Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве вырашылі на больш высокім узроўні зьвярнуцца да ўладаў Беларусі наконт заблякаваных грузавікоў


Пункт пропуску ў Салечніках, 28 кастрычніка 2025
Пункт пропуску ў Салечніках, 28 кастрычніка 2025

Гэтым разам — на ўзроўні галоўнага ўпаўнаважанага па мяжы.

Літва прапануе адкрыць памежныя пункты ў Медніках і Салечніках для эвакуацыі грузавікоў, — паведаміў кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Вільмантас Віткаўскас.

Паводле падлікаў гэтага цэнтру, у Беларусі чакаюць выезду каля 500 літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў. Асацыяцыя літоўскіх перавозьнікаў Linava сьцьвярджае, што іх каля 4,5 тысячы, піша LRT.

Паводле Віткаўскаса, літоўскія ўлады зьвярнуліся і ў Эўрапейскую камісію, каб весьці размову яд ейнага імя весьці размову «з рэжымам Лукашэнкі наконт магчымых кампэнсацый».

«Рэжым Лукашэнкі павінен разумець, што тыя выдаткі, тыя страты, якія мы панясём, мусяць быць кампэнсаваныя», — сказаў ён.

10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, колькасьць фураў «1100 ці 1200». А кіроўцаў — «1100 ці 1500».

Лукашэнка таксама адрэагаваў на папярэдні зварот Літвы да Лідзкага памежнага атраду ў спробе наладзіць эвакуацыйны канал для заблякаваных фураў:

«Я нават не даслухаў гэты даклад. Сказаў: добра, як толькі будуць гатовыя эвакуаваць — дамовяцца з нашым бокам».

«Пра ўсё астатняе мы яшчэ пагаворым у бліжэйшы час на перамовах з дэлегацыяй Злучаных Штатаў Амэрыкі. Адчуваю, што бязь іх тут не абышлося», — дадаў Лукашэнка.

9 лістапада Дональд Трамп заявіў, што вылучыў Джона Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка ў Беларусі. Коўл раней прыяжджаў у Беларусь, каб сустрэцца з Лукашэнкам. Тады з турмаў вызвалілі і вывезьлі зь Беларусі 51 палітвязьня.

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам.

31 кастрычніка ўлады Беларусі забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.

А 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG