Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё сабрана, як у фокус, празь лінзу аднаго лёсу». Апублікаваныя ўспаміны Рыгора Бярозкіна пра рэпрэсіі ў Беларусі 1920–1940 гадоў


Рыгор Бярозкін
Рыгор Бярозкін

Як Віталь Вольскі арыштоўваў людзей і прыходзіў зь ператрусам да Якуба Коласа, а Кандрат Крапіва і Пятро Глебка даносілі на калегаў. Апублікаваныя дзьве часткі канспэкту ўспамінаў Рыгора Бярозкіна, аднаго з найлепшых крытыкаў і літаратуразнаўцаў Беларусі.

«Не дай прапасьці майму жыцьцю» — гэта ўспаміны пра падзеі 1920–1949 гадоў: арышты, высылкі, рэпрэсіі.

У 1979 годзе Бярозкін надыктаваў іх маскоўскаму літаратуразнаўцу Ісаку Крамаву. Нядаўна іх расшыфравала Маруся Шанаурына, якая працуе з архіўнымі матэрыяламі.

Размова Рыгора Бярозкіна з Ісакам Крамавым адбылася 13 сакавіка 1979 году. Крамаў запісаў яе ў двух тоўстых сшытках, часта неразборліва. Ісак Крамаў не пасьпеў сам расказаць пра гэты запіс: ён раптоўна памёр 23 кастрычніка 1979 году ў Ялце, куды браў з сабой тыя матэрыялы, каб працаваць зь імі. Рыгор Бярозкін ненадоўга перажыў сябра, ён пасьля цяжкай хваробы памёр 1 сьнежня 1981 году, узгадвае Шанаурына ў прадмове да ўспамінаў Бярозкіна.

«Калі Бярозкін прыходзіў да нас дадому, я добра гэта памятаю — яны з татам усю ноч прасядзелі, тата запісваў за ім, і Бярозкін яму сказаў: „Ізя, ня дай прапасьці майму жыцьцю“.

…Вельмі цяжка маральна чытаць імёны, шукаць пра іх інфармацыю, бачыць іхныя твары, калі захаваліся нейкія фатаграфіі. Але памяць — найважнейшая. Немагчыма забыцца пра тое, колькі чалавек былі забітыя, замардаваныя, зламаныя…» — напісала яна.

Першую і другую часткі канспэкту ўспамінаў Рыгора Бярозкіна можна пачытаць па спасылках.

Хто такі Рыгор Бярозкін

Рыгор Бярозкін
Рыгор Бярозкін

«Непераўзыдзены ўзор таго, як трэба пісаць пра беларускую літаратуру», — гэта словы Алеся Адамовіча пра Рыгора Бярозкіна.

Бярозкін — беларускі літаратурны крытык, аўтар 12 кніг.

Нарадзіўся ў 1918 годзе ў Магілёве, вучыўся ў Менскім пэдагагічным інстытуце, у 1938 годзе 20-гадовы юнак працаваў у часопісе «Полымя рэвалюцыі», літаратурным кансультантам пры Саюзе пісьменьнікаў БССР, загадчыкам аддзелу крытыкі газэты «Літаратура і мастацтва».

За два месяцы да вайны, 26 красавіка 1941 году, яго арыштавалі службоўцы НКВД. Калі калёну зьняволеных вывезьлі з турмы на расстрэл, Рыгору Бярозкіну пашчасьціла застацца ў жывых. Ваяваў, пад Сталінградам быў цяжка паранены, атрымаў шмат дзяржаўных узнагародаў.

9 жніўня 1949 году Рыгора Бярозкіна арыштавалі паўторна. У чэрвені 1950 году яго засудзілі на 10 гадоў. Зьняволенне Бярозкін адбываў у лягерах Казахстану і Сібіру чорнарабочым на будаўніцтве шахтаў і электрастанцыяў. Вызвалены ў лістападзе 1955 году са зняцьцем суджанасці.

«Атмасфэра таго часу перададзеная вельмі ярка, шматаспэктна, яскрава»

Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Прэс-сакратар Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменьнікаў Ціхан Чарнякевіч шмат дасьледаваў пэрыяд, пра які апавядае Рыгор Бярозкін.

У Беларусі ёсьць вялікі пласт мэмуараў пра тыя змрочныя гады. Шмат зь іх апублікавана ў савецкі час, і яны, вядома, падпадалі пад тагачасную цэнзуру, у тым ліку пад самацэнзуру аўтараў, якія выжылі ў тыя гады. Штосьці яны сьвядома апускалі або не канца шчыра маглі гаварыць, пісаць, публікаваць.

У выпадку сшыткаў Ісака Крамава паўстае зусім іншая карціна — гэта запісвае чалавек, далёкі ад беларускіх рэаліяў.

«Там нямала недакладнасьцяў, дробных памылак. Але няма патрэбы штосьці апускаць. Гэта такі канспэкт маналёгу Бярозкіна, які запісваўся па гарачых сьлядах, адразу падчас размовы — каб потым зрабіць штосьці больш апрацаванае. Гэта проста сыры матэрыял, які Бярозкін падаў маналёгам, без прывязкі да жанру. Яму проста трэба было выгаварыцца, і ён выгаворваўся абсалютна невядомаму беларускай культурніцкай супольнасьці чалавеку для таго, каб захаваць свае ўражаньні і ўспаміны.

Можа быць, Бярозкін сам ня мог (альбо не зьбіраўся) пісаць такую кнігу ад свайго імя. Але атмасфэра таго часу ў ягоных успамінах перададзеная вельмі ярка, шматаспэктна, яскрава», — кажа Ціхан Чарнякевіч.

«Тут усё сабрана, як у фокус, празь лінзу аднаго лёсу»

Мікола Раманоўскі
Мікола Раманоўскі

Мікола Раманоўскі, перакладнік, дасьледнік, унук пісьменьніка Кузьмы Чорнага (які таксама ўзгадваецца ва ўспамінах Рыгора Бярозкіна як сумленны і прыстойны чалавек), лічыць, што, нягледзячы на вялікую колькасьць ужо апублікаваных успамінаў, мэмуараў, шукаць новыя варта і трэба.

«Калі казаць коратка — можна і трэба. Ва ўспамінах Бярозкіна, як на сёньня, новага мала. Самыя факты рэпрэсаваньня канкрэтных асобаў ужо вядомыя. Проста тут усё сабрана, як у фокус, празь лінзу аднаго лёсу. І выказана без асьцярогаў і замоўчваньняў, як бывала ў пісаных успамінах іншых рэпрэсаваных», — мяркуе Мікола Раманоўскі.

Віталь Вольскі арыштоўваў бацьку Рыгора Бярозкіна

Кансьпект успамінаў Рыгора Бярозкіна пачынаецца з таго, як некалі ў пісьменьніцкім доме творчасьці пад Менскам вельмі «салідны інтэлігентны чалавек, знаўца прыроды і гісторыі, цудоўны апавядальнік, пісьменьнік Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі», які некалі працаваў на ЧК, нечакана запытаўся ў Бярозкіна:

«Вы з Магілёва? Ваша прозьвішча сапраўднае — не псэўданім?.. Я арыштоўваў Вашага бацьку. З брыгадай апэратыўнікаў зь Менску».

Калі яго арыштоўвалі перад вайной, сярод шматлікіх даносаў я пазнаў руку Вольскага — інтэлігентнага чалавека, мілага чалавека… У 30-м годзе, будучы яшчэ пісьменьнікам, ён прыйшоў зь ператрусам да Якуба Коласа…», — узгадвае Рыгор Бярозкін.

Пазьней Бярозкін даведаўся, што ягоны бацька памёр ў лягеры на Паўночным Урале ў 1939 годзе.

Дасьледнік Ціхан Чарнякевіч наконт Віталя Вольскага заўважае, што чытаў пра некалькі выпадкаў у архіўных дакумэнтах, а таксама ва ўспамінах вядомага мастака, мэмуарыста Яўгена Ціхановіча (у сэрыі «Беларуская мэмуарная літаратура» выдавецтва «Лімарыюс» у 2015 годзе выйшла яго кніга «Партрэт стагодзьдзя». — РС).

«У сваіх успамінах Яўген Ціхановіч, які быў блізкі да сям’і Ўладзіслава Галубка, наўпрост казаў пра Вольскага як аднаго з тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у арыштах. І Галубка тэрарызавалі (не кажу „рэпрэсавалі“, бо не люблю гэтага слова)…

— Гэта тэрор, гэта злачынства супраць людзей. Ёсьць сьведчаньні, што кіраўніцтва тагачасных культурніцкіх інстытуцыяў спрычынілася (а Вольскі тады ўзначальваў Інстытут літатаруры — хоцькі-няхоцькі, ён павінен быў праводзіць палітыку партыі ў „ачыстцы“, як яны тады гэта называлі, сваіх шэрагаў ад непажаданых элемэнтаў). Вось і пэўныя сьведчаньні, што канкрэтна да Вольскага, ёсьць ня толькі ва ўспамінах Бярозкіна», — апавядае Ціхан Чарнякевіч.

Зьлева направа: П. Кабзарэўскі, Р. Бярозкін, Н. Кісьлік, Р. Барадулін, А. Вялюгін, У. Дубоўка, Ю. Багушэвіч падчас IV зьезду беларускіх пісьменьнікаў, 1959 год
Зьлева направа: П. Кабзарэўскі, Р. Бярозкін, Н. Кісьлік, Р. Барадулін, А. Вялюгін, У. Дубоўка, Ю. Багушэвіч падчас IV зьезду беларускіх пісьменьнікаў, 1959 год

«Кандрат Крапіва і Пятро Глебка — даносчыкі»

Яшчэ фрагмэнт успамінаў Рыгора Бярозкіна, запісаных Ісакам Крамавым:

«Кандрат Крапіва і Пятро Глебка — таксама даносчыкі. Была арганізацыя „Ўзвышша“ — паэты і празаікі, крытыкі. Хацелі рабіць нацыянальную беларускую савецкую літаратуру. Пачалі выкрываць — Глебка, Крапіва, сябры арганізацыі — Бабарэка, Пушча, Дубоўка былі арыштаваныя. Крапіва і Глебка займелі посьпех, пісалі выкрывальныя артыкулы, лісты — як адмаўляюцца, прызнаюць памылкі…

…Крапіву купілі. Ён быў зьвязаны па руках і нагах. Крапіва ведае, што здрадзіў сябрам.

У 34-м годзе Крапіва піша п’есу „Канец дружбы“: жылі двое сяброў, двое камуністаў, удзельнікаў грамадзянскай вайны. Адзін сябар выкрывае іншага ў партыйнай чыстцы — інтарэсы партыі вышэйшыя за сяброўства і каханьне. Гэта клясавая катэгорыя. Найлепшы сябар выкрывае свайго сябра, які выратаваў яму жыцьцё на фронце: гэта апраўдвала адносіны зь сябрамі, яго здрада», — так запісаў Крамаў гэты ўспамін Бярозкіна.

Рыгор Бярозкін таксама ўспамінае, як паэт Уладзімер Дубоўка вярнуўся пасьля 29 гадоў турмаў і высылак — сівы, састарэлы.

«Па вяртаньні сустрэліся — Дубоўка кажа, што зьбіраецца пераехаць у Маскву.

— Навошта? — кажу. — Ты ж беларускі паэт»

— Не магу жыць у адным горадзе з Кандраткам».

Кандрат Крапіва
Кандрат Крапіва

Пра клясыка Кандрата Крапіву ёсьць нямала мэмуарных згадак, у прыватнасьці, пра тое, як ён удзельнічаў у дапамозе развалу «Ўзвышша», як аддзяляў сябе ад тых, што потым сталі выгнаньнікамі і ахвярамі — многія ж з «узвышэнцаў» загінулі ў лягерах, кажа Ціхан Чарнякевіч.

«То бок гэты чалавек вырашыў цалкам стаць на партыйную лінію, ісьці па ёй ад пачатку да канца, а партыйныя заданьні выконваў дбайна і дакладна. Менавіта таму, можа быць, ён і выжыў.

Некалі Панамарэнка (Панцеляймон Панамарэнка ў 1938–1947 гадах быў першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі. — РС) зьбіраў пісьменьнікаў і казаў: „Давайце выпусьцім Андрэя Аляксандровіча, ёсьць такая магчымасьць. Ёсьць сьведчаньні, што Крапіва сказаў: „Няхай сядзіць, дзе сядзіць“.

Што да Дубоўкі, я думаю, што ён знаёміўся з матэрыяламі справы, і калі ён казаў гэтыя словы –“не хачу жыць у адным горадзе з Кандраткам» — на тое былі важкія прычыны. Усё ж такі з 1930-га да канца 1950-х Дубоўка знаходзіўся ў зьняволеньні і высылцы — гэта ледзь не палова ягонага жыцьця», — разважае Ціхан Чарнякевіч.

«Пра Чорнага праўдападобна», — унук пісьменьніка Мікола Раманоўскі

Кузьму Чорнага Рыгор Бярозкін называе «найлепшым беларускім празаікам, увасабленьнем духу мовы, сур’ёзным пісьменьнікам». У 1938 годзе Кузьму Чорнага нечакана арыштавалі.

«Ён быў перапалоханы да кашмару. Сябра „Ўзвышша“. Робіць саступкі, піша дагодлівыя рэчы — адно: зысьці з-пад сякеры. Дзяліцца — баяўся. Але відаць было: страх. Яго псыхалёгія творчая тых гадоў. Чорны піша раман „Бацькаўшчына“. Немец — у цэнтры — які здабыў радзіму ў Беларусі…

Чорнага хутка выпусцілі. Калі выйшаў, кінуўся мне на шыю: — Дзякуй, браце. (Яму давалі чытаць паказаньні розных людзей на яго)…

Чорнага катавалі.

… У Кузьмы ў дзёньніках запіс ваенных гадоў: „Сёньня прыйшоў да мяне Уры Фінкель (габрэйскі пісьменьнік). Я стаў на калені перад ім перад пакутамі яго народу“. (Дзяцей Фінкеля спалілі немцы ў мястэчку.)

Памёр у 44 г. у вызваленым Менску ад інфаркту», — так узгадваецца Кузьма Чорны ў запісаных успамінах Рыгора Бярозкіна.

Кузьма Чорны
Кузьма Чорны

Унук Кузьмы Чорнага Мікола Раманоўскі кажа, што тое, што пра ягонага дзеда Бярозкін тут гаварыў, падобна да праўды.

«Пра Чорнага праўдападобна. „Саступкі“ — гэта тое самае, чаму ў дзёньніку ў 1944-м Чорны занатаваў: „Пасьля вайны буду пісаць як хачу і магу“.

Вядома, напрыклад, што фінал „Любы Лук’янскай“ быў перароблены, бо аўтарскі варыянт не прапусьціла цэнзура ў асобе Дадзіёмавай, таксама пра гэта я чуў ад мамы. Было маміна інтэрвію, апублікаванае ў томе „Чалавек — гэта цэлы сьвет“ сэрыі ЖЗЛБ („Жыцьцё знакамітых людзей Беларусі“). Калі ў 1988 годзе ў „Полымі“ надрукавалі цалкам дзёньнік Чорнага, Дадзіёмава яшчэ жыла, маме пазваніла і абуралася, як ён мог так напісаць. І тады пра „Любу Лук’янскую“ сказала, што там фінал быў нейкі не такі, і яна настаяла, каб аўтар яго перапісаў і палепшыў.

Адна недакладнасьць: памёр Чорны не ад інфаркту, а ад інсульту, другога (першы інсульт быў у Маскве). І цытата зь дзёньніка пра Уры Фінкеля недакладная, хоць у рэальным запісе ня менш зычлівасьці», — кажа ўнук Кузьмы Чорнага.

Графіці з выявай Кузьмы Чорнага на вуліцы Кузьмы Чорнага ў Менску. Ліпень 2020 году
Графіці з выявай Кузьмы Чорнага на вуліцы Кузьмы Чорнага ў Менску. Ліпень 2020 году

Мікола Раманоўскі прызнаецца, што нават для яго, дасьведчанага ў тэме рэпрэсіяў, было шмат новага, найперш — характарыстыкі канкрэтных асобаў.

«Ня ўспомню, ці хто яшчэ апісаў атмасфэру 1937 году ў Менску настолькі выразна. Пра сьледчага ў 1945-м і „На чым мы спыніліся?“ я чуў яшчэ за савецкім часам ад сваёй мамы Рагнеды, якая зь Бярозкіным была знаёмая. Пра расстрэл пад Чэрвенем таксама, але ў злагоджанай вэрсіі — і больш веру таму, што цяпер чытаю, тым больш што чуў раней пераказ і гэтага апісаньня», — кажа Мікола Раманоўскі.

«Калі крымінальныя справы стануць даступныя, мы зможам пракамэнтаваць успаміны Бярозкіна»

Наколькі можна давяраць гэтаму канспэкту ўспамінаў Рыгора Бярозкіна?

На думку Ціхана Чарнякевіча, калі ён апавядае пра сябе, гэтаму можна цалкам давяраць. Калі пра іншых — могуць узьнікнуць пэўныя пытаньні.

«Пра свой арышт ён гаворыць праўду, апавядае пра сваіх сьледчых. Усё астатняе, вядома, павінна быць праверана. Бо Бярозкін ня быў непасрэдна пры арыштах іншых пісьменьнікаў. З другога боку, ён крыніца — ад родных, сяброў, якія перадавалі яму пэўныя зьвесткі пра абставіны арыштаў, пра тое, хто ў іх удзельнічаў, хто сьледчыя, якія былі даносы, кім напісаныя. Усё гэта віравала, чуткі віравалі.

А самі крымінальныя справы дагэтуль закрытыя, яны ляжаць ў КДБ, і дасьледнікі ўжо даўным-даўно ня маюць доступу да гэтых архіваў.

Калі крымінальныя справы стануць даступныя, мы зможам дакладна пракамэнтаваць ўспаміны Бярозкіна», — мяркуе Ціхан Чарнякевіч.

Тады могуць адкрыцца яшчэ больш цікавыя старонкі гісторыі, сумныя і драматычныя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG