць бачыць жывое ў вёдрах і веніках, бутэльках і тарках, цукерках і рукавах уласнай вопраткі. Спэктаклі ладзяцца невялікім калектывам да 10 чалавек. У рэпэртуары тэатру ёсьць спэктаклі для дзяцей і дарослых. Для дзетак ад трох гадоў калектыў паставіў спэктакль «Калыханка для мумі-троля». У ім гучыць жывая музыка, напісаная адмыслова для спэктаклю.
А на фэсьце «Казачны джэм 2015» тэатар прадставіў спэктакль «Сакрэт» паводле кнігі францускага ілюстратара Эрыка Бацю. Гэты спэктакль будзе цікавы дзеткам ад 1 да 4 гадоў. Маленькая мышка аднойчы знайшла яблык і вырашыла схаваць яго ад усіх, закапаўшы ў зямлю. На пытаньне сваіх сяброў «Што гэта ты хаваеш?» Мышка толькі загадкава адказвала: «Не скажу! Гэта мой сакрэт». Але і сама Мышка ня ведала, што яе сакрэт мае свой асабісты сакрэт, вядомы толькі яму...
Мова спэктакляў: беларуская, расейская
16. Акторская кампанія «Насупраць» (Берасьце)
Акторская кампанія «Насупраць» зь Берасьця таксама ладзіць інтэрактыўныя спэктаклі для дзяцей. У спэктаклі «Марскія апавяданьні» (3+) гледачы дазнаюцца шмат новага пра марскія глыбіні, знаёмяцца з адважным капітанам ды юнгамі Галкай і Чайкай і самі становяцца матросамі. А напрыканцы спэктаклю ўсе дзеткі атрымліваюць аквагрым.
У рэпэртуары тэатру ёсьць і зімовыя спэктаклі. «Куфар Мароз Іваныча» (2+) і «Чароўная пярына» (2+) у афішах так і падаюцца — казкі на падушках, нібыта падкрэсьліваючы, наколькі камфортна і ўтульна будзе дзеткам і іх бацькам падчас спэктаклю.
Мова спэктакляў: расейская (ёсьць монаспэктакль для дарослых пра двухмоўе «Білінгвы»)
17. Тэатар «Людзі і лялькі»
Тэатар «Людзі і лялькі» ставіць ня толькі сцэнічныя, але і камэрныя спэктаклі для дзяцей. Напрыклад, на фэсьце «Казачны джэм» у 2015 годзе гэты творчы калектыў прадставіў беларускамоўны спэктакль «Залатая яблынька» (3+) паводле сюжэту беларускай народнай казкі. Некаторыя спэктаклі тэатру наогул бяз тэксту, таму будуць зразумелыя шырокаму гледачу ў Беларусі і па-за межамі краіны. Вялікія прафэсійныя магчымасьці, напрацаваныя за 11 гадоў існаваньня тэатру пад кіраўніцтвам Валянціны Карташовай, дазволілі тэатру паставіць некалькі спэктакляў, якія зьяўляюцца своеасаблівай экскурсіяй у мастацтва тэатру лялек. У гэтых спэктаклях прадстаўлены ўсе тыпы тэатральных лялек, а таксама незвычайныя прыёмы ўзаемадзеяньня з гэтымі відамі лялек.
Мова спэктакляў: расейская (спэктакль «Залатая яблынька» — па-беларуску)
18. Тэатар-студыя «Варгін»
Тэатар-студыя «Варгін» быў створаны ў красавіку 2013 года як музычна-лялечны праект-фантазія. А цяпер тэатар лялек і ценяў, тэатар-батлейка — гэта кірунак творчасьці, які ідзе поруч з майстар-клясамі па народных танцах і гульнях, рамёствах і абрадах.
Варгін — гэта міталягічны кароль катоў, ад якога і пайшла назва студыі «Варгін». А ў батлеечных спэктаклях студыі можна пабачыць сучасную апрацоўку народных і біблейных сюжэтаў з элемэнтамі інтэрактыву: танцамі, гульнямі, сьпевамі і салодкімі пачастункамі. У «Неверагоднай батлейцы» ад вандроўнага тэатру дзейнічаюць традыцыйныя героі: хлусьлівы карчмар, доктар-падманшчык, даверлівы мужык, моцны казак, страшная кікімара, страшыдла-зьвер і амаль што сапраўдны мядзьведзь.
А ў перадкалядны час можна пабачыць адразу два спэктаклі ад студыі «Варгін» на сьнежна-калядную тэму: «Калядная батлейка» (4+) і «Каралеўства сьнежнага цмока» (4+). І, напэўна, гэта будзе не адзіны калектыў, які пакажа батлейку ў гэтыя перадкалядныя дні.
Мова спэктакляў: беларуская
Як патрапіць на інтэрактыўны спэктакль?
З 13 да 31 сьнежня ў Менску праходзяць «Бэбі-ялінкі» — калядныя спэктаклі розных тэатральных калектываў пад адным дахам — дакладней, пад эгідай бэбі-тэатру «Бусы» на аснове антыкафэ «Мёд» і школы танцаў «Квартал». Яны часам ідуцьі на пляцоўках дзіцячых цэнтраў і бібліятэк. Пры гэтым амаль кожны тэатар можна запрасіць да сябе на сьвята — дадому, у садок, на працу, бо ўсе вандроўныя тэатры лёгкія на пад’ём і рады несьці мастацтва ў людзі.
Афішы недзяржаўных інтэрактыўных тэатраў не пабачыш у звычайных білетных касах ці ў распаўсюднікаў. Каб быць у курсе падзеяў і заплянаваных спэктакляў, лепш сачыць за абвесткамі на сайтах і ў суполках тэатральных калектываў у сацыяльных сетках.
Фота: Аляксандар Ждановіч, Натальля Ісакава, Тацяна Пасевіна, Максім Шамрук, Тацяна Шостак, Зьміцер Карпаў, Ірына Юркова, Аляксандра Бутар, Марго Новікава, Вольга Клімук, Анастасія Астапенка, Кацярына Давыдава. Фота ўзяты з афіцыйных суполак тэатраў і тэатральных фэстаў.