Аляксандар Лукашэнка 10 сакавіка правёў кадравыя зьмены. Прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку ён прызначыў старшынём праўленьня Нацыянальнага банка Беларусі, а кіраваць урадам прызначыў Аляксандра Турчына, паведаміла БелТА.
На прызначэньне новага прэм’ера і кіраўніка Нацбанку дае згоду Палата прадстаўнікоў. Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, гэтая працэдура была выкананая.
«Новае пакаленьне, як было абяцана, сёньня кіруе Беларусьсю»,— сказаў Лукашэнка, прызначаючы новых прэм’ер-міністра і старшыню праўленьня Нацбанка, перадае БелТА:
«Вазьміце і паглядзіце склад урада. Пачынаючы ад прэмʼер-міністра, і асабліва міністраў. Вы ўбачыце, што я сваё абяцаньне выканаў. Прыйшлі зусім новыя людзі. Не адразу, паступова. Некаторых мы ўводзілі ў склад урада да выбараў. Для таго, каб паказаць людзям, з кім будзем працаваць».
Хто такі Аляксандар Турчын
Адразу пасьля прызначэньня Аляксандар Турчын заявіў, што «ніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курсу, вядома, ня будзе».
«Галоўнае — забясьпечыць устойлівае і збалянсаванае разьвіцьцё нашай краіны. Вядома, у аснове ўсяго — людзі, павелічэньне іх дабрабыту, паляпшэньня якасьці жыцьця. Вось асноўныя кірункі нашай працы», — заявіў Аляксандар Турчын.
Турчын дагэтуль кіраваў Менскім аблвынкамам. Да таго быў першым намесьнікам прэм’ер-міністра, яшчэ раней ён кіраваў апаратам Савету Міністраў. Эканаміст, кандыдат эканамічных навук. Да 2016 году працаваў памочнікам прэзыдэнта — галоўным інспэктарам па Гомельскай вобласьці.
Нарадзіўся ў Наваградку ў 1975 годзе, закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.
Працаваў дырэктарам крамы ў калгасе «Авангард» у Наваградзкім раёне, у падатковых і рэвізійных органах Горадзенскай вобласьці. Пазьней кіраваў Карэліцкім райвыканкамам і быў намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму, калі яго ўзначальваў Сямён Шапіра.
Падчас навуковай канфэрэнцыі ў Інстытуце эканомікі восеньню 2017 году Турчын выступаў за лібэральныя падыходы і рэфармаваньне эканомікі. У інтэрвію дзяржаўным СМІ падтрымліваў разьвіцьцё дробнага бізнэсу, прадпрымальніцтва і разьняволеньне дзелавой ініцыятывы.
Эўразьвяз, Вялікабрытанія, Швайцарыя, Нарвэгія, Чарнагорыя і шэраг іншых краін уключылі Турчына ў санкцыйны сьпіс пасьля падзей 2020 года.
Хто такі Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка да прызначэньня прэм’ер-міністрам у чэрвені 2020 году кіраваў беларускім вайскова-прамысловым комплексам. А яшчэ раней быў амбасадарам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
У 1997 годзе ён стаў галоўным спэцыялістам Савету бясьпекі, пасьля займаў пасады ў Генпракуратуры і адказваў за замежную палітыку Савету бясьпекі. Нарадзіўся ў Жодзіне.
Галоўчанка быў адзіным зь беларускіх прэм’ераў, якога можна лічыць сілавіком. У 1997 годзе ён быў прызначаны галоўным спэцыялістам Савету бясьпекі, дзе прапрацаваў пяць гадоў. Тры гады пасьля гэтага працаваў у Генэральнай пракуратуры загадчыкам аддзелу.
Хто такі Калавур
Павал Калавур — ранейшы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі, які кіраваў установай 10 гадоў.
27 сьнежня 2014-га ён зьмяніў на гэтай пасадзе Надзею Ермакову, пры якой была дэвальвацыя і ў краіне ўвялі збор на куплю валюты.
Павал Калавур нарадзіўся ў Столінскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Скончыў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт) па спэцыяльнасьці «фінансы і крэдыт». Працаваў у аддзяленьнях Дзяржбанка СССР эканамістам, намесьнікам кіраўніка і кіраўніком.
З 1993-га і да 2010 году быў намесьнікам старшыні праўленьня Нацыянальнага банку і першым намесьнікам старшыні праўленьня. У 2010–2014 гадах быў старшынём праўленьня «Белзьнешэканомбанку» («БелЗЭБ»).
Каго Лукашэнка прызначыў раней
Раней Аляксандар Лукашэнка прызначыў Віктара Каранкевіча, Анатоля Сівака і Юрыя Шулейку намесьнікамі прэм’ер-міністра. Дзяржаўнае агенцтва БелТА нагадала, што яны працавалі на гэтых пасадах ва ўрадзе і да выбараў 26 студзеня.
Таксама 4 сакавіка Лукашэнка прызначыў двух новых міністраў. Новым міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання стаў Юры Горлаў. Да гэтага ён займаў пасаду памочніка Лукашэнкі па Гомельскай вобласьці (зь верасьня 2023 году).
Новым міністрам архітэктуры і будаўніцтва стаў Аляксандар Студнеў. Да гэтага, з кастрычніка 2022 году, ён быў старшынём Магілёўскага гарвыканкаму.
Захавалі свае пасады міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, міністар лясной гаспадаркі Аляксандар Кулік, міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Сяргей Масьляк, міністар прамысловасьці Аляксандар Яфімаў, міністар транспарту і камунікацыяў Аляксей Ляхновіч і міністар энэргетыкі Аляксей Кушнарэнка. Пра іх перапрызначэньне Лукашэнкам паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.
- Артура Карповіча — міністрам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю;
- Івана Кубракова — міністрам унутраных спраў;
- Аляксандра Хаджаева — міністрам аховы здароўя;
- Максіма Рыжанкова — міністрам замежных спраў;
- Марата Маркава — міністрам інфармацыі;
- Руслана Чарнецкага — міністрам культуры;
- Віктара Хрэніна — міністрам абароны;
- Андрэя Іванца — міністрам адукацыі;
- Дзмітрыя Кійко — міністрам па падатках і зборах;
- Вадзіма Сіняўскага — міністрам па надзвычайных сытуацыях;
- Сяргея Кавальчука — міністрам спорту і турызму;
- Натальлю Паўлючэнку — міністаркай працы і сацыяльнай абароны;
- Юрыя Селіверстава — міністрам фінансаў;
- Юрыя Чабатара — міністрам эканомікі;
- Яўгена Каваленку — міністрам юстыцыі.
Форум