На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме « ПіК Свабоды» адказваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
— Аляксандар Лукашэнка прызначыў чальцоў ураду. Найбольш заўважныя прызначэньні — новы віцэ-прэм’ер па «сацыялцы» Ўладзімер Каранік і міністар сувязі Кірыл Залескі. Але пакуль не прызначаны кіраўнік ураду. Лукашэнка казаў, што ўрад хоць і «стара-новы», але паўнамоцтвы ў ім, як можна зразумець, будуць істотна пераразьмеркаваныя на карысьць віцэ-прэмʼераў. Валер, для чаго гэта робіцца?
— Лукашэнка спрабуе нейкім чынам захаваць палітычную спадчыну пасьля свайго магчымага сыходу. Як гэта зрабіць, ён ня ведае. Таму спрабуе экспэрымэнтаваць, прыдумляць новыя структуры, новыя кадравыя расстаноўкі. Ён зьбіраецца зрабіць прэмʼер-міністра нейкім зіц-старшынём, які толькі кіруе пасяджэньнямі ўраду і на гэтым ягоныя паўнамоцтвы заканчваюцца. А ўся ўлада пераходзіць да віцэ-прэмʼераў.
Была створана камісія на чале з кіраўніком адміністрацыі Дзьмітрыем Крутым, якая нібыта падбірала кандыдатуры ў склад ураду. Але ніякай інфармацыі пра працу гэтай камісіі, ніякай справаздачы, ніякіх прапаноў гэтай камісіі мы ня бачылі. Між тым урад ужо прызначаны. То навошта была гэтая камісія?
Такая самая гісторыя была з Усебеларускім народным сходам. Лукашэнка так дагэтуль і не прыдумаў, чым ён павінен займацца, каб ня блытацца пад нагамі. Гэта нагадвае хрушчоўскія рэформы дзеля рэформаў, калі замест міністэрстваў ствараліся саўнаргасы. Вось такі новы палітычны стыль 2025 году.
— Віталь, пасьля выбараў Лукашэнка правёў сустрэчу з буйнымі бізнэсоўцамі, даў указаньні наконт рэгуляваньня цэнаў. Ці бачныя прынамсі контуры нейкай новай эканамічнай палітыкі? Можа, на чыйсьці погляд кепскай, але іншай, не такой, як ранейшая, ці скарэктаванай? Што кажуць эканамісты наконт гэтага?
— Апошнія тыдні Лукашэнка правёў вельмі шмат нарадаў па эканамічных пытаньнях. Невядома, што будзе з эканомікай у Расеі. Беларуская эканоміка ад расейскай вельмі залежная, магчыма, што Лукашэнка чуе больш трывожных званочкаў, чым чыноўнікі і прапаганда. Што да новай эканамічнай палітыкі, то ёсьць прыкметы руху ў розныя бакі. Назіраецца далейшае зацісканьне рынкавых адносінаў. Я маю на ўвазе рашэньне, паводле якога мясцовыя кіраўнікі атрымалі права прызначаць на сваёй тэрыторыі кіраўнікоў усіх прадпрыемстваў, прыватных у тым ліку. Даволі дзіўна, як практычна гэта будзе рабіцца і што пры гэтым будзе адбывацца з правамі прыватных уласьнікаў.
Зь іншага боку, сапраўды, прынамсі абмяркоўваецца новы мэханізм цэнаўтварэньня. А папросту кажучы, думаюць над тым, каб аслабіць жорсткае рэгуляваньне цэнаў, уведзенае ў 2022 годзе. Гэтае рэгуляваньне пагаршае фінансавае становішча прадпрыемстваў — прычым як дзяржаўных, гэтак і прыватных. З аднаго боку, на іх цісьне «столь» цэнаў, усталяваная ўрадам, а з другога — дэфіцыт працоўнай сілы, неабходнасьць плаціць больш сваім працаўнікам. У маштабах усёй эканомікі даходы насельніцтва істотна вырасьлі. Цэны, якія стрымліваліся, вырасьлі значна менш. Маем даволі вялікую інфляцыйную навісь. Эканамісты кажуць, што сёлета будзе даволі вялікая інфляцыя — схаваная ці адкрытая.
— Важнай падзеяй стала інтэрвію Лукашэнкі блогеру Марыё Наўфалю. Новы жанр — інтэрвію ня СМІ, а блогеру, які вельмі падабаецца Ілану Маску. Віталь, якія самыя важныя моманты вы б адзначылі ў гэтым інтэрвію?
— Цікавая была заява пра пачатак поўнамаштабнай вайны ў лютым 2022 году. Лукашэнка чарговы раз сьцьвярджаў, што ня ведаў пра рашэньне Пуціна пачаць яе. Але ў гэтым інтэрвію ён сказаў, на дадатак да ранейшых падобных заяваў, што калі б і ведаў, то не дапамог бы Ўкраіне. Паколькі Ўкраіна, паводле яго, Беларусь пакрыўдзіла тым, што ўвяла санкцыі першай, раней чым Захад. Паказальны таксама момант — шматлікія станоўчыя ўзгадкі пра Трампа: падлічылі ўжо, што іх было некалькі дзясяткаў.
— Часьцей, чым Пуціна?
— Так, безумоўна. Але было і некалькі папрокаў-парадаў Трампу, як, так бы мовіць, «малодшаму брату», менш дасьведчанаму палітыку. Адносна Пуціна, дарэчы, Лукашэнка гэтага ня робіць і не рабіў.
— Валер, Лукашэнка ў інтэрвію Наўфалю прапанаваў Трампу, Зяленскаму і Пуціну прыехаць у Беларусь і дамовіцца аб міры. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што для такіх перамоваў «Менск — гэта найлепшае месца. Гэта наш галоўны саюзьнік». Ці рэальна гэта — мірныя перамовы зноў у Менску, як 10 гадоў таму? І што азначае выраз «галоўны саюзьнік»? А Кітай, а КНДР?
— Дамоўная база ў межах саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі беспрэцэдэнтная. Настолькі шчыльных юрыдычных адносінаў Расея ня мае больш ні з кім — ні зь іншымі постсавецкімі краінамі, ні з Кітаем, ні з Іранам, ні з КНДР. А наконт імавернасьці Менску як месца перамоваў — такія перамовы паміж варагуючымі бакамі лягічна было б правесьці ў нэўтральнай краіне. А праводзіць перамовы на тэрыторыі «галоўнага саюзьніка» аднаго з бакоў крыху нелягічна. Лягічней было б абраць нейкую нэўтральную краіну, якая не задзейнічаная ў канфлікце. Напрыклад, Саудаўскую Арабію, дзе ўжо і пачаліся гэтыя перамовы паміж дэлегацыямі ЗША і Расеі.
— Валер, Злучаныя Штаты прыпынілі вайсковую дапамогу Ўкраіне. Сёньня Эўразьвяз на пазачарговым саміце абмяркоўвае магчымыя варыянты дзеяньняў у новай сытуацыі. Прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск на гэтым саміце заявіў: «Эўропа ў цэлым сапраўды здольная выйграць любое фінансавае, эканамічнае, ваеннае супрацьстаяньне з Расеяй. Мы проста мацнейшыя. Нам трэба было толькі пачаць у гэта верыць. І сёньня гэта, напэўна, адбываецца». Валер, ваш прагноз разьвіцьця падзеяў: Эўропа зможа скампэнсаваць страту Ўкраінай амэрыканскай дапамогі?
— Першае, што варта адзначыць, — што насамрэч у кіраўнікоў дзяржаваў Эўропы няма вялікага жаданьня сварыцца са Злучанымі Штатамі. Таму адзін з галоўных пунктаў усіх рашэньняў самітаў, якія адбываюцца ў Эўропе, — гэта жаданьне знайсьці кампраміс з новай амэрыканскай адміністрацыяй.
Другое — робяцца, сапраўды, вельмі рашучыя заявы. Але наколькі яны будуць рэалізаваныя на практыцы? Ці гатовая сёньня Эўропа, палітычная кляса Эўропы да рашучых дзеяньняў у галіне абароны і бясьпекі? Пытаньне павелічэньня выдаткаў на абарону вельмі цяжка прасоўвалася. Ці гатовыя эўрапейскія краіны даслаць Украіне значна большыя новыя партыі зброі і боепрыпасаў? Каб кампэнсаваць тыя страты, якія панясе Ўкраіна ад прыпыненьня амэрыканскай дапамогі, патрэбны рэсурс, і самае галоўнае — палітычная воля.
Яшчэ адзін важны чыньнік — ці ёсьць у эўрапейскіх лідэраў дастатковая падтрымка сваіх грамадзтваў? Бо мы бачым тэндэнцыю росту папулярнасьці ўльтраправых, якія стрымана, скажам так, ставяцца да падтрымкі Ўкраіны. Ну, а ў Вугоршчыне і Славаччыне гэтыя сілы ўжо прыйшлі да ўлады і праводзяць адпаведную палітыку.
— Віталь, што новая сытуацыя азначае для Беларусі? Беларускае войска не пасылалі ваяваць на працягу трох гадоў вайны — дык цяпер тым больш не пашлюць? Ці павялічвае новая сытуацыя спакусу для Пуціна прыхапіць заадно і «галоўнага саюзьніка»?
— Вы гаворыце пра новую сытуацыю. Але не аксіёма, што яна ўжо ёсьць. У прыватнасьці, прынята рашэньне аб прыпыненьні амэрыканскай дапамогі, а не аб яе спыненьні, яна можа быць і адноўленая пры пэўных абставінах. А што тычыцца пытаньня пра ўдзел беларускага войска ў вайне, дык я, напрыклад, і ў 2022 годзе казаў, што гэтага не адбудзецца. Многія выказвалі іншую думку. Але потым думка, што беларусаў ваяваць не пашлюць, стала пераважаць. У апошнім экспэртным апытаньні Свабоды ўсе экспэрты ўжо прадказвалі, што ў 2025 годзе Беларусь ня ўступіць у вайну сваім войскам.
Ёсьць і былі падставы для такіх прагнозаў. Па-першае, гэта антываенны кансэнсус у беларускім грамадзтве. Такое моцнае нежаданьне ўдзельнічаць у вайне ўлічвае і аўтарытарны рэжым. Па-другое, невідавочныя плюсы і відавочныя мінусы, якія прамое ўцягваньне ў вайну прынесла б рэжыму Лукашэнкі.
Што тычыцца пагрозы незалежнасьці ў выпадку замірэньня, то мне здаецца, што яна не павялічыцца. У цяперашніх варунках Крэмль зможа прадставіць любы мір як сваю пэўную перамогу. На фоне гэтага навошта захопліваць яшчэ і тэрыторыю Беларусі, «галоўнага саюзьніка», як сказаў Пяскоў? Беларусь менавіта ў гэтай якасьці выконвае карысную для Крамля ролю і на міжнароднай арэне, і як узор для ўнутранай расейскай аўдыторыі. Мы ведаем, які высокі там рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі,— прычым менавіта як кіраўніка дзяржавы, саюзнай Расеі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум