Беларуска Дана (імя зьменена) правяла амаль месяц у закрытым аддзяленьні адной з абласных псыхіятрычных лякарняў краіны. У размове з праваабаронцамі «Вясны» Дана распавяла пра тое, як апынулася ў стацыянары і што там пабачыла: зьбіцьцё і прымусовую працу, поўную ізаляцыю ад зьнешняга сьвету.
Як дзяўчына патрапіла ў псыхлякарню
«Калі я знаходзілася ў Беларусі, у мяне ад кагнітыўнага дысанансу таго, што там адбываецца, здарыўся нэрвовы зрыў са спробай суіцыду. Я выклікала хуткую, бо думала, што яны мне дапамогуць. І ў хуткай выпадкова распавяла пра сваю пазыцыю адносна вайны з Украінай. На што мне адказалі, што нічога такога не адбываецца», — згадала Дана.
Паводле дзяўчыны, адказам пра тое, што ў Беларусі вайны няма, справа не закончылася.
«А самае дрэннае, што запісалі гэта так, быццам бы я баялася, што мяне забяруць на вайну, хоць жанчын у Беларусі не прызываюць. Гэта значыць я гэтага наогул не казала, але ў іх вось такая атрымалася вэрсія».
Як адбываецца затрыманьне
Асобна Дана апісала працэдуру зьмяшчэньня ў гэтую лякарню.
«Чалавека заводзяць у прыёмную, там сядзіць некалькі людзей — і яны задаюць пытаньні і запісваюць. Прычым, што б чалавек ні сказаў, яны запішуць усё гэта інакш».
Што чалавека потым затрымаюць, пра гэта не папярэджваюць, кажа дзяўчына паводле ўласнага досьведу.
«Абразаюць яму пазногці, распранаюць, пераапранаюць і далей заводзяць у закрытае аддзяленьне. Там даюць падпісаць паперу — а ў ёй сказана, што нібыта чалавек дае згоду на лекаваньне. Калі чалавек не падпісвае гэтую паперу, адпаведна на яго падаецца ў суд і яго трымаюць да суду. Але гэта можа заняць год-два, і ў выніку ўсё адно яго пакідаюць на „лекаваньне“.
Пры мне там была жанчына, якая адмовілася падпісаць гэтую паперу — яе трымалі ўжо амаль дзевяць ці дзесяць месяцаў, бо яна чакала суду. Таксама там была жанчына, якую па чутках (я ня ведаю, наколькі гэтыя чуткі былі апраўданыя, але яна там ужо вельмі даўно) туды закінулі за нязгоду з уладай», — распавяла Дана.
Што вырашае камісія
Паводле Даны, лёс чалавека, які трапіў у псыхіятрычную лякарню, залежыць ад мэдычнай камісіі ў складзе 3-4 чалавек.
«Галоўнае — чаго яны хочуць, якое яны задаюць пытаньне. Пытаюцца, чаму вы сюды трапілі? І трэба падгадаць з адказам. Калі чалавек падгадаў з адказам, у яго ёсьць шанец выйсьці. Калі не — то не. Слушны адказ: чалавек прызнае, што ня меў рацыю, што ён усё ўсьвядоміў, што зразумеў, як трэба паводзіць сябе правільна».
За што па чалавека выклікаюць брыгаду
Дана згадала, што ў лякарні разам зь ёй знаходзіліся дзяўчыны, на якіх хуткую выклікалі іх маці.
«Выклікалі брыгаду іх мамы праз тое, што яны зь імі пасварыліся. І гэтых дзяўчат не выпускалі. Ім пастаянна задавалі пытаньне: чаму вы сюды трапілі, а яны казалі сваю вэрсію. А ім адказвалі: «Не, вам трэба памірыцца з маці».
Таксама, паводле Даны, у лякарні была маладая жанчына, на якую брыгаду выклікаў яе муж, зь якім яна была ў разводзе. Гэты чалавек спрабаваў дамагчыся, каб былую жонку прызналі ў стане непрытомнасьці, хоць яна, паводле Даны, была «абсалютна адэкватнай».
Утрыманьне: усё праз прымус ці зьбіцьцё
«Само ўтрыманьне — гэта як турма. Ніхто ня кажа, што з табой будуць рабіць. Гэта значыць, чалавек туды трапляе — яму проста робяць укол, лекі любыя даюць, калі ён адмаўляецца глытаць, яму пхаюць. Калі ён адмаўляецца што-небудзь рабіць, яго прывязваюць, калі ён пачынае абурацца — яго пачынаюць зьбіваць. Прычым зьбіваюць санітаркі з маўклівай згоды лекараў», — распавяла праваабаронцам «Вясны» былая пацыентка псыхіятрычнага шпіталя Дана.
Паводле дзяўчыны, прычынай зьбіцьця пацыента можа быць што заўгодна.
«Напрыклад, санітарам захацелася, каб усе перасталі хадзіць. Ну вось такі ў іх настрой. У такім выпадку чалавека, які ходзіць, прывязваюць — а далей пачынаюць біць. Могуць біць рукамі, могуць біць прадметамі — але ў іх ня так іх шмат, у асноўным зьбіваюць рукамі. Па твары, па целе, пакуль чалавек не „заткнецца“. Могуць кляпам яшчэ рот закрыць. Могуць зьвязаць рукі ды цягнуць па падлозе».
Распарадак дня і ўнутраны парадак
Дана згадала, што ў лякарні пяць палат, самая вялікая — на 12 чалавек.
«Сьвятло на ноч не выключаецца. І выходзіць ноччу ў прыбіральню можна толькі з дазволу. Калі чалавек занадта часта выходзіць, яму пагражаюць тым, што прывяжуць і пачнуць зьбіваць. Адасобіцца ў прыбіральні нельга, бо дзьверы не зачыняюцца. Там стаіць два ці тры ўнітазы, і калі чалавек хоча схадзіць па патрэбах, яму даводзіцца быць побач і чакаць».
Паводле дзяўчыны, прыём ежы таксама не адбываецца без прымусу.
«Чалавека прымушаюць есьці. Калі ён ня есьць тое, што яму даюць, яму пачынаюць сілком пхаць. Калі ён паводзіць сябе неяк так, што не адпавядае іх уяўленьням, яго абмяжоўваюць у наведваньні сваякоў».
Таксама Дана наракае на тое, што ў яе абарвалі ўсе сувязі са зьнешнім сьветам.
«Самой выходзіць нікуды нельга, і на прагулкі нас не вадзілі ніводнага разу. Месяц я прабыла там, і за гэты час не было ніякай сувязі са зьнешнім сьветам — усё забіраюць, нікому нельга паведаміць ні дзе ты, ні што з табой адбываецца. І калі дастаўляюць у гэтую багадзельню, чалавек таксама ня можа нікуды паведаміць. Калі чалавек паўналетні, то сваякам не паведамляюць. Гэта значыць, чалавек можа проста зьнікнуць — і ўсё».
Пры гэтым дзяўчына згадала, што нават у «псыхушцы» да іх чапляліся з прапагандай.
«Яшчэ абавязкова ўсім трэба глядзець тэлевізар, канал з прапагандай. І пры мне, гэта быў люты 2024 году, гвалтоўна ўсіх прымусілі пайсьці галасаваць на выбары за нейкага мясцовага дэпутата».
Калі пацыента выпусьцяць зь лякарні, вырашае загадчык аддзяленьня. Дана згадала, што бачыла гэтага лекара раз на тыдзень падчас абыходу.
«Задае два-тры пытаньні, і калі яму нешта не спадабалася, ён пакідае чалавека яшчэ на тыдзень. Пры мне былі людзі, што знаходзіліся там паўгоду. Ім не казалі, калі яны выйдуць».
Дана мяркуе, што ў беларускіх псыхіятрычных лякарнях парушаюць правы пацыентаў і іх сваякоў, і таму яна дамагаецца, каб зьвесткі пра сытуацыю ў гэтых установах дайшлі да сусьветнай супольнасьці.
Форум