Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога прэзыдэнта Францыі выпусцьілі з турмы. Ён прабыў там тры тыдні


Нікаля Сарказі прыехаў дадому па вызваленьні 10 лістапада
Нікаля Сарказі прыехаў дадому па вызваленьні 10 лістапада

Ён ужо прыехаў дадому.

Нікаля Сарказі пакінуць пад судовым кантролем з забаронай на кантакты зь іншымі абвінавачанымі і сьведкамі ў «лібійскай справе». Экс-прэзыдэнт знаходзіцца ў вязьніцы з 21 кастрычніка.

На волі ён будзе чакаць апэляцыйнага слуханьня справы, якое заплянаванае на сакавік.

Падчас судовага пасяджэньня Сарказі празь відэасувязь заявіў, што зьняволеньне яго зьнясіліла.

«Гэта цяжка, вельмі цяжка, безумоўна, для любога вязьня. Я б нават сказаў, што гэта зьнясільвальна», – сказаў Сарказі, якога цытуе AFP. Ён падзякаваў пэрсаналу турмы, які, паводле яго слоў, «праявіў выключную чалавечнасьць і зрабіў гэты кашмар – цярпімым».

Сарказі стаў першым былым кіраўніком краіны Эўразьвязу, які ня проста быў асуджаны, але рэальна зьмешчаны за краты.

Сарказі ўтрымліваўся ў парыскай турме асобна ад іншых зьняволеных, у суседняй камэры дзяжурылі целаахоўнікі, бо былы прэзыдэнт атрымліваў пагрозы.

У верасьні суд прызнаў Сарказі, які быў лідэрам Францыі з 2007 па 2012 год, вінаватым у злачыннай змове па справе аб фінансаваньні яго выбарчай кампаніі лівійскім урадам Муамара Кадафі з 2005 па 2007 год. Ён быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі, у тым ліку адзін год адтэрмінаваны.

Сарказі быў прызнаны невінаватым па іншых абвінавачваньнях па справе — растраце дзяржаўных сродкаў, пасіўнай карупцыі і парушэньнях заканадаўства аб фінансаваньні выбарчай кампаніі.

70-гадовы Сарказі адмаўляў абвінавачваньні на працягу ўсяго судовага разбору. Ён падаў апэляцыю на прысуд.

Абвінавачаньні ў сувязях Сарказі зь лібійскай дыктатурай Кадафі пачаліся яшчэ ў 2011 годзе. У 2012 годзе францускае расьсьледніцкае выданьне Mediapart апублікавала службовую запіску лібійскай выведкі, у якой згадвалася пагадненьне аб фінансаваньні на 50 мільёнаў эўра. Сарказі назваў дакумэнт падробкай і падаў у суд за паклёп.

Сьледчыя таксама расьсьледавалі сэрыю паездак у Лібію людзей, блізкіх да Сарказі, калі ён займаў пасаду міністра ўнутраных спраў з 2005 па 2007 гг., у тым ліку кіраўніка ягонага апарату.

Нягледзячы на шматлікія судовыя скандалы, якія азмрочылі ягоную прэзыдэнцкую спадчыну, Сарказі застаецца ўплывовай фігурай у правай палітыцы Францыі і ў забаўляльных колах дзякуючы свайму шлюбу з Карлай Бруні-Сарказі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG