Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пасьпяховага бізнэсу ў страты на 25 мільёнаў. Як чыноўнікі зьнішчаюць вытворцу папулярных глазураваных сыркоў


Глазураваныя сыркі вытворчасьці Полацкага малочнага камбінату
Глазураваныя сыркі вытворчасьці Полацкага малочнага камбінату

Колькасьць супрацоўнікаў нарасьцілі ў 2,5 раза шляхам далучэньня стратных арганізацый. Расказваем пра яшчэ адзін прыклад «клопату» аб прадпрыемстве, якое вырабляе папулярныя глазураваныя сыркі, з боку дзяржавы.

Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава 7 лютага наведала Полацкі малочны камбінат і выказала занепакоенасьць ягоным лёсам. «Сёньня мы выпрацоўвалі пэўныя рашэньні, якія дапамогуць гэтаму прадпрыемству, а гэта ня толькі пляцоўка ў Полацку, але і ў Віцебску. З 32 малочных камбінатаў, мабыць, самая складаная сытуацыя — на Полацкім малочным камбінаце», — расказала яна.

Больш дакладна аб праблемах камбіната выказаўся сябра Савету Рэспублікі Леанід Заяц. Складанасьць, на ягоную думку, у тым, што бракуе сыравіны.

«У першую чаргу неабходна прыняць рашэньне наконт загрузкі сыравінай гэтага заводу: магутнасьці вялікія, 800 тон за зьмену, а загружаем сёньня толькі 300 тон. Відавочны недахоп сыравіны», — сказаў ён.

Увесну 2021 году Качанава ўжо наведвала гэты камбінат, і тады гаворкі аб праблемах на прадпрыемстве не ішло.

Далучэньне стратных арганізацый

Полацкі малочны камбінат выпускае малако, кефір, сьмятану, марозіва і дэсэрты, сярод якіх вядомыя глазураваныя сыркі з пандай на абгортцы. За 2020 год камбінат займеў 1,7 мільёна рублёў чыстага прыбытку. Ён належыць дзяржаве.

У 2021 годзе, калі Качанава прыяжджала на прадпрыемства, чысты прыбытак быў яшчэ большым — 6,4 мільёна рублёў. Тады камбінат пачалі пашыраць, далучылі да яго іншыя арганізацыі. Колькасьць супрацоўнікаў вырасла з 862 да 1132 чалавек.

У 2022 годзе да камбіната вырашылі далучыць стратнае «Малако» — буйное прадпрыемства зь Віцебскай вобласьці (6,1 мільёна стратаў за 2021 год). Тады ж мэнэджары камбіната расказвалі, што паводле ўказу Лукашэнкі мусяць будаваць і рэканструяваць малочныя фэрмы.

«Полацкі малочны камбінат уваходзіць у пералік арганізацый-інтэгратараў, якім даюцца бюджэтныя пазыкі ў рамках указу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 387 для фінансаваньня будаўніцтва і рэканструкцыі, капітальнага рамонту і мадэрнізацыі сельскагаспадарчых аб’ектаў», — казаў начальнік упраўленьня капітальнага будаўніцтва прадпрыемства Віталь Чырскі.

Такім чынам, пасьпяховы камбінат вымушаны быў рабіць рамонт на раней далучаных стратных аб’ектах, замест таго каб разьвіваць уласныя магутнасьці. Ратаваць стратныя сельскагаспадарчыя арганізацыі за кошт сваёй вытворчасьці, разьвіваць там пагалоўе кароў, каб адтуль жа браць сыравіну.

У той жа час на балянс камбіната леглі яшчэ два заводы: Шумілінскі сырзавод і Новалукомскі тварожны. Тады ж прыбытак Полацкага камбіната пачаў падаць. За 2022 год ён склаў 720 тысяч рублёў. А ў 2023 годзе камбінат наогул выйшаў у мінус: страты на 25,1 мільёна рублёў, а колькасьць супрацоўнікаў вырасла да 1854 чалавек.

Тады ж дзяржава пачала пераразьмяркоўваць актывы. Шумілінскі сырзавод далучылі да Верхнядзьвінскага масласырзаводу (чысты прыбытак у 2023-м — 1,5 мільёна рублёў), а Новалукомскі тварожны завод — да Пастаўскага (чыстыя страты ў 2023 годзе — 499 тысяч рублёў).

Па інфармацыі на 2023 год, у Полацкага малочнага камбіната больш за 340 мільёнаў даўгоў як у кароткатэрміновых, так і ў доўгатэрміновых пазыках. У 2020-м доўг быў меншым у 2,6 раза. Сьвежай справаздачнасьці за 2024 год пакуль не апублікавалі.

Малочная вытворчасьць Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Малочная вытворчасьць Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

«Уся даходнасьць вымываецца»

Паводле эканамісткі Алісы Рыжычэнкі, вешаць на пасьпяховыя прадпрыемствы стратныя арганізацыі — даўняя практыка беларускіх уладаў. У асноўным гэта адбываецца ў галіне сельскай гаспадаркі.

«Гэтыя прадпрыемствы яшчэ 20 гадоў таму вешалі на балянс горадаўтваральных, прамысловых прадпрыемстваў. Гэтыя прадпрыемствы ня могуць існаваць самастойна, без датацый дзяржавы. Потым іх сталі далучаць да пасьпяховых прадпрыемстваў той жа галіны», — кажа эканамістка.

Рыжычэнка дадае, што пасьля такога далучэньня пасьпяховае прадпрыемства таксама становіцца стратным, бо яго магутнасьці на гэта не разьлічаныя.

«Далучаюць да вас прадпрыемства са стратамі, дзе трэба плаціць падатак, заробкі, набываць сыравіну. І ўся вашая даходнасьць вымываецца, бо вы пакрываеце страты дадатковага прадпрыемства, якім вы не валодалі. Вам трэба яго падымаць, шукаць рынкі, закрываць даўгі», — даводзіць суразмоўца.

Для таго, каб выводзіць стратныя прадпрыемства з крызісу, няма стандартнага рэцэпту, працягвае эканамістка. Трэба разьбірацца ў кожным канкрэтным выпадку.

«Трэба глядзець, ці магчыма мадэрнізацыя прадпрыемства, пераарыентацыя на іншыя рынкі. Пасьля трэба вызначаць, закрываць гэтае прадпрыемства ці прызначаць туды антыкрызіснага мэнэджара. Аднак не з чыноўнікаў, якія зацікаўленыя толькі ў выкананьні загадаў зьверху, а прыватных кіраўнікоў, каб чалавек быў зацікаўлены ў прапанаваных умовах», — дадае Рыжычэнка.

Згодна зь Белстатам, у Беларусі на 2023 год 89,8% сельскагаспадарчых земляў належала сельскагаспадарчым арганізацыям, большасьць зь якіх — уласнасьць дзяржавы. Толькі 4% земляў знаходзяцца ва ўласнасьці фэрмэрскіх гаспадарак. Доля стратных арганізацый без уліку дзяржпадтрымкі ў сельскай гаспадарцы — 60,3%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG