Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вайсковы патэнцыял, банкі, сельгаспрадукцыя». Галоўчанка расказаў, на якую ўзаемную карысьць спадзяецца з Катарам


Раман Галоўчанка, архіўнае фота
Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Прэм’ер Раман Галоўчанка расказаў аб сумесных пэрспэктывах Беларусі і Катара.

Завяршыўся візыт урадавай дэлегацыі на чале з прэмʼер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам у Катар.

«Беларусі ёсьць што прапанаваць катарскаму боку. Наша краіна мае значны вайскова-тэхнічны, прамысловы, навуковы, сельскагаспадарчы патэнцыял і магчымасьці паставак прадуктаў харчаваньня для забесьпячэньня харчовай бясьпекі, — заявіў Галоўчанка. — У Беларусі актыўна разьвіваецца сфэра высокіх тэхналёгій, ідуць працэсы лічбавізацыі. У сваю чаргу Катар мае разьвітую банкаўскую сыстэму. Гэта самыя відавочныя нашы сумесныя пэрспэктывы».

У той жа час старшыня Дзяржаўнага камітэту ваеннай прамысловасьці Дзьмітры Пантус на сустрэчы ў Абʼяднаных арабскіх эміратах з генэральным дырэктарам катарскага Barzan Holdings зазначыў, што Беларусь зацікаўленая ў супрацоўніцтве ў вайскова-тэхнічнай сфэры, у супольнай распрацоўцы сучасных сыстэм узбраеньня.

Barzan Holdings — арганізацыя, якая адказвае за ўмацаваньне вайсковага патэнцыялу ўзброеных сіл Катара, яна належыць катарскаму Міністэрству абароны. У 2012 годзе інвэстыцыйны фонд Узброеных Сіл Катара пачаў будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Сокал» у Менску, які ўключае гатэль «Marriott» і спартовыя абʼекты. Агульны абʼём катарскіх інвэстыцый у праект склаў каля 200 млн даляраў ЗША.

«Мэта цяперашняга візыту — аднаўленьне ранейшага ўзроўню нашых адносін», — заявіў Раман Галоўчанка.

2014 год — пік экспарту беларускіх тавараў у Катар, тады ён дасягнуў 16,3 млн даляраў ЗША (для параўнаньня: у 2013 годзе экспарт складаў 78, 4 тысячы даляраў). Беларусь пастаўляла ў Катар у гэты пэрыяд рэнтгенаўскую апаратуру, малочную сыроватку, муку, сушаную і кансэрваваную рыбу, лекі, калійныя ўгнаеньні. Аднак у 2014 годзе Беларусь сутыкнулася з фінансавым крызісам і экспарт у Катар у 2015 годзе абваліўся да 371 тысячы даляраў. Катар уваходзіць у топ-10 самых багатых краінаў сьвету, аднак гандлёвае сальда ў эканамічных дачыненьнях Беларусі і Катара, акрамя 2014 году, было і застаецца адмоўным.

  • Галоўчанка сустрэўся з з прэм'ер-міністрам – міністрам замежных спраў Катара, намесьнікам прэмʼер-міністра – дзяржаўным міністрам у справах абароны Катара, з членамі кіроўнай сямʼі Катара, прадстаўнікамі катарскага бізнэсу – інвэстарамі ў сфэры будаўніцтва, энэргетыкі, інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналёгій, паведамляла прэс-служба беларускага ўрада.
  • Аляксандар Лукашэнка наведваў Катар у 2001, 2011 і 2016 гадах. Эмір Катару шэйх Хамад аль-Тані быў у Беларусі зь візытам у 2009 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG